Дзейнасць Таварыства беларускай школы

28.08.2013

На працягу амаль усяго перыяду акупацыі Польшчай заходнебеларускіх земель (1921–1939 гг.) у грамадскiм жыццi беларусаў вялкую ролю адыгрывала Таварыства беларускай школы – культурна-асветнiцкая, а затым i рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганiзацыя.


Датай стварэння Таварыства беларускай школы лiчыцца 22 лютага 1922 года, калi на адным з паседжанняў Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вiльні была прынята пастанова стварыць спецыяльнае Таварыства беларускай школы, якому ЦБШР перадасць свае паўнамоцтвы і маёмасць.

Праз некаторы час быў зацверджаны статут ТБШ. Галоўны напрамак дзейнасцi арганiзацыi вызначаўся як «развiццё беларускiх школ i беларускай асветы навогул». Згодна з палажэннем статута, ТБШ мела права адкрываць i ўтрымлiваць народныя школы, праводзiць курсы для непiсьменных дарослых, утрымлiваць настаўнiцкiя семiнарыi, бiблiятэкi, аказваць вучэбна-метадычную i грашовую дапамогу.

Наогул ля вытокаў ТБШ cтаялi Б. Тарашкевiч, А. Луцкевiч, А. Трэпка i iнш. Стварэнне Таварыства на Вiленшчыне стала магчымым з-за таго, што менавiта ў гэтым краі была сканцэнтравана пакуль яшчэ нешматлiкая беларуская iнтэлігенцыя.

Пасля далучэння Вiленскага края да Польшчы як лагiчны вынiк пачаўся наступ на беларускую асвету. Але нават у такiх цяжкiх умовах была наладжана кнiгавыдавецкая дзейнасць. Акрамя таго, 11–14 красавiка 1923 года адбыўся з’езд педагогаў беларускіх гімназій. У адной з прынятых на ім рэзалюцый адзначалася, што мэта беларускай школы ёсць выхаванне iнтэлігента. Але з-за ўцiску з боку ўлад такiя з’езды не ўдавалася ладзіць рэгулярна.
Па выніках выбараў у польскі сейм у лістапа-дзе 1922 года беларускія дэпутаты стварылі фракцыю пад назвай Беларускі пасольскі клуб. Сярод яе членаў былі і сябры ТБШ: Б. Тарашкевiч, П. Мятла i iншыя. Такім чынам, пачынаючы з гэтага часу, адстойванне iнтарэсаў беларускай асветы пачалося з трыбуны парламента.

Першым гуртком ТБШ у Беларусі быў гурток, заснаваны Браніславам Тарашкевічам у Радашковічах 7 снежня 1921 года.

Асветніцкая дзейнасць Таварыства беларускай школы паступова распаўсюджвалася на заходнебеларускiя землі. Адбывалася тое ў першую чаргу дзякуючы паслам i cенатарам, якiя заклiкалi насельніцтва падаваць дэкларацыi аб адкрыццi беларускiх школ. Менавiта яны iмкнулiся пераканаць народ у тым, што толькi школа на роднай мове зможа забяспечыць неўмiручасць народа. Іхняя праца мела свой уплыў. Як сведчыць справаздача кiраўнiка Палескага ваяводства за кастрычнiк 1923 года: «у большасцi паветаў беларускае насельнiцтва ставiцца непрыхiльна да польскiх школаў». Разам з тым грамадзяне актыўна падавалі заявы на адкрыццё беларускiх школ. Напрыклад, на сакавiк 1925 года ЦШР зарэгicтравала 6524 дэкларацыі аб навучаннi больш за 9,5 тысяч дзяцей. З кожным годам гэтая лічба ўзрастала.

Паступова праходзiў працэс станаўлення Таварыства беларускай школы. Пад уплывам і кіраўніцтвам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), беларускага пасольскага клуба «Змаганне», а таксама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, ТБШ ператварылася ў масавую арганізацыю. 3 1926 года яна атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах. Грамадаўскі ўздым са-дзейнічаў складванню прынцыпаў арганізацыйнай пабудовы, асноўных форм і метадаў работы ТБШ.
У верасні 1926 года адбыліся выбары галоўнай управы і кантрольнай рады ТБШ. У склад галоўнай управы ўвайшлі Б. Тарашкевіч, П. Мятла і іншыя. Старшынёй быў назначаны Р. Астроўскі.

Да канцы 1926 года ўзнікла каля 250 гурткоў, у арганізацыю уступілі амаль 3,5 тысячы чалавек.

Сябры ТБШ вялі плённую працу. Яны арганізоўвалі курсы для настаўнікаў, аказвалі матэрыяльную і навучальна-метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і іншым беларускім гімназіям, пачатковым школам, нелегальна накіроўвалі моладзь на вучобу за мяжу, у т. л. у БССР.

ТБШ адкрывала народныя дамы, бібліятэкі, наладжвала працу гурткоў творчай самадзейнасцi, удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 года ў Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы). Многія выдадзеныя кнігі не страцілі сваёй актуальнасці нават у наш час. Сярод іх «Хрэстаматыя беларускай лiтаратуры XI в. – 1905 год» І. Дварчаніна, «Геаграфiя Беларусi» А. Смолiча, кнiга А. Луцкевiча «Як вучыць у новай школе», якая можа з’явіцца карыснай для сучаснага настаўнiка. Менавiта ў ёй аўтар апiсаў, якiм павiнен быць сапраўдны педагог.

Прыклад дзейнасцi аднаго з гурткоў Таварыства беларускай школы прасочваецца ва ўспамінах яго ўдзельніка – жыхара вёскі Блудзень Пружанскага павета: «Мы организовали библиотеку ТБШ в деревне Блудень, а также кружок самодеятельности, ставили спектакли в деревне Блудень, выезжали ставить спектакли в деревню Осовцы и в деревню Бармуты, разыгрывали пьесы «Батраки», «Збянтэжаны Саўка» и др. пьесы, разыгрывали пьесы на белорусском языке».

А вось яшчэ ўспаміны актыўнага арганізатара гурткоў ТБШ на Слонімшчыне – А. К. Ля-бецкай: У Слоніме мы паставілі ў памяшканні, дзе пасля вайны знаходзіўся народны дом, «Паўлінку» Янкі Купалы. Першая беларуская п’еса ў народным доме! І ставілі яе вясковыя дзяўчаты і хлопцы, «хамы», як называлі нас польскія паны.

Усё гэта было незвычайным у тыя часы. Нашы спектаклі і песні па-рэвалюцыйнаму дзейнічалі на гледачоў».

У сваю чаргу, польскія афіцыйныя ўлады не былі зацікаўлены ў развіцці беларускай асветы і культуры. Імі чынiлiся ўсялякiя перашкоды на шляху дзейнасці ТБШ. Так, была створана апазiцыйная да Беларускага пасольскага клуба палiтычнае аб’яднанне “Беларуская часовая рада”, якая iмкнулася ўзяць у свае рукi пытанне беларускай асветы. Разам з тым фактычна фікцыяй стаў прыняты 31 лiпеня 1924 года польскiм урадам закон аб мове i арганiзацыi школьнай справы. Ён быццам бы павiнен быў змянiць у лепшы бок становiшча нацыянальных меншасцей у Польшчы. Але, як казаў Б. Тарашкевiч, прымаўся закон «дзеля саспакаення Еўрапейскай грамадскасцi» i пад нажымам Лiгi нацый.

Такім чынам, на сваiм першым этапе iснавання Таварыства беларускай школы ўяўляла сабой арганiзацыю з культурна-асветнiцкай накіраванасцю. Наконт гэтага ў адной са справаздач Вiленскага аддзела бяспекi адзначалася: «У першыя гады icнавання ТБШ не назiралася выпадкаў антыдзяржаўнай дзейнасцi, акрамя той, якую яна праводзiла ў галiне асветы».
З 1927 года ў дзейнасці ТБШ пачынаецца новы этап. З гэтага часу арганізацыя перастае iснаваць як выключна асветнiцкая, бо ў выніку разгрому БСРГ рэжымам «санацыi» ў студзенi-лютым 1927 года шмат уцалелых ад ганенняў членаў Грамады пачало пераходзіць у гурткi ТБШ. БСРГ загадзя паклапацiлiся аб пераўтварэннi яе ў «другую лiнію акопаў». У Навагрудскiм, Косаўскiм, Гродзенскiм, Слонiмскiм паветах, дзе iснавалi шматлiкiя i актыўныя арганiзацыi Грамады, адбылося найбольш значнае пашырэнне сеткi гурткоў. Праз іх вялі агітацыю леварадыкальная палітычныя сілы – КПЗБ і непасрэдна клуб «Змаганне», які фактычна стаў неафіцыйнай парламенцкай фракцыяй заходнебеларускіх камуністаў. Такім чынам многiя аддзелы ТБШ пачалі стварацца найперш з палiтычных мэтаў. Але разам з тым не сціхала і пашыралася культурна-асветніцкая праца. З таго часу тэрыторыя Заходняй Беларусi пачала пакрывацца сеткай бiблiятэк, чытальняў, народных дамоў. Гэты працэс не абышоў і Слонімшчыну. У грамадскiх бiблiятэках сяляне маглi азнаёмiцца з беларускiмi газетамi i часопiсамi, якія нярэдка «раскрывалі сялянам вочы». У значнай ступенi дзякуючы газетам, да нацыянальнага руху i культурна-асветнiцкай працы пачалі далучацца многiя прадстаўнiкi iнтэлігенцыi.

Найвышэйшага ўздыму культурна-асветнiцкая праца ў вёсках Гарадзеншчыны дасягнула ў 1927 годзе. Актыўную працу ў тыя часы вяла Гарадзенская акруговая ўправа ТБШ. У маi 1927 года яна прыняла пастановы аб патрэбе правядзення кампанii па барацьбе з п’янствам, утварэнні лекцыйнай секцыi, стварэнні ў кожным вясковым гуртку драматычнай секцыі і г. д. У апошняй пастанове быў такі выраз: «Спектаклi для нашай малапiсьменнай вёскi з’яўляюцца найлепшым пашырэннем мастацкай красы, якая ўведамляе чалавека i дае зразуменне жыцця».

28–29 снежня 1927 года ў Вільні адбыўся першы з’езд ТБШ. На ім была вызначана асноўная мэта дзейнасці арганізацыі – выхоўваць свядомых грамадзян з дапамогай розных форм культурна-асветніцкай работы. З’езд вырашыў дамагацца радыкальнай змены школьнага заканадаўства, адкрыцця сеткі дзяржаўных беларускіх школ і прызначэння туды беларусаў. Былі вылучаны патрабаванні аб адкрыцці дзяржаўных беларускіх гімназій у Гродне, Слоніме і іншых гарадах.

У канцы 1927 – першай палове 1928 года ў шэрагу мясцовасцей Беларусі адбыліся павятовыя з’езды ТБШ, на якіх былі створаны 12 акруговых упраў: у Баранавічах, Гродне, Лідзе, Навагрудку, Слоніме і іншых гарадах. А. К. Лябецкая апісвае гэту падзею, якая адбылася ў лістападзе ў Слоніме: «Дэлегатаў з’ехалася вельмі многа, таму мы ўзялі самае вялікае памяшканне ў горадзе – прыватны кінатэатр Ульянчыка. Паліцыя прыклала шмат намаганняў, каб сарваць з’езд, але гэта ім не ўдалося».

Вячаслаў Зайцаў, Газета Слонімская

Працяг далей