Падарожжа ў мінулае і сучаснае


Таццяна АНАЦКА

Для чаго чалавек прыйшоў у гэты свет? Ці хоча ён, прыйшоўшы з небыцця, ізноў пайсці ў небыццё? А можа ён усё ж спадзяецца на ўваскрасенне сваёй душы? Менавіта над такімі пытаннямі задумаўся кожны з нас пасля наведвання Сынковіцкай царквы і гутаркі са студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі Іванам. А пачыналася ўсё як звычайна...


31 сакавіка, у апошні дзень першага месяца вясны, наша вясёлая і дапытлівая кампанія ў складзе 25 чалавек (18 вучняў і 6 настаўнікаў) рушыла па даўно спланаваным маршруце. Сёння нас чакалі старажытны Слонім і сядзібна-паркавы ансамбль “Альбертын”, знакамітая сваёй веліччу і загадкавасцю Сынковіцкая царква абарончага тыпу, і Зэльва, апошні прытулак нашай славутай паэткі, сапраўднай дачкі сваёй Радзімы Ларысы Геніюш. Сонечны дзень дарыў нам сваю цеплыню, а ласкавы ветрык пешчыў нашыя твары і мякка блытаўся ў валасах. Само надвор’е спрыяла нашаму падарожжу.


Зусім неўпрыкметку даехалі да Слоніма. Мы тут не ўпершыню і адразу пазнаем касцёл Св. Андрэя і з замілаваннем успамінаем любага нам ксяндза Януша. Ды ўсё ж ёсць безліч месцаў і падзеяў, якія былі нам у навінку. Слонім – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Упершыню ён узгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам. Яго гісторыя насычаная і непараўнальная. А дзе ж даведацца пра горад у падрабязнасцях, ды яшчэ і здзейсніць завочную вандроўку ў мінулае, як не ў музеі! Гэта ж свайго рода машына часу, якая пераносіць нас у любы перыяд, які б мы толькі не выбралі. Вось і накіраваліся мы ў гісторыка-краязнаўчы музей, адзін з найстаражытнейшых на Гродзеншчыне. Заснаваў яго 78 гадоў таму выдатны калекцыянер і гісторык-аматар Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі. Менавіта ён перадаў у музей свае неацэнныя экспанаты, сярод якіх – арыгінал “Статута ВКЛ 1588 году” ў перакладзе на польскую 1658 году. Але ж гэта не адзіная унікальная рэч у музеі. Старастай Слоніма ў свой час быў Міхаіл Агінскі, дзядзька нашага знакамітага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, які шмат зрабіў для развіцця горада. Да прыкладу, правёў драўляны вадаправод, частку якога мы маглі бачыць сярод экспанатаў. Ёсць у музеі і яшчэ некалькі проста унікальных рэчаў: гравюра Я. Матэйкі “Сойм Люблінскі” арыгінал (усяго Матэйкам было створана 50 гравюр), каменны ідал 10 ст., бюст Напалеона, створаны ў Парыжы ў 1885 годзе скульптарам Каломбо (было створана толькі два такіх бюсты). Экскурсавод Наталля Міхайлаўна правяла нас і на выставу акварэляў Сергіюша Грудкоўскага “Даваенны Слонім”. Карацей кажучы, мы проста не чакалі, што атрымаем столькі задавальнення і ўражанняў ад наведвання простага раённага музея. Ён сапраўды незвычайны!


На гэтым наша знаёмства са Слонімам, канечне ж, не скончылася. Нас чакалі Слонімская сінагога сярэдзіны 17 ст. (з выгляду падобная да касцёла), ратуша другой паловы 18 ст, аўстэрыя сярэдзіны 18 ст (заездны дом пры палацы старасты Агінскага, які, на жаль, не захаваўся) і, нарэшце, сядзібна-паркавы ансамбль Агінскіх сярэдзіны 18 ст. “Альбертын”. На сённяшні дзень захаваліся толькі сядзібны дом, флігель і гаспадарчыя пабудовы. У доме зараз размяшчаецца Дом Культуры, флігель знаходзіцца ў запусценні, а ў савецкі час там быў Палац Спорту, аб чым сведчыць даволі арыгінальная статуя плыўца ў зялёных плаўках. А побач плёскае хвалямі возера Альбертынскае, берагі якога запаланілі рыбакі, чутны шум штучнага вадаспада. Якая цішыня і спакой! Якое свежае вясенняе паветра! Менавіта тут многія з нас упершыню ўбачылі жоўтыя пралескі і ўпершыню сёлета назіралі, як велічна і павольна плыве бялюткі лебедзь.


Адчуўшы паяднанне з прыродай, мы рушылі далей. Наступны прыпынак – Сынковіцкая царква абарончага тыпу. Яшчэ здалёк яна прыцягнула нашыя погляды. Яе сапраўдная веліч ні ў якае параўнанне не ідзе з тымі ілюстрацыямі, якія мы праглядалі ў кніжках. А сустрэў нас з першага погляду занадта сур’ёзны семінарыст Іван. Потым ён уразіў нас сваім цудоўным веданнем гісторыі царквы і паведаміў нам столькі новай, невядомай і цікавай інфармацыі, што нават, прызнацца, я, прачытаўшы шмат матэрыялу пра Сынковіцкую царкву, запазычыла безліч фактаў, якія не сустрэнеш ні ў адной кнізе. Яшчэ сёння застаецца дакладна невядомай дата заснавання храма. Сымбалічнай лічыцца 1407 год (а Ткачоў М. А. сцвярджае, што сярэдзіна 16 ст). Менавіта пад такім годам згадваецца ў летапісах аб тым, што Вітаўт ездзіў на асвячэнне царквы. У гэтым годзе 29 верасня будзе адзначацца 600-годдзе Сынковіцкай (Міхайлаўскай) царквы. Наогул, пра архітэктурныя моманты вы зможаце прачытаць ў шматлікіх кнігах, а мне хочацца спыніцца на цікавейшых фактах, якія тычацца гэтага шэдэўра дойлідскага мастацтва. Абыходзячы кругам храм, Іван паказаў нам на расколіну, якая называецца “архітэктурнае шво”. Раней лічылася, што царква – гэта адзіная пабудова. А аказалася, што алтарная частка датуецца нашмат ранейшым перыядам. Верагодна, храм быў пабудаваны на месцы разбуранага. Мы можам заўважыць розніцу і ў колеры цэглы, і ў тым, што ідзе нестыкоўка алтарнай часткі з асноўнай. Ды і круглыя вежы гавораць нам аб зусім іншым стылі. Калі ж вы паглядзіце на контрфорсы, то заўважыце, што яны былі вышэйшымі, аб сведчаць і абцясаныя сляды на сцяне. Цяперашнія ж былі пабудаваны ў 20 стагоддзі. Дарэчы, цэгла на іх ужо асыпаецца, а пазнейшая захоўваецца ў першапачатковым выглядзе. Кур’ёз? А ёсць над чым паразважаць. А вы ведаеце, чаму тынк на сценах у некаторых месцах трымаецца, а ў іншых абваліўся? Справа ў тым, што старажытныя майстры, наносячы тынк на сцяну, размазвалі яго рукамі, пагэтаму і атрымоўвалася нераўнамерна. На шматлікія думкі наводзяць і загадкавыя сымбалі каля машыкуляў на ўсходняй сцяне храма: Т • і і. Лічыцца, што ў іх дойліды зашыфравалі пэўную інфармацыю. Т адпавядае лічбе 300, – лічбе 1000, а і – лічбе 10. У выніку атрымоўваецца 1320. Але што азначае гэта лічба – невядома, хоць і ёсць некалькі меркаванняў. На заходняй вежы вы заўважыце і крыжы з жалезняку, прывітанне з мінуўшчыны. Унутры ж храма ў столі відаць галаснікі, прызначаныя для лепшай акустыкі.


У другой палове 19 ст. святаром Міхайлоўскім былі распачаты работы па даследаванню храма. І пад тынкам ім былі знойдзены надпісы, якія датуюцца 13–15 стагоддзямі, што сведчыць пра ранейшае існаванне храма. Пазней быў выяўлены падземны ход, па якім мог праехаць вершнік на кані. Ход ідзе да гаспадарчых пабудоў, якія размяшчаюцца прыкладна на адлегласці 300 метраў ад царквы. А на глыбіні 6 м пры дапамозе лазера выявілі фундамент. Верагодна, на тым месцы знаходзіўся ранейшы храм. Быў выяўлены фундамент і на ўзгорку бліжэй да вёскі Сынковічы. Ён знаходзіцца пад насыпным грунтам: чаргаванне пяску і гліны.


У савецкія часы храм быў разрабаваны і закінуты. Яго выкарыстоўвалі і ў якасці зернесклада, і як сховішча для гародніны. Тамтэйшы старшыня нават збіраўся пабудаваць там кароўнікі, і толькі ягоная смерць спыніла гэты акт вандалізму. Вярнулі ж храм вернікам ажно ў 1992 годзе, і асвяціў яго метрапаліт. А богаслужэнні пачаліся толькі ў 2005 годзе дзякуючы святару Арсенію Ананко, які, сумесна з навукоўцамі Акадэміі Навук і гісторыкамі, займаецца даследаваннем Сынковіцкай царквы.


Хочацца сказаць колькі слоў і пра іконы, якія знаходзяцца ў храме. Гэта ікона “Неўпівальная чара”, перад якой моляцца вернікі за сваё здароўе і за здароўе сваіх родных і блізкіх. Другая ікона вельмі знакамітая сваімі цудадзенымі якасцямі. Людзі, хворыя на рак, атрымоўваюць вылячэнне, молячыся перад ёю. Неаднойчы святары храма назіралі цуды вылячэння. А ўжо здаровыя людзі прыязджалі яшчэ раз пакланіцца іконе і пакінуць свае дарункі, якія можна бачыць за шклом каля іконы. З трэцяй іконай звязана вельмі незвычайная гісторыя. Яна была знойдзена адной жанчынай на гарышчы, але была абсалютна чорнай. Жанчына ж павесіла яе ў чырвоны кут і малілася перед ёю. З цягам часу ікона сама аднавіла сваю выяву. І перад жанчынай паўстаў вобраз Хрыста. Пасля гэтага ікона была перададзена ў храм.


Прыцягвае ўвагу і іканастас 1992 года, які быў зроблены беларускімі майстрамі. Там размяшчаюцца толькі беларускія іконы, асаблівасцю якіх з’яўляецца раслінны арнамент. Але старажылы распавядаюць, што яшчэ да вайны там быў іканастас на ўсе 3 предзела, асвечаныя ў гонар Маці Боскай Чанстыхоўскай, Святога Міхаіла і Святой вялікамучаніцы Варвары.


Нягледзячы на халоднае паветра ўнутры храма, адчуваеш разам з тым і дыханне вякоў. Нават часам складваецца ўражанне, што ты чуеш галасы нашых продкаў, якія прыйшлі сюды, каб паслаць малітвы Усявышняму. Паставіўшы зіготкую свечачку, пакідаеш гэты храм чамусьці з поўнай упэўненасцю – мы яшчэ сустрэнемся, дружа!


У кожнага зара сваіх надзей.

Радасці свае, свае турботы.

Таму ня можа звонкі салавей,

Пяюн вясны,

Спяваць па воўчых нотах.

Мы з Баранавіч

З любоўю



Менавіта такія словы мы прачыталі на бел-чырвона-белым сцягу на магіле нашай славутай паэткі Ларысы Геніюш. Мы прыйшлі сюды, каб пакласці кветкі і пакланіцца той, якая ўсё сэрца аддала сваёй Бацькаўшчыне, якая прысвяціла сваё жыццё барацьбе за незалежнасць Беларусі, якая пранесла любоў да сваёй Радзімы праз усё сваё складанае, поўнае перашкод жыццё. А помнік на магіле з’явіўся толькі дзякуючы простай настаўніцы матэматыкі адной з Зэльвенскіх школ. У Зэльве знаходзіцца таксама помнік паэтцы, на якім напісана:


“Божа, барані Беларусь”

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ

Усталяваны з дабраславення мітрапаліта
Мінскага і Слуцкага экзарха ўсяе Беларусі

Філарэта ў 2003 годзе.

Кіраўнік праекту – Анатоль Белы

Скульптар – Міхась Інькоў




Стаіць і дом бацькоў яе мужа – апошні прытулак беларускай змагаркі за волю нашай краіны. І ніякага Дома музея... Зараз у доме жывуць іншыя людзі, і няма нават шыльдачкі, якая згадвала б пра той факт. Цікава, а ці ведаюць тыя людзі аб гісторыі дома, у якім яны жывуць?


Сумна, але застаецца надзея і вера на тое, што сыдзе на беларусаў Божае бласлаўленне, і прасвятлеюць іх вочы, і звернуцца іх сэрцы да нашай Радзімы, нашай гісторыі, традыцыяў, памяці. І, бачачы вочы вучняў і настаўнікаў нашага “Беларускага кола”, удзельнікаў вандроўкі, верыш – час гэты хутка настане.