Рэформа сістэмы адукацыі ГДР

Д-р Гельмут Габерландт: Сістэма адукацыі дэмакратычнай краіны можа абапірацца толькі на дэмакратычных супрацоўнікаў.
Як адбывалася рэформа адукацыі ў былой ГДР.

Dr. Helmut HaberlandtНастаўнік.інфо вывучае сітуацыю з посткамуністычным рэфармаваннем сістэмы адукацыі. Госць нашага сайту -  кіраўнік аддзелу Міністэрства адукацыі, моладзевай палітыкі і спорта зямлі Брандэнбург (ФРГ) доктар Гельмут Габерландт (Helmut Haberlandt), які паводле сваёй пасады пасля аб’яднання Германіі займаўся на сваёй адміністрацыйнай тэрыторыі пераводам школ ГДР на дэмакратычныя рэйкі. 

- Спадар Габерландт, вядома, што ГДР, як і Беларусь у 90-х гадах пачала посткамуністычную рэформу сістэмы адукацыі. Але ў нашай краіне яна вельмі хутка прыпынілася, і сістэма адукацыі пакуль застаецца савецкай і па змесце, і па сістэме кіравання. Працэс трансфармацыі ў нас яшчэ наперадзе. Мы б хацелі ведаць, што рабілі немцы ў пераходны перыяд? З якімі праблемамі сутыкнуліся?
- Пачалі з пераасэнсавання. Пасля аб’яднання Германіі ў 1989 г. існавала 2 падыходы да пераасэнсавання мінулага: 1) пераасэнсаванне зместу адукацыі 2) пераасэнсаванне складу калектываў Мар’яна Біртлер, якая зьмяніла Ёахіма Гаўка на пасадзе Федэральнага Упаўнаважанага ў справах архіваў штазі, падрыхтавала рэферат па расследаванні мінулага і спрыянні дэмакратызацыі структуры адукацыі.
- Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра змястоўны бок рэформы.
- Мы зыходзілі з таго, што ўсе настаўнікі павінны задумацца пра тое, што яны выкладалі (па змесце) падчас існавання ГДР. Дзеля гэтага былі арганізаваныя меры па перакваліфікацыі. Трэба адзначыць, інтарэс настаўнікаў не быў вялікім. Таму Міністэрствам была ініцыяваная праграма па асэнсаванні мінулага. Быў абвешчаны конкурс ва ўсіх сродках масавай інфармацыі на тэму “Гісторыя, структура і функцыяванне ГДР-аўскай сістэмы адукацыі”, праводзіліся навуковыя даследаванні. У працэсе 3-гадовай навуковай работы быў надрукаваны прэс-рэліз пра вынікі даследаванняў. А самі вынікі пазней былі выдадзеныя ў чатырох тамах. Першы том выйшаў у 1993 г. і меў назву “Школа ДСП” (ДСП – сакрэтны грыф “для служебного пользования”, добра знаёмы і беларусам, звязаным з дзяржаўнымі сакрэтамі – ТМ), другі том называўся “Пастраенне ў шарэнгу”, трэці – “Дружба!” і чацвёрты “Кірунак на Торгаў”. Гэтая праца была не дарэмнай. Толькі асэнсаваўшы тое, што было, можна ўсвядоміць, як рэфармаваць сістэму.
Адукацыя – справа асобаў. Што рабілі пасля лістапада 1989 г. з тымі настаўнікамі, якія прызвычаіліся да савецкіх метадаў? Перавучвалі? Звальнялі?
– Сістэма адукацыі дэмакратычнай краіны можа абапірацца толькі на дэмакратычных супрацоўнікаў. Таму пераасэнсаванне супрацоўнікаў тычылася не толькі міністэрства адукацыі. Прававыя асновы для кадравых зменаў, былі закладзены ў Дагаворы аб аб’яднанні ГДР і ФРГ, дзе прадугледжвалася, што ўсе дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку і настаўнікі, застануцца на сваіх месцах. У той час сярод настаўнікаў ГДР было шмат асобаў, якія ўжывалі метады, што аказвалі ціск на вучняў, нават даходзіла да парушэння правоў чалавека. Вышэйузгаданы дагавор пра аб’яднанне дазваляў у выпадку парушэння правоў чалавека звольніць любога супрацоўніка дзяржструктуры. Былі створаныя камісіі па пытаннях супрацоўнікаў. Гэта былі грамадскія камісіі, якія і займаліся пытаннямі звальнення супрацоўнікаў.
– Скажыце, як адбываўся працэс звальнення настаўнікаў, як іх знаходзілі, каго звальнялі ў першую чаргу?
– Пасля ўтварэння зямлі Брандэнбург былі разасланыя анкеты да ўсіх настаўнікаў нашай зямлі. Пытанні анкеты тычаліся прафесійных якасцяў, функцыяў, якія выконваў настаўнік ў школах і структурах адукацыі, грамадскім жыцці, стасункаў з органамі бяспекі. Пасля лістапада 1989 г. гэтыя анкеты былі сабраныя і апрацаваныя. Камісіі па справах супрацоўнікаў, у якія ўваходзілі зямельны савет, прадстаўнікі цэркваў, кансультанты па адукацыі, раённыя саветы, вызначылі, каго з настаўнікаў трэба запрасіць на слуханні, а каго не. Гэта быў першы этап адбору супрацоўнікаў. На гэтым этапе быў разгледжаны кожны выпадак кожнага асобнага чалавека. Рашэнні камісіі прымаліся індывідуальна.
– Ці азначае гэта, што настаўнік, які раней рабіў супрацьпраўныя дзеянні, актыўна выслужваўся перад ГДР-аўскімі ўладамі, але не указаў гэта ў анкеце, мог застацца на працы?
– Для таго, каб такое не здарылася, на другім этапе праводзілася праверка, ці працаваў той ці іншы настаўнік на штазі (Stasi – усходнегерманскі аналаг КДБ – ТМ). Камісія па пытаннях супрацоўнікаў рабіла запыты ва “Установу Гаўка” (гл. каментар П. Садоўскага). Гэтае ведамства выдала даведкі кожнаму раённаму савету па пытаннях адукацыі, і гэтыя даведкі параўноўваліся з анкетамі, якія запаўнялі настаўнікі на першым этапе. Калі у анкеце настаўніка на пытанне пра супрацоўніцтва з органамі бяспекі ці іншае супрацьпраўнае дзеянне быў адказ НЕ, а даведка казала пра адваротнае, прызначаліся дадатковыя слуханні, якія ў абсалюнай бальшыні скончыліся звальненнем. Для дапамогі раённым саветам ў справе слуханняў ў міністэрстве па адукацыі, моладзевай палітыцы і спорту была створана рабочая група. Яе задачай была распрацоўка нарматыўнай базы, кансультаванне раённых саветаў. Часам у міністэрстве таксама праходзілі слуханні.
– Вернемся да змястоўнага боку рэформы. Як памяняліся школьныя праграмы? Ці былі яны ўніфікаваныя з праграмамі ФРГ? 
– Змест адукацыі вызначаецца на ўзроўні зямлі. Зямельны савет па адукацыі мае правы ўносіць папраўкі ў праграмы навучання. Усе 16 зямель, з якіх складаецца Германія, маюць свае ўласныя праграмы. Яны могуць істотна адрознівацца. Напрыклад, праграма “Дэмакратычна вучымся і жывем” была уведзена не ва ўсіх землях і не ва ўсіх школах. Збольшага яе прынялі школы, дзе былі праблемы з экстрэмісцкімі групоўкамі, міжнацыянальныя канфлікты. Дэмакратыя прадугледжвае ўдзел у прыняцці рашэнняў, і змест адукацыі не выключэнне. Можна рабіць выбар і вывучаць тое, што больш патрэбна для жыцця.
– Наколькі самастойныя школы зямлі Брандэнбург?
– Мы колькі год імкнемся пашыраць самастойнасць школы. Важна, каб большасць рашэнняў прымалася на школьным узроўні. Раней школы не маглі самастойна выдаткоўваць сродкі на мэблю, камп’ютэры, зараз могуць. Інфраструктура школы (будынак, кнігі, камунальныя паслугі) аплочваецца з раённага бюджэту. Камісіі па найме супрацоўнікаў даюць рэкамендацыі дырэктару. Дырэктар школы ўпаўнаважаны наняць і звольніць супрацоўніка. Дырэктара назначае дэпартамент па адукацыі. Але мясцовае самакіраванне падключаецца да выбару кандыдатуры дырэктара. Органы ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў у справе адукацыі існуюць на ўсіх узроўнях: зямлі, раена, школы, класа.
– Скажыце, ці зважае школа на каштоўнасці?
– Каштоўнасці маюць важнае месца ў нямецкай школе. Яны павінны адкрыта абмяркоўвацца, выпрабоўвацца ва ўласнай дзейнасці. Удзел ў прыняцці рашэнняў – галоўная дэмакратычная каштоўнасць. Нам доўгі шлях яшчэ належыць прайсці да ўсведамлення гэтага.
– Дзякуй за размову. Мы спадзяемся, што Ваш досвед дапаможа ў дэмакратызацыі беларускай сістэмы адукацыі.
– Я перадаю беларусам кнігі з нашымі даследаваннямі і крокамі рэформаў. І шчыра жадаю Вам поспехаў.
Гутарыла Тамара Мацкевіч, снежань 2007 г.