Як выглядае беларуская адукацыя пасля 2020 года. Найбольш цікавыя факты

10.11.2023

Якасць сярэдняй беларускай адукацыі – сярэдняя

Паводле даследавання PISA-2018 і дадзеных рэспубліканскіх маніторынгаў, якія будуюцца на падставе  міжнародных вымяральных інструментаў (напрыклад, PIRLS – маніторынг чытацкай пісьменнасці), якасць беларускай адукацыі мае сярэдні ўзровень, не вышэйшы і не ніжэйшы за чаканні ад краіны з адпаведным узроўнем эканамічнага развіцця і выдаткаў на адукацыю.

Як зазначае адзін з аўтараў даследавання, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін“Калі параўноўваць эфектыўнасць беларускай сярэдняй адукацыі з іншымі дзяржавамі, улічваючы сціплыя аб’ёмы фінансавання галіны, то сітуацыя выглядае сярэдняй”. Аднак ацэнка вынікаў даследаванняў значна разыходзіцца (ад высокай пазітыўнай ацэнкі з боку Міністэрства адукацыі – да рэзка негатыўных інтэрпрэтацый у недзяржаўных медыя). Асноўнымі хібамі беларускай школы можна назваць нізкую сфармаванасць навыкаў самастойнага, крэатыўнага, абгрунтаванага і крытычнага мыслення нават сярод высокаадукаваных вучняў.

Ахоп дашкольнай адукацыяй у Беларусі – адзін з найвышэйшых у рэгіёне, ахоп адукацыяй для дарослых – адзін з ніжэйшых у свеце

Паводле дадзеных у даследаванні, амаль 90 % дзяцей ва ўзросце 1–6 гадоў наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Аднак пры гэтым якасць і эфекты такой адукацыі застаюцца недаследаванымі.

Калі паказнік “дашкольная адукацыя” ў Беларусі выглядае досыць няблага, то з адукацыяй для дарослых справа выглядае куды горш. У Беларусі “дарослая адукацыя” ахоплівае менш за 15 % людзей ва ўзросце 25–64 гадоў (у Еўропе і ЗША – каля 50–60 %), што можа сведчыць пра вельмі нізкую ўвагу да гэтага ўзроўню адукацыі як з боку дзяржавы, так і з боку недзяржаўных актараў.

Абсалютнае дамінаванне дзяржаўнага сектара на ўсіх узроўнях адукацыі. 

  • з 2900 школ – 1 прыватная (згодна афіцыйнай статыстыцы за 2022г.), у якой навучаліся 280 вучняў (0,026% ад усіх навучэнцаў);
  • з 390 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі – 13 прыватных (3,3%), у якіх навучаліся 10,3 тыс. чалавек (9% ад іх агульнай колькасці);
  • з 50 устаноў вышэйшай адукацыі – 8 прыватных (16%), у якіх навучаліся 12 757 чалавек (5,6% ад іх агульнай колькасці).

Курс на самаізаляцыю адукацыі

Шэраг праграмных дакументаў, распрацаваных дзяржорганамі, дэкларуюць сістэму адукацыі РБ як частку сусветнай адукацыйнай прасторы і заяўляюць пра  прытрымліванне сусветных тэндэнцый у сферы адукацыі. На практыцы ж, як заўважаюць аўтары даследавання, улады ізалююць сябе ад сусветнай адукацыйнай прасторы. 

Прыклады:

  1. PISA не праводзіць маніторынг у Беларусі (МСКА 1-3);
  2. WorldSkills International забараніла ўдзел Беларусі (WorldSkills Belarus) у сваіх мерапрыемствах (МСКА 4-5);
  3. Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі прыпыніла членства Беларусі ў Балонскім працэсе (МСКА 6-8);
  4. Беларусь разарвала ў аднабаковым парадку пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і вучоных ступеняў у навуцы і мастацтве.

Галоўны бенефіцыяр цяперашняй ізаляцыі Беларусі – Расія

Сімптомы:

  • значнае падвышэнне колькасці месцаў паводле квоты ўрада РФ за кошт бюджэту для беларусаў: з 73 у 2019 г. да 1300 у 2023 г. (яшчэ каля 1000 чалавек вучацца платна);
  • увядзенне ЦЭ як аналага расейскага ЕГЭ;
  • стварэнне 150 інжынерна-інавацыйнах класаў (STEM-класаў) на грошы ўрада РФ на 100 млн. долараў у межах дзяржаўнай праграмы РОББО;
  • планы на павышэнне колькасці філіялаў расейскіх ВНУ у РБ. 

Мілітарызацыя, сек’юрытызацыя і ідэалагізацыя адукацыі

Вайна ва Украіне стала трыгерам для шэрагу змяненняў у сістэме адукацыі. Сімптомы:

  • са снежня 2020 г. у ВНУ РБ уведзена новая пасада “сакрэтны” прарэктар “па бяспецы і кадрах” з шырокім колам абавязкаў;
  • пастановай Міністэрства адукацыі ад 15.07.2021 ва ўсіх установах адукацыі (уключна з яслямі-садамі, але за выключэннем пачатковых школ, вячэрніх школ, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) уведзена пасада кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхавання; 
  • у 2022г. у школы прыйшлі 2000 “кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхавання”, многія з якіх – “людзі ў пагонах” без спецыяльнай педагагічнай адукацыі і адпаведных кампетэнцый;  
  • у навучальныя праграмы ўсіх узроўняў адукацыі ўведзены курсы вайскова-патрыятычнага і ідэалагічнага зместу;  
  • з 2022 года – прадастаўленне ільгот пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі выпускнікам класаў спартыўна-педагагічнай
    і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама дзецям ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў.

Мілітарызацыя адукацыі вядзе да падмены выхаваўчага складніка адукацыйнага працэсу агрэсіўнай мілітарысцкай падрыхтоўкай навучэнцаў да магчымай канвенцыйнай вайны з ідэалагічным украінскім і заходнееўрапейскім супернікам.

Пасля 2020 года з’явіўся попыт на праграмы рэформ сістэмы адукацыі

 

Найбольш высокі ўзровень кансэнсусу па прынцыпах:

  • свабода, магчымасць выбару;
  • беларускасць (важнасць распаўсюду беларускай мовы ў адукацыі адзначалі таксама і рускамоўныя рэспандэнты);
  • адкрытасць і інтэграванасць у глабальную адукацыю;
  • арыентацыя на чалавека (халістычны падыход);
  • дэмакратычнасць, развіццё грамадзянскасці;
  • дабрабыт, павага.

Фактары, якія спрыяюць удзелу ў абмеркаванні рэформаў:

  • наяўнасць запрашэння з боку суб’ектаў, якія гэтым займаюцца;
  • дэмакратычная, гарызантальная мадэль камунікацыі;
  • гатоўнасць пераўтвараць ідэі ў практычныя крокі.

3 зоны росту альтэрнатыўных (недзяржаўных) праектаў рэформ:

  • засяродзіць увагу на знешняй камунікацыі з патэнцыйнымі спажывальнікамі і спажывальніцамі даследчых і праектных матэрыялаў;
  • наладзіць каналы зваротнай сувязі са стэйкхолдарамі і прадстаўнікамі шырокага грамадства, наладзіць дыялог паміж усімі зацікаўленымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі ў адукацыйным працэсе;
  • звярнуць асобную ўвагу на палітычнае вымярэнне, а таксама на мэты і прынцыпы  прапанаваных даследаванняў і рэформаў у галіне адукацыі.

Супадзенні і разыходжанні паміж дзяржаўным і недзяржаўным дыскурсамі даследаванняў і рэформ.

За апошнія 3 гады назіраецца трэнд да больш істотнага разыходжання дзяржаўных і неафіцыйных даследаванняў і праграм рэформ: у фокусе дзяржаўных даследаванняў знаходзіцца тэма “якасці адукацыі”, а праекты рэформ не прадугледжваюць змены на сістэмным узроўні vs
у фокусе неафіцыйных даследаванняў – “якасць кіравання і функцыянавання адукацыі як сістэмы”, а праекты рэформаў накіраваныя на змены сістэмы як такой.

Дзяржаўныя, і недзяржаўныя актары супадаюць у скіраванасці на:

  • развіццё рынку працы і прафесійных кампетэнцый;
  • эгалітарысцкія прынцыпы рэформаў (“прыярытэт масавай, даступнай і справядлівай адукацыі для ўсіх”)

Два падыходы да стварэння праектаў рэформ недзяржаўнымі актарамі:

  • поўная/грунтоўная перабудова адукацыйнай сістэмы (“Офіс па адукацыі”, “Беларуская адукацыя на шляху перамен”, IDSMbee, “Новая Беларусь”);
  • некаторыя асобныя змены ў сістэме (“За Беларусь”, ГБК, Банк ідэй).

 

Структура дакумента, над якім працавала група экспертаў, складаецца з шасці аналітычных матэрыялаў па наступных тэмах:

  1. Аналіз сектаральных даследаванняў сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь 2020–2023 ггю (I);
  2. Аналіз афіцыйных праграмных дакументаў 2020–2023 гг. (II);
  3. Праекты рэформаў і практычныя змены ў сістэме адукацыі РБ з верасня 2020 г. па ліпень 2023 г.: паміж афіцыйным і неафіцыйным дыскурсамі (III-IV);
  4. Аналіз нефармальных (альтэрнатыўных) адукацыйных арганізацый і ініцыятыў, якія з’явіліся з 2020 г. у краіне і за яе межамі (V);
  5. Аналіз матэрыялаў публічных мерапрыемстваў (канферэнцыі, дыскусіі, прапановы актывістаў, экспертаў, рэфарматараў і іншых актараў адукацыі), прысвечаных рэформам сістэмы адукацыі РБ (VI).

Даследчыкі, якія працавалі над дакументам, канстатуюць, што ў Беларусі адсутнічае адзіная інстытуцыя, якая спецыялізавалася б непасрэдна на комплексных даследаваннях у адукацыі і мела б устойлівую рэпутацыю надзейнай крыніцы дадзеных. Адпаведна, як зазначаюць аўтары, “дадзеныя, датычныя сістэмы адукацыі ў Беларусі, маюць недастаткова дакладны, імавернасны і фрагментарны характар.” 

Азнаёміцца з поўным тэкстам і спампаваць брашуру “Базавае даследаванне адукацыі Беларусі”