Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

20.03.2019

«Для масквічоў вельмі важная «нядобрая кватэрка» з рамана Міхаіла Булгакава, для лонданцаў — пакой Гары Потэра, для жыхароў Стакгольма — дах, на якім жыў Карлсан, для веронцаў — грабніца Джульеты. Ёсць і ў беларускай сталіцы месцы, апісаныя ў вядомых творах. Дык чаму б іх не папулярызаваць?» — разважае настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы № 178 Таццяна КАНДРАШОВА, пераможца конкурсу метадычных распрацовак урокаў пазакласнага чытання «Урокі сучаснасці», які ўжо другі раз арганізавала для педагогаў газета «Літаратура і мастацтва».

 

Матэрыялізаваць змест кніг

«Мінск: нясумны маршрут» — менавіта так называўся ўрок, які прапанавала на конкурс настаўніца.

— Кожны педагог марыць, каб на яго занятках вучні працавалі добраахвотна, з цікавасцю і творча. Для мяне выдатным рашэннем стала тэхналогія праектнай дзейнасці, якая дазваляе ператварыць вучэбныя заняткі па беларускай літаратуры ў творчыя майстэрні, дзе вырашаюцца цікавыя, практычна значныя і даступныя для вучняў праблемы, — канстатуе яна. — Як прыклад — праект «Мінск літаратурны». На ўроку было ўзнята пытанне пра цікавасць моладзі да беларускай літаратуры. У выніку заняткі прайшлі ў нас у фармаце дыскусіі, што пацвердзіла актуальнасць праблемы. Чаму вучні не хочуць чытаць? Як завалодаць іх увагай? Я думаю, што трэба здзейсніць нешта неверагоднае! Матэрыялізаваць тое, што дагэтуль не было адчувальным, напрыклад змест кніг. Можна запрасіць іх у інтэрактыўныя прыгоды па кніжных старонках (для гэтага ўрок праводзіўся ў форме квэсту) ці, напрыклад, стварыць карту падарожжа па літаратурных мясцінах Мінска... Да ідэі праекта мяне падштурхнула і тая акалічнасць, што жыхарам і гасцям сталіцы прапаноўваюцца самыя розныя экскурсіі: «Мінск спартыўны», «Мінск тэатральны», «Мінск партызанскі» і гэтак далей. А чаму не можа быць «Мінска літаратурнага?»

Для папулярызацыі беларускай мастацкай літаратуры і творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў вучні Таццяны Кандрашовай пад кіраўніцтвам настаўніцы распрацавалі літаратурны экскурсійны маршрут — літаратурную карту Мінска. Ёсць электронны і друкаваны яе варыянты. На Gооglе-карце ўказваюцца мясціны ў сталіцы, якія апісваюцца ў творах, а таксама месцы, дзе жылі беларускія пісьменнікі і паэты. Калі вы клікнеце на маркер (кнігу ў чырвоным крузе), то ўбачыце, на якую вуліцу трэба ісці, і спасылку, якая дазволіць пазнаёміцца з творам або творчасцю беларускага пісьменніка.

На раздрукаванай карце таксама пазначаюцца мясціны, якія апісваюцца ў творах, а побач размяшчаюцца QR-коды, дзякуючы якім неабавязкова браць з сабой кнігу, дастаткова дастаць з кішэні мабільны тэлефон або планшэт і адсканаваць QR-код. Твор ці звесткі пра пісьменнікаў будуць даступныя ў тэлефоне ўжо праз некалькі секундаў.

— Электронная і друкаваная карты даюць магчымасць індывідуальна прайсціся па літаратурным маршруце. А яшчэ ў нас ёсць прапанова прывязаць наш урок да Еўрапейскіх гульняў і праводзіць для гасцей экскурсіі па літаратурным Мінску, — кажа настаўніца. — Між іншым, замежныя госці ўжо на нашай экскурсіі пабывалі...

 

Зачапіць за жывое

Другую прэмію на конкурсе заваявала настаўніца беларускай мовы і літаратуры з ашмянскай сярэдняй школы № 3 Марта БАГДАНОВІЧ са сваім урокам пазакласнага чытання «Незвычайныя формы ў сучаснай беларускай літаратуры». Як адзначыла галоўны рэдактар «ЛіМа» Ларыса ЦІМОШЫК, распрацовак па сучаснай паэзіі было прадстаўлена на конкурс зусім няшмат, напэўна, таму, што зацікавіць дзяцей паэзіяй, дзе няма выразнага сюжэту і герояў, вельмі няпростая задача. Вось чаму прайсці міма ўрока Марты Багдановіч, якая прапанавала ўключыць у ход заняткаў свае ўласныя вершы, было немагчыма.

Яшчэ адным пераможцам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры з сярэдняй школы № 2 горада Турава Таццяна ЗЯМЛЯНІК. Журы звярнула ўвагу на інтэрактыўны складнік яе распрацоўкі, што для маладзёжнай аўдыторыі надзвычай важна, і адзначыла трэцяй прэміяй урок па казцы Анатоля Бутэвіча «Прыгоды віруса@Шкодзі».

Ці можна захапіць чытаннем літаратуры школьнікаў? Для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гэта пытанне стаіць асабліва востра, бо дамінаванне рускай мовы і не вельмі ўдала складзеная школьная праграма шматразова ўскладняюць іх задачу. І хоць некалькі гадоў таму праграма па беларускай літаратуры пераглядалася, усё роўна ў педагогаў да яе засталося шмат прэтэнзій і заўваг.

— Гэта нонсэнс, але дзеці ў школе сёння вывучаюць тыя ж творы, што і я ў свае школьныя гады, — разважае Таццяна Кандрашова. — Сучасная беларуская літаратура ў старшых класах датуецца перыядам з 1965 да 1991 года. Але ці можа літаратура, якая стваралася ў ХХ стагоддзі, быць сучаснай для цяперашніх школьнікаў? Наколькі актуальная яна для іх? А ўсё, што было напісана пасля 91-га года, прапануецца толькі ў якасці дадатковага чытання. Калі яшчэ да дзявятага класа вучні вывучаюць розныя тэмы і перыяды, то ў старшых класах тэматыка твораў вельмі абмежаваная, і мае старшакласнікі кажуць з папрокам: «Селянін закончыўся, і пачалася вайна...»

— Падчас правядзення ў нашай школе тыдня беларускай мовы і літаратуры мы праводзілі апытанне. Нас цікавіла, што вучні ведаюць з сучасных твораў беларускіх аўтараў? І, шчыра кажучы, дзеці вельмі мала што змаглі прыгадаць, — канстатуе Марта Багдановіч. — На маю думку, уключаць у школьную праграму трэба толькі тыя творы, якія будуць зразумелыя сучасным дзецям, тое, што ім блізка, што можа зачапіць за жывое. Калі вучань зацікавіцца, ён пойдзе далей і будзе чытаць і іншыя кнігі ўпадабанага аўтара. Так, сучасныя дзеці ў сваёй большасці не арыентаваныя на інтэлектуальную прозу і тым больш на паэзію. Творчасць Алеся Разанава яны зусім не разумеюць, не разумеюць філасофскую сэнсавую нагрузку, якую нясе яго паэзія...

Увогуле педагогі канстатуюць, што школьная праграма ўключае вельмі шмат сумных вершаў аб прыродзе і цяжкай долі селяніна — атрымліваецца нейкая бясконцая «Песня аратага», што не чапляе сучасных дзяцей, якія не разумеюць ужо нават паэзію Купалы, Коласа і Багдановіча. Занадта шмат у іх вершах утрымліваецца невядомай сучасным школьнікам лексікі. Калі размова ідзе пра лірыку, то настаўнікам вельмі часта даводзіцца «перакладаць» гэтыя мастацкія творы на мову, зразумелую вучню... Верш Янкі Купалы «Спадчына» — сапраўдная жамчужына беларускай паэзіі. З гэтым ніхто не спрачаецца. Але ці могуць зразумець школьнікі наступныя радкі? «...І тое нуднае ягнят / Бляянне-зоў на пасьбішчы / І крык вароніных грамад / На могілкавым кладбішчы / І ў белы дзень і ў чорну ноч / Я ўсцяж раблю агледзіны / Ці гэты скарб не збрыў дзе проч/ Ці трутнем ён не з'едзены / Для іх гэта не больш чым набор слоў, якія яны проста завучваюць на памяць без разумення. Між іншым, паэзія, накіраваная на чалавечыя эмоцыі і пачуцці, абавязкова павінна быць прадстаўлена ў школьнай праграме. Але яна павінна быць розная...

— Мне асабіста вельмі шкада, што з праграмы выключылі адзіны ў беларускай літаратуры раман у вершах «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. Гэта глыбокі роздум над праблемамі сучаснага ладу жыцця, нашымі каштоўнасцямі, над тым, які ён — сучасны чалавек, што ён прыдбаў, чаго пазбавіўся? І для выхавання падрастаючага пакалення складана знайсці больш удалы твор, — дзеліцца думкамі Таццяна Кандрашова.

 

Класікі — таксама людзі

— А ў маіх вучняў заўсёды ідзе на «ўра» аповесць Яўгена Хвалея «Прынцэса тусоўкі», бо яна для іх актуальная, — заўважае Таццяна Зямлянік. — І «Настачку» Кузьмы Чорнага шасцікласнікі чытаюць з задавальненнем. Я лічу, што адным з галоўных прынцыпаў адбору твораў для школьнай праграмы павінна быць іх суаднесенасць з часам, пазнавальнасць герояў. Напрыклад, мы з дзецьмі чытаем Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма». Я лічу, што як бы мы ні ставіліся да гаджэтаў, але сучасны чалавек ад іх ніколі ўжо не адмовіцца, як і ад іншых выгод цывілізацыі. У мяне самой трое дзяцей, і яны асвойваюць гаджэты хутчэй за сваіх бацькоў. Таму задача настаўніка — навучыць кваліфікавана імі карыстацца. Мне асабіста вельмі блізкая ідэя медыяадукацыі, таму я ўзрадавалася, калі знайшла ў сучаснай беларускай літаратуры твор Анатоля Бутэвіча «Прыгоды віруса@Шкодзі»— незвычайную казку пра караля Віндауса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп'ютары.

«Адбывалася гэта не далёка і не блізка, не высока і не нізка. Не за барамі таямнічымі, не за морамі цудадзейнымі, а ў самых разумных глыбінях космасу. На адной інтэлектуальна багатай планеце заснавалася незвычайнае каралеўства. Назва ў яго таксама была нетутэйшая — Сусветнае Сеціва. І адразу пачало адбывацца там незлічонае мноства дзівосных дзіваў, чарадзейных чараў і забаўных забаў...» Як вы думаеце, ці можа гэты твор зацікавіць сучасных дзяцей? Ён захопіць нават тых, хто ўвогуле не хоча чытаць.

Між іншым, у 178-й мінскай школе правялі апытанне ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», каб даведацца, якую літаратуру (айчынную ці замежную) выбіраюць школьнікі, і як можна зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай. Высветлілася, што мастацкую літаратуру чытаюць 77 % вучняў, 17 працэнтаў — не чытаюць, а 6 % — ніколі не бяруць мастацкую літаратуру ў рукі. Большасць вучняў чытаюць кнігі ў электронным фармаце (67 %). Замежную літаратуру (у першую чаргу, рускую) чытаюць 73 % школьнікаў, а беларускую — толькі 14 %.

 «На думку нашых навучэнцаў, зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай маглі б новыя падыходы да знаёмства з ёй у школе (так лічаць 49 % апытаных), цікавыя аўтары і творы (30 %), — заўважае Таццяна Кандрашова. — А экскурсіяй па літаратурных мясцінах сталіцы зацікавіліся 87 % ад агульнай колькасці апытаных. Вымушана канстатаваць, што вывучэнне біяграфій пісьменнікаў не вельмі цікавае дзецям. Ну што за інтарэс вывучаць, хто калі нарадзіўся, калі што напісаў і памёр? А вось калі дзеці прыходзяць да пісьменніцкага дома, і перад імі паўстаюць жывыя людзі, якія кахалі, сябравалі, жартавалі адзін з аднаго, разам сустракалі святы і гэтак далей, то і цікавасць абуджаецца, і важныя біяграфічныя звесткі запамінаюцца прасцей.

— А мае вучні кажуць, што ў беларускіх пісьменнікаў — адна біяграфія на ўсіх. Асабліва калі тыя нарадзіліся ў ХІХ стагоддзі — для вучняў гэта нешта па-за межамі іх разумення, быццам бы тыя — людзі з паралельнага свету. Таму можна пашукаць пра іх цікавыя факты, якія насамрэч могуць зачапіць дзяцей, — падтрымлівае калегу Таццяна Зямлянік. — Іх можна знайсці ў тым жа інтэрнэце, але найперш трэба навучыць вучняў, як правяраць тую ці іншую інфармацыю, здабытую ў сеціве. У нас ёсць цікавая форма работы — знайсці 10 фактаў пра.... І дзеці насамрэч шмат цікавага знаходзяць, напрыклад, інфармацыю пра Васіля Быкава, якой няма ў школьным падручніку.

«Таксама ў 11-м класе мае вучні здымаюць відэа і расказваюць пра біяграфію пісьменніка, чытаючы ўрыўкі з яго твораў, — дзеліцца сваімі напрацоўкамі Таццяна Кандрашова. — Нестандартныя ўрокі заўсёды будуць дзецям цікавыя і запамінальныя. І дамашняе заданне па літаратуры не павінна быць накшталт: «Старонка 78, адказы на пытанні», яно павінна быць творчым. Навучэнцы ствараюць фотаальбомы, прысвечаныя пісьменнікам, складаюць інтэрактыўныя літаратурныя карты, крыжаванкі, рэбусы. Калі праходзілі па праграме раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», клас падзяліўся: адны чыталі раман, а другія глядзелі мастацкую стужку. Апошнія сказалі, што «фільм нейкі хмуры», ён іх не зачапіў. А з заданнем зняць буктрэйлер да рамана тыя школьнікі, што чыталі кнігу, справіліся значна лепш: у іх атрымаліся проста шыкоўныя работы, пасля прагляду якіх насамрэч хочацца ўзяць у рукі раман і прачытаць».

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. Галоўная задача педагога — уключыць у размову ўвесь клас, даць зразумець школьнікам, наколькі гэта займальны занятак — чытанне кніг. Ён абавязкова павінен сачыць за тым, як сёння развіваюцца паэзія, проза, драматургія, якія новыя імёны з'яўляюцца ў літаратуры. Але калі настаўнік сам не чытае і нічым не цікавіцца, то як ён зможа заахвоціць дзяцей?

 

Надзея НІКАЛАЕВА

 

Арыгінал артыкула па спасылцы