Нашто патрэбна нацыянальнае ўзгадаваньне?

12.04.2012

У 1808 г. ведамы нямецкі філёзаф Фіхтэ зьвярнуўся да насельніцтва з шэрагам артыкулаў, якія насілі агульную назову: «Прамовы да нямецкай нацыі».

У гэтых «прамовах» ён гаворыць аб неабходнасьці маральнага адраджэньня сваіх супольнікаў па айчыне, пры дапамозе новага ўзгадаваньня. Новае ўзгадаваньне народу, па яго словах, аснаўная нацыянальная задача. Маральная папсаванасьць, якая назіраецца ў грамадзтве і якая зьяўляецца вынікам заняпаду агульнай культуры, можа быць пераможана ўласнымі сіламі нацыі, закліканай да самадзейнасьці.

Фіхтэ так вызначае сваю задачу: Гэтыя прамовы маюць перш за ўсё сваёй мэтай дапамагчы ўсёй нацыі зразумець сутнасьць і значэньне новага ўзгадаваньня, як сродку адраджэньня нямецкай нацыі. Гэты сродак павінен у сваю чаргу зрабіць уплыў на наш век і на разьвіцьцё нацыянальных асаблівасьцей. Ён можа быць цалкам зразумелы толькі ў тым выпадку, калі будзе разгледжаны ў сувязі з сучасным момантам і спэцыфічнымі асаблівасьцямі нямецкага народу, калі гэтыя моманты будуць прадстаўлены як узаемапрасякаючыя адзін другога. Новае ўзгадаваньне, у адрозьненьне ад старога, павінна здолець безпамылкова пабудаваць і накіраваць усё сапраўднае жыцьцё ўзгадавальнікаў у адпаведным напрамку.

Адным з магутных сродкаў усебаковага аднаўленьня жыцьця Фіхтэ лічыць школьную рэформу на нацыянальных пачатках, адзіна здольных узгадаваць цьвёрдую любоў і волю да дабра, якія накіроўваюць усю дзейнасьць чалавека.

Пад нацыянальным узгадаваньнем Фіхтэ разумее ўзгадаваньне, якое ахапляе ўсіх дзяцей нацыі, незалежна ад родаў. Нацыянальнае ўзгадаваньне не супроцьставіцца агульначалавечаму, а павінна служыць ступеньню да яго. Толькі тое, – хажа Фіхтэ, – пераходзіць у агульначалавечае, што ўтворана вераю ў свой народ, у сваю нацыянальнасьць.

Агульначалавечая культура дасягаецца толькі праз культуру нацыянальную.

Сваю ідэю нацыянальнага ўзгадаваньня Фіхтэ супроцьпастаўляе тэорыям узгадаваньня французскіх пісьменьнікаў і мысьліцеляў другой паловы XVIII стогодзьдзя.

Тыповай асаблівасьцю паглядаў на ўзгадаваньне вучоных і філёзафаў данай эпохі зьяўляецца тэндэнцыя да ўсеагульнага і ўнівэрсальнага, імкненьне пры дапамозе ўзгадаваньня пераступіць за межы нацыянальнай, сацыяльнай і гістарычнай абумоўленасьці. Так, прапаведваючы роўнасьць духоўных здольнасьцей чалавека, Гельвэцый бачыць у гэтым аснову шырокага разьвіцьця шчасьця і дабрабыту чалавека.

Талейран у сваім дакладзе аб народнай асьвеце (1791 г.) кажа: Мэта адукацыі, наагул кажучы, ёсьць у дасканаласьці чалавека ва ўсіх яго ўзростах і ў бясконцым служэньні асьветы і дабрабыту кожнага і дабрабыту ўсяго грамадзтва. Адукацыя зьяўляецца больш ці менш распрацованым мастацтвам выяўляць у чалавеку ўсю яго каштоўнасьць як для яго самога, так і для чалавецтва.

«Накіраваць адукацыю гэтак, каб дасканаласьць у навуках садзейнічала шчасьцю большасьці грамадзян і павялічала жыцьцёвыя выгоды людзей, якія прысьвячаюць ім сваё існаваньне, каб большасьць людзей умела добра выконваць абавязкі, неабходныя грамадзтву, каб заўсёды ўзрастаючы прагрэс асьветы адчыніў для вас невычарпальныя вытокі задавальненьня вашых запатрабаваньняў, культываваў у кожным пакаленьні здольнасьці фізычныя, маральныя і інтэлектуальныя». (Кандарсэ – Дакл. аб арг. народ. асьветы 1792 г.).

Як мы бачым, гэтакі пагляд на значэньне і задачы ўзгадаваньня і адукацыі «характэрны адцягненасьцю і празьмерным унівэрсалізмам у сваім імкненьні разглядаць «усё чалавецтва» як адно цэлае. У гэтых адносінах мысьліцелі XVIII стагодзьдзя сьведама імкнуліся ўзгадаваць у чалавеку перш за ўсё касмапаліта, грамадзяніна ўсяго сьвету.

Дрэнныя вынікі гатовага погляду далі сябе адчуць вельмі хутка на пакаленьні пачатку XIX стагодзьдзя, людзях, адарваных ад роднай глебы, чужых рэальнай рэчаіснасьці і разуменьня непосрэдных жыцьцёвых задач. Даволі ўспомніць шыроко ведамыя ў мастацкай літаратуры вобразы так званых «лішніх людзей», адцягненых мысліцяляў, якія захапляліся шырокімі плянамі і задачамі, але ў той жа час практычна бездапаможных і жыцьцёва бескарысных.

Яшчэ далей ў паказаных адносінах пайшло савецкае ўзгадаваньне, якое проводзіло прынцыпы пралетарскага інтэрнацыяналізму. Маркс і Энгельс сьцвярджалі, што, заваяваўшы палітычнае панаваньне, зарганізаваўшыся ў адзіную нацыянальную клясу (?) і канструіруючыся як нацыя, пралетарыят зьдзейсьніць ідэю нацыянальнага адзінства.

Памылковасьць гэтакага пагляду відавочна ўжо ў тых адносінах, што самая праблема ўзгадаваньня мае на відавоку толькі адну клясу пралетарыяту, ігнаруючы ў кожным паасобным выпадку, яго нацыянальны характар і асаблівасьці. Такім чынам, абмаўляючы ў тэорыі і на практыцы самае значэньне нацыянальнага моманту ў жыцьці людзей, марксызм у канчатковым выніку абяцае невядомым шляхам «зьдзейсьніць ідэю нацыянальнага адзінства».

Праблема, выснаваная Фіхтэ, адначасова наносіць удар як ідэі космапалітычнага, гэтак і ідэі інтэрнацыянальнага ўзгадаваньня. Асноваю нацыянальнага ўзгадаваньня зьяўляецца пазнаньне сувязі і залежнасьці паасобнага чалавека ад цэлага народу, бо ўсякі народ ня ёсьць мэханічнае злучэньне паасобных адзінак, а арганічнае цэлае, якое мае агульнае духовае жыцьцё. Таму фізычна і ўнутрана ўсякі чалавек прадстаўляе частку свайго народу, і толькі штучна яго можна разглядзець незалежна ад цэлага. Як матар’яльнае, гатак і духоўнае жыцьцё чалавека былі-б немагчымы без дапамогі другіх людзей.

Да гэтага кроўнага інстынктыўнага пачуцьця адзінства далучаецца сьведамасьць каштоўнасьці ўсяго таго, што створана народам на шляхох яго гістарычнага жыцьця: роднай мовы, дзяржавы, літаратуры, мастацтва, сьведамасьць сваёй нацыянальнай гордасьці, нацыянальнага гонару. Гэтая сьведамасьць сваёй нацыянальнай годнасьці яскрава выражана ў ведамым беларускім вершы «А хто там ідзе?».

У вершы паэт адлюстроўвае беларускі народ, які ўсьведаміў сябе і які нясе на паказ усяму сьвету «сваю крыўду». У імя чаго гэта робяць зьнясіленыя, цёмныя людзі?

«А чаго-ж чаго захацелася ім,
Пагарджаным век ім сьляпым, глухім?

запытвае паэт і сам адказвае за ўвесь народ.

- Людзьмі звацца!»

У пэўны гістарычны момант народ усьведамляе сябе, сваю чалавечую годнасьць і права і патрабуе да сябе ўвагі і павагі.

Адначасова з ростам нацыянальнай сьведамасьці ўзьнікае і расьце захапленьне і любоў да вялікіх народных герояў, талентаў, да ўсяго выдатнага, што нарадзілася ў яго асяродзьдзі, а таксама да людзей, якія цярпелі зьневагі і зьдзекі для дабра свайго народу. Любоў да свае радзімы ўтварае магчымасьці заўсёднага ўзаемадачыненьня асобы з цэлым народам. Бяз гэтага ўзаемадачыненьня чалавек неўнікнёна становіцца адзінокім, чужым для ўсіх. Толькі заглыбляючыся ў народную стыхію, чалавек чэрпае адтуль сьвежыя сілы. Таму вялікая творчасьць носіць нацыянальны характар, без нацыянальнасьці яна немагчыма. Кожны мастак у сувязі з асаблівасьцямі свайго таленту афармляе і выносіць на паверхню тое, што ўжо ўтварылася глыбока ў недрах народнай душы. Бо працаваць пладатворча для свайго народу можна толькі тады, калі жыць у ім агульным жыцьцём, прасякнуцца яго вераю і імкненьнямі.

Любоў да радзімы становіцца болей паглыбленай і поўнацэннай па меры прыабшчэньня яе да нацыянальнай культуры, а таму школа павінна ўліваць дзецям любоў да роднай мовы, літаратуры, мастацтва, рэлігіі сваей культуры. Хто прасякнуўся гэтым духам роднай культуры, той на ўсё жыцьцё застанецца верным і любячым сынам сваёй радзімы. Практычна нацыянальныя тэндэнцыі ўзгадаваньня знаходзяць сваё адлюстраваньне ў зьмесьце, пабудове і мэтадзе школьнага навучаньня ў цэлым. Адным з істотных момантаў нацыянальнага ўзгадаваньня і навучань ня зьяўляецца правіла: «ад блізкага да далёкага». Згодна гэтаму прынцыпу ў працэсе навучаньня перад усім неабходна засваеньне і ўсьведамленьне вучнямі фактаў і момантаў так ці іначай зьвязаных з існаваньнем школьніка, яго асабістымі назіраньнямі і вопытам. Гэтакая пабудова заняткаў з мэтадычнага боку мае тую перавагу, што вывучэньне аб’ектаў, даступных непасрэднаму назіраньню, выпрацоўвае ў вучняў пачуцьцё рэчаіснасьці, імкненьне да пошукаў, актыўнасьць, уважлівасьць, уменьне знаходзіць і заўважваць у жыцьці ўсё тое, што неабходна і цікава для чалавека.

Пэдагагічнае правіла: «ад блізкага да далёкага» вымушае перадусім браць матар’ял для вывучэньня і назіраньня з акаляючага жыцьця, свайго раёну, акругі, краіны ў цэлым.

Нацыянальнае ўзгадаваньне характарызуецца таксама глыбокай павагай да жыцьця роднага народу і сьведамасьцю, што народу належыць першарадная роля ў утварэньні матар’яльных і духовых каштоўнасьцяў для грамадзтва.

Вядомы пэдагог Ушынскі ў свой час пісаў:

«Не забудзем, што гэта народ утварыў тую глыбокую мову, глыбіні якой мы яшчэ да гэтага часу не змаглі вымераць, што гэты просты народ утварыў тую паэзію, якая захавала нас ад забаўнага дзіцячага лепету, на якім мы пераймалі чужаземцаў».

Адсюль зразумела, што ў справе нацыянальнага ўзгадаваньня ў школьным выкладаньні вялізарнае значэньне набывае вывучэньне роднай мовы. Першая і важнейшая аснова духовага жыцьця і далейшага разьвіцьця дзіцяці грунтуецца на роднай мове. Разам з словамі і формамі роднай мовы дзіця неўзаметку ўбірае ў сябе вынікі той вялізарнай працы думкі, якая была створана папярэднімі пакаленьнямі і выкрысталізавалася ў мове. Такім чынам вучань уваходзіць у духовае жыцьцё ягонага акружэньня пры дапамозе роднай мовы і засвойвае паступова гэтую мову ўва ўсім яе багацьці, засвойвае вялізарную спадчыну думак і пачуцьцяў папярэдніх пакаленьняў.

Вызначаючы асноўным элемэнтам дзіцячага разьвіцьця роднае слова, мы ў сучасны мамэнт даем навучаньню мовы цэнтральнае месца ў малодшых клясах школы, адначасова шырока прыцягваючы пры навучаньні элемэнты прыродазнаўства, геаграфіі, гісторыі, а таксама навучальныя эпізоды бытавога і маральнага зьместу.

Спалучэньне жывога непасрэднага інтарэсу і сур’ёзнай пасільнай ўмысловай працы павінна характарызаваць нацыянальнае ўзгадаваньне. Школа павінна ўзгадоўваць у дзіцяці сьведамасьць, што вучэньне ня ёсьць гульня, якая прываблівае сваёй вонкавай займальнасьцю і навіной. Вучэньне ёсьць праца, і павінна заставацца працай, поўнай думкі і ўнутранага зьместу. Таму школа павінна настойліва вясьці барацьбу з тэндэнцыяй, якая ўкаранілася за два апошнія дзесяцігодзьдзі, ператварэньня школьнай працы ў лёгкія займальныя заняткі, якія не даюць працы для мысьлі вучня.

Нашы гістарычныя дні ставяць перад беларускай школай і настаўніцтвам сур’ёзныя і адказныя задачы, і мы верым, што настаўнікі-беларусы, прасякнутыя пачуцьцём любові да сваёй радзімы шчыра і з захапленьнем выканаюць гэтую задачу.

Мімаволі ўспамінаецца вядомы верш Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», асабліва тое месца. дзе адлюстроўваецца, як прыгонныя дзяўчаты, выконваючы панскі загад, ткуць у прыгоннай майстэрні вядомыя слуцкія паясы. У якасьці ўзору ім дадзены пэўныя шаблёны, малюнкі, якія яны павінны перазьнімаць. Але ў сонечны веснавы дзень прырода гэтакая чароўная, што ім мімаволі хочацца глядзець у далечыню, дзе:

«За сьцяной сьмяецца поле
Зьзяе неба з-за вакна
I думкі рвуцца мімаволі
Туды дзе расьцвіла вясна».

Зачараваньне роднай прыродай уладна захапляе маладых дзяўчат, і яны ў лятуценьнях мімаволі адыходзяць ад дадзенага ім узору і сярод прывабленых ліній пэрсыдзкага армамэнту адлюстроўваюць блізкую і мілую ім кветку васілька –

«І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж пэрсыдзкага узору
Цьвяток радзімы васілька.»

Калі гэтае імкненьне да роднага ў вясковых майстрыц выяўлялася мімаволі і несьведама, то школа, прасякнутая нацыянальнай ідэяй і пад кіраўніцтвам адданых пэдагогаў, зможа дапамагчы радзіме ў разьвязаньні задачы нацыянальнага адраджэньня і ў юнакоў сацыяльна здаровых якасьцяў: энэргіі, волі, любві да працы і актыўнай любві дэ сваёй бацькаўшчыны.

Гэтак будзе!

В. Тэпін

Тэкст артыкула расчытаны з дапамогай выяваў, за якія дзякуем рэсурсу suziralnik.livejournal.com