13 лістапада — Дзень беларускае школы. Яго мела б сьвяткаваць дзяржава, якая лічыць сябе беларускаю.
У 1915 годзе — пасьля працяглых спробаў пад царскай уладай вучыць дзяцей па-беларуску падпольна — была адкрытая першая легальная беларуская школа. Піша гісторык Уладзімер Ляхоўскі:
Першая беларуская школа ў зоне Обэр-Ост была адкрытая 13 лістапада 1915 году ў Вільні на Юраўскай вуліцы дзякуючы стараньням Аляізіі Пашкевіч-Кейрысовай і Баляслава Пачобкі. Пачаткова лік вучняў у школе складаў усяго 36 чалавек, зь якіх былі сфармаваныя 3 узроставыя групы
Так, школу стваралі знакамітая паэтка Цётка і Баляслаў Пачобка, сьвятар і пэдагог. У школе выкладала нямецкую мову Юльяна Мэнке, нарачоная Івана Луцкевіча. Усе яны разам з Вацлавам Ластоўскім ды іншымі ўваходзілі ў Беларускую школьную камісію на чале з Антонам Луцкевічам. Эліта нацыянальнага руху, не заўсёды згодная міжсобку ў палітычных пытаньнях, супольна займалася беларускім школьніцтвам як прыярытэтнаю справаю.
А што такое зона Обэр-Ост? Так, гэта кароткая пара так званых „першых немцаў“ 1915–1918 гадоў. Тыя немцы не рабілі тут нічога надта добрага, але імкнуліся, хай каньюнктурна, не варагаваць з нацыянальнымі рухамі былых расейскіх калёніяў. Яны ўсяго толькі не перашкаджалі нацыянальна-моўным справам беларусаў. І за некалькі месяцаў беларусы стварылі пад пару соцень пачатковых школаў, у тым ліку ў Вільні, і настаўніцкую сэмінарыю.
Нарадзіўшыся на Захадзе, перакінулася на Ўсход
Антон Луцкевіч да 10-годзьдзя падзеі пісаў: „Беларуская школа, нарадзіўшыся на Захадзе, перакінулася на Ўсход і буйна расьцьвіла тамака…“ У міжваенны час дату 13 лістапада беларусы і ў Заходняй, і ў Савецкай Беларусі (да пачатку рэпрэсіяў) ганаравалі як Дзень беларускае школы.
У Заходняй Беларусі душыць толькі што адроджанае школьніцтва па-беларуску пачалі з другой паловы 1920-х гадоў. Таварыства беларускай школы, рэальна масавая 16-тысячная арганізацыя, змагалася за школы ў роднай мове, людзі масава несьлі заявы, але польская ўлада мэтадычна скарачала колькасьць беларускамоўных школаў. Вышэй тагачасная карыкатура на гарачую тэму з сатырычнага часопіса „Маланка“ (№ 1, 1926). Надмагільны помнік са словамі: Тут ляжыць труп беларускае школы. Малюнак Янкі Маразовіча (псэўданім Янка Маланка).
У Савецкай Беларусі наступ на „беларускі нацыяналізм“ пачаўся з 1930-х, але дакуль патрэбныя былі ідэалягічныя аргумэнты супраць „панскай Польшчы“, пачатковая і сярэдняя школа заставалася беларускамоўная. Перш беларускую мову амаль выкаранілі ў вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі. Скарачэньне колькасьці беларускамоўных сярэдніх школаў у БССР пачалося з 1950-х гадоў і да канца 1970-х мела вынікам іх поўнае выкараненьне ў гарадах. Адзіным выняткам у пачатку 1980-х была Наста Лісіцына, чые бацькі дамагліся індывідуальнага навучаньня па-беларуску для яе ў менскай школе № 6.
Вы саўсім не са школы!
Але ў 1980-я паўстаў беларускі нацыянальны рух гарадзкой адукаванай моладзі. Адною зь першых грамадзкіх акцыяў „Беларускай Майстроўні“ стала лякальнае адраджэньне ТБШ ў 1983 годзе ў Менску. Ініцыятыва належала Віктару Івашкевічу — пайсьці ў раёне Сьляпянцы ад дзьвярэй да дзьвярэй і сабраць подпісы бацькоў школьнікаў за беларускамоўнае навучаньне. Прачыталі пра досьвед папярэднікаў з 20-х гадоў дый пайшлі з блянкамі заяваў, адрасаваных загадчыку аддзелу народнай асьветы, і тэкстам:
Прашу стварыць у раёне школу ці клас зь беларускай мовай навучаньня, бо лічу, што маё дзіця павінна атрымаць адукацыю на роднай мове. Права на гэта мне забясьпечвае артыкул 45 Канстытуцыі СССР.
Мелі з сабою і тэкст таго канстытуцыйнага артыкула, і выпісы з заканадаўства.
На дзіва, літаральна цягам тыдня сабралі некалькі соцень подпісаў — нягледзячы на выклікі міліцыі пільнымі грамадзянамі й наагул прыгнечаную атмасфэру. Што цікава — людзі негуманітарных прафэсіяў падпісваліся больш ахвотна.
Пра незабыўны абыход напісаў песьню Сяржук Сокалаў-Воюш:
https://www.youtube.com/watch?v=MIUAOK0K2fg&feature=emb_title
— Вы саўсім не са школы!
Эта ўсё толькі ролі.
Пад учыцеля каждый
у мяня тут касіл.
Беларускія класы
не нужны нашай школе!
Я гдзе нада узнал,
я гдзе нада спрасіл.
Стос соцень заяваў ужо можна было падаваць у раённы аддзел адукацыі. І — нечакана — улада саступіла. Занадта яўная была зьмена грамадзкіх настрояў. У 1983 годзе школа № 108 у Сьляпянцы пачала набіраць першыя клясы для навучаньня па-беларуску. Гэта была перамога.
Потым былі наступныя школы, ня толькі ў Менску. У маім архіве ёсьць наваполацкая газэта „Хімік“ ад 5 красавіка 1986 году з аб’яўкай пра набор шасьцігодак у 4-ю школу — дамагліся сьведамыя навапалачане. А тады іншыя школы і садкі — бо трэба было фармаваць беларускамоўную адукацыйную вэртыкаль. Нэрвы, месяцы змарнаванага часу, дзясяткі сходаў і сотні подпісаў, супраціў адукацыйнага начальства. Намесьнік міністра адукацыі Круглей казаў: „Хотите, чтобы ваш ребёнок обучался на белорусском языке — возите в деревню!“
Але бацькі пры падтрымцы загадчыцы Галіны Прымы і пэдагогаў дамагліся-такі першага цалкам беларускамоўнага садка № 376 у Менску на вуліцы Някрасава, а неўзабаве і недалёкую 20-ю школу беларусізавалі. У гэтыя садок і школу пайшлі і мае дзеці.
Беларуская школа — не праз збор подпісаў, а ў пешай дасяжнасьці
Потым пачаліся 90-я гады — зусім іншая эпоха, якая давала надзею беларускаму школьніцтву. Беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, а значыць, дзяржава мусіла гарантаваць магчымасьць мець па-беларуску ўсе паслугі, з адукацыі пачынаючы. Але грамадзкі чын нікуды не падзеўся. Адроджанае ў 1993 годзе і афіцыйна зарэгістраванае ТБШ на чале з Алесем Лозкам напачатку мела місіяй спрыяць стварэньню ды дапамагаць працы беларускіх школаў і садкоў, летнікаў і пазашкольных асяродкаў. А потым мусіла скарэктаваць місію і стаць іх абаронцамі. Гэта асобны аповед, зазначу толькі, што ў 2013 годзе ТБШ было ініцыятарам Нацыянальнага бацькоўскага сходу, і бацькі беларускамоўных школьнікаў сфармулявалі папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Сярод іх найважнейшая:
...Надаць статус беларускамоўных частцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, працэнтная доля месцаў у якіх ня меншая за працэнт жыхароў адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі, што ў апошнім перапісе насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. Прыярытэт аддаваць гімназіям і ліцэям. Сетку беларускамоўных установаў разьмеркаваць так, каб забяспечыць пешую дасяжнасць для любога жыхара.
Інакш кажучы, ня мы, не бацькі павінны зьбіраць подпісы паводле невядома адкуль узятай квоты на беларускамоўнае навучаньне Калі вам кажуць, што вы павінны знайсьці яшчэ восем ці дзесяць сем’яў, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, — гэта няпраўда. Па-першае, даць магчымасьць вучыць дзіця па-беларуску — абавязак дзяржавы. Па-другое, няма афіцыйна зацьверджанага мінімуму вучняў для адкрыцьця беларускамоўных клясаў. Павінны вучыць нават аднаго ці дваіх. Права на гэта гарантуе Канстытуцыя, а канкрэтызуе Кодэкс аб адукацыі:
Права грамадзян на выбар навучаньня і выхаваньня на адной зь дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусі забясьпечваецца разьвіцьцём сеткі ўстановаў адукацыі (клясаў, групаў, патокаў) зь беларускай і расейскай мовамі навучання (арт. 90).
Цяпер ані згаданыя тут гістарычна першыя 108-я і 20-я школы (ужо 8-я гімназія), ані 376-ы садок у Менску не беларускія. Аднак мой экскурс у гісторыю аптымістычны: беларускі школьны рух нязломны. На ўсіх гістарычных паваротах, пры самых розных чужых уладах ён дамагаўся свайго. З Днём беларускай школы!
Вінцук Вячорка