Наколькі беларуская сістэма адукацыі канкурэнтаздольная і ці адпавядае яна сусветным трэндам? Раней на гэта пытанне было праблематычна адказаць, бо ні вынікі рэспубліканскага маніторынгу якасці адукацыі, ні цэнтралізаванае тэсціраванне, ні міністэрскія кантрольныя работы каштоўнай інфармацыі для параўнання не давалі.
У міжнародных даследаваннях якасці адукацыі Беларусь таксама доўгі час не брала ўдзелу. Першы досвед мы атрымалі толькі паўтара года таму, калі нарэшце далучыліся да аўтарытэтнага міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt). Яго рэалізуе Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) у кансорцыуме з вядучымі міжнароднымі навуковымі арганізацыямі. Вынікі даследавання даюць адказ на шэраг пытанняў: «Наколькі хутка школа рэагуе на зменлівы свет?», «Ці запатрабаваныя веды, што даюцца на ўроках, у рэальным жыцці?», «Як расстаўляць прыярытэты ў адукацыі?» і іншыя. Правяраюцца не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі, здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне супастаўляць факты, аналізаваць, хутка прымаць рашэнні.
Маніторынгавае даследаванне праводзіцца кожныя тры гады. Першы рэйтынг быў складзены ў 2000 годзе, вынікі апошняга агучаны 3 снежня 2019 года. Кожны раз акцэнты ў даследаванні змяшчаюцца. Асноўная ўвага падчас апошняга маніторынгу ўдзялялася чытацкай адукаванасці, а ў 2021 годзе ўпор будзе зроблены на матэматычную.
У рамках РІSА, акрамя непасрэдна правядзення тэстаў, збіраецца таксама інфармацыя пра навучэнцаў (сацыяльна-эканамічнае становішча сям'і, стаўленне да вучобы, задаволенасць школай, сістэмай ацэньвання, факты дыскрымінацыі ў навучальнай установе і г. д.), апытваюцца прадстаўнікі школы, аналізуецца сістэма адукацыі ў цэлым. Гэта дае магчымасць не проста ацаніць паспяховасць вучняў у розных краінах, а вызначыць, якія фактары спрыяюць дасягненню высокіх вынікаў.
Сацыяльная няроўнасць
У РІSА-2018 удзельнічала 5830 беларускіх 15-гадовых падлеткаў з 236 устаноў адукацыі. А па ўсім свеце да даследавання далучыліся 79 краін. Тэарэтычна наша школа павінна была атрымаць багата інфармацыі для роздуму, і першай такой спробай прааналізаваць эфектыўнасць беларускай сістэмы адукацыі стаў круглы стол, арганізаваны Таварыствам беларускай школы разам з Сусветным банкам і ЕdСаmр Bеlаrus.
Але спачатку крыху суровай праўды ад дырэктара дэпартамента па адукацыі і навыках АЭСР Андрэаса ШЛЯЙХЕРА з яго выступлення падчас прэзентацыі апошніх вынікаў: «Больш за 10 мільёнаў вучняў, прадстаўленых у РІSА, не здолелі справіцца нават з базавай задачай пісьменнасці, якая патрабуе чытацкіх уменняў. І толькі адзін з дзесяці вучняў у краінах АЭСР змог адрозніць факт ад меркавання, скарыстаўшы (у тэксце. — Аўт.) непрамыя падказкі. Так, зрабіць гэта нялёгка, але гэта тое, з чаго складаецца лічбавы свет. На жаль, у выніках навучання за апошняе дзесяцігоддзе рэальных змен не адбылося», — канстатаваў галоўны куратар даследавання.
Між іншым, Міністэрства адукацыі нашай краіны засталося задаволенае першымі вынікамі ўдзелу ў РІSА. У рэйтынгу чытацкай адукаванасці беларускія падлеткі апынуліся на 36-й пазіцыі, у матэматычнай — на 38-й, а ў прыродазнаўчанавуковай — на 37-й.
— Але мы лічым важным не тое, якое месца заняла тая ці іншая краіна, а як гэтыя вынікі будуць у далейшым выкарыстаныя і ці прынясуць яны карысць, — падкрэслівае прадстаўнік Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь, які займаецца праектамі ў сферы адукацыі і аховы здароўя, Павел ФУНЦІКАЎ. — Рэйтынг — гэта вяршыня велізарнай аналітычнай работы: тры тамы аналітыкі ўжо выйшлі ў снежні на англійскай мове, яшчэ частка рыхтуецца да публікацыі сёлета. РІSА дазваляе выявіць і параўнаць змяненні, што адбываюцца ў сістэмах адукацыі розных краін, і ацаніць эфектыўнасць стратэгічных рашэнняў у вобласці адукацыі.
Як адзначае Павел Фунцікаў, беларускія падлеткі паказалі вынікі, лепшыя ў параўнанні з краінамі Еўропы і Цэнтральнай Азіі з аналагічным або вышэйшым узроўнем даходаў. 73 % беларускіх навучэнцаў паказалі базавы і сярэдні вынікі па чытанні (па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык склаў 63 %). У той жа час паспяховасць беларускіх навучэнцаў крыху адстае ад сярэдняй па АЭСР і Еўрапейскім саюзе. Па колькасці навучэнцаў, якія справіліся з заданнямі пятага і шостага ўзроўняў, Беларусь таксама адстае ад краін АЭСР.
З негатыўных тэндэнцый Павел Фунцікаў звярнуў увагу на істотны разрыў у выніках школьнікаў зыходзячы з іх сацыяльна-эканамічнага становішча (гэта высвятлялася з дапамогай дадатковага анкетавання. — Аўт.). Найлепшыя вынікі паказваюць дзеці з заможных сем'яў, а дзеці з сем'яў з невысокім даходам адстаюць ад іх на 111 (!!!) пунктаў, што эквівалентна тром гадам навучання ў школе. «Несумненна, гэта сур'ёзна адаб'ецца на іх далейшых магчымасцях у жыцці, — падкрэслівае эксперт. — Таксама 46 % навучэнцаў з сем'яў з самым нізкім даходам і 40 % сельскіх навучэнцаў паказваюць вынік, ніжэйшы за базавы ўзровень, — гэта значыць, што яны з'яўляюцца функцыянальна непісьменнымі».
Паколькі сацыяльна-эканамічны статус сям'і і месца жыхарства вельмі моцна адбіваюцца на паспяховасці беларускіх навучэнцаў, Сусветны банк раіць уладам звярнуць на гэта ўвагу. Яшчэ адна з рэкамендацый датычыцца пашырэння доступу да дашкольнай адукацыі, якая, як высвятляецца, таксама моцна ўплывае на далейшую паспяховасць навучэнцаў. Чым раней малыя сацыялізуюцца, тым лепш. Самыя высокія вынікі дэманструюць дзеці, якія пайшлі ў дзіцячы садок у два-тры гады.
Нязручныя пытанні
— РІSА — гэта вельмі аб'ёмнае міжнароднае даследаванне, мэта якога — вызначыць агульныя рызыкі і кірункі для далейшага развіцця, і мы павінны шчыра адказаць сабе на пытанне, а ці прымаем мы ўвогуле метадалогію і каштоўнасці РІSА (роўнасць доступу якаснай адукацыі для ўсіх, сувязь ведаў з практыкай, актуальнасць глабальных кампетэнцый, гендарную роўнасць, талерантнасць да іншых, кааперацыю), або беларуская адукацыя абрала нейкі іншы, адметны шлях, — разважае кандыдат педагагічных навук, аналітык Кацярына КУКСО. — Між іншым, РІSА ставіць перад намі шэраг нязручных пытанняў. Напрыклад, заданні другога ўзроўню складанасці па матэматыцы не выканалі 29 % нашых навучэнцаў, па прыродазнаўчых навуках — 24 %, па чытанні — 23 %. Гэта значыць, што амаль чвэрць беларускіх 15-гадовых падлеткаў функцыянальна непісьменныя. Колькасць вучняў, якія не могуць вырашаць заданні нават другога ўзроўню, здаецца мне пагражальнай. Таму ці будзем мы думаць, як выбудоўваць з імі сістэмную работу?
Разам з тым у нас амаль няма адукацыйнай эліты. Калі мы пакідаем па-за дужкамі гімназіі і прыватныя школы, што можам прапанаваць таленавітай моладзі? Элітай у Беларусі традыцыйна лічацца пераможцы міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах, але іх колькасць зусім нязначная. У даследаванні РІSА дзецям прапануюцца заданні шасці ўзроўняў: пяты і шосты — самыя высокія. Дык вось, толькі зусім нязначны працэнт беларускіх школьнікаў з імі спраўляецца.
Заданні пятага і шостага ўзроўняў па матэматыцы выканалі 7 % навучэнцаў, па прыродазнаўчых навуках — 3 %, і толькі 4 % справіліся з заданнямі на разуменне тэкстаў. Трэба паясніць, што на гэтых узроўнях вучні могуць засвойваць вялікія тэксты, аперыраваць абстрактнымі паняццямі, знаходзіць парушэнні ў логіцы, адрозніваць факты ад меркаванняў, ідэнтыфікаваць крыніцы інфармацыі.
Дзе арыенціры?
Аналітык Дзмітрый ІВАНОВІЧ прапанаваў увогуле не аб'ядноўваць статыстыку па пятым і шостым узроўнях і растлумачыў, чаму не варта гэта рабіць, — каб бачыць рэальную карціну з той самай элітай. Бо толькі 0,3 % беларускіх дзяцей дасягнулі шостага ўзроўню ў чытацкай адукаванасці. А, напрыклад, у Эстоніі, якая стала еўрапейскім лідарам у РІSА, такіх дзяцей больш у дзевяць разоў (2,8 %). Пятага ўзроўню ў нас дасягнула 3 % навучэнцаў, а ў Эстоніі — 11,1 %.
— Можна, канешне, параўноўваць сябе са слабейшымі, але навошта гэта рабіць? — разважае Дзмітрый Івановіч. — Таксама мяне зацікавіла, як мы выглядаем на фоне краін, куды з'яджаюць вучыцца пасля школы нашы дзеці, — Польшчы і Расіі, — і, як высветлілася, Расія апераджае нас па ўсіх паказчыках. У Польшчы пазіцыі ў РІSА яшчэ вышэйшыя...
— А я проста ўпэўнена, што трэба параўноўваць сябе з наймацнейшымі, калі мы хочам аказацца сярод іх, — падкрэслівае дырэктар прыватнай школы «Стэмбрыдж» Наталля ІСКАРЦАВА. — Што мы назіраем у нас сёння? Сацыяльную няроўнасць і вельмі вялікі разрыў у ведах. Ці не пра заслугі рэпетытараў і дадатковыя заняткі тут гаворка?
Па выніках анкетавання больш за 90 % дзяцей адзначаюць высокую задаволенасць жыццём, але чамусьці гэтая інфармацыя не супадае з тым, што я чую ад вучняў, іх бацькоў і маіх калег. І ўвогуле, як яе расцаніць: у нас насамрэч усё так добра або гэта сведчыць пра нізкі ўзровень патрабавальнасці? Булінгу ў нашых школах менш, але кааперацыі таксама менш. Між іншым, калі дзеці бачаць, што ў школе крыўдзяць слабых, ці назіраюць іншыя праявы несправядлівасці, то яны хутчэй застануцца ўбаку, чым заступяцца. Гэта таксама наша рэчаіснасць...
Па выніках РІSА істотнага разрыву ў ведах беларускіх хлопцаў і дзяўчат не назіраецца, разам з тым гендарныя стэрэатыпы ў дачыненні да прафесій усё яшчэ спрацоўваюць. Сярод навучэнцаў з высокімі вынікамі па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках кожны сёмы хлопец бачыць сябе ў будучыні інжынерам або вучоным. Сярод дзяўчат пра гэта марыць толькі адна з дзевяці. Пра работу ў сферы ІТ задумваюцца 13 % хлопцаў і толькі 2 % дзяўчат.
Удзельнікам анкетавання была прапанаваная наступная думка: «Твой інтэлект — гэта тое, што ты не можаш істотна змяніць». З ёй можна было не пагадзіцца. Дык вось, 45 % беларускіх навучэнцаў не вераць, што яны могуць паўплываць на свой інтэлект, карціну свету ці спосаб мыслення. І гэта — 15-гадовыя падлеткі! Што ж яны тады могуць змяніць? І хто, калі не яны?
Старая парадыгма
Начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена РАДЗЕВІЧ упэўнена, што адукацыйную філасофію і падыходы да выкладання трэба змяняць.
— Давайце разбірацца, што мы ставім на першае месца: веды, якія лёгка можна здабыць, ці разуменне? — прапануе прадстаўнік сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў. — Ці збіраемся мы рабіць стаўку на развіццё крытычнага мыслення? У такім разе трэба пачынаць з педагогаў, бо калі настаўнік не валодае крытычным мысленнем, то чаго чакаць ад яго выхаванцаў? Педагогам трэба даць большую свабоду, бо сёння ўсё ім спускаюць зверху: каляндарна-тэматычнае планаванне ўрокаў, мэты ўрока і гэтак далей. Канешне, для многіх гэта зручна, бо магчымасць выбару аўтаматычна азначае адказнасць...
Пытанне, як вучыць, якія метады і тэхналогіі выкарыстоўваць, актуальнае як ніколі.
— У інструктыўна-метадычным лісце Міністэрства адукацыі запісана, што для дамашняга задання можа прапаноўвацца толькі матэрыял, які вывучаўся на ўроку. Гэта ўчарашні дзень. Вялікі мінус у тым, што новая інфармацыя на занятках перадаецца навучэнцам у гатовым выглядзе: не трэба прыкладаць намаганняў для яе здабывання, напружвацца, каб авалодаць нечым новым, — разважае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай ЗАПРУДСКІ. — Увесь свет пераходзіць на перакуленае навучанне, якое яшчэ называюць змешаным. Гэта метад, пры якім уся тэарэтычная і лекцыйная праграма вывучаецца дома, а ў класе з настаўнікам падрабязна разбіраюцца заданні і практыкаванні па тэме: лекцыі — дома, а «дамашка» — у класе. Пры традыцыйным навучанні настаўнік перадае гатовыя веды, а вучні выступаюць збольшага пасіўнымі слухачамі, пры перакуленым — лідарская пазіцыя на ўроку належыць не педагогу, а дзецям. У навучэнцаў ёсць шырокія магчымасці для пошуку ісціны, выказвання сваіх меркаванняў і ідэй. Прадметныя вынікі — не адзіная мэта: важна сфарміраваць у дзяцей жаданне, патрэбу, звычку і ўменне вучыцца, а таксама сацыяльныя кампетэнцыі. Вучням дэлегуецца адказнасць за адукацыйныя вынікі, ствараюцца ўмовы для іх самарэалізацыі. Урок ператвараецца з месца, дзе даюць веды, у месца, дзе веды выкарыстоўваюцца для іх замацавання і паглыблення, дзе ў навучэнцаў выпрацоўваюцца актуальныя сацыяльныя і пазнавальныя кампетэнцыі. І сутнасць дамашняй работы вучняў не зводзіцца да паўтору і прымянення раней вывучанага... Для таго каб прасякнуцца ідэяй перакуленага навучання, трэба як мінімум адчуваць сябе па-за зонай камфорту, разумець, што тое, як ты вучыў раней, з сучаснымі дзецьмі ўжо не працуе.
Адна з высноў, якую робяць арганізатары РІSА, — «якасць» школы не можа быць вышэйшая за «якасць» або прафесіяналізм яе настаўнікаў і кіраўнікоў. Найлепшыя сістэмы адукацыі адбіраюць, навучаюць і падтрымліваюць найлепшых настаўнікаў. Школы з большай аўтаноміяй, якія маюць незалежныя навучальныя праграмы і сістэмы ацэньвання, як правіла, працуюць лепш, чым школы з меншай свабодай. Для атрымання добрых вынікаў важна, як размяркоўваюцца рэсурсы, а не толькі іх колькасць. А спрыяльная адукацыйная атмасфера і добрыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікамі і вучнямі больш эфектыўныя, чым рыначныя механізмы...
Надзея НІКАЛАЕВА
Арыгінал артыкула па спасылцы