Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

25.04.2019

«Маё дзіця, седзячы за камп'ютарам, адначасова кантактуе ў чаце, слухае плэер, спампоўвае музыку, пры гэтым спрабуе рабіць дамашняе заданне, а яшчэ п'е сок і жуе бутэрброд. Ну як гэта можа не раздражняць?» Знаёмая сітуацыя, праўда, як для бацькоў, так і для падлеткаў? Першыя злуюцца, а другія — пачуваюцца абсалютна камфортна ў сваім асяроддзі.

«Мы, прадстаўнікі лічбавага племені, можам яшчэ больш і здольныя на большае. Нам трэба паспець многае ўбачыць, зрабіць і на многае адрэагаваць. Па дарозе ад падушкі да зубной шчоткі мы паспяваем адправіць 40 паведамленняў» — парыруюць «зэты». Гэта тыя, хто нарадзіўся пасля 2003 года...

 

Чаму мы «хварэем» без «лайкаў»

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. У фокусе ўвагі старшакласнікаў апынуліся праблемы сучаснага дзіцяці, якія, на думку іх саміх, з'яўляюцца на сённяшні дзень найбольш актуальнымі. Фактычна навуковы Stand Up працягнуў серыю падзей для навучэнцаў педагагічных класаў двух папярэдніх гадоў — рэспубліканскага конкурсу «Будучыя педагогі — пра школу будучыні» і фарсайт-форуму «Будучыя педагогі — аб тэхналогіях падрыхтоўкі педагога». Вынікі сваіх даследаванняў трэба было прадставіць максімальна простай і зразумелай мовай, дасціпна і захапляльна, і ўкласціся ў шэсць-сем хвілін. Усяго для ўдзелу ў стэндапе было пададзена больш як 40 заявак, але на вочны этап трапілі толькі 15 праектаў.

Навучэнцы сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір Аліна КАРАЛЬЧУК, Дар'я МІГУШ і Яна СКУРАТ прысвяцілі сваю работу адметнасцям пакалення Z, прадстаўнікі якога ўпэўнены ва ўласнай эксклюзіўнасці. Яго яшчэ называюць пакаленнем «Я» ці пакаленнем «лайкаў». «Чаму мы любім «лайкі?» Для чаго нам пахвала? Скажам прама — для душэўнага цяпла». «Галоўны наш дэфіцыт — гэта час, і ў вас, дарагія педагогі, ёсць толькі восем секунд на тое, каб нас зацікавіць!» — канстатуюць дзяўчаты.

Каб дарослыя дасягнулі ўзаемаразумення з пакаленнем «Z», юныя даследчыцы вывелі наступныя правілы: вучыцеся прымаць нас такімі, якія мы ёсць; паважаць нашу выключнасць; здзіўляйцеся нашай мультызадачнасці; вучыцеся ў нас новаму; удзяляйце нам больш увагі; захапляйце нас цікавымі ідэямі і ўсміхайцеся разам з намі.

 

У школу — па адабрэнне

Навошта дзеці ходзяць туды і як змяняюцца іх матывы ў залежнасці ад узросту? Гэтым пытаннем задалася вучаніца Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Лізавета ТРАФІМАВА.

«Матывацыя і якасць ведаў — прама прапарцыянальныя рэчы. Веданне законаў матывацыі — гэта ключ да вырашэння школьных праблем», — упэўнена Лізавета.

Дзяўчына вырашыла даследаваць матывы да навучання ў пяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў і высветліла, што на першым месцы ў вучняў пятых класаў стаіць уласны дабрабыт і прэстыжнасць (добрыя адзнакі, адабрэнне з боку бацькоў, рэпутацыя ў класе, дзецям хочацца, каб іх адказы на ўроках былі найлепшыя). На другім — змест навучальнай дзейнасці (ёсць дзеці, якія любяць вучыцца, даведвацца пра штосьці новае, ім падабаюцца нестандартныя формы правядзення ўрокаў). На трэцім месцы — абавязак і адказнасць. На чацвёртым — самавызначэнне і самаўдасканаленне. І толькі на апошнім — стаўленне да вучэбнай дзейнасці (яны любяць урокі, на якіх можна паразважаць, любяць спраўляцца са складанымі сітуацыямі на занятках, разумеюць, што вучань павінен вучыцца добра, каб паступіць у ВНУ, і веды патрэбныя ім для дастойнай будучыні).

А цяпер пра матывы адзінаццацікласнікаў. Большасць з іх ужо вызначылася з тым, што адукацыя — важная рэч, без якой нічога ў жыцці не дабіцца. «Галоўнае правіла для адзінаццацікласнікаў — вучыцца ніколі не позна. А калі позна, то трэба проста ўключыць лямпу, — жартуе Лізавета. — Ну, а калі сур'ёзна, то матывы ў 11-м класе кардынальна адрозніваюцца ад матываў пяцікласнікаў. На першай пазіцыі ў іх — самавызначэнне і самаўдасканаленне. Далей ідуць стаўленне да працэсу навучання, абавязак і адказнасць, змест вучэбнай дзейнасці і толькі на пятым — уласны дабрабыт.

«Як бачым, з узростам матывы змяняюцца і тое, што стаіць у пяцікласнікаў на першым месцы (уласны дабрабыт), у выпускным класе ўжо не мае значэння. Але да самавызначэння яшчэ трэба прыйсці», — канстатуе Лізавета. — Сапраўдныя матывы нашай дзейнасці падобныя на трубы аргана, якія звычайна схаваныя пад пазалотай і пышным убранствам. Галоўная задача настаўніка — разгледзець самі «трубы», зачапіць нашы самыя патаемныя матывы і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча».

 

Навучыць і візуала, і кінестэтыка

«Навучы мяне лёгка» — так гучала тэма навуковага стэндапа старшакласнікаў з віцебскай сярэдняй школы № 4. Даніла ТУМКО і Яна РАЙТАНКА прапанавалі ўсім прысутным пагрузіцца ў асаблівасці... мадальнасці. Шчыра кажучы, няпросты тэрмін для непадрыхтаваных слухачоў, але навучэнцы педкласаў аказаліся ў тэме. Пад мадальнасцю хаваецца пераважнае выкарыстанне аднаго з каналаў (аналізатараў) прыёму і перапрацоўкі інфармацыі. Усяго іх існуе тры віды: візуальны, аўдыяльны і кінестэтычны.

З першымі двума ўсё больш-менш зразумела. А хто ж такія кінестэтыкі? Гэта людзі, якія лепш успрымаюць навакольны свет з дапамогай тактыльных адчуванняў (дакрананняў), чым візуальна або аўдыяльна. У жыцці кінестэтыкі — людзі дзеяння! Замест таго, каб доўга абмяркоўваць нешта ў тэорыі, яны імкнуцца хутчэй зведаць гэта на справе, пачынаюць дзейнічаць, як толькі ім даецца такая магчымасць.

Адна з ідэй дыферэнцыраванага навучання засноўваецца на асаблівасцях успрымання. Даніла і Яна сфармулявалі гіпотэзу: калі ў працэсе навучання ўлічваць і выкарыстоўваць вядучую мадальнасць, то можна павысіць якасць ведаў у навучэнцаў.

«У рэальным жыцці практычна немагчыма сустрэць «чыстага» аўдыяла, візуала і кінестэтыка», — запэўнівае Яна.

— Мы правялі даследаванне і ўстанавілі, што ў нашай школе ў навучэнцаў чацвёртых класаў пераважае візуальны канал успрымання (46 %). У 18 % вучняў вядучым з'яўляецца кінестэтычны канал, у 9 % — аўдыяльны, яшчэ ў 9 % — аўдыяльна-кінестэтычны, у астатніх — візуальна-аўдыяльна-кінестэтычны. Навучэнцы ў гэтых класах вылучаюцца добрай працаздольнасцю, актыўнасцю, у настаўнікаў няма праблем з дысцыплінай, толькі некаторыя навучэнцы парушаюць цішыню сваімі размовамі. На перапынках таксама пануе пераважна спакойная абстаноўка, — дзеліцца назіраннямі Даніла. — У пятых класах, дзе 41 % аўдыялаў і 25 % кінестэтыкаў, навучэнцы падчас урокаў часта атрымліваюць заўвагі з-за сваіх размоў з суседам па парце. Многія разважаюць услых. У такім калектыве дзеці вельмі добра працуюць у групах, любяць уступаць у дыскусіі і адказваць хорам на пытанні. Падчас перапынкаў стаіць шум і гам, з-за якіх некаторыя навучэнцы (а менавіта візуалы) не могуць адпачыць. З адзінаццацікласнікаў роўна палова аказаліся візуаламі, чвэрць аўдыяламі і столькі ж — кінестэтыкамі.

«Аўдыялы пастаянна парушаюць цішыню. Гучна абмяркоўваюць усё, што адбываецца вакол, імкнуцца перакрычаць адзін аднаго, дыскутуюць і спрачаюцца, — канстатуюць рабяты. — Кінестэтыкі валодаюць энергіяй пастаяннага руху, штосьці разбіраюць, збіраюць, кудысьці бягуць, раняюць прадметы, паднімаюць іх і зноў бягуць. А візуалы спакойна разглядаюць табліцы, малюнкі, схемы, чытаюць...»

 

Будучыя педагогі раяць цяперашнім арыентавацца на шматсэнсарную падачу інфармацыі, каб і візуалы, і аўдыялы, і кінестэтыкі маглі задзейнічаць на ўроку свой галоўны ўваходны канал атрымання інфармацыі.

 

Для кінестэтыкаў рацыянальна выкарыстоўваць ілюстрацыі для калажаў, дыдактычныя і ролевыя гульні, заданні накшталт «мадэль-канструктар», практыкаваць наглядную дэманстрацыю дзеяння закону ці прынцыпу, праводзіць практычныя вопыты... Для аўдыялаў больш падыходзяць лекцыя, дыялог з партнёрам, прагаворванне ўслых, выкарыстанне аўдыякніг. Для візуалаў трэба рыхтаваць табліцы, малюнкі, схемы, графікі і дыяграмы, падкрэсліваць ці выдзяляць ключавыя моманты колерам, выкарыстоўваць ілюстрацыі для пацвярджэння думкі.

 

«Адпачынак» у... сеціве

Часта кажуць, што сучасныя дзеці неразрыўна звязаны з сацыяльнымі сеткамі, яны пагружаныя ў сябе і не прызнаюць аўтарытэтаў. «Дарослыя, вы насамрэч бачыце нас такімі?» — навучэнцы з Ушацкай сярэдняй школы Яўген БАРОДЗІЧ, Анастасія ПУГАЧОВА, Наталля ЛАДЗІК і Аляксей МАШЧОНАК вырашылі ў сваім даследаванні «Ох, ужо гэтыя дзеткі» разбурыць распаўсюджаныя стэрэатыпы або, наадварот, знайсці ім пацвярджэнне. А для гэтага правялі анкетаванне сярод адзінаццацікласнікаў. «Якія шляхі для самавыяўлення вы выкарыстоўваеце: учынкі ці сацыяльныя сеткі?» — запыталіся яны ў сваіх равеснікаў. Высветлілася, што большасць выпускнікоў самавыяўляюцца праз учынкі, але ўсё роўна хапае і тых, хто робіць гэта праз сацыяльныя сеткі. Самыя папулярныя інтэрнэт-суполкі ў школьнікаў «УКантакце» «Інстаграм» і «Твітэр».

На пытанне «А на што вы траціце свой вольны час?» самым папулярным адказам аказаліся... «сацыяльныя сеткі», праўда, падлеткі выбіралі і такія варыянты, як стасункі з сябрамі, прагулкі, спорт, хобі і камп'ютарныя гульні. «А хто для вас з'яўляецца аўтарытэтам?» На першае месцы навучэнцы паставілі сваіх бацькоў, на другое — настаўнікаў, а вось знакамітасці для іх прыкладам для пераймання не з'яўляюцца. «Ці разумееце вы важнасць ведаў, што атрымліваеце, для рэалізацыі вашых далейшых планаў?» Станоўчы адказ далі 97 % апытаных. І амаль аднадушнае «Так» было атрымана ў адказ на пытанне «Ці выкарыстоўваеце вы інтэрнэт для навучання і самаразвіцця?» Але, як высветлілася, толькі палова адзінаццацікласнікаў правяраюць інфармацыю ў інтэрнэце перад тым, як ёй скарыстацца. А другая палова робіць гэта толькі зрэдку...

 

Паміж двума стагоддзямі

А ці задумваліся вы, як гэта — жыць і выхоўваць дзяцей у свеце, дзе няма інтэрнэту, мабільнай сувязі, камп'ютараў, мікрахвалевых печак і іншых выгод цывілізацыі? Каманда з Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна (Крысціна ЗДАНОВІЧ, Ангеліна ГЯРКО і Эліна ЯГОРАВА) прапанавала ўсім здзейсніць вандроўку ў часе. Калі сучасных дзесяцікласнікаў і пяцікласнікаў раздзяляе бездань (вучні пятых класаў большую частку перапынку ў школе праводзяць у сваіх гаджэтах і размаўляюць на мове, зразумелай толькі ім), то наколькі моцна адрозніваецца выхаванне дзяцей у пачатку ХХ і ХХІ стагоддзяў?

Раней яно было цалкам сямейным, у дзецях найперш выхоўвалі сыноўні і даччыны абавязак, а таксама павагу да старэйшых. Любое непаслушэнства ці абраза прыраўноўваліся да абразы вышэйшых сіл. Ужо з шасці гадоў ім давяралі даглядаць дробных жывёл, а з дзесяці — нават карову. Дзяўчат вучылі падмятаць, чысціць і мыць лаўкі, палавікі, мяняць свечкі, лучыну, чысціць газавыя лямпы, засцілаць ложак, мыць бялізну на рацэ і шмат іншага. Таксама дзяўчаты ў дзесяць гадоў умелі перапавіць і супакоіць немаўля, што плача, шыць, вышываць ткаць ручнікі, якія пазней рабіліся іх пасагам. Хлопчыкаў рыхтавалі да цяжкай фізічнай працы. У дзесяць гадоў яны павінны былі ўмець араць, баранаваць, касіць, весці за аброць каня ці ехаць на ім. Акрамя таго ў іх выхоўвалі гасціннасць, міласэрнасць да жабракоў, павагу да сваёй і чужой працы.

У наш час з-за празмернай бацькоўскай апекі ў дзяцей зніжана здольнасць да самаабслугоўвання. Сучасныя дзеці ўсё больш імкнуцца пераймаць чужыя прыклады, яны дастаткова інфармаваныя і здольныя рабіць уласныя высновы, аднак неабмежаваны доступ да інфармацыі можа дрэнна адбіцца на іх псіхіцы. Паміж цацкамі і гаджэтамі яны выбіраюць апошнія, гэта прывяло да таго, што ім стала складана знаходзіць агульную мову з равеснікамі. Дзеці маюць свой пункт гледжання і не заўсёды пагаджаюцца з меркаваннем бацькоў. Апошнія павінны іх падтрымліваць, старацца знайсці да іх падыход, развіваць моцныя бакі ў свайго сына або дачкі.

Сёння дзесяцігадовыя дзеці павінны ўмець падмятаць, мыць посуд, загружаць і выгружаць яго з пасудамыечнай машыны, мыць і чысціць гародніну, распакоўваць сумкі з крамы, гуляць з дробнымі пародамі сабак, мяняць пасцельную бялізну, таксама гатаваць простыя стравы і дапамагаць бацькам з вячэрай. Аднак толькі ў шматдзетных сем'ях дзеці могуць дагледзець малодшых брацікаў і сясцёр.

Юныя даследчыкі сцвярджаюць, што сучаснае выхаванне — гэта цэлая стратэгія па тым, як зрабіць дзіця паспяховым, навучыць яго пераадольваць няўдачы. А залогам поспеху будзе індывідуальны падыход і ўважлівае стаўленне да дзіцяці. Усё, што мы маем, вельмі моцна адрозніваецца ад таго, што было сто гадоў таму. Але ці былі змяненні да лепшага, няхай кожны вырашае сам.

Ну і напрыканцы яшчэ некалькі цікавых назіранняў, якімі падзяліліся выхаванкі вілейскай гімназіі № 2 Эльвіра ШАЙКО, Ганна КРОТ, Аліна НОВІК, Валерыя ПРУДНІКОВІЧ і Юлія БУРАК. Дзяўчаты правялі даследаванне на тэму «Для вас што значыць школа?» і высветлілі, што самае станоўчае стаўленне да яе ў другакласнікаў, а з узростам такое успрыманне школы пачынае знікаць Адзінаццацікласнікі сказалі, што яны ходзяць на заняткі для таго, каб засвойваць веды і рыхтавацца да будучай прафесіі, а ў шасцікласнікаў галоўная прычына — «таму, што сябры вучацца разам».

Самы цікавы, на думку навучэнцаў, школьны прадмет — фізкультура, самы карысны — матэматыка, самы непатрэбны — мастацтва, а самы складаны — беларуская мова. А калі дзецям прапанавалі пафантазіраваць, што б яны змянілі, калі б сталі дырэктарам гімназіі, другакласнікі паведамілі, што зрабілі б круты рамонт, адкрылі басейн і яшчэ адзін буфет. Чацвёртакласнікі мараць пра ўрокі па 10 хвілін, іншае меню ў сталовай, больш гадзін на замежную мову і фізкультуру і ўвогуле пра новую вучэбную праграму. Шасцікласнікі — пра «ціхую гадзіну», інтэрнэт ва ўсіх школьных кабінетах, толькі электронныя кнігі, адмену школьнай формы, наяўнасць піцы ў сталовай і больш гадзін на фізкультуру і АБЖ. А навучэнцы 11-га класа хацелі б паменш урокаў, пазней прыходзіць у школу і выбіраць толькі тыя прадметы, якія ім насамрэч патрэбныя.

 

Навуковы стэндап — незвычайная па форме практыка стасункаў маладых вучоных, даследчыкаў і шырокай аўдыторыі — заваёўвае ўсё большую папулярнасць у Еўропе.

Кожнае выступленне доўжыцца абмежаваны час. Усё, што патрабуецца ад удзельнікаў, гэта прэзентаваць сваю навуковую ідэю наглядна, ярка, крэатыўна і артыстычна, данесці да слухачоў яе сутнасць. Дапускаецца выкарыстанне немудрагелістага рэквізіту: касцюмаў, дэкарацый, прадметаў побыту.

 

Надзея НІКАЛАЕВА, арыгінал артыкула па спасылцы