«Кожны дзень мы сутыкаемся з вялізнай плынню інфармацыі. Але ці ўсё з таго, што нам кажуць, праўда? Прааналізаваўшы некаторыя навіны, мы прыйшлі да высновы, што на веру трэба прымаць далёка не ўсё. Неабходна вучыцца чытаць паміж радкоў, а гледзячы тэлевізар ці відэаролік, думаць, што насамрэч стаіць за кадрам. Гэтую думку мы і паспрабавалі данесці да нашых аднакласнікаў падчас інфармацыйнай гадзіны. Падабралі яркія прыклады таго, як аўтары свядома ці несвядома скажаюць інфармацыю, спрабуючы паўплываць на нашы думкі і меркаванні.На жаль, многія не задумваюцца, што да інфармацыі, як і да ежы, якую мы спажываем, трэба ставіцца вельмі сур'ёзна. Мы ж не кідаем у рот абы-што, а сочым за якасцю прадуктаў. У нашых бабуль і дзядуляў радыё працуе з раніцы да вечара, як фон. У многіх сем'ях гэтак жа працуе тэлевізар. Але ці можна крытычна ўспрымаць інфармацыю, калі яна няспынна льецца вам у вушы? Мы выступаем за асэнсаванае яе спажыванне: не проста слухаць, глядзець і чытаць, а рабіць гэта праз прызму логікі і здаровага сэнсу...» Так разважаюць Таццяна і Андрэй Сідаровічы, навучэнцы 8 класа мінскай сярэдняй школы № 12, удзельнікі конкурсу медыяасветы «Лаві фэйк».
Апакаліпсіс сёння!
Трэба заўважыць, што асновы медыяадукацыі ўжо не першы год укараняюцца ў рамках розных вучэбных прадметаў у беларускіх школах, а прынятая сёлета на дзяржаўным узроўні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі пацвердзіла актуальнасць той работы, што разгарнулі педагогі. Але ці ёсць у іх намаганняў плён? Гэта вырашыла праверыць Таварыства беларускай школы і абвясціла сярод падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў конкурс «Лаві фэйк!» Прадстаўнікам пакалення, якое ўжо нарадзілася з пальцам на клавішы Еntеr, прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў ролі медыяэкспертаў і выказаць меркаванне на тэму «Быць медыяадукаваным — гэта проста!»: расказаць аб праблеме, з якой сутыкаюцца сябры, аднакласнікі, настаўнікі, бацькі, суседзі, калі глядзяць тэлепраграмы, фільмы, серыялы, чытаюць вэб-сайты ці «сядзяць» у сацыяльных сетках, і прапанаваць свой спосаб іх вырашэння.
Творчасць ніхто не абмяжоўваў: конкурснай работай маглі быць мультымедыя (аўдыя ці відэа, кліп, міні-фільм, анімацыя, навучальны відэаролік, падкаст), графічныя і інтэрактыўныя медыя (інфаграфіка, фотарэпартаж, плакат, комікс, гульня, квіз, суполка або старонка ў сацыяльнай сетцы) ці тэкставыя медыя (лонгрыд, блог, пост, артыкул у школьнай прэсе, журналісцкае расследаванне, рэпартаж і іншыя).
Валерый МАЗЫНСКІ Івану Зарубу: «Ты рызыкнуў замахнуцца на канец свету…»
Арганізатары конкурсу прызнаюцца: у іх была апаска, што конкурс праваліцца. Або дзеці яго ўвогуле праігнаруюць (ці мала ў старшакласнікаў іншых клопатаў?), або не хопіць кампетэнцый, і якасць работ акажацца недастаткова высокай. Але ўсе былі прыемна ўражаны і нават азадачаны: адкрыць некаторыя конкурсныя работы і ацаніць іх змаглі толькі самыя маладыя з членаў журы — тыя, што таксама нарадзіліся «з пальцам на кнопцы». Чаго вартая толькі гульня-платформер «Вандроўка бульбяша», створаная Паўлам Карнеевым з сярэдняй школы № 2 горада Дуброўна. Трапіць да фінішу можна, толькі адказаўшы на пытанні з гісторыі, геаграфіі, літаратуры, геральдыкі і культуры Беларусі. Тым, хто пераадолее ўсе перашкоды, ужо ніякія фэйкі на страшныя.
А пераможцы гэтага конкурсу былі абвешчаны на Фестывалі медыяадукацыі ў сталічным стартапхабе «Імагуру», дзе сабраліся малыя і вялікія медыязоркі (члены прафесійнага журы), а таксама педагогі — выпускнікі чарговага дыстанцыйнага курса «Медыяадукацыя ў школе».
З 59 праектаў у фінальную частку конкурсу выйшлі 32. Іх аўтары былі запрошаны на свята разам са сваімі педагогамі. У канкурсантаў было 90 секундаў, каб у максімальна сціслай і яркай форме расказаць пра сваю ідэю прысутным і завалодаць іх увагай. Сапраўднае выпрабаванне, з якім падлеткі бліскуча справіліся.
Так, васьмікласнік Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Іван ЗАРУБА прадставіў свой кароткаметражны фільм «Канец свету!»
— Усіх вітаю, а паспрабуйце адказаць на пытанне: якія праблемы застаюцца вечнымі? — запытаўся хлопец у аўдыторыі. — Выдзелім з іх толькі дзве: як сустрэць Апакаліпсіс і як вырашыць спрадвечную праблему бацькоў і дзяцей? За дзве тысячы гадоў было ўжо сама меней сем «канцоў свету». І праблемы бацькоў і дзяцей за дзве тысячы гадоў таксама нікуды не зніклі...
Вось што вы будзеце рабіць, калі даведаецеся з інтэрнэту, што сёння ў 19.00 канец свету? Пабяжыце ў краму запасацца «дашыракам», сухарамі і вадой? Схаваецеся ў склеп? Перастанеце звяртаць увагу на звычайныя сацыяльныя абмежаванні і нормы? Пра гэта фільм юнага рэжысёра. Іван Заруба выступіў у ім таксама ў якасці аператара і займаўся мантажом. Яго родны брат зняўся ў галоўнай ролі, а маці была сцэнарыстам.
Хлопец, дарэчы, у выніку перамог у намінацыі «Мультымедыя». Тэатральны рэжысёр і рэжысёр дакументальных фільмаў Валерый МАЗЫНСКІ, віншуючы юнага «калегу» з перамогай, канстатаваў: «Ты зрабіў кіно! Задумаў і, галоўнае, давёў справу да канца! Нават калі робіш фільм на 30 хвілін, то прыкладна разоў сто хочаш усё кінуць і разоў пяцьдзясят кідаеш... А ты рызыкнуў замахнуцца на канец свету! Гэта вельмі складана: прыдумаць ідэю, арганізаваць вакол сябе людзей, каб яе рэалізаваць. Але ў цябе ўсё атрымалася...»
Большая палова ці меншая?
У намінацыі «Тэкставыя медыя» галоўны прыз дастаўся аўтару артыкула-даследавання «Матэматыка супраць інфармацыйных «качак» Максіму ЮДЗЯНКОВУ з Усходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна (кіраўнік — настаўніца матэматыкі Алена Міхайлава). «Мне 15 гадоў, я вучуся ў матэматычным класе самай звычайнай вясковай школы, — расказвае хлопец сам пра сябе. — Больш за год «паляваў» у інтэрнэце на інфармацыйных «качак», пералапаціў некалькі сотняў паведамленняў, пераправяраў, параўноўваў, вылічваў і атрымаў ад такой працы вялікае задавальненне. Так у мяне з'явілася свая скарбонка «качак» з інтэрнэт-паведамленняў. З вынікамі маёй працы я выступаў на школьнай канферэнцыі, а таксама перад настаўнікамі матэматыкі Магілёўскай вобласці і іх вучнямі. Лічу, што зрабіў вельмі карысную справу. Мае сябры прызналіся, што пачалі пераправяраць лічбавыя звесткі ў інтэрнэце. Я прывіў ім здаровы скептыцызм. Дарэчы, праверыў свой тэкст на tехt.ru. Вынік — 95 % унікальнасці».
Шчыра кажучы, прыклады, якія прыводзіць Максім, трэба выкладаць студэнтам яшчэ на журфаку, каб не распаўсюджваць інфармацыйныя «качкі» далей.
— Сярод тэкстаў розных відаў і жанраў (навін, інфармацыйна-аналітычных артыкулаў, паведамленняў і дакладаў), размешчаных у інтэрнэце і прааналізаваных у ходзе даследавання, даволі часта сустракаецца словазлучэнне «большая палова», — кажа Максім. — Пасля пошукавага запыту інтэрнэт выдаў мне прыкладна 28 800 000 вынікаў! Вось некаторыя з іх: «большая палова ўдзельнікаў апытання... лічаць сябе вернікамі»; «большая палова брытанскіх дзяцей хоча працаваць у відэасферы»; «вось і прайшла большая палова паста», «большая палова рэтра-аўтамабіляў у спраўным стане»...
Абапіраючыся на матэматычнае вызначэнне паловы, робім выснову, што палова не можа быць большай ці меншай, яна роўная другой палове цэлага. У выпадках параўнання частак цэлага аўтарам медыятэксту мэтазгодней выкарыстоўваць словазлучэнні «большая частка» ці «меншая частка».
У выніку даследавання высветлілася таксама, што яшчэ адной моўнай канструкцыяй, якая вельмі часта выкарыстоўваецца, з'яўляецца фраза «на парадак больш». З яе дапамогай аўтары артыкулаў імкнуцца падкрэсліць істотную розніцу паміж велічынямі, якія яны параўноўваюць: «у цэлым з-за правільнага харчавання працягласць жыцця дыябетыкаў на парадак вышэйшая, чым у здаровых людзей». Сярэдняя працягласць жыцця ў Расіі ў 2013 годзе (год выхаду артыкула) складала 70,58 года. Па сцвярджэнні аўтара, працягласць жыцця дыябетыкаў на парадак большая, значыць, складае як мінімум 100 гадоў. Гэта супярэчыць не толькі матэматыцы, але і здароваму сэнсу. «На парадак» азначае ў дзесяць разоў.
А сцвярджэнні такога кшталту, як «інтэлект сабакі на парадак вышэйшы за каціны», «якасць паслуг на парадак вышэйшая» ці «ўзровень жыцця на парадак вышэйшы», з пункту гледжання матэматыкі наогул пазбаўлены сэнсу. У выніку даследавання прыходзім да высновы — папулярная сярод журналістаў фраза «на парадак больш» не нясе канкрэтнай інфармацыі пра змяненне велічыні.
Максім раіць аўтарам замест такога неканкрэтнага параўнання карыстацца тэрмінам адноснасці (удвая больш, утрая, у сем разоў) або карыстацца працэнтамі: на 150 % больш (гэта азначае ў два з паловай разы). Тут змяненні цалкам зразумелыя і не супярэчаць законам матэматыкі, сцвярджае юнак.
Стваральнікі групы «Вашы фэйкі ў нашых руках» — навучэнцы аршанскай 20-й сярэдняй школы: «Мы самі вучыліся, што такое фэйкі, як іх лавіць і што з імі рабіць».
«Халодная зброя» на вайне
Сапраўднае паляванне на фэйкі арганізавалі навучэнцы сярэдняй школы № 20 з Оршы, стварыўшы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» групу «Вашы фэйкі ў нашых руках». Іх банк увесь час папаўняецца новымі прыкладамі — хітрыкамі маркетолагаў, рэкламадаўцаў, лістамі і рассылкамі па электроннай пошце, якія ўтрымліваюць мноства прывабных прапаноў, памылкамі, знойдзенымі ў вучэбных дапаможніках і так званых «рашэбніках».
Шасцікласніцы Хрысціна Харланава і Дар'я Багдановіч раяць не спісваць дамашнія заданні з рэсурсу ГДЗ. Па-першае, там шмат памылак, а па-другое, нумары заданняў могуць не супадаць. «Падобна на тое, што людзі зарабляюць на нашай ляноце і нежаданні вучыцца, — папярэджваюць яны. — Калі што, лепш у аднакласнікаў за піражок спісаць, а ідэальны варыянт — самім мазгамі паварушыць! Выснова — вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!!!» У сваёй групе дзяўчаты размясцілі скрыншоты рэальных дамашніх заданняў і іх фэйкавых гатовых рашэнняў.
«Многія думаюць, што фэйк — гэта выключна падроблены акаўнт, махлярства ці непраўдзівая інфармацыя ў СМІ. Аднак фэйкавымі могуць быць і дзеянні. Асобным відам псіхалагічнай зброі фэйкі становяцца на вайне, — даведваемся мы з суполкі ў сацыяльнай сетцы. — Яскравы прыклад такога фэйка можна знайсці ў аповесці Васіля Быкава «У тумане». Галоўны герой твора Сушчэня, трапляючы ў палон да фашыстаў, не пагаджаецца з імі супрацоўнічаць, і за гэта яго страшэнна караюць: адпускаюць дахаты. У выніку гэтага фэйкавага дзеяння жыццё героя становіцца невыносным, і вось ён ужо зайздросціць сваім павешаным сябрам, бо яны загінулі героямі, а да яго, сумленнага чалавека, усе, нават самыя блізкія, ставяцца як да здрадніка. Гэта толькі адзін прыклад выкарыстання фэйка як халоднай зброі на вайне».
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з 20-й школы Алена ПАНКРАТАВА, якая курыруе падлеткаў, канстатуе: «Галоўная адметнасць нашага праекта ў тым, што падчас рэалізацыі ідэі мы самі вучыліся. Калі астатнія ведалі, што яны хочуць сказаць, мы стварылі суполку і разам вучыліся таму, а што ж такое фэйкі. Як іх лавіць і што з імі рабіць? Дзеці самі здымаюць відэаролікі, пішуць тэксты, робяць відэападборкі...Барацьбіты з фэйкамі Глеб АНІСІМАЎ, Кірыл САЛАМЕННІКАЎ, Ілья КАТАШОЎ, Марыя АЛЬШЭЎСКАЯ і Кацярына БАРАНОЎСКАЯ атрымалі на конкурсе перамогу ў намінацыі «Графічныя і інтэрактыўныя медыя».
Яркім упрыгажэннем медыяфэсту стала гульня «На злом галавы», прысвечаная медыя: утвораныя выпадковым метадам каманды з настаўнікаў і вучняў вучыліся разам на фэсце ў фармаце мазгабойні. «Хітом» стала пытанне, на якое ніхто з прысутных не змог даць правільны адказ: «Колькі пар жывёл узяў з сабой на каўчэг Майсей?»
Настаўнікі з гродзенскай сярэдняй школы № 26 Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ (Таццяна выкладае англійскую мову, а Сяргей — фізіку) прэзентавалі падчас фестывалю аўтарскі дыстанцыйны курс для падлеткаў «Бачу. Чую. Разумею», які яны плануюць запусціць у новым навучальным годзе. Ці ведаеце вы, адкуль узялося слова «спам»? А на якое паняцце брытанскія ўлады пастанавілі замяніць у афіцыйных дакументах тэрмін «fаkе nеws»? Што такое клікбэйт? А ў якой сацыяльнай сетцы больш за ўсё ботаў — акаўнтаў, якія кіруюцца праграмамі, арыентаванымі на маніпуляцыі і змяненне грамадскай думкі? Магчыма, нам усім разам з падлеткамі трэба запісацца на іх курсы?
Даведка:
Фэйк — слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць кранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі і ён верыць у самую неверагодную інфармацыю.
Надзея НІКАЛАЕВА
Арыгінал артыкула па спасылцы