Пётра Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Германіі, зараз выкладчык нямецкай мовы і СМК Беларускага гуманітарнага ліцэя.
Да тэмы мультыкультуралізму я падышоў спакваля некалькі гадоў таму, чытаючы лекцыі па культуры мовы для журналістаў радыё і тэлебачання. Самым складаным раздзелам была стылістыка. Цяжка было арыентаваным на расійскі стараславянскі стыль слухачам, растлумачыць, што няма аб’ектыўных крытэраў, каб, напрыклад, даказаць, што евангельскі выраз па-беларуску “Хлеб наш надзённы дай нам сёння” з’яўляецца абсалютна адэкватным сінаідальнаму расійскаму “Хлеб наш насушчный даждь нам днесь”.
Прышлося дэманстраваць нямецкі, англійскі ды французскі варыянты гэтых радкоў. Я паказваў, што усе беларускія пераклады Евангелля, як і заходнееўрапейскія, перакладзены ў большасці простымі штодзённымі словамі, як, дарэчы, яны і былі напісаныя на размоўным грэцкім кайнэ, якое склалася ў эпоху элінізма пасля смерці Аляксандра Вялікага на базе атычных гаворак. Прышлося на прыкладах паэзіі і шмат чаго іншага даводзіць, што ўзнёсласць хаваецца не ў слове, а ў нашай душы, якую мы павінны адкрыць перад чужой прыгажосцю. Аднак і пасля маіх стылістычных высілкаў на занятках па арфаэпіі адна журналістка заўважыла, што па-беларуску вымаўляць “на досцы” нядобра, бо канец слова гучыць неэстэтычна, а другая пры перакладзе мастацкага тэксту з рускай на беларускую мову сцвярджала, што беларускае “Месячная саната” замест “Лунная” нагадвае двухмоўнаму беларусу рэкламу пра жаночыя пракладкі. Памятаю, я тады згубіў свой палітэс і адпаведна прарэагаваў, сказаўшы, што калі думаць у бок каналізацыі ды экскрэментаў, то трэба тэрмінова мяняць форму гітары, бо яна нагадвае бідэ і што трэба забараніць расійскае слова “как”, бо яно наводзіць на думку “об отправлении естественной нужды”, а расійскі прыметнік “сценический” у слушным арфаэрічным вымаўленні “сцыничиский” для эстэтычна глухога, агрэсіўна настроенага чалавека гэткі ж “неэўфанічны” як беларускае “на досцы”. Гэты казус ёсць не што іншае, як грымаса мультыкультуралізму, так бы мовіць, у дыскурсе блізкароднаснага расійска-беларускага білінгвізму, калі псіхалагічна дамінанта мацнейшай сістэмы пераважвае.
Адкуль пайшоў мультыкультуралізм? Генэтычна Еўропа была заўсёды больш адкрытай, чым Усход ці Поўдзень. Мусульманскі, будыйскі, індуісцкі, юдэйскі свет заўсёды быў больш герметычны, чым хрысціянскі. Еўропа з ейнай адкрытасцю, цікаўнасцю да іншых культур, скепсісам, самакрытыкай, пачалася за некалькі стагоддзяў да Нараджэння Хрыстовага яшчэ з платонаўскай Акадэміі ды стоікаў, якія імкнуліся будаваць жыццё ў гармоніі з прыродай ды ўладай “Ўсясветнага Розуму”. Яшчэ ў юнацтве, чытаючы гістарычныя хрэстаматыі, я ўспрымаў як сімвал, што стоікі збіраліся на свае дыскусіі у Атэнах у „stoa poikile“ (шматколернай зале з калонамі). Хрысціянская Еўропа, пераняўшая ад стоікаў ідэю касмапалітызму (і грамадзяне, і варвары, і рабы – усе роўныя!) запачаткавалася у маёй памяці як шматколерная, дзе сапраўды не павінна быць ні эліна, ні юдэя. Сучасная Еўропа пачалася, відавочна з перамогі грэкаў над персамі ў 490 і 480 г. да Н. Х. Інакш сёння над нашымі храмамі ўзвышаліся б не крыжы, а паўмесяцы. У параўнанні з рымлянамі ў грэкаў было адрознае разуменне патрыятызму. Грэк-патрыёт жыў прыгожа, будаваў прыгожа, думаў гарманічна, любаваўся сваім целам і душой.
Рымскі патрыёт не пакутваў ад адсутнасці роднага кута ці дыму Айчыны. Ён любіў сябе моцнага, сябе валадарнага над іншымі народамі. Але, паярэміўшы іншых, часта раствараўся ў чужых этнасах, пакідаючы народам вульгарную лаціну, вадаправоды, акведукі, тэрмы, рымскае права. Гісторыя так захацела, што Беларусь апынулася сярод суседзяў, якія па-рознаму адчуваюць сябе патрыётамі. Слова “мультыкультуралізм” (калі ўявіць сабе, што ёсць слова мультыкультурнасць) ужо паводле сваёй марфалагічнай формы для беларускага вуха нясе ў сабе пэўны негатыў. У Еўропе ёсць скарочаная форма Multikulti з даволі шырокай палітрыай ўспрымання, але больш з негатыўнай канатацыяй. Ва ўсякім разе гэта не сінонім для характарыстыкі грамады адукаваных асобаў, што валодаюць скарбамі шматлікіх культур.
Гэтае слова пачало ўжывацца прыблізна разам з тэрмінамі глабалізацыя, культурная інтэграцыя. Калі пачалі гаварыць пра супрацьстаянне Поўнач-Поўдзень і пра мусульманскі фундаменталізм, яно набыло новае адценне. Маючы гістарычна своечасова сфармаваныя нацыі, напісаныя і засвоеныя ўжо на ўзроўні падсвядомасці нацыянальна-дзяржаўныя міфы, напужаная фашызмам, Еўропа – асабліва з пачаткам пасляваеннай інтэграцыі і так званага Хельсінскага працэсу– практычна адкінула канцэпцыю нацыянальнага выхавання і засяродзілася на грамадзянскай, прыродазнаўчай ды глабалізавана-гуманітарнай адукацыі. Я ў свой час здзівіўся, даведаўшыся, што ў Заходняй Германіі да канца 60-х гадоў публічна не выконваліся творы Рыхарда Вагнэра і “Прэлюды” Ліста, бо першыя любіў Гітлер, а фіналам “Прэлюдаў” у свой час суправаджаліся пабеданосныя зводкі з Усходняга фронту. Вырасла цэлае пакаленне немцаў (ім зараз 75–80 гадоў), якія абсалютна не ведаюць нямецкіх народных песень. Асабліва ў Заходняй Германіі доўгі час лічылася, так бы мовіць, непаліткарэктным і дурным тонам спяваць фальклёр, бо пры Гітлеры гэта было рытуальным.
Бытавая камфортная глябалізацыя сэрвісу тыпу стандартных гатэляў, шведскіх сталоў, гіпермаркетаў падсвядома падмацоўвала мультыкультурнае чаканне грамадства. Нямала да гэтага спрычынілася і так званая амерыканізацыя. Для еўрапейца і ў побыце наступіў пэўны “канец гісторыі” (гэта алюзія з іншага ўзроўню). Хрысціянскія стандарты, якія як бы імплікаваліся ў штодзённае жыццё, адукацыю і выхаванне, у значнай ступені трансфармаваліся ў ліберальную суспензію, што падмацоўвалася ідэяй свабоды асобы і правоў грамадзянаў. Эмансіпаваныя еўрапейскія жанчыны перасталі нараджаць дзяцей (узгадайце фэмінісцкі лозунг “прыемныя вандроўкі замест пялюшак!”). Інстытут сям’і аслабеў. У некаторых краінах, дзе кансерватыўная ідэалогія не вельмі папулярная, працэнт так званых грамадзянскіх шлюбаў (сярод іх шмат інтэрнацыянальных) дасягнуў 50–60. Дастаткова ўзгадаць сямейную гісторыю германскага Канцлера Герхарда Шрёдэра і міністра замежных спраў Ёшкі Фішэра. Першы мае за спіной адзін грамадзянскі і чатыры афіцыйныя шлюбы. Другі – тры афіцыйныя (апошні з італьянкай) і два грамадзянскія. Тэатральныя крытыкі зрабілі цікавае назіранне: папулярныя тэатральныя пастаноўкі ды фільмы, каранаваныя прызамі, дзе героямі з’яўляюцца прадстаўнікі сексуальных меншасцяў, у большасці выпадкаў – выхадцы з розных краінаў. Адзін – ірландзец, другі швед, адна — немка, другая — фінка і г. д. У шэнгенскай Еўропе людзі творчых прафесій, што значна ўплываюць на нацыянальныя густы, паступова страчваюць нацыянальную арыентацыю: аўтар, рэжысёр, мастак — жыве ў Іспаніі, піша — па-французску, ставіцца — ў Германіі. Хто ён? Кансерватары кажуць: Multikulti — гэта культурны Бабілён. І вядома, чым ён закончыўся, як Садом і Гамора. Лібералам Multikulti падабаецца, бо сведчыць пра вялікую павагу да правоў асобы, калі, напрыклад, веравызнанне ставіцца вышэй за канстытуцыю.
Хацеў бы зараз вярнуцца да маіх назіранняў на курсах удасканалення для журналістаў, пра якія я ўзгадваў на пачатку – на досцы, как, Месячная саната… Мы пачалі збіраць ды параўноўваць загалоўкі публікацый і подпісы пад фотаматэрыяламі, дзе ёсць асацыяцыі з пэўнымі культуралагічнымі рэаліямі ў беларускамоўных і расійскамоўных беларускіх друкаваных медыях. Пазней я сам пачаў збіраць такі ж матэрыял з нямецкіх, англійскіх, гіспанскіх ды французскіх газет. Гэтыя моўныя факты сведчаць найбольш яскрава пра глыбінную культурна-псіхалагічную арыентацыю аўтараў у разліку на рэцыпіентаў інфармацыі так бы мовіць па восі “сваё – чужое”.
На пачатку дам радасны для мяне матэрыял па Германіі. Як не дзіўна, там нацыянальныя асацыяцыі абсалютна пераважаюць. Збалансавана сустракаюцца алюзіі на Біблію, антычнасць і менш на суседзяў. Ёсць рэдкія іранічныя згадкі пра класавую барацьбу у матэрыялах пра сацыял-дэмакратаў.
Assoziationen und Anspielungen (in Unter– und Überschriften deutscher Zeitungen von 2005)
Im Osten was Neues • Kinder, Küche, Karriere (Probleme studierender Mütter)
Das alte Werk und das Meer (altes verrostetes Werk an der Ostsee)
Merkels neue Kleider (das äussere Image der Kanzlerkandidatin)
Kinkels neue Reden
Am Anfang war das Vergessen (über die Wandlung des Verhaltens der modernen Juden zum Alten Testament: nach 1945 sollte manches „vergessen“ werden)
Über allen Gipfeln ist Unruh (Stoiber in Gedanken vertieft, im Hintergrund: bayerisches Gebirge)
Wir sind das neue Gespenst, das in Deutschland umgeht und die etablierten Parteien das Fürchten lehrt (Lafontaine von der „Neuen Linken Wahl“)
„Die Verwelkten‘ (die Grünen im lafontaineschen Ausdruck)
Dichtung und Wahrheit im Irak (kritische Einschätzung amerikanischer Berichte aus Irak)
Auf zum letzten Gefecht! (Rechtsprofessoren auf dem Wege zur Sitzung, wo die Idee der vorgelegten Wahlen verteidigt wird): Aufruf aus der „Internationale‘;
Lang soll er lesen! (ein Laudatio zum 80jährigen Jubileum des Uniprofessors;
TV or not TV? (ob es zu einer TV–Diskusion der Kanzlerkandidaten kommt?);
Es gibt kein Gift auf Hawaii (süsses Wohlbehagen: nackte Girls, Hängematten, Ananase);
Das Amt, wo die Zitronen blühen (Bericht über eine landwirtschaftliche Forschungsstätte);
Weisser Mann, was nun? (ethnische Probleme in Europa);
Die junge Dame und das Meer (ein Motiv am Meer);
Genossen hören die Signale (Schröder und Müntefering am Officeausgang („Brüder, hört dir Signale!);
Kein Anschluss unter Transatlantik (Hurrikankatastrofen);
„Heini“ und seine Brüder (über Himmlers Brüder – Ansp. Auf Josef und Brüder);
Die Gedanken sind Freya (F. – eine 13jahrige Fantasyromaneautorin);
Ich habe einen Traum (Harz grübelt: Ansp. auf MLK: I have a dream);
Vorbei, verweht, nie wieder (ironisch über Walsers Tagebücher, wie bei Tucholski…);
Ich hasse, also bin ich (über Terrorismus) – credo (cogito) ergo sum;
Über alles in der Welt (der Name des Buches über Deutschland von Dirk Laak);
Zum Schutz und Trutze bereit (ein Bild von Fussballern);
Erwacht als Ungeziefer (Über Fähigkeit Orhan Pamuks sich in eine fremde Haut zu denken, wie Gregor in Kafkas Verwandlung); • Eine moderne Version von Max und Moriz (über plumpes Spiel von Torwart und Angreifer);
Der Winter unseres Mißvergnügens (bei John E. Steinbeck The Winter of our Concerns);
Domokles Sichel (die UNESCO droht mit der Aberkennung des Weltkulturwerbe-Status dem Dresdner Elbtal wegen des geplanten Baus eines sichelförmigen Brücke über die Elbe);
Der karlhaarige Kavalier (in der Geschichte hat es einen Karl den Kahlen gegeben);
Hägarschrecklich und karlkahl (Hägar war der böse Wikinger);
Deutschland –– ein Sommermärchen (Ausflug ins Gtüne in den 50–er Jahren –ein Photo);
Die finnische Dreifaltigkeit (Werbung für das Buch über Finnland Vom Risiko ein Skrake zu sein. Es geht um Hammerwerfen, Forellenfischen und Elvishören).
Felix Krull auf der Kanzel (vom abenteuerlichen Priester, der viele Male von der katholischen in die evangelische Kirche und umgekehrt überlief); • Mangel an Brot, aber reiche Spiele (USA: viele Shows bei viel Elend);
Entweder – oder: fast nach Kierkegaard (Diskussion um Ökumenismus);
У дыскурсе так званага беларуска-рускага дзвюхмоўя карціна была іншая. У расійскамоўных беларускіх выданнях фактычна перамагае прынцып: якой мовай карыстаюся – так і успрымаю свет. Цалкам арыентацыя на расійскія рэаліі. Усё тыя ж Шірока страна моя родная, Дым Отечества, А ларчік просто открывался, Із дальніх странствій возвратясь і г. д., О подвігах, о доблесті, о славе, Девчонкі стоят в сторонке, На тебе сошелся кліном белый свет і да т. п. Не назіралася спробы укараніць у свядомасць чытача беларускія культуралагічныя каштоўнасці. Арыентацыя на антычнасць, Біблію і далёкія замежныя, так бы мовіць, культуралагічныя шлягеры сустракаецца прыблізна ў той жа меры, як у расійскіх выданнях. За тры гады (гэта 1995–1998 гг.) у беларускамоўных беларускіх загалоўках і подпісах сустрэлася усяго некалькі чыста беларускіх згадак: Няма таго, што раньш было (ды і то толькі іранічна) — Багдановіч, Мой родны кут (Колас), Трэба дома бываць часцей (Барадулін),
Дзве душы (Гарэцкі), Беларусь – мая шыпшына (Дубоўка), Лісток ветрам гнаны (Куляшоў, Сцяг брыгады), Нёманаў дар (Колас). Надзвычай прыкра было назіраць грувасткія нягегла перакручаныя ўсё тыя расійска-савецкія шлягерныя асацыяцыі, сярод іх нават раней узгаданыя і перапёртыя на мову родных асін: Шырокая краіна мая родная, З далёкіх вандровак вярнуўшыся, Аб подзвігах, аб доблесці, аб славе, Спыніся імгненне ты прыгожае…Мала таго, што тут згублены такі элемент прыгажосці як рытм ды праглядае чыстае калькаванне, тут яшчэ паўтараюцца памылкі расійскіх журналістаў ды эсэістаў, што абсалютна забыліся на сэнс першакрыніцаў.
Радок з крылоўскага верша Із дальніх странствій возвратясь мае дачыненне да ілгуна, а не проста да апавядальніка; верш Блока, што пачынаецца словамі О подвігах, о доблестях, о славе не мае ніякага дачынення да вайны – ён прысвечаны тэме нераздзеленага кахання; Фаўст ніколі не гаварыў рашуча: Остановісь мгновенье ты прекрасно. Інтанацыі ўжо невідушчага, нямоглага, падманутага Фаўста маглі быць толькі мадальныя. Таму “Фауст” аднесены самім аўтарам да жанру трагедыі. Як сведчанне праяваў поўнай маргіналізацыі ды арнаментызацыі аўтахтоннай культуры ў межах беларуска-расійскага мультыкультуралізму з’яўляюцца вывескі ды брэнды: баня “Лазня”, ярмарка “Белорусскій кірмаш”, магазін “Крама”, празднік песні “Фэст”. Самую дзівосную мультыкультурную каракаціцу ў Мінску я напаткаў ля кінатэатра “Вільнюс” на вуліцы Кастуся Каліноўскага.
Там у масіўным блоку будынкаў ёсць памяшканне, у якім прадаюцца кнігі. На ім надпіс “Кнігарня Вільно”. Тут змяшалася ўсё: мовы, эпохі, гісторыя. Пытаюся ў прадавачкі: вы за цара, ці за Польшчу, ці вы нагадваеце, што Каліноўскага павесілі ў Вільно? Чую ў адказ: Нет, — это просто звучіт красіво. Вось такія мультыкультуральныя ідэалы прыгажосці і гармоніі селяцца ў нашых галовах. Аб нацыянальным разуменні прыгожага. Калі б я бачыў у сваім жыцці толькі адну праваслаўную царкву Марыі-Магдалены, цыбуліны якой я назіраю штодня, едучы трамваем ад Камсамольскага возера па былой Даўгабродскай, я б падсвядома загнаў у сябе ідэал царкоўнай архітэктуры – узорнай (“образцовай”) мураўёўкі, якія пасля задушэння паўстання 1861 года Маскоўская ПЦ пачала штампаваць на беларускіх узгорках. Але ж я бачыў беларускія храмы, пабудаваныя да мураўёвак. Кожная з іх мела нешта адметнае ў сваім абліччы.
Я не магу ўлезці ў скуру расійскага патрыёта. Відавочна яму, якога на царкоўнай службе заклікаюць “возрадоваться да в едіномысліі” гэта грэе сэрца. Калі я бачу такія ж цыбуліны ля Драздоўскага водасховішча, у Чыжоўцы, ля плошчы Прытыцкага і шмат дзе яшчэ, мяне ахоплівая ціхая меланхолія, як герояў Максіма Гарэцкага. Пра нацыянальныя густы цяжка спрачацца. Вытанчаны расіянін-патрыёт Нікіта Міхалкоў, аднойчы гаворачы пра нешта ўзнёслае сказаў: велічественно как на архірейской службе! Але вось як успрымаў архірэйскую службу і ды імшу МПЦ Тарас Шаўчэнка, які меў добры мастацкі густ ад прыроды ды на працягу сямі гадоў вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у майстэрні Карла Брулава, пасля ссылкі за год да смерці быў уганараваны тытулам акадэміка. Шаўчэнка добра ведаў расійскае мастацтва. Мала хто ведае, што ён пісаў выдатныя нарысы па-расійску. Вось ягоны дзённікавы запіс па-расійску за 16 лютага 1858 года: В архирейской службе с её обстановкою и вообшче в декорации мне показалось что-то тибетское или японское, и при этой кукольной комедии читается Евангеие! Пра Вялікодную ранішнюю імшу у Маскоўскім крамлі (запіс 22 сакавіка) Шаўчэнка пісаў так: Свету мало, звону много, крестный ход, точно вяземский прянік, движется в толпе. отсутствие малейшей гармонии, ни тени изяшчного. Праўду кажуць, кожнаму падабаецца спеў сваёй птушкі.
Пра мову і норавы. Праз мову чалавек ідэнтыфікуе сябе з іншымі. Мы часам упэўненыя, што лёгка перакладаючы з беларускай на расійскую і наадварот, аднолькава адчуваем, як і сапраўдныя носьбіты чужой мовы. Вазьміце слова “дзіўны” і расійскае “странный”, якое слоўнікі даюць як поўны адпаведнік. Але ж у асацыятыўным слоўніку расійскай мовы слова “странный” мае прыблізна тры чвэрці адмоўных асацыяцый, у беларускім “дзіўны” – больш нейтральных і станоўчых. Іншы прыклад. Паводле сведчання расійскіх псіхалінгвістаў і слоўнікаў слова “преступнік” значыць: той, хто пераступае закон. Беларускае ж “злачынца” празрыста гаворыць пра таго, хто чыніць зло. Суадносіны дабра, зла, закона, права – вельмі складаныя. У прадмове да 3-га Статуту ВКЛ (1588 г.) Леў Сапега пісаў: Ім (правам – П. С.) пан Бог пажадаў адарыць чалавечую натуру дзеля таго, каб людзі маглі унікнуць ліхасці і трымацца прыстойнага жыцця…” Герой расійскага серыяла, ліхой парень Саша Белый, ужо адмыўшы свой першы бандыцкі міліён, балатуецца ў парлямант ды спавядаецца на тэлебачанні: Да, я нарушал закон. Но я держу слово. У меня своя правда. Я построіл два храма от фундамента да купола.
Падобнае ж гаворыць герой фільма “Брат-2”, які ліха “мочыць у сарціры” амерыканцаў і рэзюмуе: перамагае той, за кім праўда! У ліхога хлопца свая праўда. Мы ж кажам: каб цябе ліха! Яго б’е ліхаманка, ліха яго ведае. У мультыкультуральным вербальным дыскурсе слова траціць выразныя межы азначанага. сціраецца мяжа паміж стылямі маўлення, губляецца розніца паміж высокім і нізкім, сур’ёзным і жартаўлівым, добрым і злым. Звярніце ўвагу на феномен беларуска-расейскай трасянкі, якую некаторыя прадстаўнікі маладой генерацыі спрабуюць увесьці нават у мастацкі і калямастацкі ужытак. Праекты тыпу “Сашы і Сірожы” або карыкатуры–коміксы на апошняй старонцы “Беларускай газеты” – тыповыя грымасы мультыкультуралізму. Трасянкавыя тэксты рокгуртоў, калі яны становяцца рэгулярнай з’явай-жанрам, – прыблізна с той жа оперы. Зрэшты, гэта – тэма для асобнай дыскусіі. Дарэчы, Тарас Шэўчэнка, які быў выдатным украінска-расійскім білінгвам, спрабаваў у свой час напісаць паэму на украінска-расійскай трасянцы, зачытваў першыя напісаныя строфы Тургеневу.
Але з гэтага нічога не атрымалася. Не выходзіць гармоніі, скардзіўся ён. – Бо самае вялікае шчасце — жыць у гармоніі. Так узгадвае Тургенеў словы вялікага Кабзара. Шаўчэнка быў тонкі філолаг. Пішучы па-руску ліст да свайго маладога сябра па ссылцы віленчука Браніслава Залескага, ён аднойчы напісаў: «Калі ты хочаш стаць добрым мастаком, то «шесть лет рисуй и шесть месяцев малюй, т. к. первое условие живописи – рисунок и круглота. Второе – колорит». Тут я узгадваю некаторых беларускіх сучасных імпэтных пурыстаў, што спрабуюць выгнаць слова «рысунак» з беларускай мовы толькі таму, што такое ёсць у расійскай. Наяўнасць у мове пэўнага слова адчыняе спраты ментальнасці народа і нават сацыяльных з’яваў. Слова можа пабудзіць да пэўных дзеянняў, калі пасяляецца ў свядомасці.
Англійскае дзіця ў прыстойнай сям’і выхоўваецца на моўнай этыцы understatement (стрыманасць у выказванні) і ведае, што такое слова ёсць у англійскай мове. Рускі скажа: “Я нарвал щавеля на щи», беларус – “Я назбіраў шчаўя”. Ці не хаваецца тут пэўная рысу характару? Адзін – раз-два і нарваў, потым траву буду выбіраць. Другі нетаропка збірае па каліўцу. Нават мурашку не зачэпіць. Пэўна нездарма ў Старым Запавеце расказваецца гісторыя пра “шыбалет”. (Калі час дазволіць – расказаць). Паводле слова вызначаюць – хто ты. А вось прыклад з палітычнага жыцця сучаснай Еўропы. Кансерватыўны нямецкі публіцыст з газеты “Die Welt”, піша пра эмігранцкія закалоты ў Францыі і рашучыя выказванні французскага міністра унутраных справаў :” Сённяшні французскі міністр унутраных справаў Ніколя Саркозі падобна адчувае нямецкае слова Unterwanderung, тым больш, што ён сам француз толькі ў другім пакаленні. Бацька Ніколя Шаркозі (абфранцужанае – Саркозі) ўцёк з Венгрыі ў Францыю пасля 1945 г. Прозвішча Шаркозі па-венгерску значыць – той, што жыве на рагу паселішча, Мне не ўдалося знайсці адпаведнік нямецкаму Unterwanderung у вядомых мне збольшага еўрапейскіх мовах.
Патлумачу апісальна: Унтэрвандэрунг – перанасычэнне карэннага этнасу прышлым народам, што стварае пагрозу страты апошнім нацыянальнай ідэнтычнасці. Францыя перанасыцілася эмігрантамі. Эканоміка стагнуе, на гаспадарчую інтэгацыю грошай не хапае, а французская грандёз (веліч) і канстытуцыйнае “эгалітэ” (роўнасць) зрабілі выраз “этнічная меншасць” палітычным табу. У Францыі нават забаронена статыстыка пра этнічныя меншасці, як бы іх не існуе. Дарэчы, той жа Саркозі, якога часам называюць у супрацьвагу больш ліберальнаму прэм’еру Дэвільпэну сучасным Банапартам-нэафітам, заклікае Францыю перайсці да канцэпцыі ЗША або Нідэрландаў з прынцыпам «позітів дыскрімінэйшн” ( уключэнне пытання інтэграцыі меншасцяў у дзяржаўную канцэпцыю развіцця). Гэта зрэшты і ёсць той самы мультыкультуралізм.
Да чаго ён прывядзе праз гадоў сто, цяжка сказаць. Аднак ужо зараз ясна, што па-сапраўднаму могуць інтэгравацца, як гэта каму не падасца дзіўным – прадстаўнікі этнасаў з адносна далёкімі мовамі, з блізкім канфесійным ці атэістычным светапоглядам падчас добрай гаспадарчай кан’юнктуры ў краіне іміграцыі. Я ўжо ўзгадваў імя міністра ўнутраных справаў Францыі, венгра паводле паходжання. Назаву яшчэ прозвішча аднаго вельмі папулярнага сёння ў Германіі члена Канстытуцыйнага суда — Udo Di Fabio, бацькі якога таксама пераехалі з Італіі ў Нямеччыну ў канцы 40-х гадоў, калі пачынаўся нямецкі Wirtschaftswunder –– эканамічны цуд. Тут імігрант у першым пакаленні інтэграваўся у новай радзіме і зрабіў выдатную кар’еру.
Цяпер трохі бліжэй пра палітыку, адукацыю ды выхаванне. Бо нацыю, як кажуць, ствараюць таксама і падручнікі. У шырокім сэнсе канцэпцыя нацыянальнага выхавання базуецца на шматлікіх складніках: палітычнай гісторыі, эканамічных адметнасцях, мове, міфах, маральных каштоўнасцях, эстэтычных ды этычных ідэалах. Калі я на працягу прыблізна трох гадоў працаваў амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне, мне прыходзілася літаральна чытаць кароткія лекцыі маім германскім ды іншым калегам пра генетычную несумяшчальнасць беларускай і расійскай дзржаўнасці, каб растлумачыць наша імкненне інтэгравацца з Еўропай, дзе ёсць шмат такіх гульцоў як мы (у станоўчым сэнсе, як удзельнікаў пэўнага працэсу). Немагчыма бяз ведання нацыянальнай гісторыі і гісторыі суседзяў вызначыць сваю актуальную нацыянальную ідэнтычнасць, а значыць і не знайсці свае прыярытэты ў міжнароднай палітыцы, дзе часам мікраінтарэсы вялікіх нацый вызначаюць лёс і макраінтарэсы малых.
Гэта павінна свядома закладацца на адпаведных занятках. Але вось што раіць рабіць настаўнікам гісторыі наш метадычны часопіс “Чалавек. Грамадства. Свет” (3–1999, с. 119). Тры суаўтары – два беларускія і адзін расіянін – бядуюць з нагоды так бы мовіць пазітывізму расійскіх складальнікаў “Энциклопедии для детей” (М., Аванта, 1996), якія ў першай частцы 5-га тому “История России и ее ближайших соседей” пры апісанні паходаў рускіх цароў у 16–17 стг. на поўначных суседзяў не ўлічваюць сённяшніх інтэграцыйных актуаліяў і без эўфемізмаў пішуць: Московско-литовские войны были невероятно ожесточёнными. По масштабу и упорству, с которыми они велись, войны эти были одними из самых крупных противостояний в Европе ХYI–XYII вв.” У тры дыдактычныя галасы аўтары ў скрусе падагульняюць: Глубоко трагично, что это солидное издание …адресовано молодежи и школьникам…” Як станоўчы прыклад яны яны называюць тыя беларускія навучальныя дапаможнікі, у якіх — працяг цытавання --“…о войнах упоминается, но они разнесены умело по ряду разделов и парагарафов, что дает школьникам определенные знания проблемы, но не вызывает у них сильных психологических и нравственных аффектов, не провоцирует их на недружественные действия в адрес Союзного государства”. Вось такі, па-руску мовячы, “охранительный” мультыкультуральны падыход дэманструюць нашыя вучоныя-гісторыкі. Пераходжу да заключнай часткі. Наш – этнічна блізкі (што вельмі важна) усходні сусед успрыняў ідэю рымскага валадарнага патрыятызму, праўда, з любоўю к дыму Отечества, а інтэграцыю з суседзямі 144 гады таму сфармуляваў прыблізна так: Забудьте наивные мечтания, занимавшие Вас доселе, господа. И помните,что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край…
Гэта сказаў урачыста па-бацькоўску пасля задушэння паўстання 1861 г. перад нашай шляхтай граф Міхаіл Ніколаевіч Муравьёв, генерал ад інфантэрыі, генерал-губернатар Северо-Западного края, надзелены дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Многия лета пажадаў яму вялікі рускі паэт-дэмакрат Николай Алексеевич Некрасов: Бокал заздравный поднимая, Еще раз выпить нам пора Здоровье миротворца края! Так много ж лет ему, — Ура! Ідэю Расіі як Трэцяга Рыма шматкроць уславілі найзнакаміцейшыя расійскія паэты, сыны свайго часу, якіх мы старанна вывучаем на ўроках рускай літаратуры. Міхаіл Лермантаў, рускі з шатланскай крывёю ( у паэме «Измаил-Бей»): Смирись, черкес! И Запад и Восток Быть может, твой разделят рок. Настанет час, и скажет сам надменно: Пускай я раб, но раб царя Вселенной. Настанет час – и новый грозный Рим Украсит Север Августом другим! А вось сонца рускай паэзіі, рускі з часткай эфіопскай крыві – Аляксандр Пушкін — у вершы “Клеветникам России” так азваўся на абурэнне Захаду задушэннем руским царом паўстання 1831 года: Что возмутило Вас? Волнение Литвы? Оставьте: это спор славян между собою. Уж взвешенный судьбою…
Сам сябе пытаю: ці праўда, што лёс ужо усё за нас разважыў. Думаю, што не. На заканчэнне адна заўвага. Можа некаму мае развагі ды цытацыі падаліся занадта заангажаванымі ды непрыветнымі да суседзяў. Гэта не так. Пра нацыянальныя густы нельга спрачацца. Гэта рэч метафізічная, гэдак жа як і нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Дазволю сабе самарэкламу. Пра гэта я пісаў у часопісе «Архэ» (2004 г., нумар 2) у артыкуле «Нацыянальная самаідэнтыфікацыя як метафізічны працэс». Пад выглядам інтэграцыйных ды мультыкультуральных працэсаў зараз шмат дзе адбываецца сціранне адметнасці культур ды маральных арыенціраў.
Як трапна адзначыў у евангелічным часопісе Chrismon (10–2005) вядомы нямецкі кансерватыўны публіцыст, палітычны шэф-карэспандэнт газеты «Die Welt» Конрад Адам, так званы мультыкультуралізм не па заслугах носіць сваё імя. Ён сімвалізуе не разнастайнасць, а прыцемкі культуры і цывілізацыі, пры якой усе кошкі становяцца шэрымі. Неабходна ўсведамляць: тое, што некаторыя прадстаўнікі буйных гістарычна «своечасовых нацый» у адносінах да меншых партнёраў называюць новым нацыяналізмам, ёсць натуральным, выразна сучасным феноменам, з дапамогай якога грамадствы і найперш эліты рэагуюць на мадэрнізацыйныя, глабалісцкія ды нэаэкспансіянісцкія хвалі. Калі ў першыя дні траўня гэтага года мне давялося прысутнічаць у літоўскай амбасадзе на цырымоніі ўступлення у ЕС балтыйскіх краін і Польшчы, дзе беларусы былі толькі зайздроснымі назіральнікамі, і калі загучала «Ода радасці» Шылера без словаў у суправаджэнні велічнай бетховенаўскай 9-й сімфоніі, я ўгледзеўся ў твары амбасадараў. Яны стаялі сапраўды, як браты, але кожны падобны да самога сябе.