09.03.2021
Яшчэ пры дзейным нелегітымным беларускім прэзідэнце пачаў фармавацца паслялукашэнкаўскі прарасейскі ландшафт Беларусі. Рэгіструецца партыя “Саюз”. З гэтай нагоды хадзеў бы падзяліцца ў рэтраспектыўным фармаце сваім досведам кантактавання з “прагрэсіўнымі” расейскімі лібераламі-гуманістамі, на салідарнасць з якімі разлічваюць некаторыя нашы рэвалюцыянеры, шарагоўцы і лідэры.
ІМПЕРСКІ ПАЧАТАК У СВЕТАПОГЛЯДЗЕ І МАСТАЦТВЕ
(З назіранняў за расейскай ліберальна-дэмакратычнай элітай)
Уступныя развагі
Некалькі гадоў таму я пісаў для nastaunik.eu рэцэнзію на манаграфію Эвы Томпсан “Песняры імперыі”. Тэкст называўся “З досведу прачытання расійскай класікі”. Даследчыца раскрылася як рэдкі заходні інтэлектуал, кангеніяльны нашаму беларускаму адраджэнскаму разуменню гісторыі і культурнай антрапалогіі нашага краю.
Заходні абывацель, нярэдка інтэлектуал, прывык да стэрэатыпу, што калонія ад метраполіі ляжыць недзе далёка, за трыма морамі: Брытанія – Фалкленды, Галандыя – Паўднёвая Афрыка, Францыя – Алжыр ды інш. Расіі ж удалося так напісаць і падаць Захаду сваю гісторыю, што каланізаваныя тэрыторыі кшталту Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны, Сібіры ўспрымаюцца як «спрадвечна рускія», «дабрахвотна далучаныя», «абароненыя ад ярма іншаверцаў» і г.д. Гэтаму спрыяе геаграфія: паярэмленыя суседзі ўспрымаюцца не толькі як тэрытарыяльны, але і як «корпусны» кантынуўм.
Некалі ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа быў распрацаваны інтэграваны курс “Літаратура”, дзе планавалася праз прызму беларусацэнтрычнасці і гуманізму навучыць дзяцей чытаць тэксты ўсясветнай літаратуры, так, як гэта робіцца ў суверэнных культурах незалежных дзяржаў. Акупацыйны рэжым задушыў ліцэй.
Пры чытанні Эвы Томпсан (ёсць беларускі пераклад Т. Нядбай) я захапляўся, наколькі мае ўласныя назіранні (я некалі рабіў для сябе мікравыбаркі эпітэтаў) супадалі з акцэнтам аўтаркі на характарыстыку іншародцаў у тэкстах расейскіх пісьменнікаў, якія традыцыйна лічацца дэмакратамі і гуманістамі: Пушкін, Дастаеўскі, Лермантаў і г. д. . З падсвядомасці лірычных герояў выскокваюць пасажы, што пераходзяць у “няўласна-аўтарскую мову”: “с косым взглядом”, “с неприятным запахом от белья”, “маленький скользкий полячишка”, “с жидовскими хитрыми глазами”…
І ў сучаснай расейскай прозе, і ў сцэнарах серыялаў, і ў публіцыстыцы з «фантомнымі болямі» па страчанай імперыі вельмі часта фігуруюць хітрыя, труслівыя, куркуляватыя героі з украінскім суржыкам, беларускім цвёрдаэрым вымаўленнем. У слоўніку “Жгучий глагол” (ёсць у сеціве) ілюстрацыя на слова “бульбаш” выгдядае так: “Бульбу жарим, бульбу варим, бульбу так себе хуярым … Бульба е, балота радам, дров нарубим, – и парадак …”.
Я разумею імперскае непрыманне “іншароднай” оптыкі погляду на свет цяперашняга культавага аўтара Захара Прылепіна, які узначальвае рух для стварэння новай, як бы не пракрамлёўскай партыі, і абяцае “что если хорошо поработать, то лет через 20 можно будет вернуть Киев». Але я не магу растлумачыць, наколькі бацыла “рускага міру” раз’ядае нутро такіх асобаў, як, напрыклад Іосіф Бродзкі. Ягоны верш “На независимость Украины” , прачытаны ўпершыню публічна перад амерыканскімі студэнтами – загадка для псіхіятраў і даследчыкаў галакосту: “Скажем им, звонкой матерью паузы метя строго: // Скатертью вам, хохлы, дорога … Не нам, кацапам …». Бродзкі – кацап?! Не ўмяшчаецца ў галаву.
І сёння, узгадваючы французскую метафару Дастаеўскага « Grattez le russe et vous verrez le Tatare» («Дневник писателя»), я зноў і зноў вяртаюся да думкі, што і сучаснага расейскага ліберала-дэмакрата адмыць да бяла … да эмпатычнага разумення беларускага суверэннага нацыянал-дэмакратызму амаль немагчыма.
Паназірайце ўважліва за сімпатызантамі нашага вызвольнага руху ў расейскім сеціве: яны і не ўзгадваюць пра нашу беларускасць. Хіба што адзін Арцём Троіцкі, які мае беларускую жонку. Ягоныя каментары, аднак, -- бязмерна кампліментарныя і павярхоўна-папсовыя.
Раскажу дзве гісторыі для ілюстрацыі свайго сумневу. Адна – жыццёвая, з жывымі персанажамі, якую мне прышлося перажыць, здаецца, на пачатку 1992-га года, калі я яшчэ быў старшынём Камісіі ў замежных справах ВС 12-га склікання. Другая – віртуальная, з назірання за інтэлектуальнай расейскай перадачай “Апокрыф”, якую вёў вядомы пісьменнік-ліберал, “дэмі-дысідэнт” Віктар Ярафееў.
Першая гісторыя – успаміны пра сустрэчу ў Кёльне ў гасцях расейскага дысідэнта, пісьменніка, германіста, сядзельца ГУЛАГа, сябра Салжаніцына, які ўзяў яго за прататып лірычнага героя Рубіна ў рамане “В круге первом”. Яго завуць Леў Копелеў.
ПАБЛАЖЛІВАЯ ФАЛЬШЫВАЯ ЭМПАТЫЯ ЛІБЕРАЛАЎ
У госці да Копелева мяне зацягнула дэпутатка Бундэстага ад ХДС, прафесарка-псіхолаг Эрыка Шухардт. Я быў рэдактарам яе кнігі “Ціхая рэвалюцыя дзяцей Чарнобыля”, а імя Льва Копелева яна вынесла на вокладку кніжкі як першага аўтара для раскруткі. Так, як, напрыклад, нядаўна Пётр Краўчанка напісаў пра сябе тоўстую кніжку з прадмовай шахматыста Анатоля Карпава. Гэта вядомы прыём. Леў Копелеў не напісаў ніводнага слова для кнігі. Толькі некалькі банальных слоў для прадмовы і для “трэйлера”.
Дарэчы сказаць, чарнавік кнігі быў страшэнна сыры. Аўтарка блытала Кебіча з Шушкевічам, Краўчука з Краўчанкам, калі пісала пра Віскулі. Цэлыя старонкі прыйшлося перапісваць нанова.
Я не хацеў ісці на сустрэчу, бо на ёй была запланаваная прысутнасць Уладзіміра Лукіна, Ягора Гайдара і Барыса Нямцова. Яны ехалі ў Бон праз Варшаву, дзе мелі сустрэчу ў сейме і ва ўрадзе.
З Лукіным я быў знаёмы завочна. У час путчу ён прысылаў мне факсы, заступіўшы на пасаду старшыні камісіі замежных спраў пасля Дзасохава, прыхільніка путчыстаў. Быў амбасадарам у ЗША, амбудсмэнам.
Жыўцом я пазнаёміўся з ім, калі група нашых дэпутатаў ездзіла ў Маскву пасля паразы путчу і назірала за меладраматычнай сцэнай: Ельцын-пераможца і пераможаны Гарбачоў у прэзідыуме велізарнага сходу. Маім суседам у зале быў муфцій Татарстану.
Я тады меў з Лукіным кароткую размову “у кабіне для сустрэч” (meeting point), якіх было ўсталявана некалькі ў фае расійскай Думы. Уражанне ад першай жывой сустрэчы было непрыемнае: ён даволі бесцырымонна запрасіў мяне для гутаркі. Распытваў пра нашага Краўчанку, міністра замежных спраў. Краўчанка на час путчу быў уцёкшы на Нарач пасля ўзгаднення з Кебічам. Так паволе яго ўспамінаў… Хаця паводзіны Краўчанкі у час путчу мне не былі сімпатычныя, аднак выконваць ролю як бы інфарматара пра свайго былога калегу-дэпутата (пазней – начальніка) , мне не было да спадобы.
На сустрэчу з Копелевым ў Кёльн прыехаў толькі Лукін. Гайдара і Нямцова не было. З Лукіным быў нехта з Савета старэйшын Бундэстага. Калі дайшла мая чарга як дэпутата і ўжо прызначанага амбасадара (чакалі агрэман) нешта сказаць пра Беларусь, Чарнобыль, наш парламент, апазіцыю БНФ, нацыянальнае адраджэнне, я быў непрыемна ашаломлены рэакцыяй расейскага ліберала Лукіна і пакутніка-дысідэнта Копелева. Асабліва апошняга. Куды знік ягоны габрэйскі “вэльтшмэрц” і досвед спагадлівага дысідэнта, які бачыў шмат рэпрэсаваных “нацыяналістаў”? Цяпер я ўзгадваю верш Бродзкага. Тады верш, здаецца, яшчэ быў не напісаны. Гэта была – “снисходительность” старэйшага брата. Як бы сяброўская эмпатыя, але – паблажліва саладжавая, як у доктара да хворага: “Ну как мы себя чувствуем?”. Або да дзіцяці: “Ну как же нас зовут?”. Не буду цытаваць інтэлігентныя выказванні прысутных.
Нешта падобнае, толькі ў генеральскай стылістыцы, я чуў ад генерал-палкоўніка Бурлакова, які камандаваў Заходняй групай войскаў у Германіі. Напіўшыся на скандальным прыёме ў Ельцына з нагоды вываду войскаў з Германіі у расейскай амбасадзе ў Берліне, ён узяў мяне за гузік пінжака і па-сяброўску гучна-карцінна перад прысутнымі сказаў: “Ну и какого хера вам эта независимость понадобилась …?”. З сялянскай калгаснай прастатой я паслаў яго таксама гучна на тры літары … Усе зарагаталі. Ён, як бы на імгненне зніякавеў, але потым таксама зарагатаў і кінуўся мяне абдымаць: “Ну – молодец, посол!...”.
Сяброўскі банкет працягваўся да позняй ночы. Святло на Унтэр-дэн-Ліндэн пагасілі, немцаў-пустацікаўцаў разагналі, п’янага Ельцына праз чорны ход вынеслі ў рэзідэнцыю. Заўтра чакалася вялікае пастраенне войскаў у карэ на плошчы перад Тэатрам ам Жандармэнпляц…
Падобнае я пачуў пазней і пры перадачы даверчай граматы прэзідэнту Вайцзэкеру ў 1993 г. Ён на развітанне сказаў: “Трымайцеся Ельцына!”
Мы ўсе помнім тэкст геапалітычнай дактрыны Ельцына, якая выйшла, калі Шушкевіч быў яшчэ спікерам. Станістаў Станіслававіч рабіў выгляд, што гэта толькі папера, а Ельцын, маўляў, зрабіў галоўнае – першы з расейскіх кіраўнікоў прызнаў Беларусь як суб’ект міжнароднага права.
Другая сустрэча з расійскімі інтэлектуаламі – віртуальная, на расейскім канале “Культура”.
ПУШКІН-“ТЭРАРЫСТ” І ДВА РОЗНЫЯ БРУТЫ
Праглядаючы архіў перадач “Апокрыф”, якія вёў на канале “Культура” вядомы пісьменьнік, "дэмі-дысідэнт" Віктар Ерафееў, я натрапіў на запіс сустрэчы з расейскімі інтэлектуаламі, на якой абмяркоўвалася праблема адносінаў расейскіх пісьменьнікаў (у тым ліку і класікаў) да тыранаборства і тэрарызму.
На пачатку ўсё йшло гладка. Сярод дыскутантаў былі інтэлектуалы-традыцыяналісты фармату Льва Аненскага і больш мадэрныя, прыкладам, модны аўтар Сарокін і скандальна вядомы праз свае пэрформансы мастак Кулік.
Гаварылі, што гэтая тэма хвалявала ўжо не адно стагоддзе расейскіх аўтараў. Называліся імёны Рылеева, Бястужава, Андрэева, Чэхава, Белага, Дастаеўскага і Пушкіна. Сімваламі тыраназабойства называліся антычны кінжал ды адзінец-манархамах, а увасабленнем тэрора сталі бомба і партыя як пэўная кансалідаваная частка грамадства з сваёй ідэалогіяй.
Дыскусія абвастрылася, калі дайшлі да Пушкіна. Як вядома, Пушкін, хаця і быў аўтарам вядомых вершаў “Кинжал”, “Вольность”, дзе дэкламацыйна пагражаў самаўладдзю (« Тираны мира! трепещите! / А вы, мужайтесь и внемлите, / Восстаньте, падшие рабы!!”), аднак не прымаў якабінска-рабесп’ераўскую канцэпцыю, паводле якой падчас рэвалюцыі тэрор зьяўляецца неад’емнай часткай рэвалюцыйнай “дабрадзейнасці”.
Адзін з прысутных працытаваў аднастрофны верш Пушкіна “К портрету Чаадаева”: «Он вышней волею небес / Рожден в оковах службы царской; /Он в Риме был бы Брут, в Афинах Периклес, / А здесь он — офицер гусарской”.
Імя Пятра Чаадаева (1794-1856), расейскага хрысціянскага філосафа і публіцыста, блізкага паволе сваіх перакананняў да каталіцызму, было, безумоўна, вядома ўсім прысутным, у прыватнасці ягоная перапіска з Пушкіным наконт будучыні Расеі і «Философические письма», за якія Чаадаеў быў аб’яўлены псіхічна хворым і змешчаны ў вар’ятню. Урыўкі гэтага ліста гучалі ў свой час ў фільме Андрэя Таркоўскага “Зеркало”.
Удзельнік дыскусіі, які працытаваў гэтыя пушкінскія радкі, даводзіў, што паэт быў менавіта прыхільнікам тыраназабойства, бо Пушкін, падкрэсліваючы свае сімпатыі да Чаадаева, узгадаў Брута, які, як вядома, быў сярод змоўшчыкаў і кінжалам нанёс сьмяротны ўдар імператару Цэзару, які лічыў яго сваім блізкім сябрам.
Самае цікавае, што ні сам цытавальнік, ні ягоныя апаненты не звярнулі ўвагу, што Пушкін гаварыў пра зусім розныя эпохі і пра зусім іншага Брута. Ніхто з прысутных не запярэчыў.
Відавочна, перамагла прысутнасць у свядомасці нават лібералаў-дэмакратаў генэтыкі расейскай дзяржаўнасці, дзе галоўным складнікам была экспансія і гвалт ды вядомы крылаты выраз “І ты Брут?”. Такую фразу нібыта паспеў сказаць перад смерцю Юлій Цэзар. Яна запала на побытавым узроўні і ў асацыятыўную памяць прысутных інтэлектуалаў. Гэты сказ прыводзіцца ва ўсіх падручніках па антычнай гісторыі, зафіксаваны ў зборніках крылатых выразаў. І, канешне ж, усе помняць п’есу Шэкспіра “Юлій Цэзар”, дзе Цэзар вымаўляе яе на лаціне: “Tu quoque, Brute, fili mi!). “ Зваротак – у форме клічнага склону (vocativus). Па іншых версіях, Брут сказаў гэта на грэцкай мове.
Няма сумневу, што большасьць з прысутных выдатна ведала, што легендарны Брут-забойца (поўнае імя Марк Юній Брут) жыў у 40-х гадах да Н.Х., а Брут Люцый Юній, заснавальнік рымскіх рэспубліканскіх свабодаў, сучасьнік Перыкла, знакамітага дзяржаўнага дзеяча Афінаў, пры дэмакратычным кіраваніні якога, грэцкая літаратура і мастацтва дасягнулі сапраўднага росквіту – у VI стагодзьдзі да Н.Х. Ды і пушкінскі кантэкст (Брут – Перыкл) павінен быў бы схіліць прысутных да спрэчкі з цытавальнікам пушкінскай страфы.
Аднак, адбылося псыхалягічнае замыканьне – вынік імперскага мыслення расейскай эліты, дзе гвалт і экспансія ёсць ключавымі знакамі эмоцый і розуму.
Я напісаў на адрас канала “Культура” ветлівы ліст з крытычнымі заўвагамі. Нават фармальнага ўведамлення пра атрыманне маёй “эпісталы” не дачакаўся.