Новая рэформа на старой платформе
Міхась БУЛАВАЦКІ,
настаўнік матэматыкі вышэйшай катэгорыі, журналіст, Магілёў
Чарговая рэформа беларускай школы ізноў прыцягнула ўвагу да праблем адукацыі. Спецыялісты ладзяць канферэнцыі ды нарады, сямейны электарат спрачаецца. Пераважна на кухнях. Над усім гэтым лунае псеўдапытанне: колькі гадоў трэба вучыцца дзіцяці ў школе — адзінаццаць ці дванаццаць? Хаця «наверсе», як звычайна, усё даўно вырашылі. Аднак дазвольце чалавеку які, пражыў-адпрацаваў у сістэме адукацыі блізу сарака гадоў, уставіць ў гэты розгалас свае «тры грошы».
Гістарычны экскурс
1943 год. Разгар другой сусветнай вайны. Усе сродкі на танкі, самалёты, «кацюшы». І, як ні дзіўна, у гэтым жа годзе ствараецца Акадэмія педагагічных навук СССР. Аб тым, чым займалася акадэмія два ваенныя гады, гісторыя замоўчвае.
Пасля перамогі акадэмія мусіла заняцца аднаўленнем грамадзянскай адукацыі. І тут некаму з наваяўленых акадэмікаў падалося, што паасобнае навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў прынясе больш плёну. І пачалі па ўсёй неабсяжнай краіне ствараць раздзельныя класы.
Уявіце тагачасную вясковую школу, звычайны пяты клас — восем хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Аднак цяпер гэта ўжо не адзін, а два класы — пяты «А» (восем хлопчыкаў) і пяты «Б» (тры дзяўчынкі). Праблемы ў дырэктара: дзе ўзяць памяшканні для новых класаў, калі і раней іх не хапала, дзе знайсці дадатковых настаўнікаў, «лішнія» падручнікі, наглядныя дапаможнікі і г. д. Тым часам органы адукацыі збіліся з ног, шукаючы ў разбуранай вайной краіне грошы на новую рэформу. Не дзіва, што праз год «пераможны поступ рэформы» спыніўся. Хлопчыкаў зноў пасадзілі побач з дзяўчынкамі. А для дырэктара школы зноў праблемы — куды працаўладкаваць настаўнікаў, якія год назад папоўнілі педкалектыў, што рабіць з былой кладоўкай ды іншымі гаспадарчымі прыбудовамі, якія пераабсталявалі пад класныя пакоі.
Няўцям было таму ініцыятару «рэформы» паглядзець, як будзе рухацца ідэя хаця б у адной вясковай школе. Тады б «рэформа» наўрад ці ўвогуле пачалася. Былі б зэканомлены вялікія сродкі, якіх так бракавала. Магчыма, гэтая памылка нечаму навучыла?
Ізноў на старыя граблі
Прайшоў час і «некаму» ізноў падалося, што школа павінна даваць разам з агульнай адукацыяй яшчэ нейкую прафесію. Ідэя, сказаць па праўдзе, была слушная. Асабліва ў часы, калі не хапала прафтэхвучэльняў. Толькі рэалізоўваць яе трэба было ўдумліва, асцярожна. Аднак што тут думаць, калі рапартаваць трэба. Гоп! — і разаслалі дырэктыву адразу ва ўсе школы «адной шостай часткі свету». Праз некалькі гадоў павярнулі назад. Бо для таго, каб школа рыхтавала, напрыклад, трактарыстаў, трэба, каб у школе быў трактар і той, хто здольны ездзіць на тым трактары і дзяцей вучыць. Патрэбна майстэрня, дзе гэты трактар можна адрамантаваць, вучэбны палігон для практычных заняткаў ды шмат што яшчэ. І зноў жа: дзе ўзяць на гэта дадатковыя сродкі (як высветлілася, зусім немалыя), дзе ўзяць людзей?
Адмянілі прафесійнае навучанне на базе сярэдняй школы і… пачалі будаваць навучальна-вытворчыя камбінаты (НВК), куды звозілі дзяцей з розных школ, каб яны атрымалі хоць якую прафесію. Ляснуліся і НВК. А ў тых шыкоўных будынках потым шмат дзе пачалі адкрываць ліцэі і гімназіі (хоць якая карысць!).
Не прыпомню года, калі б школа не перажывала якуюсьці чарговую «буйную» рэформу ці местачковую «рэформачку». Сітуацыя, падобная на сённяшнюю, ужо была гадоў сорак таму. Прычым у яшчэ больш дзікім варыянце.
У верасні 1964 года я прыйшоў у дзесяты клас, настроіўшыся, што буду вучыцца ў школе апошні год. Але нам паведамілі, што ўсе школы пераходзяць на адзінаццацігадовы тэрмін навучання і нам першым выпадае такое шчасце. Мы крыху пабурчэлі дый змірыліся: што ж, дзяржаве, як заўсёды, відней. Я помню разгубленасць настаўнікаў, калі яны вымушаны былі тлумачыць нам тое, у чым самі яшчэ добра не разабраліся.
Увялі адзінаццаць класаў, мабыць, каб адпавядаць славутаму еўрапейскаму стандарту. Ізноў увялі знянацку і адразу па ўсёй краіне. А потым (толькі потым!) пачалі лічыць. Па-першае, настаўнікаў цяпер спатрэбілася значна больш. А тым, што ўжо працуюць, патрэбна перападрыхтоўка. Па-другое, васемнаццацігадовая асоба лішні год сядзіць у школе. А хто ж будзе буракі збіраць, кароў даіць, гайкі круціць? Маладых працоўных рук не хапае, а здаровыя бэйбусы цэлы лішні год псуюць сшыткі, малюючы сінусы ды лагарыфмы. Непарадак! Праз год і гэтую рэформу адмянілі. І, зразумела, ніхто не лічыў страты, не шукаў вінаватых, не аналізаваў сітуацыю.
У 1966 годзе савецкія школы зрабілі два выпускі, адзінаццацікласнікаў і дзесяцікласнікаў. Вялізныя, як ніколі, конкурсы былі нават на фізматы педагагічных ВНУ. Праз пяць гадоў скончыў фізмат і я, пачаў настаўнічаць. Але школа перажывала чарговы «землятрус». На гэты раз рэфармавалі матэматычную адукацыю. Пра тую рэформуы Ала Пугачова спявала: «То ли ещё будет! Ой-ёй-ёй!» Натуральна, што і гэтая рэформа, як і ўсе папярэднія, згасла. Праз пэўны час пачалася антырэформа. Тут я б дадаў, на жаль. Бо на гэты раз у яе падмурак былі закладзены даволі разумныя ідэі, за якія акадэміку Калмагораву ізраільскі Кнэсет прызначыў прэстыжную ў матэматычным свеце прэмію Вальера. На той час Ізраіль і Савецкі Саюз не сябравалі, таму Калмагораў быў вымушаны адмовіцца ад гэтай міжнароднай узнагароды.
Гледзячы на сённяшнюю рэформу беларускай школы, заўважаеш, што нічога, па вялікім рахунку, тут не змянілася, што беларуская педагогіка звыкла пераймае не самыя лепшыя традыцыі савецкай сістэмы адукацыі.
Чаму псеўдапраблема?
Колькі гадоў трэба вучыцца ў школе? З якога ўзросту пачынаць? На гэта ў сусветнай педагогіцы даўно ёсць адказы. Калі пачынаць? Ды з першага дня жыцця чалавека. (Узнімаецца голас тых, хто лічыць, што пачынаць трэба раней, калі дзіця яшчэ ва ўлонні маці). Так, але як гэта рабіць? — пытанне, над якім трэба думаць. Канешне ж, не садзіць трохгадовую гарэзу за школьную парту і не прымушаць, каб ён, склаўшы ручкі, уважліва слухаў настаўніцу.
Яшчэ ў дакамп'ютэрную эпоху прачытаў, як у ЗША вучаць маленькіх дзяцей чытаць літары. Там у дзіцячых установах ёсць кабінкі з машынкамі для друку. Любое дзіця пры жаданні (!!) можа туда зайсці і пачаць націскаць на клавішы. Націскае клавішу і на паперы з’яўляецца, напрыклад, літара « b», а механічны голас агучвае: «бі». Націскае новую клавішу, з’яўляецца літара «k», і голас дублюе: «кей». Праз тыдзень-два тое дзіця ведае ўсе літары. І ніхто яго да гэтага не прымушаў, усё адбылося неўпрыкмет, як бы само сабой. гэтыя літары групуюцца ў склады і словы. Дзіця адну за адной націскае дзве-тры клавішы, а інструктар чытае, што атрымалася. Амерыканскія даследчыкі заўважылі, што калі дзіця пачынае забаўляцца з друкавальнымі машынкамі з трох гадоў, то пры ненавязлівай дапамозе інструктара праз чатырнаццаць-шаснаццаць месяцаў яно дасягае такой ступені развіцця, што можа друкаваць уласныя сачыненні.
Вядома, што прыкладна палова агульнага развіцця разумовых здольнасцяў чалавека адбываецца на працягу першых чатырох гадоў жыцця. Яшчэ каля трыццаці працэнтаў — у прамежку паміж чатырма і васьмю гадамі. На астатні перыяд застаецца толькі пятая частка магчымага развіцця розуму чалавека. Навошта ж губляць самы спрыяльны перыяд?
Але, з іншага боку, няўмелае, грубае кіраванне гэтым далікатным працэсам можа нашкодзіць. Даследаванні амерыканскіх педагогаў паказалі, што чалавечы мозг нельга «перагрузіць», але яго можна прывучыць да абмежаванасці мыслення, да непрымання ўсяго нязвыклага, да маніпулявання шаблоннымі катэгорыямі. Існуюць падазрэнні, што развіццё такога роду абмежаванасці досыць часта і з’яўляецца адным з вынікаў (а магчыма, і мэтаў) традыцыйнай адукацыі многіх не вельмі развітых краін. Такую адукацыю лепш пачынаць пазней, каб сама прырода дапамагла дзіцяці нешта зрабіць без грубага ўмяшальніцтва і рэгулявання з боку дарослых.
Колькі вучыцца?
Зноў жа, ёсць адказ і няма адказу. Бо гэты тэрмін у кожнага дзіцяці свой.
У савецкай прэсе раз-пораз з’яўляліся паведамленні аб тым, што нейкі хлапчук ці дзяўчынка скончылі школьную праграму ў 16–14–13 гадоў і паступілі ў ВНУ. Запомнілася публікацыя (здаецца, у «Комсомольской правде») пра дванаццацігадовага вундэркінда, які вырашыў паступіць у Маскоўскі ўніверсітэт, але там не ведалі, што з ім рабіць (між іншым баяліся, што дарослыя студэнты разбэсцяць гэтае разумнае дзіця).
Яшчэ больш уражлівае паведамленне змясціў тыднёвік «Неделя» напрыканцы 1979 года. Дзевяцігадовы Джалал Саід скончыў у Афганістане сярэднюю школу і прыняты на падрыхтоўчае аддзяленне мехмата Маскоўскага ўніверсітэта разам са сваім бацькам Карымам.
Усё гэта падавалася як выключэнне з нормы, як цуды. Але данецкі настаўнік В. Шаталаў выдатна паказаў, што гэта зусім не цуды, а тая самая норма. Калі дзецям адкрыць магчымасць рухацца па праграме з той хуткасцю, якую яны самі абяруць, то большасць з іх засвояць праграму хутчэй, чым плануе міністэрства, і з лепшым вынікам. Свабода дае большы эфект, чым жорсткае кіраванне. Але педагагічная (і не толькі) свабода — страшнае слова для сённяшняй сістэмы беларускай адукацыі.
І калі ставіць на мэце не дапускаць вольнага развіцця маладога чалавека (бо такі чалавек не ўціснецца ў жорсткія рамкі дзяржаўнай ідэалогіі), тады й даводзіцца абмяжоўвацца падобнымі псеўдарэформамі, каб надаць сістэме адукацыі крыху еўрапейскага лоску.
Рэформы сённяшняй беларускай школе патрэбныя. Але рэформы не лакіраваныя, а сутнасныя. Яны не праводзяцца спехам, а рыхтуюцца гадамі, нават дзесяцігоддзямі. Мне бачыцца гэты працэс наступным чынам. Спачатку агучваецца ідэя, якая шырока і грунтоўна абмяркоўваецца менавіта на ўзроўні ідэі. Калі гэта прымаецца (кім — пра гэта пазней), пачынаецца распрацоўка неабходных вучэбна-метадычных матэрыялаў (у форме тэкставых дапаможнікаў, кампутарных праграм ды інш.), якія спачатку вывяраюцца на базе некалькіх навучальных устаноў. Пасля таго, як матэрыялы адшліфуюцца і з’явяцца настаўнікі, якія дасканала валодаюць гэтымі матэрыяламі, можна праз адпаведныя семінары-курсы падключыць больш шырокае кола настаўнікаў-добраахвотнікаў. І толькі калі прыхільнікаў рэформы набіраецца патрэбная «крытычная маса», можна пачынаць працэс рэалізацыі ў масавым парадку.
Хто павінен праводзіць рэформы ў школе?
Натуральна ж, не прэзідэнт, хаця ён і можа мець педагагічную адукацыю. Тут павінна працаваць адмысловая структура найбольш дасведчаных у дзіцячай псіхалогіі, у чалавечым станаўленні людзей. І такая структура нібыта ёсць. Я, пэўна, здзіўлю кагосьці з чытачоў, калі скажу, што існуе Акадэмія педагагічных навук Рэспублікі Беларусь. Каму ж займацца удасканальваннем школы, калі не гэтай установе?
Але… Пасля таго, як кіраўнік дзяржавы агучыў свой намер зэканоміць сродкі і скасаваць лішні год навучання, ён вырашыў надаць гэтаму рашэнню дэмакратычны змест і сабраў нараду, на якую запрасіў прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, вопытных настаўнікаў. Але акадэмікаў на тую нараду ён чамусьці не запрасіў (прынамсі, мне не кінулася ў вочы паведамленне, што прэзідэнт раіўся з АПН). І наўрад ці варта папракаць яго за гэта. Бо памянённая навуковая структура ў нашым грамадстве накшталт «невідзімкі».
Спытайце любога дырэктара школы, якія даследаванні АПН прыжыліся ў яго ўстанове за апошнія дзесяць-дваццаць гадоў. Папрасіце любога настаўніка назваць прозвішча якога-небудзь педагагічнага акадэміка, чые напрацоўкі прыкметна дапамагаюць у практыцы. Чым займаецца АПН — для грамадства таямніца. Хто чуў голас акадэміі, калі толькі пачынаўся перавод сярэдняй школы на дванаццацігадовае навучанне? А калі АПН падтрымлівала і аргументавала неабходнасць такой рэформы, то чаму яна маўчыць, калі рэформу разварочваюць назад? Ау, акадэмікі!
Дык колькі ж гадоў павінна вучыцца беларускае дзіця ў школе? Калі ў акадэміі няма адказу на гэтае ды іншыя пытанні, ці не падказаць міністэрству і Прэзідэнту, што можна зэканоміць болей, распусціўшы такую структуру. Тут напрошваецца роздум пра якасць беларускай педагагічнай навукі ўвогуле, але гэтаму пытанню трэба прысвяціць асобны артыкул.
І яшчэ пра адну акалічнасць па тэме. У Мельбурнскай школе штата Флорыда больш за дваццаць гадоў вядзецца цікавы эксперымент. Пры размеркаванні дзяцей па групах там улічваецца не ўзрост ці агульная ацэнка здольнасцяў дзіцяці, а яго схільнасць да адпаведнага прадмету і поспехі ў яго засваенні. Вучань можа займацца біялогіяй у запаволеным тэмпе, іншымі прадметамі з нармальнай хуткасцю, а, напрыклад, маляваннем — у групе самых адораных дзяцей. Калі дзіця вучыцца ў школе, напрыклад, трэці год, то яно можа вучыцца чытанню з групай школьнікаў, на год за яго маладзейшых, а матэматыцы — сярод дзяцей, на два гады за яго старэйшых. Школа атрымлівае вельмі цікавыя вынікі. Чаму ж досвед гэтай школы агулам не распаўсюджваецца на іншыя навучальныя установы? Дык жа настаўнікі ў іншых школах не гатовыя да такой працы, — тлумачаць у іхнім міністэрстве адукацыі. Вось як там паважаюць настаўніка! Калі ён не гатовы да нейкай новай формы дзейнасці, няхай сабе і вельмі эфектыўнай, то яго й не прымушаюць да гэтага. Але ж калі настаўнік захоча выкарыстаць нешта новае, то яго не будуць стрымліваць дробязнымі прыдзіркамі, наадварот, дапамогуць і метадычна, і матэрыяльна.
Зусім інакш гэта выглядала ў СССР. У Ліпецку вынайшлі нейкія новыя формы навучання, і вось ужо ліпецкі досвед распаўсюджваюць у абавязковым парадку па ўсёй краіне. Натуральна, што падняволеныя настаўнікі «пераканаўча даказалі», што ліпецкія ідэі памылковыя. Затое, калі звычайны настаўнік В. Шаталаў распрацаваў цікавую і досыць эфектыўную методыку навучання, педагагічная акадэмія пачала з ёю змагацца. Яно й зразумела: як гэта — настаўнік (адзін!) распрацаваў сістэму навучання, чаго не змагла зрабіць цэлая акадэмія самых дасведчаных, самых разумных і, натуральна ж, самых таленавітых педагогаў. Акадэмія ўрэшце прайграла, сёння ідэі В. Шаталава актыўна выкарыстоўваюцца ў школах Расіі і Украіны. Васьмідзесяцігадовы педагог, атрымаўшы ганаровыя званні і ўзнагароды, дагэтуль праводзіць семінары з настаўнікамі па засваенні яго сістэмы навучання, выдае кнігі. Але ўсё гэта ў блізкім замежжы. Нашы акадэмікі ў той бок чамусьці не глядзяць. Хаця шмат хто з беларускіх настаўнікаў ведае пра сістэму В. Шаталава (у гады перабудовы беларуская прэса шмат пісала пра яе) і раней многія выкарыстоўвалі некаторыя элементы гэтай сістэмы. Сёння усё зышло ў нябыт. Таму што беларускі настаўнік заціснуты недарэчнымі патрабаваннямі. Ад яго патрабуюць шмат пісаніны, якая значна ўскладняе яго прафесійную дзейнасць, але спрошчвае працу правяральшчыкаў.
Сённяшня сістэма адукацыі працуе больш на кантралёра, чым на настаўніка. Бо ён ужо й не настаўнік, а ідэалагічны работнік. Упраўленне адукацыі не вельмі цікавіць, як ты навучыш матэматыцы ці біялогіі, але калі ты ўцягнеш ўвесь свой клас у БРСМ, то некаторыя прыемнасці табе гарантаваныя. У такіх варунках ніякая рэформа не дапаможа. Ці сем гадоў вучыць, ці сямнаццаць — вынік будзе аднолькавы. Нават сем лепш. Бо чым раней уцячэш з такой школы, тым больш у цябе шансаў захаваць самавітасць і ўласны, нікім не скамечаны, светапогляд.
М. Булавацкі. Новая рэформа на старой платформе.
01.09.2008