Беларуская мова: Чужая сярод сваіх

20.02.2016

Вольга Хвоін, Новы час

Для чалавека, які ў 1990-я гады атрымліваў сярэднюю адукацыю па-беларуску, мне не зразумела, чаму ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь наогул паўстае пытанне мовы выкладання?

Вестку з Мінадукацыі пра тое, што ў школах будуць выкладаць роўную колькасць гадзін рускай і беларускай моваў, частка нашага грамадства ўспрыняла як рэдкае пазітыўнае рашэнне чыноўнікаў. Але ж ва ўсім гэтым праглядаецца суцэльны сумны парадокс: беларускамоўныя грамадзяне Беларусі сталі гасцямі ў сваёй краіне.

Нагадаем, з наступнага навучальнага года чакаецца, што, «пачынаючы з другога класа, незалежна ад мовы навучання, будзе вы­дзелена аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне рускай і беларускай моваў і літаратуры». Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна. Праз год пасля гэтага такая практыка будзе прымяняцца ў другім-трэцім класах, праз два гады — у другім, трэцім і чацвёртым класах і г.д. да адзінаццатага класа. Мяркуецца, што цалкам пераход да аднолькавай колькасці гадзін рускай і беларускай моваў у школах завершыцца ў 2025–2026 навучальным годзе.

У 1994–1995 навучальных гадах прыкладна 75% першакласнікаў пайшлі ў класы з беларускай мовай навучання. Каля 40% ад агульнай колькасці школьнікаў вучыліся па-беларуску. Пасля рэферэндуму 1995 года, пасля якога рускай мове быў абяцаны «такі ж статус», як і беларускай, руская мова імкліва пачала заваёўваць сабе прастору.

І вось ужо ў 2012–2013 навучальным годзе 83% школьнікаў атрымлівалі адукацыю на рускай мове, і толькі 17% (пераважна ў сельскай мясцовасці) — на беларускай.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на рускай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з усяго навучальнага цыкла, у 2014/2015 гадах навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў — гэта 41%, на рускай мове — каля 212 тысяч — гэта 58%.

Цалкам на беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013/2014 гадах іх было 600, а ў 2012/2013 гадах — 700, што складала 0,2 %.

У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове ў 2014/2015 гадах выхоўваліся 43 тысячы дзяцей (10%). На рускай мове — амаль 368 тысяч дзяцей, ці 90%.

У 1989 годзе беларускі мову роднай назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў незалежнасці ў 1999-м — ужо 73,7%, а падчас перапісу 2009 года — 53% рэспандэнтаў.

Беларуская мова паступова знікла з чыноўніцкіх прамоваў, бланкаў справаводства, тэлебачання, страціла ўтылітарную функцыю. Усе Кодэксы ў Беларусі прынятыя на рускай мове — адсутнасць заканатворчасці на беларускай мове з’яўляецца непераадольнай перашкодай для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў беларускамоўнымі грамадзянамі ў судзе і іншых дзяржаўных органах.

Беларускай мове адвялі эстэтычную ролю, зрабілі мовай пэўнага сегменту культуры. Так, можна паглядзець на гэта з пазітыўнага боку, маўляў, беларуская — цяпер мова эліты, белай косткі нацыі. Але такое сегментаванне істотна звузіла месцы выкарыстання і кола носьбітаў. Культура, ды яшчэ і па-беларуску, — далёка не першая патрэба нашага чалавека.

І атрымалася так, што мова тытульнай нацыі цяпер не ёсць зручнай і з маральнага боку, бо яе носьбіт аўтаматычна становіцца аб’ектам пільнай увагі. Калі вы — беларускамоўны чалавек і жывяце ў горадзе, чакайце цікаўных позіркаў, пытанняў: «А вы всегда говорите по-беларусски?», «А дома тоже?». Будзем шчырыя, нават маўкліва скіраваныя ў спіну позіркі чаргі пасля слоў «калі ласка» не дадаюць камфорту. Хіба што чалавек мае асаблівую цвёрдасць характару і глыбокія перакананні ў слушнасці свайго выбару.

У сеціве, нярэдкія адкрыта негатыўныя ацэнкі падчас абмеркавання моўных пытанняў. Абавязкова знойдзецца пара-тройка ярых праціўнікаў беларускай мовы, якія апелююць акурат да абсалютнай непрыдатнасці мовы ў штодзённым жыцці — прывітанне ўладам, якія выціснулі беларускую мову са справаводства і сферы публічных выступаў, зрабілі яе неабавязковым атрыбутам для жыхара дзяржавы, што дазваляе людзям культываваць і без сораму дэманстраваць сваё грэблівае стаўленне. Хаця звычайна няведаннем чаго б тое ні было людзі не хваляцца, быццам дасягненнем.

Вось, да прыкладу, выказванне з форума, у якім канцэнтрат падобнага стаўлення да ўсё яшчэ дзяржаўнай мовы (арфаграфія, стылістыка аўтара захаваная): «Ну почему Вы считаете что у нас зажимают бел.яз? Остановки на белорусском, информация в метро -так же, школы имеются, еще и каналы белорусские есть (конечно на счет этого могу ошибаться, но кажется что мелькали где-то). Какую еще пропаганду надо? Заставить всех принудительно балакать на белорусском под страхом расстрела что ли? Родной язык тот, на котором ты думаешь!!!! Для меня однозначно родной — русский-он красивый, богатый, мелодичный, а вот бел. яз с его колхозными диалектами как то не трогает, не воспринимается».

Такой ацэнкі мовы наша грамадства ў прынцыпе заслужыла сваім грэблівым стаўленнем, маўклівай згодай з дыскрымінацыяй, намаганнямі, як хутчэй адрачыся ад «і звонкага «дзе», і густога «чаго».

Паводле ацэнак ЮНЕСКА, цяпер беларуская мова належыць да той групы моваў, якім пагражае знікненне. І рэсурсам, медыя, якія трымаюцца нацыянальнай пазіцыі, каб падкрэсліць жывучасць мовы, даводзіцца акцэнтаваць увагу на такіх простых з’явах, як выказванні на беларускай мове публічных асобаў, байка-майка з Пагоняй ці арнаментам становіцца інфармацыйнай нагодаю. Збаёданыя 20 гадоў прымушаюць таптацца на месцы — гатовы сюжэт на тэму, як у нікуды растраціць час. Замест татальнага перакладу на беларускую мову літаратуры і кіно, стварэння беларускамоўнага асяроддзя мы працягваем радавацца кожнаму асобнаму выпадку такой добраахвотніцкай працы, адваёўваць у садках ды школах права вучыцца па-беларуску, а яшчэ з замілаваннем разглядаць вітрыны ды афішы ва Украіне ці Літве.

Але, хіба, генетычная моўная памяць не адпускае беларусаў. Моўныя курсы з аншлагам крочаць па краіне, за мяжой беларусы не лянуюцца старанна тлумачаць, што яны не «Раша», а Беларусь, бізнесоўцы бачаць у мове патэнцыял і магчымасці для прыцягнення ўвагі патэнцыйных кліента, фраза «беларускамоўным — зніжкі» вылучае з агульнай масы «сваіх», і ў размовах «за мову» праўдай ёсць аргумент, што сучасная супольнасць беларускамоўных — людзі, знаёмствам з якімі можна ганарыцца.