Чаму сыходзяць педагогі, або Колькі словаў пра матывацыю

29.07.2013

Вадзім Жылко



Тэрмінам «матывацыя» нікога цяпер не здзівіш. Абяцаннямі патлумачыць, як павысіць яе і ўвогуле як навучыцца правільна скарыстоўваць гэты «цудадзейны сродак» дасягнення поспеху, стракацяць інтэрнет і сродкі масавай інфармацыі: трэнінгі, практыкумы, онлайн-семінары…



Даказваць, што ў педагагічнай працы абысціся без матывацыі (маю на ўвазе ў дадзеным выпадку не вучня, а самога настаўніка) немагчыма, не выпадае. На словах усе з гэтым згодныя – пачынаючы ад саміх настаўнікаў і заканчваючы адміністрацыяй навучальных устаноў. Чаму ж на практыцы нярэдка бачым мы згаслыя вочы педагогаў? Куды знікае з цягам часу іх імпэт, «душы высокародныя памкненні»? Ці дапаможа нам адказаць на гэтае пытанне модны тэрмін «прафесійнае выгаранне»?



Знаёмая настаўніца летась развіталася са сваёй навучальнай установай пасля амаль двух дзесяцігоддзяў працы ў ёй. Сышла не ў рэпетытарства, а досыць кардынальна памяняла сферу дзейнасці, абраўшы працу ў адной са шматлікіх кампаній, што займаюцца продажам тавараў (у дадзеным выпадку – сродкаў для здаровага ладу жыцця). Чаму добры прафесіянал-гуманітарый, чые вучні адзначаліся нават на міжнародных конкурсах, раптам вырашыла памяняць «профіль»? Вядома, кожны чалавек робіць выбар, зыходзячы з тых ці іншых асабістых поглядаў ды меркаванняў, хай сабе гэтыя погляды і фарміруюцца пад уплывам розных фактараў: эканамічных, сацыяльных, псіхалагічных… У нашым канкрэтным выпадку на рашэнне паўплывала менавіта імкненне да большай матываванасці сваёй дзейнасці, да асабістага росту (у тым ліку і ў матэрыяльным плане).



Знаёмая, наколькі ведаю, на змену прафесіі не скардзіцца і адчувае сябе ў новай якасці досыць упэўнена. Да яе прыкладу мы яшчэ вернемся, а пакуль нагадаем, што ўвогуле гавораць спецыялісты аб матывацыі ў працы педагога.



Як вядома, пад матывацыяй у шырокім сэнсе слова разумеюць падахвочванне да дзеяння сукупнасцю розных матываў. Матывацыя можа быць унутранай і знешняй. І калі ўнутраная матывацыя з’яўляецца самакаштоўнай, самадастатковай для чалавека, яна не звязана са знешнім прызнаннем і поспехам, так бы мовіць, «аўтаматычна», то матывацыя знешняя якраз прадугледжвае, што чалавек імкнецца заняць пэўнае месца ў соцыуме. І тут ўжо фактар прызнання яго працы іграе ці не галоўную ролю. Сярод асноўных унутраных матываў да дзейнасці псіхолагі называюць мары, самарэалізацыю, творчасць, цікаўнасць, адчуванне сваёй запатрабаванасці, асабісты рост. Знешнія матывы таксама збольшага вядомы кожнаму: грошы, кар’ера, прызнанне заслуг, пэўны сацыяльны статус і гэтак далей.



Расійскі спецыяліст у дадзенай галіне А.Байметаў, вывучаючы матывы педагагічнай дзейнасці, аб’яднаў іх у тры групы: матывы абавязку; матывы зацікаўленасці і захопленасці выкладаемым прадметам; матывы захопленасці зносінамі з дзецьмі, інакш кажучы, «любоў да дзяцей».



Зразумела, праблемы належнай аплаты працы і годнага ўзроўню жыцця педагога ў нашых разважаннях мы ніяк не зможам абмінуць. Але наколькі знешнія фактары, якія звязаны толькі з матэрыяльнымі ўзнагародамі, у стане стымуляваць чалавека? Не сакрэт, што педагогі, арыентаваныя толькі на знешнія паказчыкі, звычайна не надта імкнуцца да павышэння сваёй кваліфікацыі як да пастаяннага працэсу (паездкі на курсы – гэта справа трохі іншая). Як сцвярджаюць даследчыкі, такія настаўнікі выкарыстоўваюць і ўжываюць нешта новае ў сваёй досыць эпізадычна – напрыклад, перад адкрытымі ўрокамі…



У жыцці, вядома, так ці інакш матэрыяльныя стымулы найчасцей спалучаюцца з матывам прэстыжу. Тут гаворка ідзе пра самасцвярджэнне праз знешнюю станоўчую ацэнку сваёй дзейнасці. Прычым сфарміраванасць пазнавальнай дзейнасці вучняў, узровень засваення ведаў не стаяць для такога педагога на першым месцы, ён абірае найперш дасягненне асабістага поспеху. Таму нярэдка ўжывае толькі тыя сродкі, якія абяцаюць хуткую і эфектыўную аддачу, без працяглай і настойлівай дапрацоўкі.



У ідэале найбольш каштоўным і якасным матывам да дзейнасці педагога павінна быць ягонае памкненне да самарэалізацыі, самаразвіцця. Працытую цікавае назіранне: «Урок для такога педагога – гэта падстава для рэалізацыі сябе як асобы і прафесіянала. Кожны раз ажыццяўляецца выбар лепшага варыянту метаду, які заўсёды рэалізуецца з улікам інтарэсаў дзяцей. Такім чынам, патрэба ў самаўдасканаленні з’яўляецца асноўным матывам і стрыжневай якасцю настаўніка-інаватара».



Тое, што ў педагога павінны спалучацца як знешнія, так і ўнутраныя матывы да дзейнасці, відавочна. Добра, калі гэтыя фактары знаходзяцца ў гармоніі, раўнавазе. Але на практыцы вельмі часта дасягнуць такой раўнавагі немагчыма па шэрагу аб’ектыўных прычын (хоць бы адносінаў з боку адміністрацыі і інш.). Таму, на думку спецыялістаў, найбольш аптымальнае такое спалучэнне фактараў матывацыі, калі пераважаюць ўнутраныя матывы, а знешнія адмоўныя матывы зведзены да мінімуму (!). Інакш кажучы, калі педагогу хаця б не перашкаджаюць займацца ягонай справай.



Кожная навучальная ўстанова, кожны калектыў, вядома ж, мае свае асаблівасці, свой мікраклімат. Вось некаторыя з выказванняў педагогаў на тэму матываванасці:



- У нас у школе адміністрацыя ніяк не матывуе настаўнікаў. У асноўным імі рухае матэрыяльны фактар. Асабіста мяне ратуе ўдзел у розных конкурсах як самой, так і з дзецьмі. Калі бачыш вопыт іншых настаўнікаў, тады таксама хочацца паспрабаваць яшчэ раз.



– Калега выйграла конкурс, а яе дырэктар на нарадзе абвінаваціў, што яна ўдзельнічае ў конкурсах без яго згоды... Хаця лаяць за перамогу – значыць дэманстраваць сваю бездапаможнасць як кіраўніка.



– Матывацыя для многіх – дасягнуць поспеху ў справе. Удзельнічаю я асабіста або з вучнямі, але патрэбен поспех як доказ таго, што ты робіш усё правільна. На жаль, не заўсёды гэты факт мае месца.




А завяршыць развагі на тэму матывацыі хочацца словамі згаданай мною калегі, якая пайшла са школы: «У многіх кампаніях праводзяць цэлыя трэнінгі з мэтай матывацыі супрацоўнікаў. На такіх трэнінгах мне давялося бываць не аднойчы, яшчэ калі працавала ў школе. Мяне ўразіла, што там сапраўды матывуюць на поспех, на дасягненне мэты. Пасля такога трэнінгу хочацца горы звярнуць».



Свае шляхі кожны абірае ў рэшце рэшт сам. Толькі рашэнні мы прымаем не ў нейкім вакууме, а пад уплывам жыццёвых абставін… Чаму сыходзяць педагогі са сферы адукацыі? І ці не хворая шмат у чым гэтая сістэма? Пытанне, бадай што, рытарычнае…