Падарожжа ў Крашын і Баранавічы


Таццяна АНАЦКА

Цудоўнае сонечнае надвор’е, блакітнае неба, водар стаіць такі, як быццам на вуліцы не 8 студзеня, а 8 красавіка. Ды яшчэ ў дадатак да гэтага вясёлая кампанія, выдатны настрой і велізарнае жаданне спазнання чаго-небудзь нязведанага, новага... Было б проста недаравальна ў такі дзень і ў такім стане замкнуць сябе ў чатырох сценах перад скрыняй тэлевізара ці заваліць стосам папер, кніг ці яшчэ чым-небудзь. Не, душа імкнецца наперад...

Невялікі мікрааўтобус на 14 чалавек ужо чакае нас... Уладкоўваемся... Наперадзе шлях да невялічкай вёскі Крашын, радзімы беларускага паэта, каваля і таямнічай асобы Паўлюка Багрыма.

Асоба Паўлюка Багрыма сапраўды авеяная таямніцамі і легендамі, а навукоўцы часта натыкаюцца на белыя плямы, адчуваюць недахоп інфармацыі. Багрым пакінуў нам толькі адзін верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы...” і сваю знакамітую жырандоль. Сцежкамі жыцця Паўлюка Багрыма нас паспрабавала правесці загадчыца музэя Лілія Іванаўна Голас. Музей быў створаны ў 1985 годзе ў Крашынскай сярэдняй школе імя П. Багрыма. Такога энтузіязму, самаадданасці і альтруізму рэдка дзе сустрэнеш. Лілія Іванаўна ўкладвала ў свой расповед усю душу і як быццам сама перажывала жыццё свайго героя. Дарэчы, уваход у музэй і экскурсія абсалютна бясплатныя. Але на гэтым нашыя здзіўленні не скончыліся. Іншая настаўніца, Данута Вячаславаўна, з радасцю згадзілася правесці нас да касцёла, дзе захоўваецца жырандоль, паказаць месцы, звязаныя з жыццём Паўлюка Багрыма.

Некалькі хвілін – і мы стаім перад сціплым, невялічкім, бялюсенькім касцёлам. Яшчэ некалькі крокаў – і сэрца замірае ад захаплення. Перад намі жырандоль!!! Проста дзіву даешся, гледзячы на такое хараство, і не верыш, што гэта зрабілі рукі простага чалавека. Узносяцца ўвысь жаўранкі, распускаюцца лотасы, хмель абвівае халодны метал... У час першай сусветнай вайны жыхары вёскі, адчуваючы свой абавязак перад памяццю земляка, закапалі яе ў зямлю; падчас Вялікай Айчыннай вайны апусцілі на дно ракі Шчара, якая працякае побач. І ў мірны час яны абаранялі сваю святыню. Аб падзеях тых часоў мы пачулі з вуснаў непасрэднай сведкі і ўдзельніцы Сергель Гражыны Іванаўны. 84-гадовая жанчына з агнём у вачах расказала нам, як дзесьці напрыканцы 70-х, а можа і ў пачатку 80-х (дакладна не памятае) у вёску прыехалі супрацоўнікі Мінскага музэя, каб забраць жырандоль. Ды не спадзяваліся яны сустрэць такі моцны супраціў з боку мясцовых жыхароў. Як распавядала нам Гражына Іванаўна, прыйшла нават 94-гадовая бабулька з матыкай, стала пры ўваходзе ў касцёл і мужна сказала: “Не дамо!” Пяць спробаў яшчэ зрабілі супрацоўнікі, але вынік быў адзін – жырандоль засталася там, дзе была створана і дзе ёй і належыць займаць пачэснае месца.

Побач з касцёлам стаіць камень з высечанымі на ім памятнымі словамі “Vita Brevis – Patria Eterna” (“Жыццё кароткае – радзіма вечная”). А прайшоўшы праз веснічкі, трапляеш на старыя могілкі, дзе мы схіляем галаву над магілай Паўлюка Багрыма. Тут стаіць сціплы, ужо трэці, помнік. Раней на яго месцы высілася прыгожая стэлла з меднымі кветкамі. Але ў час “каляровай ліхарадкі”, калі ў цане былі каляровыя металы, помнік разрабавалі. Для тых людзей ужо не існуе нічога святога. Адна душэўная чорная прорва.

Правялі нас і да месца, дзе стаяла кузня (зараз там стаіць памятны знак), і хатка Паўлюка Багрыма (зараз – двухпавярховы катэдж). Здзівіла іншае. Як расказвала Данута Вячаславаўна, яна добра памятае, што літаральна ў 80-я гады на гэтым месцы яшчэ стаяла хатка, якая пахілілася пад цяжарам часу і адзінока глядзела на свет сваімі вачніцамі-вакенцамі. А потым знеслі і яе, каб пабудаваць сучасны катэдж. Вось так і сціраюцца з памяці нешматлікія рэшткі і так небагатай спадчыны. Сумна, прыкра на душы...

А вось пры выездзе з вёскі расце дуб. Здаецца, ён нічым не адрозніваецца ад астатніх. Толькі шыльдачка нам распавядае, што дуб быў пасаджаны з нагоды прыезду ў Крашын І. Дамейкі і А. Адынца. І вось ужо больш за 120 гадоў занатоўвае ён у сваёй памяці ўсё, што адбываецца вакол яго. Побач раскінуўся Радзівілаўскі парк, у глыбіні якога можна бачыць стаптаны ўзгорак. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя тут была ўсыпальніца апошніх уладальнікаў Крашына Святаполк-Завадскіх, потым Саветы размясцілі склад хімікатаў, а зараз дзеці бегаюць па ім, нават не ўсведамляючы, што вытоўптваюць сваю ж гісторыю.

За спіною застаўся Крашын. Яшчэ адна белая плямка набыла выразныя рысы, напоўніла нас пэўнымі звесткамі, пачуццямі, перажываннямі. А час не стаіць на месцы. Пара б і падмацавацца чым-небудзь істотным. Як дарэчы на нашым шляху ўзнікае (не паверыце!) карчма. Яна сустракае нас цеплынёй, водарам свежай гарбаты і падсмажаных дранікаў. Перапоўненыя ўражаннямі, працягваем дзяліцца імі і ў час ежы.

Але на сёння нашы вандроўкі не сканчваюцца. Наперадзе – Баранавічы, дзе мы дамовіліся сустрэцца з нашай старой знаёмай, мастачкай Цехановіч Валянцінай Іванаўнай. Некаторы час у нас усё ж такі ёсць, і мы кіруем да Пакроўскага сабора, дзе атрымоўваем сапраўдную асалоду ад сузірання вядомых мазаік Кошэлева і фрагменты мазаікі Вазнецова “Господь Вседержатель на троне”, якія былі прывезены з Варшаўскага сабора ў 1931 годзе. Расповед дзьякана Аляксея быццам уваскрашае нам гісторыю горада Баранавічы з часоў яго заснавання да нашых дзён.

А вось у Баранавічскім цэнтры мастацтваў мы не ўпершыню. Знаёмымі пуцявінамі кіруемся да невялічкага пакоя, дзе ўжо ўсё падрыхтавана для работы. Некалькі хвілін – і ты пачынаеш адчуваць сябе сапраўдным мастаком. Пад пільным кіраўніцтвам Валянціны Іванаўны ствараюцца на нашых лістах вобразы: адлюстраванне месяца і зыркага вогнішча ў ціхай рэчцы, родныя пейзажы Наваградка, ласкавыя плёскі далёкага мора і імклівы палёт беражанак... Пры дапамозе адных толькі каляровых крэйдаў мы ўвасабляем на паперы тое, што бачыць і да чаго імкнецца наша душа. Шчыры дзякуй Валянціне Іванаўне за тую гармонію, якую мы знайшлі ў сценах гэтага сціплага будынка.

І вось дарога... Мы вяртаемся ў родны Наваградак. У руках скручаныя аркушы з нашымі малюнкамі, а ў сэрцы салодкія ўспаміны пра падзеі сённяшняга дня. Выдатны дзень!!! Сапраўды варты таго, каб нават праз некалькі гадоў з асалодай перажываць яго з самага пачатку і да канца.