Медыяадукацыя для Таджыкістана

03.09.2019

Адукацыйныя праграмы, якія вядзе Таварыства беларускай школы, маюць папулярнасць не толькі ў Беларусі. Усё больш і больш замежнікаў запрашаюць нашых педагогаў у якасці экспертаў на канферэнцыі, семінары, перакладаюць на свае мовы кнігі, напісаныя беларускімі настаўнікамі. Летась міжнароднае прызнанне атрымала праграма "Актыўная ацэнка", сёлета да яе далучыліся "Медыяадукацыя".
Прапануем нататку Тамары Мацкевіч, якая вярнулася з Таджыкістану, дзе у складзе міжнароднай каманды праводзіла трэнінг па медыяпісьменнасці для маладых настаўнікаў і журналістаў. 

Я люблю вандроўкі па нетурыстычных месцах. Асабліва па краінах былой савецкай імперыі. Заўсёды дзіву даешся, як можна было такім розным і моцным культурам навязаць аднолькавыя калгасы, школьныя праграмы, піянераў-герояў і розныя камуністычныя міфы. І як цяпер цэлыя нацыі залечваюць раны, аднаўляюць свае карані, вяртаюцца да жыцця, да праўды. Аднак, не ва ўсіх атрымліваецца. 

Гэтым летам мне пашчасціла пабываць у Душанбэ – сталіцы Таджыкістана, правесці з калегамі трэнінг па медыйнай пісьменнасці для маладых журналістаў і настаўнікаў. Паміж справай удалося крыху пазнаёміцца з краінай і людзьмі, але, вядома, найбольш мяне цікавіла адукацыя. На жаль, падчас нашага візіту заняткі ў школах яшчэ не пачаліся, таму напішу тут, што мне распавялі настаўнікі і што кінулася ў вочы.

“Абы не было вайны!”

Таджыкістан – аўтарытарная краіна. Гэта адчуваецца адразу – у моладзі прамытыя несвабоднай школай мазгі. Эмамалі Рахмон кіруе, як і Лукашэнка, з 1994 года. Дарэчы, на постсавецкай прасторы нязменнымі кіраўнікамі засталіся толькі яны. У гэтых лідараў адна агульная мэта – захаваць сваю ўладу. І школа ў Таджыкістане падпарадкавана гэтай мэце. Яна стварае патрэбную ўладзе карціну свету, закладае ў маладыя галовы стэрэатыпы, кантралюе думкі. Развіццё крытычнага мыслення і медыяадукацыя для іх - адзінае выратаванне. 

Галоўны уваход ва Універсітэт

Моладзь у Таджыкістане, з якой прыйшлося пагаварыць, - разумная і адкрытая, аднак малаінфармаваная. І адчуваецца, што сфармавалася яна ў несвабоднай прасторы. Ёй у школах, індактрынавалі, што ўсё добрае, што адбываецца, звязана з прэзідэнтам Рахмонам – ён мае тытул “спасіцель нацыі”. А ва ўсім кепскім вінаватая апазіцыя – “ісламісты”. Тут я ўзгадваю, што наш мясцовы “спасіцель” (не блытаць з “Юным спасацелем”) таксама ва ўсім абвінавачвае апазіцыю – толькі нашыя маюць ярлык “нацыяналістаў”. Ідэолагі і тут і там робяць з грамадзян, якія не хаваюць свае погляды на дэмакратычнае развіццё краіны, пудзіла: пужаюць то ісламізмам, то нацыяналізмам. Чым так страшныя тыя “ісламісты”, які яны прапаноўваюць шлях развіцця, якія ідэі – ніхто не ведае. Дастаткова з дзіцячага садка засвоіць, што яны – кепскія.

Нягледзячы на тое, што сацыяльныя сеткі у Таджыкістане перыядычна блакуюцца, моладзь імі актыўна карыстаецца 

Я запыталася, чаму СМІ не публікуюць альтэрнатыўную думку? – А навошта? Усё ж добра! – здзіўляюцца мае суразмоўцы.

Калі перапытваеш, што добра? Заробак настаўніка 100 даляраў? Перапоўненыя класы? Адсутнасць працоўных месцаў? Дзеці, якія гадамі не бачаць сваіх бацькоў, бо тыя з’ехалі ў пошуку працы? Ці можа тое, што ўсе вы – патрыёты Таджыкістана - марыце адсюль з’ехаць?

Аказваецца добра – гэта няма вайны. Гэтае “абы не было вайны” з вуснаў моладзі вельмі здзіўляе. Далейшая дыскусія не атрымліваецца. Пра палітыку, праблемы, карупцыю, магчымасці для моладзі гаварыць небяспечна.

 Выраз “свабода слова” я пачула толькі ад аднаго чалавека, якому 80 год. Гэта быў сапраўдны ісламіст, які здзейсніў хадж у Мекку. Ён шчыра шкадаваў, што з Душанбэ з’ехалі рускія і яўрэі, і распавёў, што перапісваецца з былымі суседзямі, якія жывуць у Ізраілі, і што цяпер яўрэйскія могілкі даглядаюць мясцовыя мусульмане. Відаць, таджыкі не адчуваюць, што іх нацыянальным і рэлігійным пачуццям нешта пагражае. Таму яны пачуваюцца талерантна да ўсіх, хто побач.

Абавязковая школьная форма не толькі для дзяцей, але і для настаўнікаў

Пра школьную форму пішуць газеты. Спрачаюцца, што лепш: набываць танную форму ў кітайскіх вытворцаў, ці аддаць перавагу дарагім таджыкскім вырабам з больш натуральных тканін.
Але пра тое, што школьная форма – рудымент, і яна ніяк не ўплывае на вучобу – маўчок. Супер-кейс для разбору метадаў прапаганды – даць выбар паміж двух зол і не паказаць альтэрнатыву, якая сапраўды вырашае праблему.

Продаж школьнай формы

Каб трымаць усіх у адзіна-правільнай ідэалагічнай лініі, патрабуецца армейская дысцыпліна. Менавіта таму настаўніцы вымушаны апранаць у школу чорныя спадніцы да калена і белыя блузкі, а мужчыны - белыя кашулі і гальштукі. Гэта вельмі негігіенічна ў гарачыню пад 40 градусаў. Традыцыйныя баваўняныя сукенкі з шараварамі – выратаванне, але яны ў школе забароненыя. Настаўніца з рэгіёну кажа, што настаўніцкая школьная форма перашкаджае наладзіць давер – дзеці ў такой афіцыйнай вопратцы іх не ўспрымаюць як сваіх. Пры такім падыходзе, калі вонкавы выгляд важней за змест навучання, і ўсе сілы ідуць на здабыванне сродкаў на абавязковую форму, гаворкі пра новыя методыкі, змест, навыкі ХХІ стагоддзя і іншыя сучасныя патрабаванні не ўзнікае. Дзяцей вучаць па-старому савецкаму метаду: запіхваюць ім прымусам нейкія веды і навязваюць ідэалогію.

Мова

Вядома, я шмат прачытала пра краіну і разумела, што вобраз таджыка як непісьменнага чалавека, які падмятае маскоўскія вуліцы, - адмыслова навязаны нам расійскімі серыяламі. Рэчаіснасць іншая. Так яно і атрымалася. Сталы таджык – мой сусед па самалёце, што вяртаўся з Меккі дахаты, пры мне ўсчуваў маладога студэнта, каб той вучыў англійскую мову: “Калі ты не ведаеш англійскай мовы – ты не ведаеш нічога,” – казаў ён. О! Дык гэта ж і ёсць медыяадукацыя! 

Аказалася, што большасць таджыкаў ведаюць па некалькі моваў – таджыкскую (дзяржаўную), арабскую (бо чытаюць каран), узбекскую. Лёгка могуць паразумецца з афганцамі, іранцамі, пакістанцамі, паўночнымі індыйцамі. Руская мова, хоць не з’яўляецца дзяржаўнай, вывучаецца ў школах. Ведаюць яе, праўда, слаба – яна мала каму патрэбна. Па-руску вучацца толькі 4,4% вучняў, астатнія – па-таджыкску. Сярод ВНУ добры рэйтынг маюць медыцынскі і палітэхнічны ўніверсітэты. Апошні, дарэчы, мае філію БДПА і таджыкі могуць пасля 2-га курса працягнуць навучанне ў Мінску.

У адрозненне ад Беларусі, тут ёсць сапраўдныя прыватныя сярэднія школы з традыцыямі і замежным капіталам. Напрыклад, Cambridge Worldwide Academy. У гэтай школы 2 вялікіх будынкі і брытанская навучальная праграма (уключна з А-level), цэлы штат замежных выкладчыкаў. Кошт навучання ад 5 да 10 тысяч даляраў у год, у залежнасці ад класа.

Обложка сайта

Адзін з карпусоў прыватнай школы Cambridge Worldwide Academy

Гледзячы на гмахі “Школы Гары Потэра” (так яе называюць мясцовыя), становіцца шкада нашых заснавальнікаў прыватных школ, якія арэндуюць непрыстасаваныя будынкі і спрабуюць саматугам зрабіць хоць якую альтэрнатыву дзяржаве.

Але мы сустрэлі ў Душанбэ настаўніцу, якая ў звычайнай дзяржаўнай таджыкскай школе выкладае матэматыку для пачтакоўцаў па-англійску. Значыць нешта пачало мяняцца. Без англійскай мовы сёння адукаваным быць цяжка. 

 

ЦУМ, Нацыянальная бібліятэка, Душанбэ-арэна, Камсамольскае возера, плошча Нацыянальнага сцяга і … чысценька.

Усе дыктатуры імкнуцца знешне выглядаць прывабна. Але тут Мінску да Душанбэ далёка! Адзін штучны вадаспад за мільён даляраў чаго каштуе! Дзеля яго змянілі рэчышча ракі. У Душанбэ катарцы будуюць самы вялікі ў сярэдняй Азіі мячэт.

Дыктатуры імкнуцца мець прывабны фасад  

Горад ззяе ілюмінацыяй. А чысціня! Можна босымі нагамі хадзіць па цэнтральных вуліцах, парках, замошчаных каляровай кафляй і мармурам. Усё па-багатаму. Ну, можа, акрамя кніжных крамаў. 
У астатнім Душанбэ падобны да Мінска. Ёсць ЦУМ, Нацыянальная бібліятэка, Душанбэ-арэна, Камсамольскае возера, плошча Нацыянальнага сцяга, герб-капуста з бавоўнай замест канюшыны. Ёсць будынкі, якія нельга фатаграфаваць. Таксама рэгулярна сотні міліцыянтаў перакрываюць вуліцы, каб прапусціць картэж прэзідэнта ці мэра – ягонага сына.

Школьныя прылады прадаюцца ў краме "СССР"

Ёсць і слабая спроба паэксплуатаваць сімвалы старой імперыі: напрыклад, бістро з назвай “СССР” аздоблена партрэтамі Леніна, чырвонымі вымпеламі і рэкламай кока-колы. Сярод частых наведнікаў – міліцыянты і АМАПаўцы з дубінкамі. Газета “СССР” – таксама выходзіць рэгулярна. Аднак, расійскаму «Спутнику» тут не вераць і лічаць яго крыніцай фэйкавых навін.

Ісламскі фемінізм

Таджыкістан – жаночая краіна. Такое ўражанне, што мужчын тут амаль няма. Яны або з’ехалі за межы краіны ў пошуку заробку, або праводзяць час у іншых месцах, каб не перашкаджаць.  Пануе жаночы інтэрнацыянал і салідарнасць. Жанчыны тут працуюць, бо трэба гадаваць дзяцей, да позняй ночы гуляюць з імі ў парках, адпачываюць на сваіх курортах, сядзяць у кавярнях. Усе спакойныя, самастойныя, добразычлівыя і вельмі рэлігійныя. Шмат хто носіць не толькі хустку, але хіджаб. Але ёсць і тыя, хто апранаецца па-еўрапейску.

Басейн для жанчын асобны. Афганскія уцякачкі бавяць час у чаканні дазволу на выезд у Канаду.

Таджыкістан - вельмі камфортная краіна для людзей усіх вераў і нацыянальнасцяў. У таджыкаў багатая культура і гісторыя. Вельмі хочацца, каб яны жылі заможна і мелі магчымасць сачыць за тым, што адбываецца ў свеце. Заканадаўства ў іх больш ліберальнае, чым у Беларусі: дзяржава пакуль дазваляе праводзіць міжнародныя адукацыйныя праекты, не патрабуе браць дазвол на атрыманне замежнай дапамогі, не забараняе прыцягваць унутраныыя фінансы на адукацыю. Але ў іх горшая сітуацыя, чым у нас. У іх пакуль не сфармавалася адукацыйная супольнасць, няма згуртаванай сеткі настаўніцтва і адукатараў, якія ведаюць тэндэнцыі, разумеюць, што трэба рабіць і робяць, не гледзячы на непаваротлівасць і супрацьдзеянне адукацыйнай сістэмы.

Беларусы ж дакладна ведаюць свой шлях. У нас няма іншага выбару, як будаваць нацыянальную дэмакратычную дзяржаву і адпаведную сістэму адукацыі. І ў гэтым самая вялікая розніца і нашая вялікая перавага.

Тамара Мацкевіч, 03.09.2019
Фота аўтара