Як зрабіць змест навучання больш практыкаарыентаваным і выпусціць у жыццё канкурэнтаздольнае пакаленне? Якой павінна быць ІІІ ступень школы? Чаму ва ўстановах адукацыі не гучыць родная мова? Як дэбюракратызаваць работу школы і зменшыць папяровую нагрузку на педагогаў? Як павысіць прэстыж працы настаўніка? Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні рабочай групы па комплексным аналізе сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нарада адбылася на базе 20‑й сярэдняй школы г. Барысава, а да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаны як кіраўнікі сістэмы адукацыі, так і педагогі-практыкі, фіналісты і пераможцы апошняга і папярэдніх конкурсаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».
Сёння і заўтра
—На жаль, але мы ў апошнія дзесяцігоддзі некалькі самазаспакоіліся, і наша школа ўсё больш небяспечна пачынае адставаць ад жыцця, а ўсе спробы процістаяць гэтаму зводзяцца пераважна да закручвання гаек, да далейшай бюракратызацыі школы, усё большай рэгламентацыі дзейнасці як кіраўнікоў навучальных устаноў, так і настаўнікаў, — падзяліўся сваімі думкамі з удзельнікамі нарады кіраўнік рабочай групы, віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Анатоль ТОЗІК. — І вынік атрымліваецца з дакладнасцю да наадварот — сітуацыя яшчэ больш ускладняецца: са школы сыходзяць ініцыятыва, сыходзяць таленавітыя настаўнікі, працягвае зніжацца якасць адукацыі, а школай пачынаюць камандаваць усе запар: і Міністэрства ўнутраных спраў, і МНС, і санстанцыя, і іншыя… Мы павінны прапанаваць рашэнні, якія «разняволілі» б школу, дазволілі рыхтаваць адукаваных людзей, якія змогуць забяспечыць нашай краіне месца сярод самых паспяховых краін свету. Якая школа сёння — такая краіна заўтра.
Лічу, што мы маглі б неадкладна дэбюракратызаваць школу і забараніць умешвацца ў вучэбны працэс. Мы можам заканадаўча ўстанавіць мінімум дакументаў, якія павінен весці настаўнік, класны кіраўнік і адміністрацыя школы. Мы маглі б неадкладна забараніць розныя разнарадкі і справаздачы кшталту падпіскі на газеты і часопісы. Трэба забараніць прымусовае наведванне школьнікамі спартыўных і відовішчных мерапрыемстваў праз задзейнічанне адміністрацыйнага рэсурсу. А знімаць дзяцей з урокаў, я лічу, увогуле можна толькі ў надзвычайнай сітуацыі. І я прапанаваў бы рабіць гэта толькі з дазволу міністра адукацыі, нават калі размова ідзе пра аддаленую сельскую школу.
Сусветная культура і матэматыка
Праблема нумар адзін — зніжэнне ўзроўню падрыхтоўкі вучняў па дакладных навуках і якасць адукацыі, якая не адпавядае сучасным патрабаванням.
Намеснік міністра адукацыі Васіль БУДКЕВІЧ канстатаваў існаванне недахопаў у вучэбных праграмах і планах, недасканаласць падручнікаў і прабелы ў кадрах: дэфіцыт настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і не заўсёды высокі кваліфікацыйны ўзровень настаўнікаў-прадметнікаў.
—Матэрыял мы сёння вывучаем той жа, што і 20–30 гадоў таму, але колькасць урокаў матэматыкі ў тыдзень скарацілася ў 1,5 раза, — падзялілася сваім меркаваннем настаўніца матэматыкі з 23‑гадовым стажам 20‑й сярэдняй школы г. Барысава Фаіна ЯНУШЭЎСКАЯ. — Раней на матэматыку адводзіліся 6 гадзін у тыдзень, затым 5, а цяпер 4. Гэта значыць, што практычна на кожным уроку вывучаецца новая тэма. Пасля правядзення кантрольнай на работу над памылкамі часу не прадугледжана. Вучні вымушаны ў паскораным тэмпе «ўбіраць» у сябе веды, бо на трывалае іх засваенне і замацаванне матэрыялаў часу ў праграме няма.
—Па матэматыцы ў нас на 245 гадзін менш, чым у Расіі. А гэта, між іншым, базавы прадмет для жыцця ўвогуле, — падкрэсліў Анатоль Тозік. — У нас жа як атрымалася: калі пераходзілі на 12‑годку, вызвалілі ад урокаў суботу. А калі вярнуліся да 11‑гадовай сярэдняй школы, суботы так і засталіся свабоднымі ад урокаў. Мы кажам, што нашы дзеці перагружаны, і прыбіраем са школьнай праграмы такі важны прадмет, як «Айчынная і сусветная мастацкая культура». А сёння назіраем, як імкліва зніжаецца агульны ўзровень культуры маладых людзей… Мяркую, што трэба вярнуць у школу гэты прадмет.
Вучэбная субота?
Васіль Будкевіч лічыць, што неабходна перагледзець тыпавы план агульнай сярэдняй адукацыі і павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне матэматыкі і прадметаў прыродазнаўча-навуковага цыкла. Але за кошт чаго можна гэта зрабіць, калі не задзейнічаць суботу і не падаўжаць навучальны год? Анатоль Тозік пацікавіўся меркаваннем педагогаў наконт мэтазгоднасці скарачэння летніх канікул:
—Не ўсім спадабаецца, што я скажу, але ў нашай краіне вельмі кароткі навучальны год — 165 дзён. У еўрапейскіх краінах школьнікі вучацца на працягу года 230 дзён, у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі — 230–265 дзён. Між іншым у большасці гэтых краін — 12‑гадовая сярэдняя адукацыя і нават 13‑гадовая. Калі ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі на працягу ўсіх гадоў навучання ў школе дзеці вучацца 3120 дзён, то ў Беларусі — 1815. Амаль удвая менш! Акрамя таго, у нас дзейнічае яшчэ і абмежаванне на колькасць урокаў…
На думку педагогаў, задзейнічаць пад вучобу першы летні месяц наў-
рад ці атрымаецца. Прычын шмат: правядзенне аздараўленчай кампаніі, 56‑дзённы водпуск у педагогаў, неабходнасць падрыхтаваць да новага навучальнага года школу і кабінеты… А вось вяртанне суботы ў школьны расклад многія расцэньваюць станоўча. Свабодную ад урокаў суботу прапануецца пакінуць толькі ў пачатковай школе і для вучняў 5‑х класаў, паколькі гэта год адаптацыі малодшых школьнікаў да новых патрабаванняў.
Старшая школа — не для кожнага
Яшчэ адзін дыскусійны момант — увядзенне парога пры адборы вучняў у старшую школу.
—Па выніках рэспубліканскага маніторынгу, 77% педагогаў і 65% бацькоў лічаць магчымым увядзенне абмежаванняў пры прыёме навучэнцаў у 10‑ы клас, — паведаміла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — Пераход да наступнай ступені адукацыі мэтазгодна рабіць на аснове незалежнай выніковай атэстацыі. Да падобнай практыкі паступова пераходзяць у суседніх дзяржавах. У прыватнасці, у Расійскай Федэрацыі ўводзіцца абавязковая дзяржаўная выніковая атэстацыя дзевяцікласнікаў, якая ажыццяўляецца на незалежнай аснове.
У цяперашніх выпускных экзаменах за курс базавай школы, якія право-
дзяць «свае» настаўнікі, ніхто сэнсу не бачыць. Але ёсць і іншая прапанова — дапускаць у 10‑ы клас вучняў згодна з сярэднім балам пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Сярэдні бал пасведчання павінен быць не ніжэй за 6 балаў, а адзнакі па профільных дысцыплінах — не ніжэй за 7 балаў.
Узнікла пытанне: як быць у такім разе з гімназістамі, якія ўжо здавалі іспыты пры паступленні ў гімназію? Ці арганізоўваць для іх дадатковы допуск у 10‑ы клас?
—Няма ніякай гарантыі, што вучань, які добра вучыўся ў 5‑м класе, будзе таксама добра вучыцца і ў 9‑м, — падзялілася сваімі думкамі настаўніца біялогіі Смаргонскай гімназіі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года —2006» Ірына КЛЯВЕЦ. — Калі мы кажам пра трэцюю ступень як пра акадэмічную, як пра падрыхтоўку да навучання ў ВНУ, то на старшую ступень гімназіі павінны трапляць толькі тыя вучні, якія здольны працаваць і засвойваць яе праграму. Па маіх назіраннях, гэта прыкладна 50 працэнтаў. Астатнія 50 працэнтаў гімназістаў педагогі спрабуюць штучна падцягнуць і паставіць ім тую адзнаку, якую хацела б бачыць адміністрацыя. Адміністрацыя і аддзел адукацыі зацікаўлены ў тым, каб быў нейкі прыстойны сярэдні бал, а заложнікам сітуацыі аказваецца педагог. Калі вучань ведае на «5», а атрымлівае «7», то гэта яго вельмі разбэшчвае і прыніжае настаўніка, які хацеў бы ацэньваць адэкватна.
У выніку ў нас складваецца заганная сістэма: да 11‑га класа мы атрымліваем прыстойны ўмоўны сярэдні бал, але затым нашы вучні спрабуюць здаваць ЦТ, атрымліваюць мінімальны бал і ідуць з гэтым балам у ВНУ.
Адзнакі замест «зорачак»
Пераход на профільнае навучанне на старшай ступені школы — гэта ўжо, так бы мовіць, вырашанае пытанне. Нацыянальны інстытут адукацыі прапануе чатыры профілі: гуманітарны, прыродазнаўча-навуковы, сацыякультурны і тэхніка-тэхналагічны. Да слова, больш за палову апытаных бацькоў і педагогаў (54% і 56% адпаведна) падзяляюць думку пра тое, што профільнае навучанне ў старшых класах можа стаць альтэрнатывай рэпетытарству.
Раіса Сідарэнка звярнула ўвагу на тое, што перш чым пераходзіць на профільнае навучанне, кожнай навучальнай ўстанове трэба дасканала прааналізаваць, ці могуць там быць забяспечаны ўмовы для гэтага. У першую чаргу — наяўнасць высокапрафесійных педагагічных кадраў, здольных рэалізоўваць праграму профільнага навучання, сучасная вучэбна-матэрыяльная база, вучэбна-метадычнае суправаджэнне. Натуральна, што на пераходным этапе агульнаадукацыйныя класы захаваюцца.
На пасяджэнні рабочай групы было ўзнята і пытанне безадзнакавага навучання ў пачатковай школе. Амаль усе прысутныя сышліся ў меркаванні, што адзнакі трэба вяртаць.
—Без выстаўлення адзнакі ў дзённік цяжка растлумачыць бацькам, на якім узроўні развіцця знаходзіцца іх дзіця. Акрамя таго, пры безадзнакавым навучанні дакументацыя для вядзення настаўнікамі павялічваецца на парадак. Акрамя класнага журнала, настаўнік запаўняе яшчэ адзін журнал сістэматычнага ўліку ведаў, уменняў і навыкаў, — кажа настаўніца пачатковых класаў Барысаўскай сярэдняй школы № 20 Святлана БЯЛОЦКАЯ. — Я лічу, што адсутнасць адзнакі па выяўленчым мастацтве, працоўным навучанні, фізічнай культуры, музыцы зніжае ў дзіцяці імкненне прыкласці намаганні для дасягнення выніку навучання, губляецца інтарэс да прадмета. Мэтазгодна было б выкарыстоўваць безадзнакавае навучанне толькі ў першым класе, а з другога класа выкарыстоўваць адзнакі.
Праблема для вырашэння
Анатоль Тозік выказаў заклапочанасць станам беларускай мовы ў нашых школах:
—Мяркую, гэта дастаткова сур’ёзная праблема. Пойдзе беларуская мова са школы — яна пойдзе і з нацыі. І нацыя пераўтворыцца ў насельніцтва. Апошнім часам на гэта некалькі разоў звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. Я лічу, што трэба абавязкова здаваць і беларускую, і рускую мову, а не прадастаўляць выпускнікам і абітурыентам выбар, як гэта робіцца зараз. Магчымасць выбару якраз і прывяла да таго, што на ЦТ беларускую мову ў апошні год здавалі толькі 15% ад агульнай колькасці абітурыентаў. Калі так пойдзе і далей, то Беларусь можа аказацца нацыяй, якая добраахвотна адмовілася ад нацыянальнай мовы і страціла яе. А як можна зразумець, што гісторыя Беларусі выкладаецца ў нас на рускай мове? Я лічу, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае сярэднюю і базавую адукацыю, павінен валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі ў роўнай ступені. Трэба ліквідаваць раздзяленне школ на беларускамоўныя і рускамоўныя. Гэта ўсё нашы беларускія школы, таму там павінны прысутнічаць у роўнай ступені і беларуская, і руская мовы. Наша бяда ўжо нават не ў тым, што дзеці не могуць ці не жадаюць размаўляць на беларускай мове. Сітуацыя нашмат горшая: яны ўжо страцілі здольнасць да беларускага вымаўлення, якая закладваецца ў раннім дзяцінстве. Яны не чуюць беларускай мовы…
На пасяджэнні прагучала думка, што беларуская мова стала для многіх амаль што замежнай, таму падыходзіць да яе выкладання трэба як да выкладання замежнай мовы і дзяліць у пачатковай школе класы на меншыя групы. А беларускамоўнае асяроддзе трэба ствараць яшчэ ў дашкольных установах адукацыі.
—Для пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйным працэсе трэба забяспечыць выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове, — прапанаваў Васіль Будкевіч. — Забяспечыць падрыхтоўку і выданне інструктыўна-метадычных лістоў, каляндарна-тэматычнае планаванне па кожным з гэтых вучэбных прадметаў, контурных карт і атласаў, рабочых сшыткаў на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай. І, галоўнае, забяспечыць вывучэнне беларускай і рускай моў у пачатковай школе ў роўным аб’ёме вучэбных гадзін.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Мінск — Барысаў — Мінск
Якія яшчэ прапановы прагучалі на пасяджэнні рабочай групы:
—зрабіць дырэктараў устаноў адукацыі дзяржаўнымі служачымі;
—увесці льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля для педагогаў або ўвесці для педагогаў ільготную іпатэку (у Расіі практыкуецца іпатэка для педагогаў тэрмінам на 10 гадоў, што дазваляе ўтрымаць у галіне спецыялістаў);
—выдзяляць для педагогаў ільготныя пуцёўкі для санаторна-курортнага аздараўлення хоць бы раз на тры гады;
—павялічыць аплату класнага кіраўніцтва да паловы стаўкі;
—павялічыць аплату за праверку сшыткаў і дыферэнцыяваць яе ў залежнасці ад напаўняльнасці класа (зараз аплачваюцца максімум 2 гадзіны такой работы ў тыдзень; такім чынам, на праверку аднаго сшытка настаўніку даецца ад 25 да 40 секунд);
—устанавіць парогавы бал для залічэння ў гімназію — не менш як 45;
—праводзіць конкурс на вакантныя месцы педагогаў у гімназіі;
—перагледзець змест лепшых савецкіх падручнікаў на прадмет іх адаптацыі да сучасных умоў.
Надзея Нікалаева, Звязда