Апошні тэрмін – 23 чэрвеня 2013 г.
Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праекта «Рэгіён, які навучаецца: адукацыя для ўсіх пакаленняў» запрашаюць да ўдзелу ў летніку-трэнінгу «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі», які пройдзе з 1 па 6 ліпеня 2013 г. на базе пад Мінскам.
Мэтай летніка з’яўляецца павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці ўдзельнікаў у сферы распрацоўкі адукацыйных праграм для моладзі, пашырэнне спектру моладзевых праграм і паляпшэнне іх якасці.
Падчас летніка-трэнінгу ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэарэтычнымі і практычнымі аспектамі дызайну адукацыйных праграм, навучацца эфектыўна прымяняць інтэрактыўныя формы і метады навучання, змогуць распрацаваць уласныя адукацыйныя праграмы для далейшай працы са сваімі мэтавымі аўдыторыямі.
Навучанне па праграме летніка-трэнінгу будзе карысна для
• трэнераў і арганізатараў праграм нефармальнай адукацыі для моладзі;
• прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, зацікаўленых у новых метадах працы з дадзенай мэтавай групай;
• спецыялістаў сферы адукацыі, зацікаўленых у новых падыходах і метадах працы.
Для больш эфектыўнай працы падчас летніка-трэнінгу ўдзельнікам пажадана мець з сабой лэптоп.
Адбор удзельнікаў адбываецца на конкурснай аснове. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 23 чэрвеня запоўніць электронную анкету-заяўку. Арганізатары забяспечваюць праезд з Мінска да базы адпачынку, пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у каардынатара летніка-трэнінгу праз shkola.adukatara@gmail.com .
Праграма летніка-трэнінгу «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі»
1 ліпеня: Што такое эфектыўная адукацыйная праграма?
Першы дзень скіраваны на знаёмства ўдзельнікаў, выяўленне іх асабістых чаканняў ад курсу і бачання таго, якая праграма з’яўляецца эфектыўнай і якія фактары вызначаюць яе паспяховасць.
Таксама будзе прэзентаваная мадэль дызайну адукацыйнай праграмы Канстанц Болдуін, якая дазваляе паглядзець на адукацыйную праграму цэласна, з улікам яе асноўных кампанентаў і ключавых падыходаў да распрацоўкі і рэалізацыі.
Асноўныя зместавыя блокі дня:
• Знаёмства ўдзельнікаў;
• Выяўленне чаканняў ад курса;
• Выяўленне наяўнага ў удзельнікаў досведу ў галіне дызайну праграм і ўяўленняў аб эфектыўнай адукацыйнай праграме;
• Уводзіны ў тэму: што неабходна ведаць і ўмець, каб распрацаваць эфектыўную адукацыйную праграму?
2 ліпеня: Якім чынам структурныя элементы праграмы павінны быць звязаныя паміж сабой?
У другі дзень удзельнікі даведаюцца, як можа выглядаць праграма, пабудаваная ў логіцы кампетэнтнаснага падыходу і якім чынам зрабіць гэтае навучанне найбольш якасным.
Асноўныя зместавыя блокі дня:
• Знаёмства з кампетэнтнасным падыходам: адрозненні ад традыцыйнага, паняцце «кампетэнтнасць»;
• Цыкл навучання з дапамогай метаду Д.Колба як аснова праграм нефармальнай адукацыі.
3 ліпеня: Як улічыць патрэбы мэтавай групы?
Дзень скіраваны на ўкладанне карты патрэбаў моладзі як асноўнай мэтавай групы, з якой працуюць удзельнікі трэнінгу, і на пастаноўку мэтаў і задач адукацыйных праграм у адпаведнасці з крытэрамі кампетэнтнаснага арыентаванага навучання і патрэбаў мэтавай групы.
Асноўныя змястоўныя блокі дня:
• Моладзь як мэтавая група: патрэбы і метады іх вывучэння;
• Мэтавызначэнне ў адукацыйных праграмах: таксанамія Б.Блюма, SMART.
4 ліпеня: Як арганізаваць працэс навучання цікава і змястоўна?
Дзень дасць магчымасць пазнаёміцца з класіфікацыяй розных метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў нефармальнай адукацыі, і з прынцыпамі іх адбору, якія дазваляюць якасна і збалансавана арганізаваць працэс навучання «з дапамогай досведу».
Асноўныя зместавыя блокі дня:
• Класіфікацыя інтэрактыўных метадаў навучання па IAF (International Association of Facilitators);
• Крытэрыі адбору метадаў для праграм нефармальнай адукацыі;
• Метадычная лабараторыя ўдзельнікаў (дазволіць удзельнікам трэнінгу стаць на пазіцыю трэнераў і самастойна правесці шэраг метадаў з наступным абмеркаваннем).
5 ліпеня: Як сабраць усё вывучанае разам?
Дзень цалкам прысвечаны распрацоўцы ўдзельнікамі праектаў сваіх адукацыйных праграм.
Для працы пажадана мець з сабой лэптопы з усёй неабходнай для працы інфармацыяй.
6 ліпеня: Прэзентацыя праектаў праграм удзельнікаў і рэфлексіі летніка-трэнінгу
Удзельнікі прадэманструюць свае праекты адно аднаму і будуць мець магчымасць выбраць праграму-пераможцу.
Паводле adukatar.net
Летнік «Распрацоўка праграмы нефармальнай адукацыі для моладзі»
12.06.2013