Карыснае з польскага досведу для школьнай адукацыі ў Беларусі

23.12.2009

На працягу першага снежаньскага тыдня група настаўнікаў, метадыстаў ды выкладчыкаў універсітэтаў з розных гарадоў краіны мела адукацыйную паездку ў Варшаву. Яна была арганізавана “Цэнтрам Супольнасць” (Беларусь) і Цэнтрам грамадзянскай адукацыі (Польшча) пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Праграма была даволі насычанай:
– мы працавалі ў Цэнтральным інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (СODN). Гэта ўстанова па сваіх функцыях нагадвае нашу Акадэмію паслядыпломнай адукацыі;
– наведалі тры гімназіі і ліцэй, у якіх адбыліся змястоўныя гутаркі з іх кіраўнікамі і настаўнікамі, а таксама адкрытыя ўрокі;
– сустрэліся з супрацоўнікамі Цэнтра грамадзянскай адукацыі і пазнаёміліся з практыкай ажыццяўлення імі актуальных адукацыйных праектаў, у прыватнасці: “Школа, якая вучыцца” і “Актыўная ацэнка”.
СODN працуе з дырэктарамі школ і метадыстамі. Прымяняецца як вочная, так і дыстанцыйная форма навучання. Установа аказвае метадычную дапамогу 70 рэгіянальным цэнтрам, якія займаюцца павышэннем кваліфікацыі педагогаў. Тут распрацавана метадалогія атэстацыі настаўнікаў.
Пра атэстацыю раскажам больш падрабязна. Настаўнік, які скончыў універсітэт, мае статус стажора. Праз год ён складае свой план павышэння сваёй кваліфікацыі на 33 месяцы. План зацвярджаецца адміністрацыяй. Калі настаўнік паспяхова выконвае гэты план, дырэктар і спецыяльная школьная камісія яго экзаменуюць і ён становіцца настаўнікам “кантрактовым”; пры гэтым яго зарплата істотна павышаецца. Такая ж працэдура прымяняецца для атрымання больш высокай катэгорыі – настаўнік “іменаваны”: таксама цягам 33 месяцаў трэба актыўна займацца сваім прафесійным развіццём, потым экзамен, на якім настаўнік расказвае, як ён здзяйсняў свой план і да якіх вынікаў прыйшоў. Наступная ступень – настаўнік дыпламаваны. Тут экзаменуюць знешнія эксперты. Адміністрацыя не вельмі зацікаўлена, каб было шмат дыпламаваных настаўнікаў, бо пры гэтым прыходзіцца плаціць з бюджэту школы даволі вялікую зарплату.
Ёсць яшчэ адзін узровень – прафесар адукацыі. Такое званне настаўнік можа атрымаць праз 10 гадоў пасля папярэдняй ступені. Пры гэтым зарплата не павышаецца. Рашэнне аб прысваенні звання прымае міністр адукацыі па прадстаўленню школы. СODN праводзіць спецыяльныя курсы для атэстацыйных экспертаў.
На наступны дзень мы наведалі школу ў прыгарадзе Варшавы – Міланоўцы. Гэта прыватны ліцэй, які ўваходзіць у таварыства прыватных школ Польшчы. У школе 80 дзяцей, 10–12 класы. Працуе 25 настаўнікаў, але не ўсе на поўную стаўку. Адукацыйны працэс у ліцэі арганізаваны накшталт вядомага многім на Беларусі шматпрофільнага навучання: вучні выбіраюць прадметы, якія яны будуць вывучаць на першым (базавым) і другім узроўнях, а затым арганізуюцца прадметныя групы.
Пасля кароткага аповеду дырэктара пра сваю школу мы папрасілі яго і намесніка ліцэя адказаць на нашы пытанні. Прывядзем некаторыя з іх.

Якія прадметы ў вашай школе для вучняў з’яўляюцца абавязковымі?
Матэматыка з інфарматыкай, польская мова, англійская мова, нямецкая альбо французская (вучні павінны вывучаць дзве замежныя мовы), гісторыя, біялогія, хімія, фізіка і фізкультура. Шмат прадметаў неабавязковыя, на жаданне вучня – напрыклад, гішпанская мова, журналістыка і г.д. У адпаведнасці з нашым статутам, калі вучань пажадае нешта вывучаць, мы павінны гэта забяспечыць.

Ці вывучае нехта беларускую альбо рускую мову?
Пакуль ніхто не пажадаў, але калі спатрэбіцца, то мы можам ажыццяўляць навучанне па гэтых мовах.

Які працоўны імпэт вашых настаўнікаў?
На пачатку дзейнасці нашай школы (школе 20 гадоў), сапраўды, актыўнасць вучняў і настаўнікаў былі вельмі высокія. Цяпер значна менш. Сістэма ўладкавалася. Мы проста працуем.

Як у вашай школе адбываецца выніковая атэстацыя?
Вучні здаюць пісьмовыя экзамены, а работы правяраюцца ў аддзеле адукацыі.

Па якіх падручніках вядзецца выкладанне ў ліцэі?
Міністэрства адукацыі зацвердзіла спіс падручнікаў, якімі дазволена карыстацца. Настаўнік сам выбірае.

Ці ёсць патрабаванні да формы адзення настаўнікаў і вучняў?
Такіх патрабаванняў няма.

Ці шмат у школе дакументацыі, якую патрэбна весці і адсылаць наверх?
Папяровая дакументацыя абмежаваная.

Што, акрамя правядзення урокаў, павінен рабіць настаўнік?
Стаўка настаўніка – 18 гадзін. Ён можа карыстацца планамі ўрокаў, якія змешчаны ў падручніках, а можа іх мадыфікаваць. Абавязкова складае календарна-тэматычны план на год, які зацвярджае дырэктар. Потым дырэктар правярае, як гэты план выконваецца. Настаўнік удзельнічае у нарадах, якія праводзяцца 6 разоў на год. Раз на год настаўнік вязе дзяцей на якую-небудзь экскурсію.

Як у вас з камп’ютарнымі тэхналогіямі ў кіраўніцкай дзейнасці?
З настаўнікамі, бацькамі і вучнямі мы падтрымліваем сувязь праз школьны сайт. Там фіксуюцца, у прыватнасці, пропускі вучняў, іх акадэмічныя вынікі (бацькі могуць бачыць вынікі толькі свайго дзіцяці).

З чаго складаецца ваш бюджэт?
З платы за навучанне. Таксама мы атрымліваем дапамогу ад улад, бо з 19 адсоткаў падаткаў 1 адсотак ідзе для падтрымкі публічных арганізацый, у тым ліку прыватных школ. Іншы раз фінансава дапамагаюць паспяховыя ў бізнесе выпускнікі нашага ліцэю.

Пан дырэктар, ці ёсць у вас грамадскія арганізацыі?
Так. Школьная рада, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі таварыства, настаўнікаў, вучняў, бацькоў, а таксама адміністрацыя. Рашэнні прымаюцца тайным галасаваннем. Калі, напрыклад, школьная рада прагаласуе супраць дырэктара, то ён больш дырэктарам не будзе.

Ці адчуваеце вы патрэбу ў паляпшэнні матэрыяльнай базы?
Было б добра купіць яшчэ адзін-два праектары.

Як вы матывуеце вучняў да навучання?
Чым часцей правяраць, як ідзе навучанне і якія ў яго вынікі, тым большая матывацыя. Пры гэтым самі вучні з’яўляюцца суб’ектамі такога кантролю. Добры настаўнік стварае больш магчымасцяў для паўтарэння матэрыялу.

Наколькі дэмакратычныя адносіны паміж вашымі настаўнікамі і вучнямі?
На мой погляд, адносіны партнёрскія. У нас сітуацыя лепшая, чым у многіх дзяржаўных школах. Там, як правіла, настаўнік размаўляе з класам, а нашы педагогі размаўляюць з вучнямі, з вучнем.

Потым мы наведалі класы, паразмаўлялі з вучнямі, паглядзелі на цудоўныя творчыя працы ліцэістаў ды іх педагогаў і ўпэўніліся, што, па-першае, нашы школы таксама маюць эфектыўны вопыт працы з дзецьмі; па-другое, у польскіх педагогаў ёсць чаму павучыцца. Галоўнае – як будаваць адносіны з дзецьмі і бацькамі.
Наступны прыпынак у нашым адукацыйным падарожжы: Школа сацыяльнай адукацыі ў Торуні. У гэтай установе мы змаглі ўбачыць на практыцы, як на ўроках прымяняецца актыўная ацэнка. (Менавіта гэтай стратэгіі навучання мы вучыліся ў польскіх трэнераў на трох жнівеньскіх семінарах у Мінску).
На ўроку нямецкай мовы, які праводзіла намеснік дырэктара, актыўная ацэнка займала значнае месца. На пачатку ўрока былі вызначаны і прыняты дзецьмі характарыстыкі адукацыйнага выніку, якія тыя чакалі атрымаць напрыканцы занятку. Потым на працягу ўрока вучні звярталіся да гэтых характарыстык і ацэньвалі, што ў іх ужо атрымалася, вырашалі, што трэба рабіць далей. Пад канец урока вучні выканалі праверачную работу і параўналі свае адказы з эталонамі.
Потым мы пагутарылі з настаўніцай пра яе ўрок і пра актыўную ацэнку. Яна сказала, што настаўнікі школы імкнуцца, каб дзеці і іх бацькі зразумелі, што адказнасць за навучанне нясе не толькі школа. Мы ўвесь час ставім перад дзецьмі пытанне: “Навошта вы ходзіце ў школу?” Абмяркоўваем з імі, як яны вучацца. Агучваем вучням, на што будзем звяртаць увагу пры ацэнцы іх работы. Запытваем, як яны даведаюцца, што дасягнулі мэты. Пры гэтым адзнакі не выстаўляем. Толькі – за кантрольную работу.
Пад час гутаркі з прадстаўнікамі адміністрацыі і настаўнікамі нашы калегі задавалі шмат пытанняў:

Як шырока вашы настаўнікі выкарыстоўваюць актыўную ацэнку?
Каля 60%. Тэндэнцыя дадатная: усё больш настаўнікаў разумее карысць ад дадзенай стратэгіі навучання і стараюцца ёй авалодаць.

Як адбываецца навучанне педагогаў?
Прымяняецца шмат метадаў: дыстанцыйнае навучанне ў Цэнтры грамадзянскай адукацыі, трэнінгі ў школе, творчыя групы настаўнікаў, падтрымка вопытнымі калегамі маладых. Мы лічым карысным выкарыстанне творчых груп педагогаў, якія працуюць над вырашэннем канкрэтных педагагічных задач. Мы маем статус школы, якая вучыцца. Кожны год мы вырашаем дзве задачы – напрыклад, цяпер: актыўная ацэнка і праектнае навучанне.

Ці ёсць у вас бацькоўскія сходы?
Абавязкова. Дарэчы, на нашых сходах мы абмяркоўваем з бацькамі іх ролю ў актыўнай ацэнцы. Мы высвятляем, чаго чакаюць бацькі ад школы. Класныя кіраўнікі кажуць, чаго яны чакаюць ад сем’яў. Мы арганізуем на бацькоўскіх сходах групы паводле інтарэсаў. Вынікі абмеркаванняў выносяцца на класны альбо агульнашкольны бацькоўскі сход. Напрыклад, было гарачае абмеркаванне тэмы “Дзеці і інтэрнэт”. Бацькі загадзя перад сходам ставяць школе, настаўнікам пытанні праз інтэрнэт, змяшчаючы іх на школьным сайце. Бацькоўскія сходы адбываюцца толькі за круглым сталом, з кавай, гарбатай, печывам.

Ці наведваюць дырэктар і намеснік урокі настаўнікаў?
Абавязкова. Пераважна тых педагогаў, якія нядаўна працуюць у нас. Гэта не кантроль, а дапамога.

Праводзім гутаркі і перад наведваннем урока: пытаемся у настаўніка, ці ёсць праблемы, у якім фармаце будзе праводзіцца ўрок? Чаму менавіта так? Паводле якой нарматыўнай базы вы працуеце?
Галоўны дакумент – статут школы. Мы два разы на год паводле вызначанай формы падаем інфармацыю ў аддзел адукацыі. Раз на пяць гадоў школу правярае спецыяльная арганізацыя, якая мае на гэта ліцэнзію – “кураторыюм”.
Правяральшчыкі карыстаюцца 4 крытэрыямі:
– кантракт з настаўнікамі,
– выкананне статута і школьная сістэма ацэнкі,
– вядзенне дакументацыі,
– якасць рэалізацыі праграмы адукацыйнага мінімуму, якая вызначае стандарт ведаў і ўменняў вучня у канцы кожнага года навучання.
Дзённікаў у вучняў няма (намеснік дырэктара пашкадавала, што вучні не вядуць дзённікі). Адзнакі вучні атрымліваюць з 4 класа. Яна таксама пашкадавала, што школа не цалкам забяспечана сродкамі навучання, напрыклад, па фізіцы, хіміі.
Закупляць іх нерэнтабельна, калі ў школе мала вучняў.

Як вы заахвочваеце настаўнікаў да эфектыўнай працы?
Фінансава не часта, бо калі адзначыш аднаго-двух, гэта можа стаць прычынай канфліктаў. У асноўным, маральна. Напрыклад, калі мы выпускаем чарговы клас, то дырэктар піша кожнаму настаўніку, які працаваў з гэтым класам, спецыяльны ліст, у якім адзначае, за што ён дзякуе настаўніку. Калі настаўнік жадае больш зарабіць, то ён піша прапанову на свой новы курс.

Раскажыце пра сістэму ацэнкі ведаў і паводзін вучняў.
У кожнай школе свая сістэма ацэнкі. Кожны год мы ацэньваем сістэму ацэнкі і, калі трэба, уносім карэктывы. Дарэчы, мы выкарыстоўваем рэйтынгавую ацэнку. За кожны поспех вучань атрымлівае балы (за валанцёрскую працу, дапамогу іншым, дзяжурства, поспех на кантрольнай і г.д.), за кожнае парушэнне (напрыклад, спазніўся на ўрок) – штрафы. Балы выстаўляюцца не толькі педагогамі, але і актывам вучнёўскага самакіравання. Усе гэта паведамляецца бацькам кожны тыдзень.
Да слова сказаць, калі вучань не выканаў хатняе заданне, то мы патрабуем, каб ён гэта абавязкова зрабіў да наступнага ўрока.

Ці ўсе настаўнікі з’яўляюцца класнымі кіраўнікамі?
Не, не ўсе. У нас класныя кіраўнікі, напрыклад, дырэктар і намеснік дырэктара. Не ўсе педагогі жадаюць адказваць за клас. У класнага кіраўніка ёсць памочнік (асістэнт) з ліку другіх педагогаў. Ёсць школьны псіхолаг. Ён дапамагае класнаму кіраўніку, калі той сам не можа вырашыць праблемы ў сваім класе.

Паводле якіх крытэрыяў вы бераце дзяцей з пачатковай школы (школы “падставовай” – шасцігодкі) у гімназію?
Паводзіны і адзнакі не бярэм пад увагу. Сваіх абавязкова прымаем.
У Цэнтры грамадзянскай адукацыі нам прадставілі некалькі праектаў.
Першы праект: “Глабальная адукацыя”. Метадыст распавядаў, што яны працуюць са шматлікімі школамі (усяго 50000 вучняў) па праблеме залежнасці ад наркотыкаў, алкаголю, гандлю людзьмі. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць спецыяльныя фільмы.
Другі праект: “Школа, якая вучыцца”. Гэты праект рэалізуецца з 2000 года. Ён для актыўных школ, якія жадаюць развівацца, павышаць якасць сваёй работы, эфектыўнасць дзеянняў і эфектыўнасць адукацыйнага працэсу.
Інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце: www.ceo.org.pl/sus/
Трэці праект “Школа мыслення”. Школа, у якой дзяцей заахвочваюць думаць. Падрабязнасці можна знайсці на сайце: www.szkola-myslenia.pl/
Пад час нашага візіту ў сацыяльную гімназію № 20 мы высветлілі наступнае. Каб стаць навучэнцам гэтай гімназіі, дзеці здаюць іспыты (мова, матэматыка і гутарка), але дзяцей бежанцаў прымаюць па-за конкурсам. Бяруць і дзяцей з праблемамі ў навучанні, з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця. Педагогі гімназіі лічаць, што гэта важна для выхавання талерантнасці, для фарміравання здольнасці жыць у супольнасці. У гімназіі няма спаборніцтва. Галоўнае – супрацоўніцтва паміж усімі суб’ектамі адукацыйнага працэсу і бацькамі. Удзел у алімпіядах не заахвочваецца, бо гэта школа супрацоўніцтва. Якраз перад нашым візітам тыдзень у гімназіі не было звычайных заняткаў. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў выконвалі шматлікія і разнастайныя адукацыйныя праекты. Пад час праектнай работы вучні засвойваюць праектны менеджмент: вызначаюць мэты, плануюць працу, кіруюць ажыццяўленнем праекта і г.д.
У гімназіі моцнае самакіраванне, мадэлюецца палітычная сістэма краіны. Ёсць школьны парламент, які выбіраецца, рада школы, у якую ўваходзяць дырэктар, 4 вучні, 4 настаўнікі, 4 бацькі. Рада стварае міністэрствы, якія на той момант актуальныя, напрыклад, – міністэрства працы, што арганізуе валанцёрства. Калі вучань зробіць нешта дрэннае, яго справу разглядае школьны суд. На судзе ўсё, як на судзе: ёсць сведкі, прысяжныя, адвакаты. Весці суд дапамагаюць бацькі – юрысты. Суд выносіць вердыкт: вінаваты ці не вінаваты. Дырэктар вырашае, як пакараць. Але да суда справа даходзіць не часта, бо ёсць папярэднія дамовы паміж вучнямі, школай, бацькамі з абавязковымі подпісамі ўсіх бакоў.
Нас цікавіла, як выкладаюцца замежныя мовы. У гімназіі 4 узроўні вывучэння англійскай мовы. У групах па 6 чалавек. Па жаданню вучань можа выбраць яшчэ адну-дзве замежныя мовы.
Актыўная ацэнка ўводзіцца без прымусу, але адміністрацыя падтрымлівае адпаведныя пошукі настаўнікаў. Дырэктар сказала, што яна сама падае прыклад выкарыстання актыўнай ацэнкі. Важны прынцып, якім мы карыстаемся на уроках: зваротная сувязь без выстаўлення адзнак. Пры пераходзе на такое навучанне мы не адчулі нязгоды вучняў. Яны, наадварот, яго падтрымалі.
Пры наведванні ўрокаў настаўнікаў дырэктар кажа, што яна ідзе на ўрок не кантраляваць, а дапамагаць.
На уроках матэматыкі, гісторыі, якія мы наведалі, настаўнікі прадэманстравалі: па-першае, як яны па-майстэрску будуюць узаеміны, супрацоўніцтва з вучнямі; па-другое, умелае выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі. На пачатку ўрока вучні пазнаёміліся з крытэрыямі, па якіх будзе адбывацца ацэнка вынікаў працы.
Наступнай адукацыйнай установай на нашым шляху быў ліцэй ім. Стэфана Баторыя. Гэтай установе ўжо амаль 100 гадоў. Ліцэй мае славутую гісторыю і вялікія здабыткі, лічыцца адной з самых прэстыжных устаноў у Варшаве.
Сустрэча пачалася з круглага стала. Нас віталі, распавядалі пра свой ліцэй і адказвалі на пытанні дырэктар ліцэя, два настаўнікі і тры вучні з вучнёўскага самакіравання. Яны расказалі, што у ліцэі ёсць міжнародны бакалаўрыят, шмат профіляў: напрыклад, геаграфія-матэматыка-англійская мова, матэматыка-фізіка і г.д. Вывучаецца пяць замежных моў, з якіх вучань выбірае для сябе дзве. Ліцэй мае шмат пераможцаў алімпіяд. Шмат дадатковых заняткаў з улікам інтарэсаў дзяцей, якія фінансуюцца бацькамі альбо радай горада. 100 % выпускнікоў паспяхова здаюць экзамены (“матуру”) і залічваюцца ва ўніверсітэты.
Як адзначыла пані дырэктар, у школе таленавітыя настаўнікі і адказныя, актыўныя вучні. У ліцэі ёсць выбарчы орган – сенат, у які з кожнага класа выбіраюцца два вучні. Сенат займаецца арганізацыяй святаў, кірмашамі падручнікаў, мадэллю ААН, форумамі па абмеркаванню праблем горада, куды запрашаюцца прадстаўнікі мясцовых уладаў. Ліцэйская газета дае магчымасць кожнаму ліцэісту выказаць сваю думку. Яна штогод праводзіць конкурс на званне самага папулярнага настаўніка. У ліцэі шырока распаўсюджана валанцёрства. У выніку такой разнастайнай грамадскай працы вучні знаёмяцца з кіраўніцкімі, дэмакратычнымі працэдурамі, вучацца свядома прымаць адказныя рашэнні.
Што да ўрокаў, на іх таксама працуе актыўная ацэнка. Як сказалі настаўнікі, самае моцнае, што працуе на вынік і на матывацыю дзяцей – гэта канкрэтныя і зразумелыя вучням крытэрыі ацэнкі. Кожны вучань на семестр атрымлівае ліст самаацэнкі і ліст для ацэнкі працы і паводзінаў аднакласнікаў.

Падзяка
Такі досвед мы атрымалі ад польскіх калег. Зноў адзначым, што многія беларускія настаўнікі і кіраўнікі школ сапраўды майстры сваёй справы, але для развіцця адукацыйнай практыкі шмат у чым прыдасца вопыт нашых польскіх калег.
Пад завяршэнне гэтых нататак трэба сказаць вельмі важнае: шчырую падзяку ад нас усім грамадскім арганізацыям і асобам за змястоўную і карысную адукацыйную працу, за досвед, які мы атрымалі і будзем выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці.