Многія беларускія бацькі скардзяцца, што школа не дае патрэбнага ўзроўню ведаў для здачы ЦТ і паступлення ў ВНУ. Што з гэтай нагоды думаюць настаўнікі? Пагаварылі з педагогамі і даведаліся, якіх зменаў у сферы адукацыі яны самі чакаюць з нецярпеннем. І вось што здольна палепшыць якасць выкладання ў школе, на думку настаўнікаў.
1. Даць настаўнікам больш свабоды
Сяргей Цімашук, настаўнік фізікі і інфарматыкі сельскай школы:
- Беларускага настаўніка «загналі» у вельмі жорсткія рамкі, устаноўленыя праграмай: на кожную пэўную тэму ён павінен выдаткаваць строга абумоўлены час. І гэта не заўсёды добра. Я лічу, што настаўнік павінен сам бачыць і вырашаць, колькі часу трэба выдаткаваць на тое ці іншае пытанне. Часам на адну тэму хапае аднаго занятку, а не двух, як стаіць у праграме. І наадварот: дзеці часам не паспяваюць засвоіць тэму за ўсталяваныя ў праграме гадзіны. У такіх выпадках у настаўніка павінна быць магчымасць павялічыць колькасць гадзін на незразумелую дзецям тэму, арыентуючыся на патрэбы школьнікаў.
2. Прыбраць лішнюю сацыяльную нагрузку
Юлія Некраш, настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы г. Мінска:
- Настаўнік здольны эфектыўна працаваць толькі тады, калі ў яго ёсць час на самаадукацыю. А на сённяшні момант у настаўніка занадта вялікая сацыяльная нагрузка. Ён павінен выканаць шмат лішняй працы, якая адцягвае яго ад навучальнага працэсу. Па-першае, гэта «всеобуч». Настаўніку даюць канкрэтны ўчастак раёна, і ён ходзіць па кватэрах, удакладняе, дзе вучацца дзеці. Па-другое, гэта выбары, якія кладуцца на плечы школы. І па-трэцяе, класнае кіраўніцтва.
3. Вылучыць асобную прафесію класнага кіраўніка
- Я лічу, што варта падзяліць класнае кіраўніцтва і выкладанне прадметаў. Магчыма, гэта шмат каму падасца ўтопіяй, але мне здаецца, што гэта павінны быць два розныя чалавекі. У такім выпадку настаўнік працаваў бы больш эфектыўна. Да таго ж, часта здараецца, што таленавіты выкладчык становіцца жахлівым класным кіраўніком (бо на двух крэслах уседзець немагчыма). Цяпер у нас работа класнага кіраўніка другасная (усяго 5 гадзін у тыдзень). Нажаль, настаўнік-прадметнік не можа надаць ёй столькі ўвагі, колькі трэба. І гэта дрэнна з улікам таго, што ў апошнія гады павялічваецца колькасць дзяцей з псіхалагічнымі праблемамі і сацыяльным аўтызмам. Таму мне здаецца, што варта стварыць асобную прафесію класнага кіраўніка.
4. Павялічыць колькасць гадзін на прадметы ЦТ
Юлія Атрашчанка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
- Я б увяла больш гадзін у 10-11 класе па тых прадметах, па якіх дзеці здаюць ЦТ. Гэта важна, каб дзіця магло паўнавартасна падрыхтавацца да здачы экзаменаў для паступлення ў ВНУ. Тады адпадзе неабходнасць наймаць дарагіх рэпетытараў, на што цяпер часта скардзяцца беларускія бацькі.
5. Замяніць старыя формы кантролю ведаў
Галіна Сухава, настаўнік-метадыст гімназіі г. Віцебска:
- Часта школьных настаўнікаў абвінавачваюць у тым, што яны не рыхтуюць дзяцей да ЦТ. Чаму так адбываецца? Таму што часцяком настаўнікі «перадаюць» веды дзецям, а яны павінны даваць інструменты для атрымання новых ведаў, паколькі асноўная мэта школы - навучыць вучыцца. Выправіць сітуацыю дапаможа змяненне падыходаў да падачы і кантролю ведаў. Для гэтага важна не толькі ўнесці змены ў методыку выкладання, але і даць настаўнікам магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю і абменьвацца вопытам. Не трэба спецыяльных курсаў, дастаткова проста прыдумаць прадуктыўныя формы абмену педагагічнымі напрацоўкамі і ідэямі. Важна змяніць формы кантролю ведаў, паколькі многія з іх ужо ўстарэлі і не маюць пераемнасці. Напрыклад, па мовах у пачатковай школе дзеці пішуць дыктоўку, у сярэдняй - робяць пераказ, а для паступлення ва ўніверсітэт - здаюць ЦТ. Важна, каб новыя формы кантролю правяралі веды ня па кожным асобным прадмеце, а вызначалі, ці ўмее дзіця прымяняць свае веды на практыцы, атрымліваць рашэнне на стыку некалькіх прадметаў, рабіць высновы.
6. Навучыць педагогаў працы з новым абсталяваннем
Анжаліка Мешчаракова, старшы выкладчык акадэміі паслядыпломнай адукацыі, навуковы кансультант праекта па ўкараненні STEM-тэхналогіі ў школы Беларусі:
- Калі адбываецца закупка тэхнікі і абсталявання для школ, то неабходна праводзіць навучанне педагогаў, каб тыя маглі працаваць з гэтай тэхнікай і метадычна правільна ўбудоўваць яе ў працэс навучання. Нельга зыходзіць з пасылу, што самае галоўнае - гэта тэхніка, а настаўнікі разбяруцца самі. Неабходна праводзіць курсы і арганізоўваць супольнасці, у якіх педагогі змогуць дзяліцца сваімі ідэямі і напрацоўкамі.
Дапаўняе калегу Юлія Некраш, настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы г. Мінска:
- У ідэале настаўнік павінен вырашаць, якое абсталяванне яму неабходна для працы, а не кіраўніцтва школы навязваць яму тэхніку. Інакш яна будзе стаяць незадзейнічанай. Просты прыклад: цяпер усё школы абвешаны дарагімі інтэрактыўнымі дошкамі, але актыўна імі ніхто не карыстаецца.
7. Укараняць міждысцыплінарнае навучанне
Таццяна Багдановіч, настаўнік фізікі гімназіі г. Бабруйска:
- У нашых школах не хапае якаснага міждысцыплінарнага навучання. Вучаць кожнаму прадмету паасобку, а асноўная ж задача школы - падрыхтаваць дзяцей да будучыні, у якой трэба будзе прымяняць усе веды інтэгравана. Зараз папулярнасць набірае так званая STEM-адукацыя - інтэграцыя навукі, сучасных тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі. Гэта дапамагае прышчапіць дзецям любоў да прыродазнаўчымхпрадметаў і навучыцца прымяняць свае веды на практыцы. І было б нядрэнна, калі б гэтую методыку навучання сталі паўсюдна практыкаваць у беларускіх школах.
Арыгінал артыкула па спасылцы