Арганізацыя даследчай працы з вучнямі
Алена Радзевіч, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі
Існуе выслоўе: “Кожнае дзіця можа вучыцца” – але варта задаць пытанне: як яго вучыць? Як забяспечыць вучня неабходнымі ведамі, дадаць яму гнуткасці і асабістай цікаўнасці да вучобы? Якія адукацыйныя мадэлі і тэхналогіі дапамогуць разгарнуць новыя далягляды, развіць мысленне, сфармаваць навыкі вырашэння праблем? Як падрыхтаваць вучня да працы ў грамадстве, літаральна начыненым новымі тэхналогіямі?
Адказам на пастаўленыя пытанні можа быць выкарыстанне на ўроках і пазаўрочнай дзейнасці праектнага і даследчага падыходу ў навучанні, развіццё навыкаў дасдедчых паводзінаў вучняў. У педагогіцы і псіхалогіі “даследчымі паводзінамі” называюць падыход да навучання, які будуецца на аснове натуральнага імкнення дзіцяці да самастойнага вывучэння асяроддзя. Падрыхтоўка вучня да даследчай дзейнасці, навучанне яго ўменням і навыкам даследчага пошуку і даследчых паводзінаў з’яўляецца найважнейшай задачай адукацыі і сучаснага настаўніка.
Здаследаваць, вышукаць – значыць зрабіць крок у невядомае. Вялікае значэнне грае арганізацыя даследчага пошуку ў пачатковай школе, бо менавіта ў пачатковай школе закладаецца падмурак ведаў, уменняў і навыкаў актыўнай, творчай, самастойнай дзейнасці вучняў, прыёмаў аналізу, сінтэзу і ацэнкі вынікаў сваей працы, і даследчая праца – адзін з найважнейшых шляхоў у вырашэнні гэтай праблемы.
Даследчы пошук можна выкарыстоўваць пры навучанні любому прадмету, пры гэтым настаўніку пачатковых класаў трэба навучыцца супрацоўнічаць з вучнем і вучыцца разам з ім. Вучань павінен сам ісці да ўласнай адукацыйнай мэты, навучанне павінна быць гнуткім ды індывідуалізаваным. Пошук атрымліваецца тады, калі ёсць агульны напрамак, куды ісці – але кожны рухаецца па ўласнай сцежцы, і на шляху кожнаму сустракаецца мноства невыпадковых вучэбных сітуацыяў, якія напрыканцы шляху прыгадваюцца і збіраюцца разам. У цэнтры вучнёўскага пошуку – пытанні самога вучня. Якое бы пытанне не ўзнікла ў дзіцяці, яно вельмі каштоўнае, а пошукавае даследчае навучанне палягае ў тым, каб падтрымаць, дапамагчы вучням знайсці шляхі да адказаў.
Падчас экскурсіі па горадзе група першакласнікаў захацела больш даведацца пра новы мост. Яны сталі задаваць пытанні настаўніку: калі і кім быў пабудаваны мост? Хто быў дойлідам? Якая яго даўжыня і вышыня? Колькі будаўнікоў над ім працавалі? Навошта наогул яго пабудавалі? Калі яны разгледзелі мост зблізу, іх цікаўнасць узмацнілася. Дзеці звярталі ўвагу на драбнюткія дэталі збудавання і хацелі даведацца пра мост як мага падрабязней. Настаўніца запрасіла ў клас бацьку аднаго з вучняў, які працаваў у архітэктурна-будаўнічай арганізацыі. Той пастараўся адказаць на пытанні, якія задавалі яму дзеці. Акрамя таго, ён прынёс у клас шмат часопісаў, прысвечаных дойлідству.
У гэтай сітуацыі вельмі важна, што вучні атрымалі адказы на пытанні з розных крыніцаў інфармацыі: ад імя эксперта ў галіне архітэктуры, з часопісаў, кніжак, Інтэрнэту. Настаўніца спыталася ў дзяцей: як можна захаваць атрыманую інфармацыю? “Мы павінны ўсё занатаваць”, – адказалі дзеці. З гэтага і пачалася даследчая праца.
Дзіцячая дапытлівасць палягае ў аснове даследчых паводзінаў. З цягам часу дапытлівасць ператвараецца ў пазнавальную патрэбу – галоўны матыў даследчых паводзінаў.
Засумаваўшы на ўроку, першакласнік кладзе на новую асадку такую ж лінейку і выпрабоўвае дзеянне атрыманых вагаў з дапамогай рознавагаў-ластыкаў. Другі першакласнік на перапынку піша на дошцы крэйдай і тут жа выцірае напісанае мокрай губкай, назіраючы, як дошка высыхае. Такіх назіранняў кожны настаўнік можа прывесці многа. І не заўседы гэта яго цешыць – часцей наадварот, абурае, бо замінае весці ўрок, адцягвае ўвагу іншых дзяцей...
Згаданыя прыклады – звычайная праява даследчых паводзінаў дзіцяці.
Аляксандр Савенкаў дае тлумачэнне даследчых паводзінаў, як “паводзінаў, пабудаваных на аснове пошукавай актыўнасці і скіраваных на вывучэнне нестандартнага аб’екта, ці вырашэння нетыповай сітуацыі”. Даследчая дзейнасць малодшых школьнікаў патрабуе асаблівай сістэмы падтрымкі і кантролю якасці.
Даследчая дзейнасць ў пачатковай школе складаецца з чатырох асноўных элементаў:
1. Стварэнне прадметна-развівальнага асяроддзя класа
2. Даследчая практыка дзяцей
3. Назіранні за рухам наперад кожнага вучня
4. Трэнінг даследчых здольнасцяў
Чаму так важна прадметна-развівальнае асяроддзе? Склад прадметна-развівальнага асяроддзя ўплывае на навучанне кожнага дзіцяці. У сувязі з гэтым паўстае патрэба стварэння ў класе асяроддзя, якое будзе спрыяць развіццю навыкаў даследчых паводзінаў. Цяжка сабе ўявіць, як можна стымуляваць пошукавую актыўнасць дзяцей у класе, дзе, акрамя вучнёўскіх партаў, стала і метадычных дапаможнікаў для настаўніка, няма развівальных шматмэтавых матэрыялаў для дзяцей. Для стварэння найлепшага развівальнага асяроддзя для навучання даследчым навыкам дзяцей малодшага школьнага ўзросту неабходна выкананне наступных умоваў:
- прадметна-развівальнае асяроддзе трэба ствараць такім чынам, каб дзеці не баяліся рызыкаваць у працэсе навучання, працавалі як у супрацы з іншымі дзецьмі, так і самастойна;
- фізічная прастора павінна дазваляць вучням вольна хадзіць па памяшканні класа, заахвочваць іх рабіць выбар і актыўна вучыцца;
- неабходна забяспечыць дзецям індывідуальныя месцы для захоўвання асабістых рэчаў;
- трэба выкарыстоўваць матэрыялы, адпаведныя ўзроўню развіцця дзяцей (разам з матэрыяламі, распрацаванымі педагогам), якія адлюстроўваюць розныя палавыя і ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў;
- неабходна заахвочваць да гульні, эксперыментавання, “даследавання” з выкарыстаннем шматмэтавых матэрыялаў, якія прадугледжваюць творчыя вырашэнні; – належыць размяркоўваць творчыя працы дзяцей у класе на ўзроўні іх вачэй;
- трэба выкарыстоўваць вучэбныя заданні, якія пабуджаюць самастойна шукаць інфармацыю ў розных крыніцах (слоўнікі, энцыклапедыі, Інтэрнэт і г.д.);
- варта пашыраць педагагічныя рэсурсы, выкарыстоўваць магчымасць мясцовай супольнасці (бібліятэкі, прадпрыемствы, сябры супольнасці, грамадскія аб’яднанні, бацькі, эксперты і г.д.)
Такім чынам, стварэнне ў класе прадметна-развівальнага асяроддзя, якое стымулюе даследчы пошук дзіцяці, з’яўляецца першым элементам арганізацыі даследчай дзейнасці ва ўмовах пачатковай школы.
Другім элементам з’яўляецца даследчая практыка дзяцей. Добра, калі ў класе будзе арганізаваны спецыяльны “час даследавання”– частка навучальнага дня, калі дзеці працуюць самастойна, абмяркоўваюць пытанні, якія іх насамрэч цікавяць, даследуюць іх з розных бакоў.
Настаўніку неабходна вылучаць час на працягу навучальнага года, калі дзеці маглі б займацца распрацоўкай любых цікавых для іх у даследчым плане пытанняў.
Кожны даследчы цыкл можа цягнуцца ад двух да чатырох тыдняў, у залежнасці ад узросту дзіцяці. Час для правядзення даследавання можа быць як мінімум 2–3 разы на тыдзень і доўжыцца ад 45 мінут да гадзіны.
Дзяцей лёгка зацікавіць у атрыманні новых ведаў, калі яны актыўна ўдзельнічаюць у працэсе іх атрымання. Задача настаўніка – знайсці розныя спосабы пачуць сваіх вучняў.
Вельмі проста забыць аб багацці дзіцячага светаўспрымання, прымусіць вучняў няўхільна трымацца вучэбнага плана. Прафесіяналізм настаўніка палягае ў тым, каб стварыць такое асяроддзе ў класе, дзе дзіцячыя ідэі і інтарэсы арганічна ўпішуцца ў навучальны план, дзе дзеці змогуць мысліць незалежна, задаючы пытанні, высоўваючы ідэі, паведамляючы пра іх настаўніку рознымі спосабамі.
Трэцім элементам у арганізацыі даследчага навучання ў пачатковай школе з’яўляецца назіранне за рухам наперад кожнага вучня. Большасць настаўнікаў знаёмы з цяжкімі на ўздым ці нядбайнымі вучнямі, з тымі, каму заўседы патрабуецца дапамога і падтрымка – і не здзіўляюцца, калі такія дзеці губляюцца ў ходзе індывідуальнай працы. Напрыканцы кожнага “часу даследавання” можна прапанаваць вучням запоўніць невялікі аркуш – апытанне аб ходзе даследчай дзейнасці:
• Што цікавага ты можаш паведаміць аб працэсе сваёй працы?
• Ці сутыкаўся ты з цяжкасцямі?
• Што яшчэ ты хацеў бы паведаміць пра сваю працу?
Такія рэфлексіўныя нататкі даюць уяўленне аб тым, чым займаецца кожны вучань на пэўным этапе, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца, чым збіраецца займацца далей.
Некаторым дзецям цяжка фармуляваць гіпотэзы, бачыць праблемы, задаваць пытанні, знаходзіць інфармацыю ў тэксце, таму чацвёртым элементам даследчага навучання з’яўляецца трэнінг даследчых здольнасцяў.
Аляксандр Савенкаў вылучае ўменні і навыкі, неабходныя ў даследчай дзейнасці: уменне бачыць праблемы, задаваць пытанні, вылучаць гіпотэзы, даваць тлумачэнні паняццям, класіфікаваць, назіраць, уменні і навыкі правядзення эксперыментаў; рабіць высновы, даказваць і абараняць сваі ідэі. У гэты спіс можна дабавіць важныя ўменні працы з крыніцамі інфармацыі.
Уменне працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі
Адна з праблемаў, з якой сутыкаюцца навучэнцы пачатковых класаў – гэта няўменне вылучаць галоўнае ў тэксце і рабіць пазнакі у працэсе чытання, таму на ўроках і ў пазаўрочны час трэба праводзіць заняткі з дзецьмі, на якіх можна расказаць, як правільна карыстацца зместам, алфавітным паказнікам, гласарыем і бібліяграфіяй. На розных уроках у пачатковай школе неабходна вучыць дзяцей самастойна складаць просты план, схемы, табліцы пры вывучэнні тэкста падручніка, вучыцца рэгулярна звяртацца да падручніка ды іншых крыніц інфармацыі пры праверцы якасці выкананай працы, самастойна выбіраць і чытаць дзіцячыя кнігі, дзіцячую перыёдыку, выкарыстоўваць размешчаныя там матэрыялы на ўроках і ў пазаўрочны час.
Уменне вылучаць гіпотэзы
Гіпотэза – гэта меркаванне аб заканамернай сувязі з’яваў. Дзеці часта выказваюць самыя розныя гіпотэзы наконт таго, што бачаць, чуюць і адчуваюць. Мноства цікавых гіпотэзаў нараджаецца ў выніку спробаў пошуку адказаў на ўласныя пытанні. Гіпотэза – гэта прадбачанне падзеяў. Першае, што вымушае гіпотэзу паўстаць – гэта праблема. Спробы праверкі гіпотэзаў звычайна падзяляюцца на дзве групы: тэарэтычныя і эмпірычныя. Першыя дапускаюць апору на логіку і аналіз іншых тэорыяў (ведаў), у рамках якіх гэтая гіпотэза вылучана. Эмпірычныя спосабы праверкі гіпотэзаў дапускаюць назіранні ды эксперыменты. Выказваючы гіпотэзу, часцей карыстаюцца словамі: можа быць…, дапусцім…, мяркуем…, магчыма…, што калі…
Можна прапанаваць заданні для трэніроўкі ўменняў выпрацоўваць гіпотэзы і розныя ідэі. Трэбы прыдумаць як мага болей гіпотэзаў і правакацыйных ідэяў, якія тлумачаць, што бы здарылася, “калі б чараўнік выканаў тры самых галоўных жаданні кожнага чалавека на Зямлі”.
Уменне задаваць пытанні
У працэсе даследавання, як і любога пазнання, пытанне грае адну з ключавых роляў. Пытанне звычайна разглядаецца як форма выказвання праблемы. Пытанне скіроўвае мысленне дзіцяці на пошук адказу, пабуджаючы патрэбу ў пазнанні.
Прыклад заняткаў па развіццю ўменняў задаваць пытанні, 1 клас:
Педагог сядзіць на маленькім крэсле, вакол зручна ўладкаваныя вучні 6–7 год.
Настаўніца просіць злучыць рукі і пазычыць адно аднаму добрага дня. Пасля кажа, што прынесла дзецям сюрпрыз, які ляжыць у скрыначцы.
Настаўніца просіць дзяцей задаваць пытанні, каб даведацца, што месціцца ў скрыначцы. Педагог нагадвае, якое пытанне задаваць нельга. Дзеці адказваюць: “Што ляжыць у скрынцы?”
Настаўніца просіць вучняў уважліва слухаць пытанні другіх дзяцей, бо гэта дапаможа ім сказаць, якое пытанне спадабалася ім больш за ўсе. Затым яна прапаноўвае ўсім ахвотным разгледзець скрынку: патрымаць яе, узважыць, патрэсці, панюхаць і г.д., перш, чым яны зададуць свае пытанне. Настаўніца дэманструе свой інтарэс, заахвочвае дзяцей, адказваючы на іх пытанні і падкрэслівае характарыстыкі прадметаў, якія дазволяць яго адгадаць.
Урэшце дзеці здагадваюцца, што ў скрынцы ляжыць кніга. Настаўніца адчыняе скрынку, і дзеці чытаюць назву кнігі “Кніга пытанняў”. Яны здзіўлены, калі бачаць, што ў кнізе ўсе старонкі чыстыя. Што можа быць у гэтай кнізе?
Педагог падводзіць вынікі дзейнасці, якую яны выканалі. Яна кажа, што яны разам зрабілі адкрыццё і зрабілі гэта з дапамогай пытанняў. Даследчыкі так і робяць адкрыцці: яны назіраюць за прадметамі і з’явамі і задаюць аб іх пытанні. Многія пытанні пачынаюцца са спецыяльнага пытальнага слова і сканчаюцца спецыяльным знакам – пытальнікам. Настаўніца раней пазначыла на дошцы (фліпчарце) 6 пытальных словаў і паказала дзецям: Хто? Што? Калі? Колькі? Чаму? Гэтыя словы можна ўбачыць у такіх пытаннях: “Колькі гэта каштуе? Дзе можна гэта ўбачыць? і г.д.”
Настаўніца прапануе дзецям на наступные 10 хвілінаў ператварыцца ў даследчыкаў. У сваіх групах яны будуць даследаваць прадмет (гэта будзе яблык), задаючы пра яго пытанні, якія будуць пачынацца са спецыяльнага пытальнага слова, знойдзенага імі на картцы на сваім стале. Кожная з групаў запіша, прынамсі, адно пытанне (настаўніца можа дапамагчы дзецям, якія яшчэ не ўмеюць добра пісаць) і прылепіць яго на дошку (фліпчарт).
Настаўніца раздзяляе дзяцей на 6 групаў, выкарыстоўваючы каляровыя палоскі паперы, якія адпавядаюць картачкам на іх сталах.
У той час, як дзеці працуюць над заданнем, настаўніца падыходзіць да кожнай групы і дапамагае ім найлепш сфармуляваць і запісаць іх пытанні. Калі ўсе пытанні размешчаны на дошцы, настаўніца просіць ахвотных прачытаць іх, пытаецца, ці легка было сфармуляваць пытанне. Якія пытанні былі карысныя, а якія не вельмі? Настаўніца дапамагае дзецям зразумець: толькі задаючы розныя пытанні, можна атрымаць больш інформацыі аб прадмеце, які яны даследуюць. Цяпер яны могуць пачаць пісаць першую старонку “Кнігі пытанняў” пра яблык, карыстаючыся сфармуляванымі пытаннямі.
У працэсе трэнінгавых практыкаванняў важна выкарыстоўваць такія спосабы навучання, якія назапашваюць веды, развіваюць мысленне, даюць магчымасць выказваць уласныя погляды ды ідэі кожнаму вучню.
Даследчы пошук выяўляе і актывізуе моцныя бакі развіцця кожнага дзіцяці!
Пры пошукавай працы розніца ў адорнасці дзяцей выяўляецца куды меней, чым у межах традыцыйнай класна-урочнай сістэмы. Калі дзеці дзеляцца паміж сабою ідэямі і пытаннямі, навучаюць адно аднаго таму, што цікава – розніца ў акадэмічным узроўні практычна нябачная.
У працэсе даследчай дзейнасці дзецям дазволена працаваць у сваім тэмпе, выбіраць той узровень цяжкасці, які ім па сілах, акрамя таго, дэманстраваць свае бачанне свету. Усе гэта ўзмацняе ўпэўненасць вучня у сваіх здольнасцях вучыцца і мысліць.
Асабліва бачнай гэтая перамена будзе для тых дзяцей, у якіх дагэтуль была нізкая самаацэнка. Даследаванне пабуджае іх спрабаваць свае сілы ў тым, што раней не атрымлівалася ці выклікала трывогу.
Для таго, каб падтрымаць дзіця ў яго памкненні быць даследчыкам, неабходна ўлічваць некаторыя элементы навучання, якія падтрымліваюць даследчы пошук:
- Вучыцеся разам са сваім вучнямі! Настаўнікам зусім неабавязкова ведаць адказы на кожнае пытанне, якое задае вучань. Яны не павінны быць крыніцамі ведаў для дзяцей. Калі педагог скіроўвае пошук вучняў і мадэлюе для іх паводзіны вучня-даследчыка, дзеці робяць вялікі крок наперад да ўмення падтрымліваць адно аднаго і да ўзаеманавучання. Такім чынам, фармуецца калектыў, поўны жадання вучыцца.
- Забяспечце дастатковыя рэсурсы для навучання! Самае важнае – забяспечыць клас рознымі рэсурсамі і прапанаваць дзецям розныя метады навучання. Стымулам з’яўляецца магчымасць дэманстраваць вучням тое, што яны ведаюць, праз розныя спробы.
- Зважайце на тое, што робяць вучні! Неадымнай часткай навучальнага працэсу павінна стаць бесперапыннае аўтэнтычнае ацэньванне. Неабходна рэгулярна ўзаемадзейнічаць з вучнямі, збіраць лісты са зваротнай сувязю, скіроўваць увагу на каментары і пытанні, якія ўзнікаюць у вучняў. Гэта інфармацыя заўседы падкажа, што павінен рабіць настаўнік для падтрымкі сваіх вучняў.
- Задавайце шмат пытанняў, абдумвайце пачутыя адказы! Пабудова даследчага пошуку вакол пытанняў вучняў патрабуе таго, каб настаўнікі былі ўважлівымі назіральнікамі, здольнымі данесці да вучняў свае думкі і сваё разуменне таго, што адбываецца. Яны таксама могуць рэгуляваць навучальны працэс, задаючы пытанні, якія падтрымліваюць пошукавае даследаванне вучняў.
- Не абмяжоўвайце вучняў ў часе! Як бы цяжка не было вучням развіваць свае ідэі, настаўнік павінен быць цярплівым, павінен даць вучням час.
Цікаўнасць – натуральная якасць кожнага чалавека, але спарадзіць яе няпроста, гэта патрабуе часу і намаганняў. Дазвольце вучням узяць адказнасць за ўласнае навучанне, заахвочвайце іх да незалежнага мыслення. Будзьце вынаходлівымі, выкарыстоўвайце неспадзяваныя і часам супярэчлівыя сітуацыі, якія ўзнікаюць у працэсе творчага даследавання.
Дзецям патрабуецца час, каб прыахвоціцца да пытанняў; час, каб пытанні сталі натуральнай патрэбай і час, каб знайсці адказы на свае пытанні.
Калі дзецям даюць гэты цудоўны падарунак – час, яны з большым натхненнем вызначаюць уласныя навучальныя мэты, даследуюць тое, што іх сапраўды цікавіць, бяруць адказнасць за ўласнае навучанне.
Калі навучальны пошук трапляе ў рэчышча ўласных інтарэсаў дзяцей, атмасфера ў класе значна паляпшаецца, дзеці робяцца больш скіраванымі і ўпэўненымі ў сабе. Знікаюць і праблемы з дысцыплінай, у класе паўстае адзінства. Даследчы пошук дазваляе вучню выпрацаваць уласны пункт гледжання і інтэграваць яго ў навучальную праграму.
Мэтанакіраванае развіццё даследчых паводзінаў малодшых школьнікаў шляхам пабудовы адукацыйнага працэсу на аснове выкарыстання метадаў самастойнага даследчага пошуку дазволіць вучням дасягнуць поспеху ў сучасным дынамічным сусвеце.
Літаратура:
- Вуджек, Т. Как создать идею / Т. Вуджек. – СПб. : Питер пресс, 1997.
- Гузеев, В. В. «Метод проектов» как частный случай интегральной технологии обучения / В. В. Гузеев // Директор школы. – М., 1995. – № 6. – с. 34–47.
- Дьюи, Дж. Демократия и образование: пер. с англ. / Дж. Дьюи. – М. : Педагогика-Пресс, 2000.
- Загашев, И. Умение задавать вопросы / И. Загашев // Перемена. – 2001. – № 4.
- Землянская, Е. Н. Учебные проекты младших школьников / Е. Н. Землянская // Начальная школа. – 2005. – № 9.
- Иванова, Н. В. Возможности и специфика применения проектного метода в начальной школе / Н.В. Иванова // Начальная школа. – 2004. – № 2.
- Матяш, Н. В. Психология проектной деятельности школьников в условиях технологического образования / под ред. В. В. Рубцова. – Мозырь : Белый ветер, 2000.
- Педагагічныя стандарты ISSA для дзіцячых садкоў і пачатковых класаў
- Полат, Е. С. Новые педагогические и информационные технологии в системе образования / Е. С. Полат, М. Ю. – Бухаркина, М. В.Моисеева, А. Е. Петрова. – М. : Академия, 2004.
- Савенков, А. И. Психологические основы исследовательского подхода к обучению : учебное пособие / А.И. Савенков. – М. : Ось-89, 2006.
- Савенков, А. И. Творческий проект, или как провести самостоятельное исследование / А. И. Савенков // Школьные технологии. – 1998. – № 4. – с. 144–148.
- Савенков, А. И. Исследовательская практика: организация и методика / А. И. Савенков // Одаренный ребенок. – 2005. – №1. – с 30–33.
- Сруогинис, Л. Как работать с одаренными детьми / Л. Сруогинис // Перемена. – 2002. – №3. – с.14–17.
Уайл, Д. Исследователь в классе / Д. Уайл, А. Зиси // Перемена. – 2000. – № 2. – с. 27–32