Пётра Садоўскі,
кандыдат філалагічных навук, педагог, першы амбасадар Беларусі ў ФРГ
ПАЭТЫЧНЫ ПЕРФОРМАНС-ПОКАЗКА ДЛЯ СУЧАСНЫХ БЕЛАРУСАЎ
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ. “ЯГАЙЛА”. Драматычная паэма ў дзвюх дзеях. Часопіс "Дзеяслоў" №6 (109), 2020 г.
Пра аўтара
Як я толькі дачуўся, што Някляеў напісаў паэму “Ягайла”, запытаўся сам сябе: “Чаму раптам цяпер на пачатку 2021 года ды нешта пра Ягайлу”. Чамусьці адразу ўзбеглі на яў словы Карла Маркса, якія мы завучвалі на памяць на ўроках літаратуры ды гісторыі ў 8-м класе Мінскай Сувораўскай вучэльні, калі “праходзілі” “Слово о полку Игореве”: «Смысл поэмы — призыв русских князей к единению как раз перед нашествием монголов»…
За Някляевым, як за асобай, я пачаў назіраць пасля таго, як прачытаў ягоныя празаічныя рэчы, і калі ён стаў ужо “ворагам народу”. Да гэтага ён быў для мяне проста выдатны паспяховы паэт, здольны “збіраць стадыёны”, галоўны рэдактар “Крыніцы”, кіраўнік Саюзу пісьменнікаў, старшыня ПЭН-Цэнтру. Увесь час мне здавалася, што гэта – вельмі шчаслівы чалавек.
Але аднойчы я ўбачыў яго абсалютна адзінокім, як героя антычнай грэцкай трагедыі, калі гіне хор. (Пра гэты хор я заўсёды ўзгадваю, калі думаю пра беларускае жывое слова). Гэта было ў Тампэрэ ў Фінляндыі, дакладна нават не памятаю, у якім годзе. Здаецца, ўжо ў гэтым стагоддзі, калі пачаліся ганенні на Васіля Быкава. Гэта была міжнародная шматпрофільная канферэнцыя гуманістычнай скіраванасці. Я быў у складзе ўдзельнікаў нямецкага праекту Інстытута імя Георга Экерта (міжнародная экспертыза падручнікаў гісторыі і грамадазнаўства) разам з украінцамі і грузінамі. На пленарным пасяджэнні выступалі два ганаровыя госці – расійскі праваабаронца Сяргей Кавалёў і наш Васіль Быкаў, ужо з нязвыклай прычоскай: зачасаныя назад валасы, як у Аляксандра Салжаніцына. Таму быў нейкі новы, не зусім цёплы, але вельмі беларускі. Адзінокі.
Такім жа, вельмі беларускім і адзінокім, паўстаў перада мной сённяшні аўтар паэмы “Ягайла”. Ён быў на канферэнцыі са сваёй дачкой, што жыла разам з ім на сяброўскай паэтычнай пабыўцы ў Фінляндыі. Можа мне гэта здалося? Было ўпершыню -- бачыць адзінокага Някляева. Пра яго некалі Дранько-Майсюк старэйшы сказаў: “Някляеў – не проста прозвішча, а знак, сімвал, …стыль паводзін, ягоная паэзія – паляванне на спакой …” (“Паэтаграфічны раман”). Потым я сфармуляваў для сябе: сапраўдны паэт у імгненне творчасці – заўсёды адзінокі, а сапраўдны народны паэт – адзінокі на чужыне шматкроць, як тая птушка ў выраі, што гнёзды не ўе і песень не спявае. Гучыць трошкі зацёрта, але лепшага параўнання не знаходжу.
Напісаўшы гэтыя радкі, я ўзгадаў парадаксальны эпізод, я сказаў бы – “жыццёвую метафару” з турэмных успамінаў Някляева-вязня, калі будучы фізічна адрэзаны рэжымам ад свету, ад Беларусі, ён адчуў сябе абсалютна свабодным, выпадкова прачытаўшы на шматку газеты з волі, якой карысталіся сядзельцы ў побытавых мэтах, словы падтрымкі Яўгена Еўтушэнкі беларускаму брату Някляеву , што стаў на вастрыні лёсу свайго народу. Ланцуг маіх рэмінісцэнцый пайшоў далей – быкаўскі парадокс ВЯЛІКАГА ў МАЛЫМ (паводле семантыкі) у мастацкай метафары: фінал аповесці “Пайсці і не вярнуцца”. Тут устрымаюся ад тлумачэння. Пра гэта я спрабаваў напісаць ў сваіх аўтабіяграфічных арабесках “Мой Шыбалет”, дзе апісваю тыднёвы сумесны побыт з Васілём Быкавым у Германіі падчас тыдняў беларускай культуры.
Што ж такое напісаў Някляеў?
Перачытаўшы тэкст паэмы пра Ягайлу некалькі разоў, спрабуючы “сашнураваць” усе рэплікі, аўтарскія рэмаркі, алюзіі, свае гістарычныя веды і аўтарскую схаваную алегорыю (напрыклад, у адной дзеі героі гуляюць у шахматы, у другой – у карты, у іншай – б’юцца на кулакі), стылістыку дыялогаў у Вільні, Крэве, Кракаве і Масковіі, архітэктуру тэксту, я так і не магу дагэтуль вызначыць: што ўчыніў паэт Някляеў? Гістарычны апокрыф? Парабалу-пэрформанс для беларусаў на вясну-лета 2021г., калі яны будуць рабіць гістарычны выбар? Ці гэта --своеасаблівая сублімацыя пачуццяў аўтара, што шукае чашу Грааля, у якую вылілася кроў беларускага Хрыста? Можа аўтар шукае свае карані ад прозвішча сваёй маці, што звалася Магер? У паэме ёсць негістарычны жаночы персанаж з сугучным прозвішчам, магчымая праўнучка стрыечнага брата Гедыміна. Ёсць звесткі, што ў старых зямельных кадастравых актах і касцельных кнігах Крэва, дзе нарадзілася маці Някляева, сустракаюцца прозвішчы Магер і Маргер.
Можа, такое ўспрыманне тэксту люструе хіба што стан маёй душы як эмпатычнага чытача? Чамусьці памяць вяртае мяне ў далёкія 80-я гады ў купалаўскі тэатр, дзе я глядзеў пінігінскую прэм’еру “Тутэйшых” з БЧБ-сцягам у фінальнай сцэне і ў Дом афіцэраў на “Клеменса” Казіса Саі ў пастаноўцы Валера Маслюка. Гэта той выпадак, калі дзея на сцэне з’яўляецца працягам жыцця на вуліцы, што валодае розумамі людзей.
Рамантычны рэфлекс
Адразу напісаўся вельмі рамантычны тэкст. Я распраміў спіну перад хараством паэтычнага слова Някляева, так што аж “воблакі пачалі церціся аб локці”. Здаецца, гэта -- Пастэрнак? А, можа, хто іншы? Не сучасна, але ў адносінах да Някляева -- не пошла.
Вось пачатак таго тэксту:
“Сын крэўскай зямлі, таленавіты паэт і грамадзянін, асоба з моцнай вітальнай мужчынскай сілай і непазбежным трагізмам у сваім паэтычным меласе, калі ён пачувае сябе як герой грэцкай трагедыі ў момант, калі гіне хор, Уладзімір Някляеў заўсёды з’яўляецца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час не толькі з эпічнымі вершамі, але ў сваёй фізічнай іпастасі …
Так, рамантычнае сэрца паэта Някляева з верай разбудзіць хоць колькі прыспаных сэрцаў вывела яго на сцежку няроўнага двубою з антыбеларускім рэжымам у час прэзідэнцкіх выбараў 2010 году, прывяла яго ў Вільню на пахаванне Кастуся Каліноўскага, дзе 22 лістапада 2019 г. у ягоным сэрцы нарадзіліся пранізлівыя радкі – помнік той тысячы беларусаў, якія з гістарычнымі сцягамі і з любоўю ў сэрцы ў зімную познюю восень прыехалі ў сваю сярэдневечную сталіцу, каб пакланіцца праху гістарычнага беларуса №1, што ў заключных радках “Лістоў з-пад шыбеніцы” і ў “Мужыцкай праўдзе” сфармуляваў для беларусаў іхную conditio sine qua non, каб ня ўмерці і быць шчаслівымі …
Вось той верш, які быў першым зыкам і поклічам пушчанскага рогу да падзей гарачага лета 2020 году:
І расступілася зямля...
І выйшаў першы: “Гэта я”, –
Сказаў ён. І за ім паўсталі
Усе, што пад зямлёю спалі.
“Так. Гэта я”, – сказаў другі...
І ўсе яны ўзнялі сцягі,
І з несатлелымі сцягамі,
Хто ўперадзе, хто ўслед за намі
Пакрочылі –
а пасярод –
Вякамі палены, карчоны,
Скрываўлены, да не знішчоны,
Паўсталы з-пад зямлі
Народ! …
Прыпыніўся і зрабіў выдах … Не, так не пойдзе. Неэмпатычны чытач звычайнага допісу, што прэтэндуе на жанр нататкаў кшталту рэцэнзіі, адкладзе такое чытво ўбок.
Пакіну сябе філолагам, гісторыкам-аматарам і неабыякавай асобай грамадзянскай супольнасці ў беларускую зіму і вясну 2021 года. Буду пісаць цвярозы філалагічны тэкст як уважлівы і з большага падрыхтаваны чытач.
Радаснае валоданне родным словам
Агульнае ўражанне ад прачытання тэксту паэмы – неймаверная эстэтычная радасць ад аўтарскага беларускага слова. Рытм, рыфма, метафары – нязмушаныя, лёгкія, мова – вобразная, жывая. Уладзімір валодае словам радасна. Гэтае азначэнне я пазычаю ў Рыгора Бярозкіна, на мой погляд, найлепшага літаратурнага крытыка-купалазнаўцы, якое ён некалі ўжыў, разважаючы пра мову Янкі Купалы ў вялікім эсэ “Свет Купалы”.
Калі ілюстраваць гэтае радаснае валоданне словам, прыйшлося б цытаваць не адзін тузін пасажаў, дзе ў кожнай сцэне з рэмаркамі пра гістарычныя даты і месца дзеяння гучыць лёгкае, простае слова, слова эпохі, калі яшчэ не было салоннага палітэсу і відэльцаў, калі каталіцкая Еўропа яшчэ не насіла парыкоў і спрэс не душылася ў гарсэтах. Няма тут ні “жыбянцяяў”, ні “жэглішча”, як тое сустракаем у Міколы Арочкі, які спрабаваў у сваім “Крэве” (1982 г.) стылізаваць мову персанажаў пад сярэдневечча.
Верыцца, што і паганскія, і хрышчоныя каталіцкія нобілі, і князі з балцкімі і “рускімі” імёнамі, маглі, як простыя гандляры ці рамеснікі сказаць: “Літву жаруць, як воўну моль …”, “ Вітаю цябе, Кейстут! Як дарога?// Каб я быў вернікам, сказаў бы – як да Бога.// Снягамі, як грахамі, замятае, // Куды цябе вядзе, сама не знае…
Вось спеў, як пад пад баявыя паганскія скокі: “Гой, літвіны, гой!// Сонца над Літвой …! Гой, літвіны, гой, // Хмары над Літвой! … Чытаю і чую песню Лявона Вольскага “Сонца нам дапаможа”. А вось -- амаль што Лявоніха пад гармонік (крэўскія музыкі) : ”Я паляка палюбіла проста так // Палюбіла я паляка, бо паляк // Не па-руску, а па-польску круціць вус, // Круціць вус паляк не так, як беларус …// . Камяндант Крэўскага замка бядуе: “Як на пагорку дуб, Літва стаіць // На ўсіх вятрах… І кожны паваліць // Хацеў бы дуба…”
Доўгіх маналогаў няма. Яны кароткія, трапныя, як народныя прымаўкі: “ Жыццё – нібы кап’ё.// Ёсць толькі вастрыё. // Астатняе ў кап’і – з любога лесу дрэўца. … //
Нібы і на гары валадары, // А ледзь піхнуў – і коцяцца з гары. // Дык мы з табой амаль што пад гарой… // Ягайла заключыў саюз з Ардой. … Хоць сейбіта няма, а семя не звялося //.. А што такое слова: сказаў і паляцела вераб’ём …
Так і карціць сказаць, як некалі хвалілі “Новую зямлю”: “Ягайлу” хочацца разабраць на цытаты і прымаўкі.
Думкі Ягайлы пра будучыню краю рассыпаныя па ўсёй паэме (“Пытайце суддзяў тых …): сам-на-сам, з старым бацькам, у спрэчках з братамі, з ужо нямоглай Ядзвігай. Яны дзіўна нагадваюць вядомую купалаўскую страфу пра суд нашчадкаў, што прыйдуць пасля нас: “І прыйдзе новых пакаленняў // На наша месца грамада // Судзіці суд, ці мы сумленна // Жыццё прайшлі, ці чарада // Зняваг мінулых нас не з’ела …
Вечная небяспека з Усходу, не ад татар, а як бы ад братоў па крыві, маскоўцаў, не раз агучваецца братамі-літвінамі, калі яны ўзгадваюць Гедыміна, які “збіў рогі Маскве”. Кожны раз літоўскі перамоўца адчувае падступны хіжы ціск усходняга суседа: “Бяруць яго ў ціскі, // Як зубра з двух бакоў бяруць на ловах// Не соладка яму ў Маскве на перамовах …
Паэтычная аўтарызацыя гістарычнага і царкоўнага міфу
Я з зачараваннем паглынаю паэтычныя фантазіі аўтара .. Яны не менш кранальныя, чым легенды, сфармуляваныя пры беатыфікацыі і пры пасвячэнні Ядзвігі ў почат святых папам Янам Паўлам ІІ, Каралем Вайтылам у 1997 годзе: не жадаючы йсці за Ягайлу, яна хоча ўцячы з Вавеля і спрабуе зламаць вароты цяжкай сякерай, але чуе голас-прыказанне Хрыста прынесці сваё каханне Ягайлу, як хрысціянскую ахвяру, на карысць Польшы і яе народа-суседа дзеля захавання агульнай дзяржавы перад небяспекай з Поўначы і Ўсходу. Праз біскупа Хрыстос перадае Ядзвізе Чорны крыж, што застаецца на ўсё жыццё ейным абярэгам.
У Някляева 25-гадовая Ядзвіга, пражыўшы разам з Ягайлам 15 гадоў жонкай-каралевай[i], перад смерцю пасля заўчасных родаў пад салаўіны спеў узрушана-закахана ўзгадвае, як яна прымала першы грэх з Ягайлам на Ярылавай гары пад удары Перуна побач з ужо пабудаваным касцёлам, а потым, голая і бессаромная, прымала другі хрост разам з паганцамі, спускаючыся ў далёкім ад радзімы Крэве з гэтай гары ў Крэўскі Ярдан пад шматгалоссе тамтэйшых паганаў, што зачаравана падводзілі: “Купалінка-купалінка, цёмная ночка ”…
І перад смерцю гэтая мелодыя гучыць з вуснаў Ягайлы і паступова знікае разам з апошнім дыханнем Ядзвігі, калі ейны белы шалік адлятае ў адчыненае вакно.
Беларускі чытач з развітым “прымардыяльным” пачуццём успрыме з болем і разуменнем прызнанні “гістарычнай разлучніцы” Ядзвігі Ягайлы з ягоным любым краем. Ядзвіга, паміраючы, хавае ў сваім сэрцы “казкі- сны” роднай Вугоршчыны, любоў да Польшчы і Літвы, і наказвае Ягайлу берагчы яе, як вечнае каханне:”Мне спадабаліся браты твае // Я думала пра тое, што // Сказалі, я з вугорскай стараны, // І ў Польшчы я старалася стаць полькай, // І стала ёй, але ўсе казкі,сны // З той стараны … З яе адной і толькі … Мне уяўляецца – можа, Някляеў так і не “планаваў”? – што яго вялі словы Купалы са “Спадчыны” Я так прачытваю.
Для мяне лірычны герой Ягайла памірае разам з Ядвігай (пазней былі яшчэ тры шлюбы), прызнаючыся амаль у стане малітоўнай клятвы вернасці і сваёй вечнай паганска-хрысціянскай любові словамі паэта Някляева з паэмы “Калі мяне не стане”: "На тым шляху, што выбраны не намі,// На тым, які нам Божа даў, вяку // Я праз цябе з віною і грахамі // Прайшоў, нібы праз горную раку, // Дзе берагі іскрылі, як каралі, // Дзе й следу не пакінула брыда!..// Я не баюся Божага суда, // Бо ты мяне абмыла, як вада, // Якою пры хрышчэнні абмывалі…
ФОНАВЫЯ ВЕДЫ, ЯКІМІ ТРЭБА ВАЛОДАЦЬ ЧЫТАЧУ
Пры другім і трэцім чытанні паэмы пачынаюць працаваць рэцэптары, што “ашчупваюць” тое, што называецца культурнай антрапалогіяй, бо паэма апісвае падзеі ХІV стагодддзя, якія некалі прыйдзецца пераносіць у мізансцэны. Шмат якія еўрапейскія народы маюць даволі сістэмна апісаны, як кажуць, modus vivendi – культурную антрапалогію мінулых часоў: як людзі жылі, што елі, як апраналіся, як мыліся, каму маліліся, як будавалі сям’ю, якой зборояй карысталіся, як нараджалі дзяцей і г. д. У Еўропе абавязкова ў такіх кніжках бывае раздзел пра габрэяў. Класікам падобнага жанру для мяне з’яўляецца француз Жак Ле Гоф. У немцаў – Вольфганг Райнгардт. Ягоная апошняя кніжка на 700 з лішнім старонак называецца “Жыццёвыя формы Еўропы”. У англічан і амерыканцаў ужываюць тэрмін “сацыяльная антрапалогія”. Магчыма, сёння першымі ў даведніках, можна сустрэць імёны амерыканца Дорджа Пітэра Мёрдака і англічаніна Райманда Фёрса (Firth).
Тыя меркаванні, якія я зараз выкладу, нельга разглядаць, як крытычныя закіды аўтару. Ён піша згодна з традыцыяй, якая закладзена ў нас у школьнай праграме і ва ўніверсітэцкай традыцыі яшчэ з часу СССР. Я – у пэўным сэнсе – вырадак, бо апошнія гадоў 30 чытаю галоўным чынам еўрапейскія тэксты. Гэта агульныя пытанні аўтарам яшчэ не напісанага навуковага даследавання пра культурныя і побытавая норавы нашых землякоў ранняга і пазнейшага сярэдневечча. Якія норавы былі пры дварэ ў Крэве, Кракаве, Вільні, Крэве, Наваградку? Пра сярэдневечча мы маем уяўленне з жывапісных карцін, узнёслых цытат знакамітых людзей, але калі пазнаёмішся, напрыклад, з гістарычнымі сведчаннямі археолагаў ды рэканструкцыямі іншых спецыялістаў пра гігіену, забеспячэнне вадой, сродкі задавалення побытавых патрэбаў, ацяплення, ежы ў жытле часам прыходзіш у шок. Якая стылістыка панавала ў прыватных размовах так званай знаці? Напрыклад, мы даволі шмат ведаем пра суворасць віктарыянскай эпохі ў Англіі. У адпачывальнях знатных дам было неверагодна пачуць слова, якое перадавала сэнс сённяшняга, што абазначае “аргазм”. У іх лексіконе іх проста не было. Сама з’ява лічылася вялікім грэхам.
Напрыклад, ці мог ў эпоху Ягайлы гістарычны “Улуг Улус”, або “Улуг Джучы”, як гэта мы робім сёння, сустракаючы нават у падручніках, называцца “Залатой Ардой” ці проста Ардой? “Залатая Арда” – гэта ўсяго толькі “бела-залацісты шацёр, будан, палатка, юрта …” (цюрк., манг. ordu). Так бы мовіць, перасоўны сталец правадыра магутнага племені намадаў. Малодшыя браты сядзелі ў сініх і шэрых юртах. Дзе галоўны хан, -- там і сталіца. Метанімія “юрта – дзяржава” пачало ўжывацца ў еўрапейскіх ды расейскіх апісаннях толькі з канца ХVI стг. Самі так званыя татара-манголы таксама называлі маскоўскіх князёў “залатардынскімі ханамі”, бо тыя сядзелі ў белакаменных “юртах”…
Або: Ці мог Ягайла ў беларускай інтэрпрэтацыі ўжываць выраз “вернемся да нашых бараноў”? Гэта як бы пацвярджае факт валодання Ягайлам французскай мовай або тое, што выраз ужо бытаваў у асяродку літоўскай знаці? Аднак: Гэта агульнапрызнаная калька з французскай – revenons à nos moutons, якая бярэ вытокі з рамана Франсуа Рабле “Гарганцюа і Пантагруэль”, першая частка якога выйшла толькі ў 1533.
Або: Гістарычная асоба Ганул (у паэме – віленскі стараста) і Гануль у Стэфана К. Роўэла, пазначаны ў каталогу імёнаў у манаграфіі “Уздым Літвы” як ганзейскі гадляр з Рыгі – гэта адна асоба ці розныя людзі? Ці мог чалавек з “Гоцкага берага” заняць пасаду віленскага старасты, у польскай мове – “намеснік”. Гэта агульнае пытанне аб правах займаць пасады у ВКЛ, пра што гаворыцца потым ў Статутах рукапісных і апошнім друкаваным 1588 г.
Або: Ці мог хто з кракаўскага набілітэту ў вузкім коле ужываць у эмацыйным стане словы “курва”, “дупа”? Я не ведаю. Канешне, калі на інсцэнізацыю трагедыі прыйдзе прадстаўнік польскай амбасады ды пачуе з вуснаў Святой Ядвігі “курва маць!”, хоць гэта яна як бы паўтарае на польскай мове як бы сама сабе, пэўна, у жаху паўтараючы гэты выраз пасля Ягайлы, то ён гэта назаве “сакрылегіюм” – святатацтва, блюзнерства. Ядзвіга гэта шэпча, пачуўшы што прынц Вільгельм узяў 200 000 флорынаў адкупных.
Калі князь Андрэй, папракаючы Ягайлу за здраду, кажа яму “Ах, ты ім сракі цалаваць: ах бардзо міло …”, то гэта ўспрымаецца натуральна. Кракаўскі каронны канцлер Радліца рэагуе на вестку пра абяцанні Ягайлы: «Do dupy jego slowy …”. Гэта ў прысутнасці каралевы. Ці гэта адэкватна?
Хто з дзейных асобаў адчуваў сябе кім? Палякам, літоўцам, вугорцам? У якім стагоддзі з’явілася слова “літвін”. Якая фігуруе ў тэксце паэмы? Каля маёй вёскі быў побач фальварак Ліцвіны. Уладзімір Даль зафіксаваў прымаўку “Литвин умрет, но дзекнет”. Скарына ідэнтыфікаваў сябе як доктара з Полацка, а студыёзус Салямон Рысінскі ці не першы назваў сябе ў матрыкуле Альтдорфскага універсітэту (паблізу ад Нюрнберга) беларусам - Solomo Pantherus Leuсorussus … У нашай мове тады слова, якое б абазначала тое, што цяпер завецца “нацыя”, не было, бо не было самой з’явы. Палітонім “літвіны”, пэўна, яшчэ не быў шырока ўкаранёны ў галовы жыхароў нашых абшараў і пры Гедыміне і пры Альгердзе. У адукаваных і знаных асобаў было пачуццё канфесійнай прыналежнасці, краёвасці і ўласнай годнасці. У гэтым сэнсе спевы крэўскіх музыкаў, дзе гучыць слова “беларус” і спевы “літвінаў” трэба прызнаваць адэкватнымі толькі пры разуменні, што гэта паэтычная фантазія абранага жанру.
Мне не даводзілася сустрэць сучасных беларускіх тэкстаў, дзе б разглядаліся у сінхраністычным фармаце рэаліі гістарычных мастацкіх твораў. Назаву адно імя (магчыма, гэта шмат каму з прычыны асабістых метамарфозаў аўтара не спадабаецца) – Ігар Марзалюк. Ягоная кніжка называецца “Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы Х – ХVII cт.ст.” (2003). Яна цікавая тым, што аўтар шмат месца адводзіць апісанню праваслаўна ахрышчаных “актараў” гістарычнага працэсу эпохі Ягайлы.
Нямецкія даследчыкі амаль без сумневу сцвярджаюць, што Ягайла да шлюбу з Ядзвігай быў прыняўшы праваслаўны хрост з іменем Іакаў і гаварыў толькі на русінскай і “віленскім” дыялекце літоўскай мовы. З марзалюкоўскага кантэксту вынікае амаль тое самае: “Ягайла быў нобілем літоўскага паходжання… Моўная асіміляцыя, скарыстанне русчызны” яшчэ далёка не з’яўляецца сведчаннем змены этнічнай ментальнасці. Паказальным ёсць яго моўная рутэнізацыя і інтэграванасць у “рускую” культуру, напрыклад, … аздабленне паводле яго загаду храмаў і капліц у фрэскамі ў “візантыйска-рускім” стылі …Нават паляваў ён, на той момант ужо кароль Польшчы, па “ўсходнім” паляўнічым звычаі”. Аўтар усюды спасылаецца на архівы.
Я даўно мучыўся: як размаўлялі паміж сабой Ягайла і Вітаўт? На якіх мовах камунікаваў Ягайла з сваімі чатырма жонкамі ў сямейным ложку?
Першая, Ядзвіга Анжуйская, з якой ён сашлюбаваўся (злюб быў замоўлены біскупам Кракава і “наканаваны” як ахвяра Хрысту), калі яна мела 10 гадоў ад нараджэння (дажыла да 25 гадоў, мела рост 1м 80 см) і тытул “кароль Польшчы”, бо жанчыны ў Польшчы не мелі тады права займаць каралеўскі сталец. Ягайлу было тады 30 гадоў. Карысталася роднай вугорскай, французскай, італьянскай, лацінскай, літоўскай і нямецкай, на якой потым магла б размаўляць з сваім першым нарачоным аўстрыйскім прынцам Вільгельмам. Заклад на шлюб, sponsalia de future, (200 000 флорынаў) быў засведчаны папам Баніфацыям, калі ёй было 4 гады (па іншых звестках адразу пасля нараджэння) і быў ім жа скасаваны пры замустве з Ягайлам на карысць Вільгельма.
Стэфан К. Роўэл ў кэмбрыджцкім выданні 1995 г. “Уздым Літвы. Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, 1295- 1345 “[ii] сцвярджае, што, што Вітаўт і Ягайла размаўлялі паміж сабой “па-руску” і па-літоўску, што на той час на польскай мове ў Літве размаўлялі хіба што нявольнікі і ў меншай ступені дыпламаты ды прышлыя гандляры ў Наваградку і Вільні. Для негісторыкаў нечаканым будзе факт, што адной з умоваў Крэўскай і наступных вуніяў было вяртанне польскіх ваяроў і закладнікаў з літоўскага палону ў Карону.
Застаецца ў вольны час заглыбіцца ў меркаванні польскіх ды літоўскіх даследчыкаў пра штодзённае жыццё Ягайлы, які дзяліў сябе паміж сям’ёй і абавязкамі валадара шматканфесійнай і шматмоўнай дзяржавы, што сапраўды сягала ад мора да мора.
На астачу: Паэма Уладзіміра Някляева “Ягайла” – не проста традыцыйнае элегічнае асэнсаванне трагедый і трыюмфаў мінулай гісторыі, дзе на чыстым аркушы недапісанага тастамэнту Ягайлы пакінута месца для нашчадкаў, у тым ліку і для нас, хто мусіць рабіць гістарычны выбар тут і цяпер, і сваімі практычнымі учынкамі будзе адказваць на штодзённы плебісцыт часу. Уладзімір Някляеў вытварыў – на маё ўспрыманне – неверагода глыбокі “герменэўтычны” перформанс-парабалу для беларусаў зімы 2021 года: усё ўзважыць і з любоўю ў сэрцы да свайго зрабіць гістарычны выбар, каб не знікнуць, каб застацца, каб быць.
А калі шырэй, для шчаслівай вечнасці: у фінале драмы гучыць лірычны дуэт двух верных сэрцаў, як у паганскім ” ЁН і ЯНА” у Купалы, як у “Тахір і Зухра”, як у “Рамэа і Джульета” …
Аўтарскую споведзь кахання можна пачуць ў сеціве: https://www.youtube.com/watch?v=VT-PzXHy8zk
[i] У розных крыніцах даты нараджэння Ядвігі, дамовы пра шлюб з аўстрыйскім прынцам Вільгельмам, узрост пры заключэнні шлюба з Ягайлам, дата смерці дачкі, колькасць дзён жыцця Ядвігі пасля смерці дачкі і г.д. не супадаюць. Узрост Ягайлы пры заключэнні шлюбу таксама не супадае паводле розных даведнікаў.
[ii] Lithuania Ascending: A Pagan Empire within East –Central Europe, 1295-1345, Cambridge: University Press. 1995.375 p. Пераклад на беларускую мову А. Мікус (Мінск: Медысонт, 2015).