Алена Палейка (ліцэй №2 г. Мінска)
29–30 красавіка 2012 г. у Ракаве і 1 мая ў Магілёве прайшлі тры паўфінальныя гульні ІХ Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?». У ім прымалі ўдзел 14 школьных каманд з Брэста, Магілёва, Мінска, Бабруйска, Маладзечна, Навагрудка, Жодзіна, Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Вельмі прыемна, што змагаліся на роўных паміж сабой сталічныя і вясковыя школьнікі, гімназісты і вучні звычайных сярэдніх школ.
Сёлетні конкурс арганізаваны Ініцыятыўнай групай Клуба еўрапейскіх настаўнікаў, грамадскім аб’яднаннем «Адукацыйны цэнтр «ПОСТ»», Асветніцкай ўстановай «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія) і Праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду»». Прадстаўнікі гэтых арганізацый, а таксама настаўнікі (кіраўнікі камандаў-пераможцаў мінулых конкурсаў) увайшлі ў склад журы. Вядучы конкурса, вядомы артыст Юрый Жыгамонт пасля прэзентацыі каманд тлумачыў умовы конкурсных заданняў, абвяшчаў балы, а таксама ствараў атмасферу спаборніцтва-свята.
У гэтым годзе тэмай конкурсу была выбрана наступная: «Еўрааб’яднанні: учора, сёння, заўтра». Першае выпрабаванне, якое выпала ўдзельнікам – гэта тэст па гісторыі еўрапейскай інтеграцыі.
Вось некалькі пытанняў тэста з правільнымі адказамі:
1. Стварэнне якой арганізацыі стала першым крокам да з’яўлення Еўрапейскага Саюза:
А) Савета Еўропы
Б) Еўрапейскай супольнасці вугля і сталі
В) Еўрапейскай супольнасці
Г) Еўрапейскай эканамічнай садружнасці
2. Дамова аб Еўрапейскім Саюзе вядома як:
А) Брусэльскі пакт
Б) Рымская дамова
В) Маастрыхтская дамова
Г) Ніцкая дамова
3. Музыкай да гімна ЕС стаў твор вядомага на ўвесь свет кампазітара:
А) Баха
Б) Бетховена
В) Моцарта
Г) Шапэна
4. Самае буйное пашырэнне ЕС адбылося ў:
А) 1995
Б) 2007
В) 1975
Г) 2004
Падрыхтаваныя каманды добра справіліся з тэставым заданнем, але не ўсё так проста атрымалася з наступным - «Пазнай краіну». З дапамогай сказаў-падказак, размеркаваных па ступені складанасці, трэба было пазнаць адну з краін ЕС. Найвялікшую колькасць балаў атрымлівала каманда, якая пазнала «сваю» краіну з выкарыстаннем меншай колькасці падказак. Вось некалькі заданняў гэтага конкурсу.
Данія
1. Плошчу тэрыторыі гэтай краіны цяжка падлічыць з-за прыліваў.
2. Гэтая краіна мае толькі адну сухапутную мяжу даўжынёй усяго 68 км, усе астатнія межы – марскія.
3. Гэтай дзяржаве належаць Зеландыя і Фарэрскія выспы.
4. Жыхаром гэтай краіны быў вялікі казачнік, які падараваў свету «Снежную каралеву» і «Брыдкае качаня».
5. У сталіцы гэтай краіны ў гавані на камяні сядзіць задуменная бронзавая русалачка з вядомай казкі Андэрсана.
Славенія
1. Адной сак славутасцяў сталіцы гэтай краіны з’яўляецца арыгінальны Трайны мост.
2. Марское ўзбярэжжа у гэтай краіне вельмі вузкае: усяго 47 км.
3. Гэтая краіна стала першай сярод краін, якія далучыліся да ЕС у 2004 годзе, што запусціла у абарот адзіную еўрапейскую валюту.
4. Гэтая краіна мяжуе з Італіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй і Харватыяй.
5. Сталіца дзяржавы – Любляна.
Іспанія
1. Дзяржава, якая на карфагенскай мове называлася «краіна трусаў».
2. Гэтую краіну лічаць сусветным «садам і гародам».
3. У горадзе гэтай краіны знаходзіцца самая маленькая царква ў свеце Санта-Ісабэль-дэ-Унгрыя-ін-Каламарас.
4. Архітэктар Антоніа Гаўдзі – гонар гэтай краіны. Яго спадчына складаецца не толькі з дзівосных па прыгажосці будынкаў. Ён ствараў ліхтары, лесвіцы і іншыя элементы дэкору. Апісаць словамі яго тварэнні немагчыма, іх трэба абавязкова ўбачыць на свае вачы.
5. Радзіма Дон-Кіхота.
У трэцім конкурсе каманды дэманстравалі хатнюю падрыхтоўку – разважалі на тэму: «Ці ёсць будучыня ў Еўрапейскага Саюза?»
Крытэрыі ацэнкі:
- Абгрунтаванасць тэзісаў (калі так, то чаму, калі не, то чаму);
- Лагічнасць і паслядоўнасць выкладання;
- Змястоўнасць, напоўненасць фактамі і прыкладамі;
- Арыгінальнасць дэманстрацыі;
- Рэгламент – 5 хвілін на выступ-разважанне.
Агульнае: амаль усе каманды імкнуліся агучыць найбольш як плюсаў, так і мінусаў еўраінтэграцыі ды ўкласціся ў адведзены час. Усё ж адчуваецца: на тое, каб навучыць разважаць, абгрунтаваць сваю думку, у сённяшняй нашай школе акцэнт не робіцца. На гэта проста не хапае часу: імкнемся «ахапіць неабдымнае», кантралюем гатовыя веды тэстамі, гонімся за адзнакамі – а не ствараем ўмовы для фармавання кампетэнцый.
Адметнае: некаторыя каманды вылучыліся нестандартнымі падыходамі, напрыклад, жодзінская школа зладзіла сапраўдную імпрэзу. Кожны ўдзельнік каманды ад імя аднаго з жыхароў нейкай краіны, якія нібыта апынукліся на востраве ў акіяне крызісу, прапаноўваў сваё выйсце.
Пасля перапынку, падчас якога адпачывалі і вырашалі пытанні накшталт «Кава ці гарбата?», пачаўся брэйн-рынг «Еўрааб’яднанні ў мінулым». Вядучы задаваў пытанні розных узроўняў складанасці, каб абвастрыць ці, наадварот, крыху сцішыць спаборніцтва-канкурэнцыю. Час паразважаць – хвіліна (калі ніхто не адказвае правільна – пытанне здымаецца). Першая каманда, якая давала правільны адказ, зарабляла сабе бал. Каманды змагаліся заўзята, бо правяраліся не толькі веды, але і магчымасці іх здабыцця і прымянення ў нестандартных ўмовах.
Прыклад конкурсных пытанняў брэйн-рынга
Узровень пытання: Просты
Пытанне: Першая ў Еўропе Канстытуцыя была прынята (краіна і год)
Адказ: Рэч Паспалітая, 3 мая 1791 г.
Каментарый вядучага: А першая ў свеце Канстытуцыя – у ЗША (1787 г.)
Узровень пытання: Сярэдні
Пытанне: Пасля Другой сусветнай вайны гэты палітычны дзеяч не толькі абвясціў пачатак халоднай вайны, але і заклікаў да стварэння Злучаных штатаў Еўропы. Гэты быў…
Адказ: Уінстан Чэрчыль
Каментарый вядучага: Прэм’ер-міністр заклікаў да аб’яднання былых ворагаў, бо бачыў небяспеку пашырэння камунізму.
Узровень пытання: Сярэдні
Пытанне: Гэта краіна з’яўляецца адной з заснавальніц НАТА ў 1949 г. У 1966 г. яна «напалову» выйшла, а ў 2009 г. вярнулася ў НАТА. Што за краіна?
Адказ: Францыя.
Каментарый вядучага: У 1966 г. прэзідэнт Шарль де Голь заявіў аб выхадзе Францыі з ваеннай арганізацыі, але краіна засталася ў палітычнай структуры НАТА.
Узровень пытання: Высокі
Пытанне: На манеце наміналам 2 еўра з манетнага двара Германіі на аверсе (нацыянальным баку манеты) ёсць надпіс:«EINIGKEIT UND RECHT UND FREIHEIT» (Еднасць, права і свабода) А што я прачытаю, калі пагляджу на аверс манеты 2 еўра, выдадзенай у Францыі?
Адказ: Liberté Egalité Fraternité
Каментарый вядучага: Свабода. Роўнасць. Братэрства.
Апошнім быў конкурс – сюрпрыз на агульную эрудыцыю «Музычная медыя-азбука». Музыка – гэта тое, што нас усіх аб’ядноўвае, што дазваляе зразумець адно аднаго без словаў Як для камандаў, так і для кіраўнікоў гэтае спаборніцтва стала поўнай нечаканасцю. Як жа ўсё адбывалася?
На экране з’яўляецца літара і нейкая выява (фота артыста, ці альбома музычнага гурта і інш.), гучыць музыка. Па завяршэнні музычнага ўрыўка ўдзельнікі ўпісваюць правільны адказ, які пачынаецца на гэтую самую літару ў табліцу,якую раздалі памочнікі. Было прыемна назіраць за ўдзельнікамі: бачна было, што сюрпрыз спадабаўся. Прыклад пытанняў медыяазбукі.
Літара: П
Фармулёўка пытання: Назва музычнага твора слыннага беларускага кампазітара, які мае яшчэ і іншую назву – «Развітанне з Радзімай».
Адказ і каментарый вядучага: «Паланез» Агінскага
Літара: Р
Фармулёўка пытання: Знакамітае ірландскае танцавальнае шоў мае назву.
Адказ і каментарый вядучага: «Рыверданс»
Літара: Т
Фармулёўка пытання: Вядомая прыма опернай сцэны Марыя Гулегіна, якая пачынала свой творчы шлях на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, выконвае арыю з гэтай оперы Джузэпе Вердзі.
Адказ і каментарый вядучага: «Травіята»
Пасля заканчэння апошняга конкурсу падводзяцца агульныя вынікі, якія выводзяцца на экран, абвяшчаецца каманда-пераможца і адбываецца ўзнагароджванне.
У фінал ІХ Нацыянальнага конкурсу школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?» выйшлі каманды з Маладзечна, Брэста і Магілёва. Усе астатнія каманды могуць адпачываць, а фіналісты сустрэнуцца праз месяц на выніковым конкурсе года. Мы віншуем усіх пераможцаў і ўдзельнікаў і кажам: «Да сустрэчы ў фінале». Чакайце навін.
Паўфінал конкурсу «Што я ведаю пра Еўропу?» (Фота, адказы на пытанні)
18.05.2012