Чаму нізкія адзнакі не стымулююць?

31.03.2020

«Ваша педагагічнае меркаванне: ці можа паставіць настаўнік вучню адзнаку «1» у восьмым класе па рускай літаратуры?» — запыталася нядаўна ў сваіх калег у прафесійнай суполцы ў сацыяльнай сетцы педагог. І выклікала гарачую дыскусію. «Чаму нельга? Ёсць такая адзнака!», «Не дарма ж распрацавалі шкалу ад 0 да 10. Калі б там не было аднаго бала — іншае пытанне...» — казалі адны. «А што вас бянтэжыць? Нізкая адзнака ці адсутнасць ведаў па літаратуры?», «1 бал ставіцца ў выпадку, калі тэкст літаратурнага твора прачытаны часткова, вучань не можа яго пераказаць, гутарка ў яго не развіта. Ён дапускае мноства моўных і граматычных памылак...», «А што зрабіў (і ў прынцыпе ці зрабіў што-небудзь) настаўнік, каб вывесці школьніка на больш высокую адзнаку? Асабіста для мяне адзнака «1» — крайняя мера...» — даводзілі іншыя. Трэба дадаць, што сам вучань, па словах настаўніцы, моцна здзівіўся: як можна атрымаць па літаратуры «адзінку»?

Ацэньванне навучэнцаў стала тэмай заключнага адукацыйнага бранча. Арганізатарамі серыі нефармальных сустрэч педагогаў сталі сузаснавальнік акадэміі крэатыўных тэхналогій ІT Рrіnсеss і прыватнай школы STЕАM, выкладчык, ментар Валянціна ЧЭКАН і кіраўнік ІT-школы Mуfrееdоm, архітэктар адукацыйных сістэм, адукатар Яўген ЛУФЕРЧЫК.

РАБОТА ЗА ЎЗНАГАРОДУ

— Працаваць будзем над праблемай матывацыі і, як мне здаецца, маніпулявання / спекулявання баламі ў нашай школе. Якія складанасці ёсць? Як яны праяўляюцца? Што можна зрабіць, не разбураючы 10-бальную сістэму ацэньвання? Ці ёсць альтэрнатывы? Як інтэграваць у нашу сістэму адукацыі найлепшы сусветны вопыт? Ці можам мы матываваць без адзнак і балаў? — акрэсліў праблемнае поле Яўген Луферчык.

— Навошта школьнік вучыцца? Што яму трэба ад установы адукацыі і педагога? Ці патрэбна яму адзнака (ацэнка)? Амаральнасць адзнак — аспект, пра які я асабіста ніколі ўсур'ёз не разважала. Можа быць, прыйшоў час? — падкінула аргументаў у «агонь» дыскусіі Валянціна Чэкан.

У грамадстве нярэдка абмяркоўваецца пытанне аб'ектыўнасці (суб'ектыўнасці) школьных адзнак. Самі педагогі прызнаюць, што як толькі ў пачатковай школе ўводзіцца ацэначная сістэма, паводзіны вучня тут жа пачынаюць уплываць на яго адзнакі па розных прадметах. Не падабаецца настаўніку штосьці (дзіця раздражняе яго сваёй актыўнасю (пасіўнасцю), задае шмат пытанняў, падвяргае сумненню меркаванне настаўніка, на ўсё мае ўласны погляд), значыць, церпяць яго адзнакі. Некаторыя педагогі не ставяць найвышэйшы бал, таму што лічаць: у такім разе яны пазбавяць вучня стымулу расці і ён будзе спачываць на лаўрах. А ёсць і тыя, хто кажа: «На дзесяць балаў я і сам не ведаю»...

І ўсё ж давайце прызнаемся: мы не ўяўляем сабе школу без адзнак. Вучыцца — азначае для нас атрымліваць адзнакі. Ацаніць работу вучня — значыць абавязкова паставіць яму адзнаку. Каб пакараць ці падтрымаць дзіця, выстаўляецца адзнака ў дзённік і журнал. Бацькі пытаюцца ў дзяцей пра тое, што яны атрымалі ў школе (а тыя думаюць, што ходзяць туды па адзнакі). У гутарках з сябрамі ці калегамі цікавяцца, як вучацца іх дзеці... Галоўнае ў нашым грамадстве — мець добрыя адзнакі. І гэтыя чаканні перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дзеці прызвычайваюцца працаваць за ўзнагароду.

Калі настаўнікам падчас адукацыйнага бранча было прапанавана сфармуляваць праблемы матывацыі, паставіўшы сябе на месца вучня, і разабрацца з тым, чаму яму страшна, складана, чаму ён не паспявае, не разумее, навошта патрэбная ўся гэтая інфармацыя, што даецца на ўроку, і гэтай далей, яны ў выніку канстатавалі, што школьная сістэма стварае неўротыкаў і бацькі гэтаму таксама спрыяюць. Ім уласцівая вельмі моцная звычка — ацэньваць усё ў балах. Дзіця імкнецца адпавядаць бацькоўскім чаканням. Яно думае, што яго не будуць любіць, калі атрымае нізкую адзнаку. А памылку ўсе разглядаюць як катастрофу, як прысуд, а не як пункт росту. Дзеці панічна баяцца памыліцца.

— Маці ў прысутнасці сына-адзінаццацікласніка кажа настаўніку: «Калі ён не паступіць, гэта будзе канец свету!» І што думае пры гэтым сын? — пытае Валянціна Чэкан.

— Многія праблемы сучаснага грамадства вырастаюць са школы і страху, — канстатуе настаўнік матэматыкі цэнтра дадатковай адукацыі «Адукацыйная прастора «Краіна сяброў», аўтар праекта «Па той бок лікаў» Ягор ДАЎГАЛЕВЕЦ.

КНІГА — ПРЫЧЫНА ІНТЭЛЕКТУ?

Між іншым, праведзенае ў чатырох расійскіх рэгіёнах даследаванне, якое ахапіла 1,5 тысячы вучняў, паказала, што вучні і настаўнікі маюць розныя ўяўленні адносна сістэмы ацэньвання на ўроку і яе аб'ектыўнасці, у тым ліку рознае разуменне крытэрыяў.

Не сумняваюцца ў аб'ектыўнасці ацэньвання толькі 43 працэнты школьнікаў, прычым з пятага да дзясятага класа ўпэўненасць у яго аб'ектыўнасці зніжаецца. Між іншым, крытэрыі ацэньвання разумеюць усяго 49 працэнтаў школьнікаў. Затое 99 (!) працэнтаў педагогаў абсалютна ўпэўнены ва ўласнай аб'ектыўнасці!

«Што пры ацэньванні вучэбных дасягненняў навучэнцаў з'яўляецца для вас найбольш важным?» — пацікавіліся ў педагогаў. 71 працэнт з іх адказалі: «Наяўнасць свайго пункту погляду». 69 працэнтаў указалі на важнасць умення скарыстаць вывучанае на практыцы, 52 працэнты — на веданне вучэбнага матэрыялу, 47 працэнтаў — на ўзаемадзеянне з іншымі вучнямі... Прычым усім гэтым заявам не знайшлося пацвярджэння пры апытанні школьнікаў.

Навучэнцы больш крытычна ставяцца да адзнакі. 88 працэнтаў настаўнікаў лічаць адзнаку ў балах матывавальным фактарам. Сярод школьнікаў такое меркаванне падзяляе толькі 35 працэнтаў ад агульнай колькасці апытаных.

Яўген Луферчык расказаў, што ў ЗША ў 1990-х гадах праводзілася маштабнае даследаванне. Адабраўшы больш за дваццаць тысяч вучняў пачатковай школы па ўсёй краіне, даследчыкі вывучалі іх паспяховасць і збіралі падрабязныя звесткі аб сям'і і пазашкольным жыцці. Навукоўцы выкарыстоўвалі самыя розныя метады — праводзілі анкетаванне, а таксама асабістыя гутаркі з бацькамі, дзецьмі, школьнымі настаўнікамі. У выніку ў іх распараджэнні аказаўся велізарны масіў даных, якія трэба было дакладна трактаваць.

А цяпер паглядзіце на восем фактараў, якія, паводле вынікаў гэтага даследавання, не маюць аніякай узаемасувязі з паспяховасцю:

1. Дзіця расце ў поўнай сям'і.

2. Яго бацькі нядаўна пераехалі ў больш прэстыжны раён.

3. Маці дзіцяці не працавала пасля яго нараджэння і да паступлення ў дзіцячы сад.

4. Дзіця наведвала праграму Head Start (дашкольная адукацыйная праграма для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў у ЗША).

5. Бацькі рэгулярна ходзяць з сынам ці дачкой у музеі.

6. Дзіця рэгулярна б'юць.

7. Дзіця шмат часу глядзіць тэлевізар.

8. Бацькі дзіцяці чытаюць яму ўголас практычна кожны дзень.

Некаторыя з высноў выклікаюць здзіўленне. Здавалася б, усім зразумела, што доўгае сядзенне перад тэлевізарам шкодзіць вучобе. Але гэта толькі меркаванне, а калі казаць аб статыстычных звестках, то паміж сумарным часам прагляду тэлевізара і вынікамі школьных тэстаў ніякай карэляцыі навукоўцы не знайшлі...

Затое была ўстаноўлена карэляцыя паміж паспяховасцю дзіцяці (матывацыяй да навучання) і адукацыяй яго бацькоў. У адукаваных бацькоў дзіця з вялікай імавернасцю будзе добра вучыцца ў школе. Гэтаму спрыяе і атрыманая ў спадчыну цяга да ведаў, і асяроддзе, у якім малое расце, а таксама тое, што бацькі разумеюць каштоўнасць адукацыі і перадаюць свае жыццёвыя прыярытэты дзіцяці. Устаноўлена таксама сувязь паміж паспяховасцю і наяўнасцю дамашняй бібліятэкі. Дзеці, у якіх дома шмат кніг, вучацца добра. Можна запярэчыць, што калі ў дзіцяці шмат кніг, гэта не заўсёды значыць, што яно іх чытае... Але, як ні дзіўна, і статыстыка гэта пацвярджае, на адзнаках дзіцяці станоўча адбіваецца нават фізічная прысутнасць кніг у доме. Абстаноўка натхняе на вучобу і цікавасць да ведаў. У той жа час, не варта спадзявацца, што, прымушаючы дзіця чытаць кнігі, вы зможаце палепшыць яго школьныя адзнакі. Кніга з'яўляецца ў большай ступені не прычынай інтэлекту, а яго вынікам...

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

А ці можа матываваць да навучання нізкая адзнака? Пытанне зусім не рытарычнае...

— Мне бачыцца неабходным адмовіцца ад «назапашвання» адзнак і вывядзення сярэдняга бала за чвэрць, бо ён не адлюстроўвае рост навучэнца цягам вучэбнай чвэрці і такім чынам дэматывуе. Скажам, нейкі вучань «нахапаў» у пачатку чвэрці дрэнных адзнак. Потым узяўся за розум, падцягнуўся, засвоіў матэрыял і паспяхова скончыў чвэрць. Але сярэдняя адзнака адкідвае яго назад, і ў навучэнца ўзнікае адчуванне, што колькі ты ні старайся, усё роўна добрую адзнаку табе не паставяць, — разважае выкладчык англійскай мовы Валянціна ГОЛУБЕВА.

У сусветнай адукацыйнай практыцы мэйнстрымам у апошняе дзесяцігоддзе стала фарміруючае ацэньванне. У Беларусі ўжо больш за дзесяць гадоў у настаўніцкую практыку ўкараняецца актыўная ацэнка (АА). Пры пэўных адрозненнях сутнасць і мэты тэхналогій агульныя — стварэнне зваротнай сувязі для пабудовы індывідуальнай траекторыі навучання. Замест адзнакі ў балах настаўнік каментуе дзейнасць вучня на ўроку, ажыццяўляе зваротную сувязь, якая павінна заахвочваць да далейшай работы. Актыўная ацэнка — больш інфарматыўная, яна падказвае вучню, у якім кірунку яму рухацца далей, дазваляе эфектыўна матываваць выхаванцаў, прымушае іх браць на сябе адказнасць за сваё навучанне. Вучню кажуць, што ў яго атрымліваецца, а над чым яшчэ трэба працаваць ці што трэба дапрацаваць, дзе знайсці патрэбны матэрыял (канкрэтную старонку параграфа, спасылку на інтэрнэт-рэсурс і гэтак далей). Адна са стратэгій АА — вучымся на памылках. Калі педагог дае магчымасць памыляцца, істотна змяняюцца паводзіны вучня, дзеці смялей пачынаюць выказвацца, дзяліцца цікавымі ідэямі, задаваць пытанні, агучваць гіпотэзы. Ёсць яшчэ адзін важны момант — актыўная ацэнка прынцыпова пазбягае канкурэнцыі, на якой пакуль што грунтуецца наша школа. Пры гэтым яна ўпісваецца ў нашу дзесяцібальную сістэму — не адмяняе яе, а дапаўняе. Па часе яна апераджае выніковую.

Між іншым, аўстралійскі прафесар Джон Хэці прааналізаваў за 15 гадоў вынікі больш чым 50 тысяч даследаванняў ва ўсім свеце з сумарным ахопам звыш 86 мільёнаў школьнікаў і распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Найбольш высока ён ацаніў існаванне зваротнай сувязі паміж настаўнікам і вучнем (толькі разгорнутая зваротная сувязь істотна карэлюе з высокімі дасягненнямі), ну і, вядома, настаўніцкія чаканні. «Педагог павінен верыць, што ўсе дзеці могуць вучыцца і развівацца, што навучальныя вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, бо не з'яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй», — сцвярджае Джон Хэці.

Падводзячы вынікі чатырох нефармальных сустрэч, Яўген Луферчык зазначыў: «Для мяне адукацыйныя бранчы сталі крыніцай новых рэсурсаў у рабоце, адкрылі новыя пункты гледжання на развіццё нашай сістэмы школьнай адукацыі, а яшчэ пазнаёмілі з вялікай колькасцю выдатных неабыякавых людзей, якія імкнуцца змяніць сітуацыю да лепшага. Гэта былі вострыя дыскусіі, мноства правільных слоў, ініцыятыўнасць, крэатыўнасць, калектыўная творчасць і прафесійная работа над самымі складанымі кейсамі».

Надзея НІКАЛАЕВА для газеты “Звязда”.

Фота: газета "Звязда".