Тэрмін «актыўная ацэнка», як гэта часта бывае, папаўся на вочы выпадкова. На сайце аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама ў раздзеле «Навіны» была змешчана інфармацыя пра цікавае і нетрадыцыйнае пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў гуманітарнага цыкла, якое было прысвечана метаду актыўнай ацэнкі. Пасяджэнне праходзіла на базе Гатаўшчынскага дзіцячага сада – базавай школы Глыбоцкага раёна, і на ім прысутнічалі педагогі (на чале з дырэктарам) усіх школьных прадметаў. Апошняя заўвага стала яшчэ адным аргументам, каб пазнаёміцца з гэтым метадам бліжэй.
Малюнак Дануты Стэрны, aacenka.by
У адзінай сістэме
Зразумела, знаёмства пачалося з адказаў на пытанні «Што гэта?» і «Адкуль прыйшло?» Метад актыўнай ацэнкі з’явіўся ў Вялікабрытаніі. Як адзначана ў метадычным дапаможніку па актыўнай ацэнцы для беларускіх настаўнікаў, тэрмін «актыўная ацэнка» быў запазычаны Бенджамінам Блумам, аўтарам знакамітай таксаноміі педагагічных мэт, у Майкла Скрывена, які ўпершыню ў 1967 годзе размежаваў паняцці актыўнай (фарматыўнай) ацэнкі і выніковай ацэнкі (адзнакі). У 1968 годзе Бенджамін Блум у сваёй кнізе «Навучанне для майстэрства» разлядаў актыўную ацэнку як інструмент для паляпшэння працэсаў выкладання і навучання.
У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя Брытанскае таварыства адукацыйных даследаванняў ініцыіравала стварэнне даследчай групы для правядзення рэформы ацэначнай дзейнасці. Было прааналізавана больш за 500 навуковых артыкулаў, дзе паказваўся ўплыў актыўнай ацэнкі на эфектыўнасць навучання. У выніку даследчыкі прыйшлі да высновы, што выкарыстанне актыўнай ацэнкі – надзейны спосаб павысіць эфектыўнасць навучання.
Актыўная ацэнка (Formative Assessment) – гэта інавацыйная сістэма навучання, якая фактычна злучае розныя актыўныя метады ў адзіную сістэму работы. Актыўная ацэнка ўяўляе сабой вельмі дзейсны метад павышэння матывацыі і вучнёўскіх вынікаў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Адзначаецца, што актыўная ацэнка дапамагае вучыцца на працягу ўсяго жыцця, што з’яўляецца неабходным навыкам у сучасным свеце.
Адукацыйная супольнасць Вялікабрытаніі прызнала вынікі замоўленых у свой час даследаванняў вельмі істотнымі і метад актыўнай ацэнкі стаў ключавым у многіх адукацыйных праграмах і даследаваннях.
Метад актыўнай ацэнкі стаў папулярным не толькі ў Вялікабрытаніі. У 2002 годзе краіны Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) пры непасрэдным удзеле Цэнтра адукацыйных даследаванняў і інавацый пачалі даследчую праграму, накІраваную на перагляд ацэначнай дзейнасці ў краінах АЭСР. У выніку быў падрыхтаваны даклад, які ў 2005 годзе прадставілі ў Парыжы, дзе актыўная ацэнка была прызнана эфектыўным інструментам павышэння якасці адукацыі.
Шмат метадычных дапаможнікаў па актыўнай ацэнцы ўжо выдадзена ў ЗША, дзе таксама цікавасць да гэтага метаду з’явілася ў 2002 годзе. У Чэхіі працэс рэформы ацэначнай дзейнасці пачаўся ў 2010 годзе, і ініцыятыва ўкаранення методыкі актыўнай ацэнкі тут зыходзіць ад Нацыянальнага інстытута адукацыі.
У нашу краіну метад актыўнай ацэнкі прывезла польскі педагог Данута Стэрна (ініцыятар укаранення метаду актыўнай ацэнкі ў Польшчы, аўтар некалькіх кніг па гэтай методыцы) у 2009 годзе. Ініцыятыву падхапілі ў Таварыстве беларускай школы. На першым семінары нашы настаўнікі прыдумалі беларускі адпаведнік выразу «Formative Assessment» – «актыўная ацэнка».
Данута Стэрна, выступаючы перад беларускімі настаўнікамі, адзначала, што актыўная ацэнка – гэта перадача навучэнцам інфармацыі, якая дапамагае ім вучыцца. I гаворачы пра вартасць гэтага метаду, заўважала, што калі настаўнік ацэньвае актыўна, то вызначае мэты ўрока і фармулюе іх так, каб яны былі зразумелымі для навучэнцаў.
«Работа над мэтамі складаецца з трох этапаў: спачатку, яшчэ перад заняткамі, настаўнік вызначаецца з тым, чаго ён хоча дасягнуць. Потым настаўнік агучвае мэты ўрока навучэнцам або выпрацоўвае іх разам з імі. Школьнікі ведаюць, што і як яны будуць вывучаць, а пасля ўрока навучэнцы гавораць, пра што яны даведаліся.
Затым настаўнік дамаўляецца з навучэнцамі аб крытэрыях ацэнкі. Разам з імі трэба вызначыць, на што будзе звяртацца ўвага пры ацэнцы. Ідэя заключаецца ў тым, каб дакладна акрэсліць моманты, якія пакажуць як настаўніку, так і навучэнцу, наколькі атрымалася дасягнуць мэты ўрока.
Крытэрыі дапамагаюць школьнікам падрыхтавацца да кантрольных і падказваюць, як яны павінны выканаць работу, каб дасягнуць мэты, пастаўленай настаўнікам. Настаўнік паслядоўна ацэньвае толькі тое, што было агаворана раней», – гаворыць Данута Стэрна.
Разам з тым пры актыўнай ацэнцы педагог павінен усведамляць адрозненні паміж актыўнай і выніковай ацэнкай. Выніковая ацэнка мае важнае значэнне для абагульнення ведаў, набытых навучэнцам, і звычайна абмяжоўваецца адзнакай. Актыўная ацэнка мае на мэце дапамагчы навучэнцу зразумець, што ён зрабіў так, а што – не і як ён можа палепшыць сваю вучэбную дзейнасць. Пры актыўнай ацэнцы школьнікі рэдка атрымліваюць адзнакі, а намнога часцей – зваротную інфармацыю ад настаўніка ці аднакласнікаў.
Вельмі важным момантам з’яўляецца ўменне фармуляваць ключавыя пытанні. Ключавыя пытанні схіляюць навучэнцаў да мыслення. Дзякуючы правільнай фармулёўцы, яны паказваюць навучэнцам больш шырокі кантэкст праблемы, заахвочваюць да пошуку адказаў і больш актыўнага ўдзелу ў працэсе навучання. У гэтай сувязі, як адзначае Данута Стэрна, трэба развіваць уменні задаваць пытанні. Пры актыўнай ацэнцы пытанні аб’ядноўваюць усіх навучэнцаў дзеля пошуку вырашэння ўзнятай настаўнікам праблемы.
Зваротная сувязь з’яўляецца асноўным кампанентам актыўнай ацэнкі. Замест адзнакі настаўнік каменціруе дзейнасць навучэнца на занятках. Як заўважыла Дэнута Стэрна, добры водгук – гэта сапраўднае мастацтва, і ён заўсёды павінен уключаць у сябе чатыры элементы: акцэнт на добрых элементах вучнёўскай дзейнасці; адзначэнне таго, што павінна быць выпраўлена ці над чым трэба папрацаваць дадаткова; падказкі, як гэта можна зрабіць; парады наконт далейшых напрамкаў дзейнасці навучэнца. Зваротная сувязь павінна быць цесна звязана з раней вызначанымі крытэрыямі ацэнкі.
Яшчэ пры актыўнай ацэнцы практыкуецца метад узаема- і самаацэнкі. Навучэнцы – на аснове вызначаных крытэрыяў ацэнкі – узаемна праглядаюць работы адно аднаго і даюць парады па іх паляпшэнні. Гэта мае двайное значэнне: з аднаго боку, навучэнец добра разумее аднакласніка, бо сам рашаў тую ж задачу, а з другога боку, вучыцца ў яго. Самаацэнка дазваляе навучэнцам знайсці адказы на пытанні: што я ўжо ведаю? над чым яшчэ павінен папрацаваць? што варта змяніць у сваім спосабе навучання? якія рашэнні мне давядзецца прыняць у будучыні?
Гучныя заняткі
Ад тэарэтычных выкладак пяройдзем да практычных. Каб даведацца, як жа гэты метад працуе, я звязалася з арганізатарам таго цікавага і нетрадыцыйнага пасяджэння метадычнага аб’яднання настаўнікаў гуманітарнага цыкла, якое праходзіла ў Глыбоцкім раёне. Ганна Рыгораўна Піскуновіч, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама, настаўніца беларускай новы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Глыбокага імя П В.Сухога, з ахвотай падзялілася сваім меркаваннем.
«Свае разважанні пра актыўную ацэнку пачну з яўрэйскай прыказкі: “Не вучыце дзяцей так, як вучылі вас. Яны нарадзіліся ў іншы час”. Гэта прыказка з’яўляецца ключавой у маёй педагагічнай найдзейнасці. Яна матывуе мяне на пошукі форм і метадаў навучання, які паспрыяюць не тольк засваенню ведаў, але і выхаванню навучэнца асобай сацыяльнай, свабоднай, здольнай жыць у грамадстве і адчуваць адказнасць за сваё ўласнае жыццё (у школе – за сваё навучанне).
Метад актыўнай ацэнкі мне, як настаўніку, спадабаўся сістэмай работы на занятках. Гэты метад у сучасных умовах і з сучаснымі дзецьмі дазваляе працаваць у рэчышчы іншых падыходаў, хаця насамрэч усё, да чаго звяртаецца настаўнік пры актыўнай ацэнцы, даўно ўсім вядома. Гэты метад усе нашы педагагічныя веды і ўменні прывёў у сістэму. Кожны элемент метаду штохвілінна падтрымлівае цікавасць у кожнага навучэнца ў класе.
Менавіта апошняе мне вельмі спадабалася, калі пазнаёмілася з метадам упершыню.
У мінулым годзе я выкарыстоўвала толькі некаторыя элементы метаду актыўнай ацэнкі, а сёлета перайшла на яго поўнасцю. А пачынала з такіх элементаў, як непадыманне рукі і крытэрыі ацэнкі – «наштобузу» (напрыклад, на ўроку літаратуры ў 5 класе па тэме «Параўнанне народнай і літаратурнай легенды» «наштобузу» – гэта:
1. Удакладню аўтарства легенд.
2. Вызначу адрозненні і падабенствы легенд па 6 крытэрыях падчас работы ў групах.
3. Буду ведаць, што такое плагіят.
4. Змагу сказаць, ці з’яўляецца легенда Максіма Танка плагіятам.
Замест непадымання рукі я на картках напісала імя і прозвішча кожнага навучэнца. Гэтыя карткі складваюцца ў шклянку, адкуль пры неабходнасці адказу на пастаўленае пытанне дастаецца картка з прозвішчам, і гэты вучань адказвае. Прычым ласля агучвання пытання абавязкова даецца час для яго абдумвання або абмеркавання ў парах ці групах.
Такі падыход не ўводзіць дзіця ў стрэсавую сітуацыю, бо даецца магчымасць падумаць, абмеркаваць. Мне вельмі падабаецца работа ў парах, яна дапамагае дзецям зняць напружанне. Нават калі адзін нечага не ведае, то другі абавязкова падкажа. Мае дзеці гэты прыём ужо добра ведаюць, таму рыхтуюцца ўсе. Сёлета ў мяне карткі з прозвішчамі ў кожным класе маюць свой колер.
Канечне, спачатку было няпроста і мне, і дзецям. Яны не ўмелі працаваць у парах, даваць адно аднаму парады. Затое цяпер, калі на дошцы не напішу «наштобузу», то засыплюць пытаннямі «Чаму няма?» і «А як мы будзем сёння працаваць?». Калі ж крытэрыі ацэньвання дакладна прапісаны, то дзеці працуюць мэтанакіравана. Трэба адзначыць, што і бацькі ўключыліся ў работу і пільна сочаць за вучэбнай дзейнасцю сваіх дзяцей», – расказала Ганна Рыгораўна.
Зараз настаўніца метад актыўнай ацэнкі выкарыстоўвае ў некалькіх класах, і да яе на ўрок заўсёды нехта прыходзіць. Спачатку здзіўляюцца, а затым гавораць кампліменты. Усе звяртаюць увагу на тое, што заняткі ў Ганны Рыгораўны вельмі гучныя. Навучэнцы ўвесь час гавораць, але гэта нікому не замінае, бо адбываецца не проста гаворка, а вучэбная гаворка. Дзеці здабываюць веды самі, а педагог толькі накіроўвае да крыніц інфармацыі.
Зразумела, ацэнкі і адзнакі ў выхаванцаў Г.Р.Піскуновіч розныя. Усё залежыць ад віду і якасці выкананай работы. «Напрыклад, даю дамашняе заданне і для яго «наштобузу». На наступным уроку магу выцягнуць пяць прозвішчаў са шклянкі і праверыць, як яны справіліся з заданнем (у адпаведнасці з крытэрыямі). Гэтак жа можна праверыць і ацаніць класную работу. Пры рабоце ў групах ёсць лісты самакантролю, таму тут таксама ёсць магчымасць ацаніць. Часта звяртаюся да ўводных і выніковых тэстаў», – адзначыла Ганна Рыгораўна.
Падсумоўваючы, мая суразмоўца адзначыла, што метад актыўнай ацэнкі дапамог актывізаваць навучэнцаў у адносінах да чытання поўных тэкстаў мастацкіх твораў, у тым ліку і са спіса для пазакласнага чытання. Значна палепшыліся адзнакі і за кантрольныя дыктанты па беларускай мове. А яшчэ з 26 сёлетніх пяцікласнікаў Ганны Рыгораўны 20 адзначылі, што для іх самым цікавым і значным прадметам з’яўляецца беларуская мова і літаратура. «Усё таму, што менавіта навучэнцы, а не настаўнік, на ўроку галоўныя. Мая асноўная задача – падрыхтаваць урок так, каб кожны ў класе адчуваў, што настаўнік дае яму магчымасць максімальна выкарыстаць свой патэнцыял і дасягнуць высокіх паказчыкаў», – заўважыла Ганна Рыгораўна Піскуновіч.
Метад актыўнай ацэнкі цікавіць усё большую колькасць настаўнікаў. Прынамсі, у Глыбоцкім раёне ў гэтым годзе працуюць дзве адпаведныя метадычныя лабараторыі, адну з якіх вядзе Г.Р.Піскуновіч. У лабараторыях займаецца 31 настаўнік. А Таварыства беларускай школы пачало рэалізацыю пілотнага курса дыстанцыйнага навучання метаду актыўнай ацэнкі. Зараз ідзе першы модуль. На курсе вучацца 60 настаўнікаў.
«Праект пілотны, і мы самі яшчэ вучымся, – тлумачыла Тамара Пятроўна Мацкевіч, намеснік старшыні таварыства 6епарускіх школ. – Курс разлічаны на 6 месяцаў і заснаваны на прынцыпе роўны вучыць роўнага. У якасці ментараў выступаюць педагогі, якія ўжо засвоілі метад актыўнай ацэнкі. Курс практыка-арыентаваны, з невялікай тэарэтычнай часткай. Навучэнцы курса кожныя тры тыдні будуць атрымліваць невялікі дыдактычны матэрыял, напрыклад, па вызначэнні зваротнай сувязі паміж навучэнцам і настаўнікам, і заданне, якое неабходна выканаць у сваім класе. Па выніках настаўнікі пішуць невялікія справаздачы. А ўжо затым у работу ўключаюцца ментары, якія з дапамогай актыўнай ацэкі пракаменціруюць выкананыя заданні. За заданні балы не ставяцца. Тут галоўны вынік – набыццё практычных уменняў і навыкаў».
Вольга Дубоўская, dubowska@ng.press.by
Настаўніцкая газета 15 снежня 2012 г.
Актыўная ацэнка – актыўны вучань
26.12.2012