Аднойчы ў Амерыцы: З досведу інклюзіўнай адукацыі

26.10.2011

Уступ

Кажуць, каб цвяроза ўсвядоміць, што з табой адбывалася ў пэўны час, павінен прайсці не адзін тыдзень, а ў некаторых выпадках і не адзін месяц. Тады ўсе эмацыйныя адценні і пачуцці ўтаймуюцца і можна будзе з упэўненасцю «неперабольшання» апавядаць пра мінулыя падзеі.

Пра тое, што адбывалася са мной ў мінулым годзе (дакладней, у кастрычніку 2010 г.), я пераказваю праз год. І з упэўненасцю магу сказаць адно: пачуцці тады і пачуцці цяпер амаль аднолькавыя, і укладаюцца яны ў адно слова – «СУПЕР!»

Аднак, усё па парадку. Год таму лёс падараваў мне магчымасць браць удзел у конкурсным адборы для паездкі ў ЗША па тэме «Інклюзіўная адукацыя ў ЗША» (улучэнне людзей-інвалідаў у паўнавартаснае грамадска-актыўнае жыццё). Я працую ў школе, дзе навучаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і таму вырашыла: «А чаму б і не?!». Здарылася так, што мне ўдалося-такі скокнуць у «апошні вагон», таму што ў чарадзе адборачных тураў у выніку я была «ў запасе». Тут я павінна абавязкова падзякаваць людзям (і не толькі родным), якія падтрымлівалі мяне ў гэтай справе.

І вось я ў Амерыцы! Першае, што кінулася ў вочы – гэта людзі. На першы погляд яны не адрозніваюцца ад нас, але ж на твары амерыканцаў амаль заўсёды ўсмешка, чаго не скажаш пра нашыя. Першы раз я заўважыла гэтую асаблівасць у самалецё, калі бортправадніца з ненамалявана-добразычлівым тварам чакала, пакуль пасажыр уладкуецца на сваім месцы. Хвіліна, другая …., сёмая (я зазначыла час), а бортправадніца цярпліва чакае і не парушае рухаў маладога чалавека такімі звыклымі для нас словамі: «Не перашкаджайце працаваць!». Сама сабе я, канешне, падумала: «Імідж кампаніі, трэба паказваць клас абслугоўвання. Хто ж хоча праз скаргу кліента пазбавіцца працы?». З цягам часу я зразумела іншае. Гэта не імідж, гэта стыль зносін, спосаб камунікацыі і наладжвання кантактаў. Адным сказам: «З усмешкай па жыцці!». Узаемаветлівасць простых грамадзян, знаёмых і незнаёмых (вядома ж, за якімі я назірала і з якімі мела камунікацыю), набыла статус паўсядзённасці. Людзі будуць трымаць дзверы тым, што ідуць за імі, нават калі апошнія яшчэ толькі накіроўваюцца ў гэты ж бок да дзвярэй. У чарзе ніхто не напірае табе на плечы, не кажучы пра тое, каб улезці без чаргі. Кіроўцы проста «вымушаюць» пераходзіць вуліцу, спыняючы сваё аўто. На кожным кроку: «Рleasе», «no problem» ды іншы. У крамах бесперапыннае : «We are welcomе!»

Аб галоўным

Паездка ў Амерыку прадугледжвала ў першую чаргу вывучэнне досведу і назіранне за практыкай улучэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў сацыяльна-грамадскае жыццё. Дарэчы, тэрмін «інвалід» у іх амаль не практыкуецца.

Знаходзіліся мы ў штаце Вермонт – адным з найлепшых і перадавых штатаў у гэтай галіне. Насельніцтва – 650 000 чалавек, з іх 100 000 навучэнцаў. Сярод дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю – 57% вучацца паводле агульнаадукацыйнай праграмы, 33% маюць пэўныя абмежаванні, 14% – дзеці з цяжкімі парушэннямі або захворваннямі. Адукацыя ў ЗША мае адзіны кірунак, нейкія асноўныя тэндэнцыі, аднак у кожным штаце ёсць свае асаблівасці, свае законы, свае прынцыпы і свая практыка. Тое, што адбываецца ў адным штаце, не абавязкова будзе разглядацца з тых самых пазіцый, што і ў іншых. Так, напрыклад, кожны штат усталёўвае свае стандарты і крытэрыі ацэньвання вынікаў дзейнасці. Кантроль адбываецца на мясцовым узроўні, усе пытанні таксама вырашаюцца на мясцовым узроўні.

Дарэчы, кожная школа мае пэўныя свабоды ў вырашэнні нейкіх праблемных пытанняў. Кіраўніцтва школы можа самастойна браць на працу таго, хто ім падыходзіць. У адрозненні ад нашага працаўладкавання, у Вермонце ствараецца камісія, перад якой будучы настаўнік павінен даць урок, вытрымаць тэставанне па прадмеце, які будзе выкладаць, і прайсці індывідуальнае сумоўе. Як бачым, уладкавацца на працу не так ужо і лёгка.

Як я ўжо казала, мы былі ў самым «прасунутым» штаце, які самы першы ў сваіх заканадаўчых дакументах звярнуў увагу на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Зразумела, у гэтым штаце усё самае лепшае і самае новае. За тры тыдні мы наведалі каля 20 арганізацый, якія займаюцца праблемамі такіх людзей, пачынаючы з узросту немаўляці. У іх ліку і адукацыйныя ўстановы (школы, коледжы, універсітэты), грамадскія аб’яднанні па аказанню розных відаў дапамогі, прававыя арганізацыі, бацькоўскія групоўкі і арганізацыі і г.д. Засяроджуся на некаторых з іх.

З дня нараджэння з «асаблівымі» дзецьмі пачынаюць працаваць самыя розныя спецыялісты. Пры радзільных дамах і паліклініках працуюць спецыялісты, якія праводзяць працу з бацькамі, што апынуліся ў крытычнай сітуацыі. Не ўсе бацькі падрыхтаваныя прыняць рэальнае становішча свайго дзіцяці і зрабіць намаганні для яго развіцця, а тым больш усвядоміць неабходнасць пачынаць такую працу ад самага пачатку і не цурацца абмежаванасцяў свайго дзіцяці.

На запыт бацькоў разам з сям’ёй працуе каманда спецыялістаў, у залежнасці ад асаблівасцяў развіцця самога дзіцяці, ад ступені абмежаванасці і, у першую чаргу, ад патрэбаў саміх бацькоў. Я не памылілася. У самым пачатку ў бацькоў пытаюць, чаго яны хочуць ад дзіцяці, чаму яго, на іх погляд, трэба навучыць. Улічваючы ўсе пажаданні, а таксама зоны актуальнага і найбліжэйшага развіцця самога дзіцяці, спецыялісты складаюць так званы сямейны план і праводзяць пэўную працу на дасягненне прадугледжаных вынікаў. Зазначу, што на розных узроставых этапах каманда спецыялістаў можа мяняцца ( напрыклад ад 0 да 3 год працуе адна каманда, ад 3 да 5 – другая, ад 5 да 6 – трэцяя, у пачатковай школе – іншая і г.д.). У канцы кожнага этапу сям’я сустракаецца з новай камандай, якая будзе суправаджаць дзіця надалей.

Увесь час аказваецца дапамога ў развіцці кагнітыўнай сферы, камунікатыўных навыкаў, маторыкі, навыкаў самаабслугоўвання і сацыяльнай адаптацыі.

Важна адзначыць, што ЎСЕ агульнаадукацыйныя ўстановы могуць навучаць дзяцей з асаблівасцямі. Кожная школа, кожны коледж ці ўніверсітэт забяспечвае безбар’ернае асяроддзе. Гэта стала магчымым пасля прыняцця на заканадаўчым узроўні дакументаў аб стварэнні ўсіх неабходных умоў для навучання дзяцей з любымі абмежаваннямі (мэбля-трансформер, аўтаматычныя дзверы, аўтобусы са спецыяльнымі пад’ёмнікамі, лёгкатранспартаваныя крэслы і сталы, пандусы, туалеты, спецыялізаваныя класы, абсталяванне, парэнчы, найбагацейшая метадычная база ў выглядзе дапаможнікаў, гульняў і цацак, развівальных прыстасаванняў, шмат іншага). Першае, што зрабілі амерыканцы, – стварылі добрую матэрыяльную базу для навучання і развіцця (я пакуль не кажу пра адукацыю будучых настаўнікаў, гэта асобнае пытанне). Таму магчымасць навучацца ў школе сярод іншых дзяцей маюць усе, акрамя вельмі цяжкіх ляжачых хворых.

Школы Вермонта

Што адрознівае амерыканскія школы ад нашых? Па-першае: пачатковая, сярэдняя і старэйшыя школы – гэта не проста этап навучання, гэта нават асобны будынак, і не заўседы ўсе тры школы могуць быць у адным горадзе. Напрыклад, атрымаўшы пачатковую адукацыю ў сваім горадзе, сярэднюю можаш атрымаць далей ад дома. Неардынарныя і нестандартныя будынкі школ таксама непадобныя да нашых тыповых шматпавярховак.

У 4-м і 8-м класах здаюцца абавязковыя іспыты.У амерыканскай школе ёсць 4 групы асноўных прадметаў, якія вывучаюцца абавязкова, усе астатнія – паводле жадання. Да асноўных адносяцца: мова, матэматыка, гісторыя і прыродазнаўства. Замежныя мовы ў іх называюцца «мовы сусвету». Вучацца ў школе ў сярэднім з 8.00 да 15.30.

Цікавы факт: калі ў школе 40 вучняў (незалежна ад агульнай колькасці) не выканалі пэўныя дзяржаўныя стандарты, то школа трапляе ў так званы «чорны спіс». Дэпартамент адукацыі прапануе правесці пэўныя змены ў сістэме навучання, каб такіх вучняў не было. Калі школа праз пэўны час не выканала прапановы, адміністрацыю могуць звольніць.

Пачатковая школа стракаціць каляровымі і разнапланавымі малюнкамі, плакацікамі, творчымі работамі, сачыненнямі навучэнцаў. Складаецца ўражанне, што знаходзішся ў творчай студыі. Вельмі часта работы суправаджаюцца фотаздымкамі саміх аўтараў. Маленькія амерыканцы вельмі ганарацца, што іх работы бачаць усе, хто прыходзіць у школу. Гэта не абавязкова ўзорныя, акуратныя працы, як звычайна робіцца ў нас.

Усе школы і коледжы ўразілі сваёй даступнасцю, простасцю і асаблівай чысцінёй. Нягледзячы нават на тое, што школьныя заплечнікі могуць быць раскіданы па калідоры ці грудай ляжаць на крэслах. Вучні на перапынку спакойна ходзяць па калідорах. За ўвесь час я не бачыла ніводнага «шалёна» бягучага школьніка. Неаднойчы даводзілася назіраць, калі навучэнцы, сядзячы на падлозе, падсілкоўваюцца, чытаюць ці проста камунікуюць адно з адным.

Урокі ў большасці школ ідуць парамі (па 45 хвілінаў), асабліва ў старэйшых класах. У малодшых класах на ўроках настаўнікі дазваляюць дзецям пад’есці, для гэтага адводзіцца пэўны час.

У большасці класаў ёсць мультымедыйныя прылады, электронныя дошкі (звычайных, на якіх пішуць крэйдай, мы бачылі толькі дзве, ва ўніверсітэце), персанальныя камп’ютары. Вучні размяшчаюцца амаль заўсёды па групах ці ў агульным коле. Месца працы настаўніка знаходзіцца ў тым жа пакоі, дзе праходзяць асноўныя ўрокі. Нашае пытанне: «А дзе настаўніцкая?!» не зразумелі. Калі трэба вырашыць нейкае пытанне, адміністрацыя звяртаецца да настаўніка асабіста, а агульных сходаў ці педагагічных нарадаў, падобных да нашых, у іх няма.

У некалькіх школах мы бачылі цікавы пакой. «Ківа» –месца, падобнае да амфітэатра, дзе вучні практыкуюцца ў публічных выступах і вучацца аратарскаму майстэрству. Назва пазычана ў мясцовых індзейцаў, так называлася месца для сходаў.

У кожнай школе ёсць месца, дзе паказаны ўсе дасягненні школы: кубкі, граматы, прызы ды інш. Амерыканцы вельмі любяць спорт, таму амаль кожная школа мае спартовую каманду са сваёй сімволікай, атрыбутыкай, формай. Спорту надаецца шмат увагі, басейнаў мы не бачылі, а вельмі добра абсталяваныя спартовыя, трэнажорныя залы, спецыялізаваныя спартовыя кабінеты ёсць у кожнай школе.

Сістэма суправаджэння вучняў, якія патрабуюць асаблівай ўвагі, мае некалькі відаў.

Першы, калі пры школе існуюць спецыялісты, якія дапамагаюць вучням пры іх асабістым запыце або пры запыце настаўнікаў. Калі дзіця не паспявае ці шмат прапусціла заняткаў, спецыяліст з дапамогай дадатковых заняткаў ліквідуе прабелы ў ведах. Такія спецыялісты могуць аказваць дапамогу звычайна ў двух розных прадметах, але не больш. Гэты від дапамогі можа атрымаць любы вучань, не толькі з абмежаванасцямі. Напэўна таму ў амерыканскіх дзяцей няма патрэбы плаціць вялікія грошы рэпетытарам.

Другі від дапамогі ажыццяўляецца праз дадатковага спецыяліста, які суправаджае паўсюдна свайго падапечнага. Гэта – настаўнік-асістэнт.

Трэці від дапамогі звязаны з арганізацыяй навучання дзіцяці адным спецыялістам паводле асобнай індывідуальнай праграмы.

Чацвёрты тып – навучанне дома.

І апошні тып навучання аб’ядноўвае настаўніка, які працуе з агульным класам – і спецыяліста: яны адначасова на ўроку працуюць з асаблівымі школьнікам.

Прыватныя школы

Не менш цікавымі і пазнавальнымі былі наведванні прыватных школ. У такіх школах атрымліваюць адукацыю дзеці з асаблівымі цяжкасцямі, ад некаторых нават адмовіліся і звычайныя школы, а некаторыя вучацца згодна з жаданнем бацькоў. У такіх школах навучанне, як правіла, вядзецца паводле сваіх праграмаў, афіцыйна прынятых дэпартаментам адукацыі штата. Кожны жадаючы настаўнік можа стварыць сваю праграму, заснаваную на стандартах, і зацвердзіць яе ў дэпартаменце адукацыі (кшталту нашага міністэрства). Выпрабаванай праграмай могуць карыстацца і іншыя настаўнікі, але ж з асобную плату (за аўтарскую праграму трэба заплаціць).

Так званая Новая школа Мантпіліера (сталіца штата) дае адукацыю дзецям ад 8 да 22 гадоў. У школе навучанне пабудавана на працоўнай тэрапіі. Дзецям, у большай частцы сам-насам, дапамагаюць авалодваць жыццёва важнымі навыкамі. А настаўнікі спрыяюць сацыяльнай інтэграцыі.

Школа Бэлкейт – сярэдняя школа, дзе навучаюцца дзеці з 7 па 12 клас. У мадэлі гэтай школы закладзены асноўны прынцып: задаволіць патрэбы кожнага дзіцяці, якое атрымлівае адукацыю. Дзіцяці ствараецца такое асяроддзе, якое ў большай ступені падыходзіць для яго развіцця. Навучанне зноў-такі вядзецца згодна з асобнымі праграмамі, якія зацверджаны дэпартаментам адукацыі і заснаваны ў адпаведнасці са стандартамі. Напрыклад, у гэтай школе настаўнік распрацаваў сваю праграму на аснове фільма «Зорныя войны». Вучні маюць магчымасць на прыкладзе знаёмага фільма вывучаць асновы матэматыкіы, фізікі і інш. Асноўныя прынцыпы навучання: адкрыццё – разуменне – дзейнасць. Усё навучанне скіравана на вучня і дзеля вучня не толькі на словах, але і на практыцы. І зноў-такі, усё, што зроблена вучнямі, абавязкова вывешваецца на ўсеагульны агляд. Вельмі шмат фотаздымкаў саміх дзяцей.

Хачу падзяліцца яшчэ адным назіраннем за навучаннем ў амерыканскіх школах. У адрозненні ад нашых, там вельмі шмат настаўнікаў-мужчынаў. Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі настаўнікамі, якія «крута» змянілі сваё жыццё і выбралі шлях настаўніка. Так, адзін з настаўнікаў сярэдняй школы – былы мененджар сферы харчавання. Аднойчы, калі святар царквы, у якую хадзіў мужчына, прапанаваў яму ўзначаліць летні дзіцячы лагер – без вялікай ахвоты, але тое пагадзіўся. Праца з падлеткамі захапіла маладога мужчыну, і ён вырашыў стаць настаўнікам, каб выкладаць ва ўніверсітэце. Атрымаў дыплом і ліцэнзію і пачаў працаваць у школе (на той час ва ўніверсітэце не было месцаў). Першае месца працы так і засталося паўсядзённым. Як зазначыў сам настаўнік, яму вельмі спадабалася працаваць менавіта з падлеткамі. На нашае пытанне наконт заробку ён адказаў, што стаў атрымліваць значна менш, але ж ні на хвіліну не сумняецца ў правільнасці выбару новай спецыяльнасці і працы. Мы былі ў яго на ўроку. Ён выкладае літаратуру. Тэма заняткаў – Рамэа і Джульета Шэкспіра. Чым займаліся дзеці на занятках? Амаль 45 хвілінаў кожны з навучэнцаў спрабаваў сказаць 2 кампліменты: чалавеку, якога кахае, і проста сябру. Настаўнік вучыў выяўляць свае эмоцыі, адрозніваць іх ў адносінах да кожнай асобы. Акрамя гэтага, падкрэсліваў важнасць пабудовы дыялогу, пабудовы сказаў і выкарыстання розных словаў. У класе было 6 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з 17. І кожны меў магчымасць выказацца, незалежна ад разумовага і вербальнага развіцця.

Другі прыклад – судырэктары прыватнай школы, якія таксама перавучыліся на настаўнікаў з мэтай адкрыцця школы для «цяжкіх» дзяцей. Яны сябравалі з людзьмі, у дзяцей якіх былі праблемы з навучаннем і развіццём. Пабачылі на практыцы праблемы такіх сем’яў і адкрылі сваю школу. Дамагліся ад Дэпартамента прыняцця на працу спецыялістаў канкрэтнай працоўнай дзейнасці (не педагогаў, у ЗША без педагагічнай ліцэнзіі працаваць у школе нельга), майстроў, каб з дапамогай працоўнай тэрапіі даць магчымасць развівацца дзецям з парушэннямі.

Адукацыя будучых настаўнікаў амаль не адрозніваецца ад нашай. Адрозніваецца толькі стаўленне студэнтаў да навучання. Амерыканцы больш самастойныя і больш адказныя, бо, вядома, за навучанне трэба плаціць шмат грошай. Настаўнікі, якія атрымліваюць спецыяльную адукацыю, называюцца фасілітатары. Цікавымі мне падаліся наступныя ідэі. Будучых настаўнікаў навучаюць з дапамогай курсаў (гэта толькі некаторыя): «Заахвочванне станоўчых паводзінаў навучэнцаў», «Праграма стварэння ўмоў для выяўлення поспеху», «Як пабудаваць і адаптаваць вучэбны план», «Абарона правоў», «Лідарства». Паралельна з вывучэннем тэарэтычных асноў навучэнцы ўніверсітэтаў маюць стажыроўкі ў школах. Вельмі распаўсюджаная валанцёрская дзейнасць.

Амерыканскія ўніверсітэты – шматнацыянальныя. Там вучацца студэнты з самых розных краінаў, таму камунікацыі ва ўніверсітэтах надаюць таксама шмат увагі. Так, напрыклад, у Коледжы святога Міхаіла навучаюцца студэнты з 12 краінаў свету.

Амаль пры кожным універсітэце ёсць Цэнтры інваліднасці, якія аб’ядноўваюцца ў вялікую асацыяцыю AUCD (цэнтр у Вашынгтоне). Яны працуюць ў наступных кірунках:

- навучанне спецыялістаў, выхавацеляў, тэрапеўтаў для школ;
- паслугі паводле запытаў школ, бацькоў;
-абарона правоў людзей з абмежаванасцямі;
- даследаванні;
- адукацыйныя асветніцкія праграмы, абмен інфармацыяй.

Пасля атрымання адукацыі, ужо працуючы, настаўнік таксама навучаецца. Адзін раз на год дырэктар разам з настаўнікам абмяркоўваюць колькасць і тэматыку будучых курсаў. Настаўніку аплачваюцца семінары, трэнінгі, праграмы, у якіх ён удзельнічае. Дэпартамент адукацыі распрацоўвае тэматыку курсаў, а настаўнік можа выбраць неабходныя для сваёй дзейнасці і адукацыі. Кожны год настаўнік павінен атрымаць 60 гадзінаў падвышэння кваліфікацыі. Наяўнасць праходжання курсаў можа стаць адным з крытэрыяў для працягу ліцэнзіі.

Пасля заканчэння школы

Пасля школы кожны вучань мае магчымасць вучыцца ва ўніверсітэтах ці коледжах, і дзеці з абмежаванасцямі ў тым ліку. Канешне, атрымаць паўнавартасны дыплом аб заканчэнні вышэйшай установы яны не змогуць. Але ж удзельнічаць у жыцці студэнтаў, адчуць сябе ў гэтым стане можа любы ахвотны. Якім чынам? Кожны можа наведваць адзін або некалькі курсаў, бываць на лекцыях, камунікаваць з аднакурснікамі, наведваць студэнцкія святы, спартовыя мерапрыемствы і г.д. Дзеля гэтага могуць прызначацца студэнты-кансультанты, якія будуць дапамагаць і суправаджаць студэнта з абмежаванасцямі. Нярэдка такую працу выконваюць і студэнты-валанцёры. Універсітэты распрацоўваюць не толькі спецыяльныя курсы на авалодванне сацыяльна-побытавымі навыкамі, але і курсы навучання навыкам кіравання, часам і набыцця навыкаў навучання. Акрамя таго, студэнт з абмежванасцямі забяспечваецца карткамі спажыўца розных паслуг.

Цікавая сістэма прафесійнай падрыхтоўкі вучняў з абмежаванасцямі. Ужо на этапе навучання ў старэйшых класах дзеці маюць магчымасць выконваць адзначаныя віды дзейнасці, напрыклад, дапамога ў бібліятэцы, у сталоўцы ды інш. Асноўны прынцып ва ўсіх старэйшых школах – «больш 50% усіх вучняў павінны быць заняты якой-небудзь працай у залежнасці ад іх магчымасцяў і запатрабаванняў». За кожным навучэнцам, які патрабуе спецыяльнай праграмы, замацаваны спецыяліст па навучанню працоўным навыкам. гэты спецыяліст можа аказаць дапамогу ў пошуку працоўнага месца і далейшага працаўладкавання з атрыманнем пэўнага заробку. За некалькі гадоў навучання выпускнік школы можа паспрабаваць сябе ў 4–5 відах дзейнасці. Так, да заканчэння навучання выпускнік з асаблівасцямі можа мець вызначанае сталае месца працы і ўжо адпрацаваныя працоўныя навыкі.

Працаўладкаванне людзей з асаблівасцямі не мае асаблівых пытанняў. Існуе закон, згодна з якім уласнік абавязаны ўзяць на працу інваліда, калі мае вакансіі. Аплата, канешне, будзе ніжэйшая, ды і від дзейнасці будзе спрошчаны, а час абмежаваны. Гэта дадае пэўных цяжкасцяў і праблем кіраўніку, аднак за гэта дзяржава прапануе яму льготы ў падатках, а таксама дадатковае фінансаванне за кошт федэральных сродкаў на перыяд, пакуль чалавек не авалодае навыкамі прафесійнай дзейнасці. Такім чынам, выйграюць усе: дзяржава клапоціцца аб усіх, людзі з абмежаванасцямі адчуваюць сябе актыўнымі і значнымі грамадзянамі, кіраўнік мае льготы і магчымасць развіваць сваю дзейнасць.

Шмат увагі надаецца сацыяльнай арыентацыі людзей з абмежаванасцямі. Існуюць праграмы, згодна з якімі дзеці з абмежванасцямі пражываюць самастойна або пад пэўным наглядам. Для іх арэндуецца дом ці кватэра, дзе група жыве самастойна. Яны самі (або з дапамогай) размяркоўваюць абавязкі, плануюць дзень, гатуюць ежу. Такім чынам яны адаптуюцца да паўнавартаснага жыцця без дапамогі звонку. Зразумела, што ў гэтую праграму асабліва «цяжкія» не трапляюць. Калі мы наведвалі адзін з такіх дамоў, мы мелі магчымасць размаўляць з удзельнікамі праграмы і ўявіць сабе пэўную карцінку іх жыцця. Тут жа мы ўбачылі некаторыя вынаходніцтвы саміх студэнтаў. Тэрмін такога пражывання можа быць ад 6 месяцаў да 2–3 год. Студэнты-асістэнты могуць прыходзіць удзень, або начаваць у адным доме са студэнтамі з абмежаванасцямі.

Сістэма падтрымкі

Зараз некалькі слоў аб сістэме падтрымкі, якую мы мелі магчымасць назіраць. У Амерыцы вельмі шмат прававых арганізацый, якія маюць у сваім штаце юрыстаў, праваахоўнікаў, людзей з пэўным жыццевым досведам (асабліва калі іх правы парушаліся), спецыялістаў, медыкаў. Звычайна падобныя арганізацыі фінансіруюцца за кошт дзяржавы і маюць свой уплыў пры прыняцці заканадаўчых актаў. Яны праводзяць асветніцкую працу і аказваюць прававую дапамогу.

Вельмі часта ў штаце такіх арганізацый ёсць і людзі з абмежаванасцямі. Існуюць і арганізацыі з чальцамі з абмежаванасцямі. Мы наведалі некалькі такіх арганізацый. Першая – «Самаахова Зяленых гор»- складаецца з 18 мясцовых груп па ўсім штаце і налічвае 600 сяброў. Асноўная задача гэтай арганізацыі – давядзенне да грамадскасці магчымасцяў, правоў і патрэбаў людзей з парушэннямі разумовага развіцця. Другая арганізацыя «Правы інвалідаў Вермонта» – гэта ўпаўнаважаная ўрадам ЗША прыватная некамерцыйная арганізацыя, якая фінансіруецца дзяржавай і прасоўвае правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх падтрымку. «Вермонцкі цэнтр незалежнага жыцця» – некамерцыйная арганізацыя, персанал якой складаецца ў большасці з людзей, якія маюць пэўныя абмежаванні. Яны прапагандуюць актыўную грамадскую пазіцыю людзей з абмежаванасцямі, ствараюць комплекс паслуг па падтрымцы іх самастойнага жыцця і поўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Асноўная мэта іх дзейнасці – забеспячэнне, падтрымка і ахова пачуцця асабістай годнасці, незалежнасці і грамадзянскіх правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прынцып іх дзейнасці «роўны – роўнаму».

У размовах з прадстаўнікамі гэтых арганізацый я заўважыла некалькі важных момантаў. Па-першае, ніхто з іх не хавае свае асаблівасці. Па-другое, кожны імкнецца дапамагчы іншым у вырашэнні пэўных пытанняў. Перадусім, у прыняцці самога сябе такім, які ён ёсць у рэальнасці. Па-трэцяе, кожны з суразмоўцаў мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і лічыць сябе паўнавартасным жыхаром не толькі свайго горада ці штата, а, увогуле, жыхаром Свету.

Як я раней казала, у Амерыцы вельмі багатая матэрыяльная база. У гэтым мы ўпэўніваліся неаднаразова. Калі мы завіталі ў штат Нью-Гэмпшыр, дзе наведалі рэсурсны цэнтр. ЧАГО ТАМ ТОЛЬКІ НЕ БЫЛО!!! Аб такім абсталяванні нашым інвалідам, напэўна, можна толькі марыць. Пачынаючы ад падручнікаў і сканчаючы электроннымі фатэлямі і вазкамі, абсталяваннем для ляжачых хворых. Гэты цэнтр займаецца праблемамі мадыфікацыі жылля. Спецыялісты выязджаюць на дом, ацэньваюць рэальнае становішча і ствараюць бесперашкоднае асяроддзе, калі чалавек з абмежаванасцямі можа не толькі вольна рухацца, але ж і жыць паўнацэнным жыццём. У цэнтры можна не толькі набыць ці ўзяць для часовага карыстання некаторыя прыстасаванні, але і распрацаваць ды падабраць неабходнае абсталяванне, метадычныя дапаможнікі, развіццёвыя гульні. Цэнтр дапаможа ў пошуку сувязей і з іншымі падобнымі арганізацыямі, зробіць рамонт і мадэрнізуе прылады, абсталяванне, інструменты. Спецыялісты цэнтра займаюцца распрацоўкай новых тэхналогій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Не меншы ўплыў на фармаванне пункту гледжання на праблему развіцця чалавечай асобы маюць бацькоўскія арганізацыі. У штаце Вермонт вельмі шмат актыўных бацькоў, якія не толькі ахоўваюць сваё ўласнае дзіця, але ж і імкнуцца да поўнага прыняцца дзяцей-інвалідаў як часткі грамадства. З ініцыятывы бацькоў былі прыняты заканадаўчыя акты: Закон аб падтрымцы сем’яў, Закон аб дадатковай дапамозе сем’ям у выходныя дні, Закон аб ільготах у медычным страхаванні; прынята пастанова, што спецыяльны настаўнік павінен атрымаць спецыяльную адукацыю; створаны рэестр асоб з «аўтызмам» і інш. У штаце існуе закон, які патрабуе ад школ распрацоўкі правіл па рабоце з бацькамі. Правілы неабходна пераглядаць 1 раз на год сумесна з бацькамі і спецыялістамі. Акрамя гэтага існуе закон, які патрабуе ад школ улучэння бацькоў у адукацыйны працэс. Бацькі, з якімі мы сустракаліся, дзяліліся сваімі перажываннямі, перамогамі і дасягненнямі сваіх дзяцей.

Цікавая праца бацькоўскіх гурткоў перадачы асабістага досведу іншым. Яны разумеюць, што не толькі іх падтрымка вельмі важная для паспяховага развіцця асобы дзіцямі. Істотна стварыць асяроддзе, якое будзе не перашкаджаць, а створаць умовы для кожнага, незалежна ад стану. Бацькі не проста даюць неабходны мінімум для жыцця і развіцця, яны паступова ўплываюць на фармаванне свядомасці людзей навокал ў поўным прыняцці дзяцей-інвалідаў, як чальцоў грамадства. Дзеля гэтага яны і жывуць, і працуюць.

Шмат людзей бяруць на выхаванне дзяцей з асаблівасцямі, у гэтым іх таксама падтрымлівае дзяржава. У сям’і, дзе мы жылі пад час паездкі, выхоўваўся хлопчык з Калумбіі, які мае пэўныя асаблівасці. У час нашага гасцявання ён якраз удзельнічаў у праграме па развіццю навыкаў самастойнага жыцця. Некалькі разоў мы сустракаліся з ім і яго сябрамі: размаўлялі, адпачывалі, працавалі, абедалі. Трэба адзначыць, што Адрыян (так звалі прыёмнага сына) і яго сябры вельмі добра падрыхтаваныя да самастойнага жыцця. Яны цудоўна вялі размову, былі адкрытымі і шчырымі. Калі калега, з якой мы жылі разам у адным доме, узгадала пра свайго былога сабаку, адна з сябровак Адрыяна выказала шчырае спачуванне словамі «Прабачце, мне шкада, што ваш сабака загінуў».

Амерыканская сям’я

Жылі мы ў сем’ях, і таму мелі магчымасць назіраць за жыццём простай амерыканскай сям’і. Наша гаспадыня Элен Ваўт – пажылая жанчына. Тым не менш, яна працуе ў 2 арганізацыях. Першая аказвае дапамогу сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з парушэннямі ў развіцці. Яна з’яўляецца якраз той мамай, якая мае пэўны досвед ў выхаванні падобнага дзіцяці і перадае яго іншым. Аказвае падтрымку і кансультацыйныя паслугі бацькам, удзельнічае ў акцыях, прапагандуе ідэі роўнасці і прыняцця кожнага чалавека ў грамадскім жыцці. Другая арганізацыя – гэта жаночы хор, дзе яна займае пасаду адказнага за фінансы. Хор мае пэўнае фінансаванне. Гэта нешта накшталт гуртка па інтарэсах: сталага ўзросту жанчыны збіраюцца ўвечары раз на тыдзень і спяваюць акапэльна (без суправаджэння музыкі), развучваюць новыя песні, часам выступаюць на малых пляцоўках.

Кожны дзень пачынаецца з класічнай музыкі. Былая настаўніца англійскай мовы ва ўніверсітэце – вельмі цікавая жанчына. З мужам яны шмат вандравалі па свеце, доўгі час жылі ў Афрыцы, таму ў хаце ў яе шмат цікавых рэчаў. Цікавіцца гісторыяй, мастацтвам. Паўсюдна ў кватэры вісяць карціны, шмат кнігаў, кружэлак, дыскаў ды інш. Свой вольны час яна аддае працы на невялічкім кветніку, прагулкам з сабакамі, догляду папугая. Зазначу, што 2 сабакі і папугая яна ўзяла зусім кволымі і хворымі, выхадзіла іх і зараз даглядае.

У адносінах з дзецьмі Элен вельмі чулая і можна сказаць, улюбёная ў іх. Сустракаецца з імі не вельмі часта, бо абодва (прыёмны сын Адрыян 25 год і дачка Саша 28 год) жывуць асобна ад бацькоў. Як зазначылі ўсе мае калегі, бацькі вельмі шмат увагі надаюць часу зносінаў са сваімі дзецьмі. Усе мерапрыемствы ў школах, коледжах і ва ўніверсітэтах бацькі лічаць вельмі важнымі і амаль ніколі не стаіць пытанне: ехаць ці не ехаць? Сумесныя святы, вечарынкі абавязкова адбываюцца пры ўдзеле дзяцей. Пра гэта сведчыць і цікавы эпізод, які мы назіралі ў галоўным будынку Капітолія штата Вермонт. (State House – месца, дзе засядае ўрад штата. Назва «Дом народа» апраўдвае сябе на практыцы. Гэта «жывы» музей, тут адбываюцца непасрэдныя зносіны паміж заканадаўцамі і грамадзянамі. Раз на тыдзень кожны ахвотны можа прыйсці на сустрэчу з губернатарам і выказаць свае меркаванні, пажаданні і прапановы. У любы дзень сюды наведваюцца і мясцовыя жыхары, асабліва вучні са школ, і турысты.) Мы якраз трапілі на ўрачыстаць, калі ўзнагароджваліся самыя лепшыя паліцыянты штата. Атрымліваць узнагароду ішла ўся сям’я, разам з бацькамі ішлі дзеці. Сям’я для амерыканцаў мае вельмі важнае значэнне. Фотаздымкі сваякоў стаяць паўсюдна ва ўсіх пакоях (у нашай гаспадыні таксама), распавядаць пра блізкіх могуць гадзінамі, ганарацца любымі іх дасягненнямі.

У паўсядзённым жыцці вермонцы вельмі простыя. Не так шмат увагі яны надаюць бляску, шыку і педантычнаму парадку ў хаце. Побыт наладжваюць такім чынам, каб усё было зручна, даступна і проста. Шмат увагі надаюць спорту і здароваму ладу жыцця. Вялікая лічба людзей у спартовай форме, якія бегаюць ці проста хутка ходзяць у парках, па вулачках горада, уздоўж дарог. Штат Вермонт дазваляе ажыццяўляць падобныя прагулкі, таму што лічыцца самым «зялёным» штатам. Прырода, сапраўды, зачароўвае багаццем фарбаў, відаў і форм. За 3 тыдні ў Вермонце я бачыла толькі 3 чалавекі з цыгарэтай. Аднак заўважу, што людзей з вельмі «аб’ёмнымі формамі» не нашмат менш, чым падцягнутых.

У адносінах паміж сабой вермонцы надзвычай ветлівыя і паважлівыя.

Кожны амерыканец мае магчымасць выказаць сваю думку наконт любога пытанню\я. Асаблівай папулярнасцю ў іх карыстаюцца маршы, калі народ ідзе арганізаваным шэсцем па вуліцах горада. У пэўным месцы яны выступаюць з праблемнымі пытаннямі, выказваюць свае меркаванні, агучваюць лозунгі.

Мы таксама далучыліся да грамадскага жыцця горада Бёрлінгтан (горад, у якім жылі). Разам з калегамі і насельніцтвам мы бралі ўдзел у маршы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з сіндромам Даўна. Удзельнічалі мы і ў маршы пратэсту супраць гвалту над жанчынамі ў сем’ях. Неаднаразова бачылі людзей з плакатамі супраць вайны, супраць грамадскай паліцыі. Галоўнае, што кожны з удзельнікаў такіх вялікіх і малых акцый адчувае сабе часткаю грамадства, з правам на асабістую думку і яе выяўленнем.

Наконт працаздольнасці амерыканцаў ходзіць шмат чутак. Насамрэч, амерыканцы самааддана працуюць і ахвяруюць свой час на працу. Працуюць яны ад раніцы да вечара, нават пад’едкі ў іх пад час руху ў аўто. Аднак амерыканцы могуць і вельмі добра адпачываць – зазначу, цывілізавана адпачываць. І гэтаму яны аддаюць таксама шмат часу. Актыўная спартовая дзейнасць, адпачынак на прыродзе, прагулкі з хатнімі жывёламі, баўленне часу з дзецьмі і сям’ёй, сумесныя пікнікі, вандроўкі ў цікавыя месцы, гасцяванне ў суседзяў і сваякоў, шматлікія святы (асабліва звязаныя з прыродай). Гэта ўсё мы мелі магчымасць бачыць на свае вочы.

Шмат чаго яшчэ можна паведамляць пра дасягненні амерыканцаў, з кожным разам прыгадаваюцца нейкія цікавыя моманты з паездкі. Але я разумела і тады, год таму, і цяпер, што наш візіт быў кароткачасовым і, напэўна, няпоўным, каб даць сапраўдную ацэнку жыццю ў ЗША. Ёсць, вядома, і недахопы, пра гэта казалі нам шмат якія амерыканцы. Аднак некаторыя рэчы (тое, што было відавочным і невыпадковым) я магу сцвярджаць з упэўненасцю.

У канцы сцісла пра галоўнае

• Усе чальцы грамадства маюць абсалютна аднолькавыя роўныя правы і, што немалаважна, маюць магчымасць дабіцца рэалізацыі свайго права.
• Усе пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні.
• Важна пашыраць межы магчымага (думай пра тое, пра што раней нават і не марыў).
• Неабходна ствараць умовы спакою і камфорту. Ад спакою – да разважання.
• Галоўнае ў любой дзейнасці – знайсці кропкі сутыкнення.
• Абмежаванні ці парушэнні асобы – гэта тое бачанне іншага чалавека, якім ЁН, і толькі ён, бачыць другую асобу. Якім ты бачыш чалавека – абмежаваным ці не?! Інваліднасць – гэта не абмежаванне, а рознабаковасць.
• Усе павінны быць паспяховымі і ўсе робіцца дзеля гэтага.
• У школах рэалізуюцца асноўныя прынцыпы грамадства: прыналежнасць, майстэрства, незалежнасць, шчодрасць.
• Сацыялізацыя асобы ажыццяўляецца на кожным кроку – як у школе ці ва ўніверсітэце, так і ў паўсядзенным жыцці.
• Дабрабыт кожнага з нас залежыць ад кожнага з нас.

З пажаданнямі самага найлепшага ў жыцці,
Маляўская Алена, Навагрудак