«Настаўніцкая газета» задалася пытаннем: чаго хоча і чаго не хоча сённяшні чытач? Рэдакцыя прызнае: хапае тых, хто не задаволены афіцыйным «настаўніцкім лістком». Нехта наракае, што газета не ўзнімае актуальных праблемаў ды не піша праўду; кагосьці абурае прымусовая падпіска на нецікавае і малакарыснае выданне...
«Настаўніцкая» называе свой спіс «вострых» тэмаў і заклікае настаўнікаў да іх абмеркавання – сапраўднага, а не ўдаванага, «для галачкі».
І ДЛЯ ВАС, І РАЗАМ З ВАМІ. ДЫЯЛОГ «ЧЫТАЧ – ГАЗЕТА»
Хто робіць газету? «Вядома ж, журналісты!» – здагадваюся, што менавіта такім будзе адказ большасці чытачоў. Гэта так, журналісты сапраўды, нібыта тыя пчолкі, збіраюць інфармацыю з розных крыніц, каб газета была напоўнена цікавай, карыснай, жыццёвай інфармацыяй. Усё пачынаецца ў газеце са стварэння журналісцкага матэрыялу. Але ў рэдакцыі ёсць іншыя спецыялісты, без удзелу якіх газета ніколі не з’явілася б у паштовых скрынях чытачоў.
Вось яны: служба стылістаў-карэктараў удасканальвае тэкст стылістычна і граматычна; тэхнічная служба адказвае за тое, каб тэкст быў прывабна паднесены (гэта як абгортка для цукеркі). У рэдактара і яго намеснікаў асаблівая місія: яны каардынуюць дзейнасць журналістаў, ствараюць умовы для працы і адказваюць за канцэпцыю выдання. Але гэта яшчэ не ўсе спецыялісты, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у нараджэнні газеты – па-за рэдакцыяй жывуць-працуюць людзі, якія з’яўляюцца адначасова і чытачамі, і аўтарамі газеты. Газета і чытачы існуюць у цеснай узаемасувязі. Я б нават смела сказала так: газета такая, якая яе чытацкая аўдыторыя, і чытацкая зацікаўленасць і актыўнасць фарміруюць канцэпцыю газеты. Калі казаць мовай бізнесу – які запыт, такая і прапанова.
Я лічу, што ў нас добрая прафесійная газета. У нас ёсць свая чытацкая аўдыторыя, якая з намі пастаянна кантактуе ў самых розных формах: ад напісання артыкулаў да кароткіх тэлефонных званкоў кшталту «А ці маглі б вось пра гэта напісаць». Я ведаю, што пэўная катэгорыя педагогаў нашу газету любіць і чытае. Са знаёмства з артыкуламі «Настаўніцкай» яны пачынаюць свой працоўны дзень, з яе бяруць для сябе ідэі, чэрпаюць інфармацыю. І гэта відаць яшчэ і па тым, што ў нашых, цяпер ужо электронных, скрынях штодня з’яўляюцца новыя пісьмы.
Чаго хоча і чаго не хоча наш чытач? Напэўна, як і ўсе мы, чытач жадае ведаць праўду пра тое, што адбываецца навокал, знаёміцца з рознымі поглядамі на гэтую праўду, а таксама ведаць пра жыццё і працу тых, хто дасягнуў значных поспехаў у ёй. Мы гэта і імкнёмся рабіць. Але наш чытач – гэта і наш герой, таму ад яго актыўнасці і смеласці залежыць, наколькі гэтая праўда адпавядае рэчаіснасці.
Сёння мы атрымліваем шмат пісем, але рэдка ў якіх знойдзеш сапраўды праблемны, востры матэрыял. А гэта менавіта тое, чым вы (чытачы) пастаянна не задаволены, за што папракаеце нас, маўляў, «не ўзнімаеце праблем», «не пішаце праўду». А хто з вас напісаў, і газета не надрукавала? Хто згадзіўся журналісту расказаць пра праблемы не ананімна, а «для друку»? Хто з вас адрэагаваў на самы злабадзённы матэрыял, надрукаваны ў газеце напярэдадні Новага года? (15.12.2012 «Прэстыж прафесіі настаўніка: міф ці рэальнасць?», аўтар С.І.Гін, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, член клуба «Крыштальны журавель»).
Вось так працуеш, радуешся знаходкам – цікавым субяседнікам, новай тэме… і ў нейкі момант адзін ананімны тэлефонны званок («Чаму нас прымушаюць выпісваць нецікавую непатрэбную нам газету?») парушае спакой, выклікае цэлую хвалю адмоўных пачуццяў (усё-такі цяжка стрымаць эмоцыі бывае!) і вялікую колькасць пытанняў: дык што не так; ці магчыма зрабіць так, каб газета была цікавай для ўсіх; як нашых чытачоў зрабіць нашымі аўтарамі, якія б выказваліся пра набалелыя пытанні і як наладзіць з імі дыялог?
На вялікі жаль, тыя, хто абураецца па тэлефоне, не жадаюць дапамагчы адшукаць адказы на гэтыя пытанні. Ім, мяркую, гэта і не трэба. Яны і самі дакладна не ведаюць, што ім цікава, што можа зрабіць іх жыццё яркім, насычаным. Будзем спадзявацца, што гэта толькі сёння. Заўтра сітуацыя зменіцца і іх погляды памяняюцца, яны стануць лепш сябе адчуваць. Ва ўсякім выпадку, я ім гэтага жадаю.
На падобныя пытанні дапамагаюць знайсці адказ сябры, калегі, актыўныя чытачы. У мяне (я з гонарам гэта адзначаю!) ёсць сябры сярод чытачоў, іх нямала, і сярод іх – члены клуба «Крыштальны журавель». Якраз на апошняй сустрэчы з імі, расказваючы пра адзін такі тэлефонны званок, я пачула наступнае ад пераможцы конкурсу «Настаўнік года-2004», дырэктара гімназіі № 3 Магілёва Ігара Віктаравіча Якіменкі, што ён сваім калегам на падобныя заўвагі адзначае: «А што вы зрабілі для таго, каб газета стала лепшай?». «А сапраўды», – падумала я, – што?». Я б яшчэ крышку змяніла пытанне і спыталася так: «А што вы зрабілі ўвогуле для таго, каб змяніць сітуацыю да лепшага, каб ваша праца стала больш плённай і радаснай, каб атрымліваць больш высокую заработную плату, каб педагагічная прафесія стала прэстыжнай, каб педагогаў усе паважалі і апошняе: наколькі вы актыўна і смела выказваеце сваю грамадзянскую пазіцыю па розных пытаннях на педагагічных нарадах у школе, на канферэнцыях у вобласці і ў СМІ ў тым ліку?».
Я ўяўляю, як балюча чуць настаўніку заўвагу асобнага фінансава паспяховага бацькі: маўляў, я і без вашых ведаў па фізіцы (хіміі, літаратуры і г.д.) выдатна грошы зарабляю. Разумею, як стаміліся яны ад дадатковых спраў, што не адпавядаюць асноўным абавязкам… Думаю, што мы ведаем пра ўсе вашы праблемы і клопаты, бо штодня з вамі сутыкаемся і стасуемся як падчас рэдакцыйных спраў, так і ў якасці бацькоў вашых выхаванцаў. Але мы не можам без вас расказаць пра вашы праблемы.
Для агучвання любой праблемы патрэбны канкрэтныя людзі, іх гісторыі, дакументы, факты, лічбы… Захацелі мы, напрыклад, напісаць пра тое, што настаўніку шмат даводзіцца пісаць розных папер – пра паператворчасць у школах. Нам для гэтага патрэбны настаўнік, які раскажа (і пацвердзіць гэта дакументальна), колькі і якіх папер яму трэба было падрыхтаваць і для каго, напрыклад, за тыдзень, за месяц. Зразумела, што педагог павінен не проста расказаць, а зрабіць пэўныя захады, напрыклад весці штодзённа запісы, у якіх адзначаць: колькі, якіх, для каго і ў якім аб’ёме ён піша справаздач і іншых папер. Вось тады гэта будзе не проста заява, што настаўнікі пакутуюць ад папер, а дакументальна пацверджаны факт. А супраць яго ўжо цяжка будзе Міністэрству адукацыі пярэчыць. Трэба будзе прымаць рашэнне.
Праблемныя матэрыялы на самай справе і не такія ўжо рэдкія госці на нашых старонках. Аднак яны часта застаюцца без увагі чытачоў, без водгуку. Чаму? Магу толькі здагадвацца: таму што, мабыць, ніхто не знаёміцца з тэкстам альбо ўсе жадаюць заставацца ўбаку ад праблем. Не трэба хавацца і чакаць, што нехта за вас штосьці зробіць, раскажа, запатрабуе. Той жа кіраўнік установы, тая ж газета… Каб нешта змянілася, трэба прыкладваць пэўныя ўласныя намаганні. Трэба дзейнічаць, шукаць аднадумцаў, у тым ліку і праз газету, і ў асобе журналістаў таксама.
Для пачатку я параіла б адкрыць газету і азнаёміцца з яе зместам, але не проста прабегчыся па загалоўках і рубрыках, а зрабіць гэта так, як вы, напрыклад, правяраеце сшыткі сваіх вучняў: усё запар і з алоўкам у руках, робячы пры гэтым заўвагі (якія тэмы ў полі зроку журналістаў, як яны пададзены, ці раскрыта тэма, што можна яшчэ сказаць па пытанні і што прапанаваць ад сябе як ад чытача).
На мой погляд, «Настаўніцкая» дастаткова інфарматыўная. Дакладна магу сказаць, што ні ў якім іншым рэспубліканскім выданні, ні на адным партале вы не знойдзеце столькі інфармацыі аб сістэме адукацыі, як у «Настаўніцкай». Разам з тым ва ўсім няма мяжы дасканаласці, таму выдатна было б, каб мы яшчэ больш атрымлівалі навін з рэгіёнаў. У нас сёння ёсць магчымасць размяшчаць інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, якія адбываюцца ў вашым рэгіёне, калі не на старонках газеты, то на яе сайце, партале педагагічнай прэсы. І, што выдатна, вам нават не трэба спецыяльна для нас рыхтаваць такую інфармацыю: вы яе традыцыйна рыхтуеце для сваіх школьных, раённых, гарадскіх і абласных сайтаў.
Адзін раз увядзіце адрас рэдакцыі ў сваю электронную пошту, і вашы навіны ўжо ў нас – аператыўна і з першых вуснаў. Мы будзем друкаваць гэтыя кароткія навіны і такім чынам знаёміцца з вашай установай, рэгіёнам, знаходзіць новых герояў, аўтараў. Навошта гэта вам? Пра вашы мерапрыемствы, поспехі будзе ведаць уся рэспубліка, так вы маральна падтрымаеце сваіх работнікаў.
Сёння мы бачым дзве формы супрацоўніцтва чытачоў з газетай – у якасці крыніц інфармацыі (вы тэлефануеце, пішаце і расказваеце нам пра тое, што адбудзецца, адбылося; пра людзей, якія заслугоўваюць добрых слоў праз газету і г.д.) і аўтараў (вы самі пішаце пра мерапрыемствы, пра калег-прафесіяналаў, выказваецеся па набалелых пытаннях).
Я паспрабавала скласці спіс тэм, якія мы хацелі б узняць у газеце і абмеркаваць разам з вамі ў найбліжэйшы час, але можаце прапаноўваць і свае. Пад нумарам «1» стаўлю наступную тэму.
Чаму нашы педагогі не ідуць у грузчыкі, прыбіральшчыкі, касіры, калі паўсюдна (тут я маю на ўвазе сталіцу асабліва) аб’явы ім абяцаюць заработную плату ад 3-х з паловай мільёна рублёў з поўным вызваленнем ад дзіцяча-бацькоўскіх пытанняў і праблем? Мне здаецца, што я ведаю чаму… Таму што ў большасці сваёй педагогі любяць сваю работу, дзяцей, школу, прадмет… Таму што яны нясуць адказнасць за дзяцей і нашу з вамі будучыню (тут нельга абысціся без высокіх слоў, гэта так!). Таму што яны адчуваюць радасць ад сваёй працы і толькі два разы ў месяц (у дзень атрымання авансу і зарплаты) засмучаюцца і нават некаторыя плачуць…
Неяк у размове мая сяброўка (дарэчы, педагог з вялікім стажам, паспяховы і любімы навучэнцамі) заўважыла, што калі яе дачка выбірала для сябе прафесію настаўніцы, то яна яе доўга адгаворвала. Не атрымалася: дзяўчына стала настаўніцай. Я запыталася: «А чаму адгаворвалі? Няўжо гэта такая дрэнная прафесія? А вы касірам у вялікім магазіне працавалі, а вы ўяўляеце работу бухгалтара? Дзеці дораць настаўніку не толькі адмоўныя эмоцыі, але і радасць, маладосць. Ад чаго дачку хацелі ўберагчы? Можа, усё ж больш добрых якасцей у прафесіі педагога?».
«Профільная школа ў новым варыянце». На апошняй прэс-канферэнцыі 2012 года міністр адукацыі заўважыў журналістам, што ён не выключае, што ў беларускіх школах могуць ізноў з’явіцца профільныя класы. Усе разумеюць, што прафілізацыя старшай ступені агульнай сярэдняй адукацыі патрэбная, гэта запыт часу. Нездарма асаблівай папулярнасцю ў старшакласнікаў і іх бацькоў карыстаюцца ўстановы адукацыі (у нас гэта гімназіі і ліцэі), дзе ёсць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні, якія і вызначаюць выбар будучай прафесіі. Усім вядома, што прафілізацыя – гэта дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя адукацыі. Што трэба ўлічыць пры пабудове новай профільнай школы? Што загубіла профільную школу ў 2008 годзе? Магчыма, ператварэнне кожнай школы ў профільную пры адсутнасці добрых спецыялістаў і ўмоў, залішняя справаздачнасць, паказуха… Трэба гэта прааналізаваць…
«Чаму вучаць у школе?». Не так даўно пачула такое меркаванне: сям’я вучыць таму, што было 20 гадоў назад, вуліца – таму, што ёсць зараз, а школа павінна вучыць таму, што будзе праз 20 гадоў. Мы не можам дакладна сказаць, якія веды спатрэбяцца нашым дзецям праз 20 гадоў, бо ўсё так імкліва змяняецца, таму, напэўна, мы павінны навучыць іх найперш думаць, шукаць, выдаваць новыя ідэі. А вы як мяркуеце? Чаму вы вучыце ў школе дзяцей?
Не так даўно, едучы ў гарадскім аўтобусе, разглядала прыгожыя малюнкі на акне, намаляваныя марозам, і разважала: чаму атрымліваецца такая прыгажосць, пры якіх умовах, каму з настаўнікаў-прадметнікаў адрасаваць гэтыя пытанні? Мне здаецца, што прадметы ў школе павінны выкладацца такім чынам, каб дзеці ўяўлялі, напрыклад, што фізіка «знаходзіцца» ў разетцы, а хімія – у салодкай газіраванай вадзе.
«Прыклады з падручніка». Напэўна, сёння веды па асобных прадметах старэюць яшчэ да таго, як трапляюць у падручнік. Праблема стварэння сучаснага падручніка застаецца актуальнай заўсёды.
«Як колькасць ператварыць у якасць». Матэматыкі, фізікі, выкладчыкі інфарматыкі ў нашых школах нібыта ў дэфіцыце, затое некаторыя філолагі вымушаны для поўнай нагрузкі весці розныя факультатывы і гурткі. На самай справе добрых спецыялістаў, як фізікаў, так і лірыкаў, у школе не хапае, проста адных не хапае больш, чым іншых. Добры спецыяліст той, які штодня працуе над сваёй адукацыяй, які шукае новыя магчымасці для выкладання прадмета, які разумее, што прафесія (а значыць, і патрабаванні да яго, прафесіянала) змяняецца дастаткова хутка. Якія ёсць новыя формы і тэхналогіі павышэння прафесійнай кампетэнцыі настаўніка, прафесійныя стандарты педагогам? Даўно ішла гаворка пра прафесійны кодэкс педагога, пра што там павінна ісці размова?
«Бацькі – школа: як знайсці разуменне». Школа і бацькі ў прынцыпе займаюцца адной справай – выхаваннем самастойных, добрых і шчаслівых людзей. Толькі робім мы гэта нярэдка рознымі метадамі. Мы (бацькі) жадаем, каб нашы педагогі былі самымі-самымі: прафесіяналамі, якія любяць дзяцей, уважлівымі да іх асобы, высокадухоўнымі, інтэлігентнымі людзьмі і г.д. А самі якія? Розныя. Выхаванне дзяцей – самая старажытная справа чалавецтва, таму многім бацькам яна здаецца нескладанай: маўляў, «усе спраўляюцца, а я чым горшы…». Але ж у старажытнасці выхаванне лічылі самым высокім мастацтвам з усіх мастацтваў. Педагогаў ва УВА гэтаму мастацтву вучаць, адказныя бацькі шукаюць адказы на многія пытанні ў кніжках па выхаванні. Але ж бацькам сапраўды не хапае парады і дапамогі педагогаў, спецыялістаў па выхаванні. Менавіта спецыялістаў па рабоце з сям’ёй і не хапае школам – не псіхолагаў і сацыяльных работнікаў, а менавіта педагогаў – сямейных кансультантаў.
«Папячыцельскі савет: як папрасіць фінансавай дапамогі ў бацькоў так, каб яны не называлі гэта паборамі?»
«Сёння бацькоўскі сход», – з сумам заўважаюць мае сяброўкі, – толькі для таго, каб грошай папрасіць». Мне здаецца, што такія размовы ўзнікаюць не таму, што бацькі не разумеюць, што сёння дзяржава ў асноўным дапамагае школе, толькі выплачваючы зарплату педагогам, а ўсё астатняе залежыць ад майстэрства дырэктара дамовіцца з кіраўніцтвам раёна аб выдаткаванні сродкаў, ад кантактаў са спонсарамі. Праблема ў тым, што няправільна фармулюецца просьба. Можна працаваць з тым, што ёсць. Так робяць у асобных установах адукацыі (асабліва сельскіх, раённых), дзе ў пераважнай большасці бацькоў сапраўды няма магчымасцей дапамагчы школе. Бацькі з радасцю будуць аказваць дапамогу і самі будуць яе ініцыіраваць, калі ўбачаць імкненне педагога больш працаваць з дзецьмі, рабіць гэта на сучасным узроўні. Але выплаты бацькоў не могуць быць абавязковымі, а толькі дабрачынныя ахвяраванні, без здачы квіткоў настаўніку.
Мэта, дзеля якой я пісала зварот да нашых чытачоў, – гэта найперш жаданне выклікаць вас на шчырую размову, высветліць, што сапраўды трэба сучаснаму чытачу «Настаўніцкай газеты», а ў перспектыве – знайсці падчас такога дыялога новых аўтараў. Вельмі хочацца, каб вы сталі актыўнымі сустваральнікамі газеты (а не толькі пабочнымі наглядальнікамі і крытыкамі) і не гаварылі, што гэта не ваша справа. Гэта наша агульная справа!
Святлана Кірсанава, Настаўніцкая газета
Гл. таксама абмеркаванне: Блог настаўнікаў Беларусі