Нядаўна ў СМІ прайшла інфармацыя пра рэгістрацыю на цэнтралізаванае тэставанне. Толькі 33564 ўдзельнікі цэнтралізаванага тэставання абралі беларускую мову, а на рускую мову зарэгістраваліся 83829 чалавек. Беларускую мову такім чынам абралі 28,59%.
Аднак сітуацыя ў рэгіёнах некалькі іншая. Так у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую – 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%.
У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці – безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.
Усяго выпускнікоў у Лідскім раёне сёлета 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Аднак яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па выбару. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што складае 70,41%. Да слова ў якасці экзамену па выбару рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую. Такім чынам, Лідскі раён сітуацыю моцна пагоршыць не мог.
Летась на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Сёлета адбылося падзенне на 5,5 %. Паводле ацэнкі старшыні Камітэта народнага кантролю па Лідскім раёне спадара Клімовіча, гэта – правал. Усе чакалі лепшых паказчыкаў. Спадар Клімовіч акрэсліў і прычыны. На яго думку некаторыя дзеці спужаліся новай беларускай арфаграфіі, ну а падзенне колькасць беларускамоўных класаў – з’ява агульнавядомая.
Аднак тое, што прадстаўнікі лідскіх уладаў лічаць гэтыя 5,5% правалам, якраз і ўсяляе пэўную надзею на паляпшэнне сітуацыі. Грамадства на Лідчыне і ў прылеглых раёнах здаровае, цалкам вярнуць пазіцыі беларускай мовы тут зусім рэальна. Кропка незвароту яшчэ не пройдзена.
«Наша слова» № 26 ад 26.06.2013 г.
Беларускамоўнае навучанне на Лідчыне: Кропка незвароту яшчэ не пройдзена
25.06.2013