Адукацыйнае аб’яднанне Еўропы

12.12.2009

Адукацыйнае аб’яднанне Еўропы

Наталля Арцёменка
Паводле
pdf-часопісу “Новая Эўропа”

Адмова ад удзелу ў Балонскім працэсе прыводзіць Беларусь да адукацыйнай і прафесійнай самаізаляцыі.
46 дзяржаў падпісалі Балонскую дэкларацыю для стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. У межах праекта яны дапасоўваюць свае структуры, выпрацоўваюць прынцыпы ўзаемнага прызнання кваліфікацый, каб павысіць якасць адукацыі і павялічыць мабільнасць студэнтаў ды выпускнікоў. У адрозненне ад усіх мяжуючых з ёй краін Беларусь дагэтуль ігнаруе гэтую ініцыятыву.

Працэс адукацыйнай еўраінтэграцыі распачаўся ў 1999 годзе з прыняцця Балонскай дэкларацыі. Тады яе падпісалі міністры, адказныя за вышэйшую адукацыю, з 29 краін, а за чарговыя 10 гадоў да Балонскага працэсу далучыліся яшчэ 17 дзяржаў. Прычым сярод іх не толькі тыя, якія цяпер уваходзяць у Еўрапейскі Саюз, але і, напрыклад, Арменія, Азербайджан, Грузія, Расія або Украіна.

У працы ў межах Балонскага працэсу ўдзельнічаюць не толькі міністры, эксперты і міжнародныя арганізацыі, але і самі універсітэты, студэнцкія і дактаранцкія звязы. У агульнанацыянальным маштабе асноўная роля належыць менавіта ўрадавым структурам. Бо да рэформаў найперш мае быць дастасаванае заканадаўства краіны, трэба знайсці эфектыўныя механізмы заахвочвання акадэмічнай супольнасці да актыўнага ўвядзення зменаў і г. д. Пасля таго як большасць такіх пытанняў вырашыцца, асноўная адказнасць ляжыць ужо на саміх універсітэтах, якія і напаўняюць рэформы рэальнай дзейнасцю.

Сёння Балонскі працэс ахоплівае даволі шырокі спектр адукацыйных пытанняў. Засяродзімся на трох асноўных яго прыярытэтах: увядзенні трохузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі, прызнанні кваліфікацый ды перыядаў адукацыі, а таксама гарантыі якасці.

Трохузроўневая сістэма

Балонская трохузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі складаецца з бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры. Першы ўзровень — бакалаўрыят — у еўрапейскіх краінах доўжыцца 3–4 гады і дае магчымасць працаўладкавання. Аднак каб мець больш выгодную працу, шмат хто вырашае паглыбіць веды цягам аднаго ці двух гадоў навучання на другім узроўні — у магістратуры. А для найбольш адданых навуцы існуе найвышэйшы, трэці ўзровень — дактарантура, што ў Беларусі адпавядае ўзроўню аспірантуры.

Пра тое, што такая сістэма ўзроўняў значыць для канкрэтнага студэнта, распавядае Сяргей Ліневіч,беларускі студэнт трэцяга курсу Універсітэта імя Лазарскага ў Польшчы: «Пра плюсы такой сістэмы шмат кажуць, але калі я паступаў, я пра яе не думаў, бо інфармацыі на беларускай і рускай мовах было няшмат. Ужо цяпер, прыехаўшы ў Польшчу, я магу сказаць, што такая сістэма дазваляе значна лепш вызначыцца з будучай прафесіяй. Калі па заканчэнні школы не ведаеш на сто адсоткаў, чым дакладна хочаш займацца, для адукацыі на ўзроўні бакалаўра можаш абраць даволі агульную галіну. І пасля — найлепш папрацаваўшы нейкі час і атрымаўшы досвед — можаш больш свядома зрабіць выбар глыбокай спецыялізацыі, якую будзеш засвойваць на ўзроўні магістра, прычым не абавязкова там, дзе атрымаў дыплом бакалаўра. Гэта даволі проста зрабіць, вядома, калі твой дыплом бакалаўра прызнае ВНУ, дзе плануеш вучыцца ў магістратуры. Дзякуючы таму, што я вучуся на акрэдытаванай праграме і атрымаю два дыпломы — не толькі польскі, але і брытанскі, — ужо цяпер я планую працягваць адукацыю на ўзроўні магістра ў Брытаніі ці ЗША».

Сістэма пераліку пунктаў (узаемазаліку крэдытаў) 

Каб адзіная прастора еўрапейскай вышэйшай адукацыі магла функцыянаваць, трэба было вынайсці нешта такое, каб студэнты не былі раз і назаўжды прывязаныя да сваіх універсітэтаў. Так з’явiлася сістэма ўзаемазаліку крэдытаў ці, як яшчэ яе называюць, пераліку пунктаў. З яе дапамогай спрабуюць уніфікаваць перыяды навучання ў Еўропе.

Ідэя палягае на тым, каб акрэсліць аб'ём часу, патрэбны сярэдняму студэнту на атрыманне пэўных ведаў, навыкаў, на тое, каб навучыцца працаваць самастойна або ў камандзе.

Прыкладна 25–35 гадзін такой працы (а лічацца і гадзіны ў аўдыторыі, і самастойная праца) — гэта адзін пункт акрэсленай сістэмы. Кожны універсітэт мае прапанаваць такую праграму, каб студэнт на працягу года мог атрымаць акурат 60 пунктаў (адпаведна 30 за семестр). Студэнцкія абмены і мабільнасць студэнтаў пры гэтым робяцца значна прасцейшымі.

Як сістэма дзейнічае ў практыцы, распавяла Марта Кулеша, студэнтка 2-га курсу магістратуры Варшаўскага універсітэту: «Калі я была студэнткай трэцяга курсу бакалаўрыяту, дык скарысталася шанцам правучыцца семестр ва Універсітэце Любляны ў Славеніі. Такую магчымасць дае студэнтам з Еўрапейскага Саюзу праграма студэнцкіх абменаў «Эразмус». Я атры мала грант на жытло, ежу і транспарт. Ва універсітэце, які мяне прымаў, я мусіла абраць прадметы, што максімальна супадалі б з тымі, якія вывучалі мае аднагрупнікі ў родным ВНУ ў той час, калі я навучалася ў Славеніі. Калі я вярнулася ў свой універсітэт, мне проста залічылі славенскія прадметы, адзнакі і пункты. Толькі адзін прадмет давялося здаць дадаткова, бо яго не было ў Любляне, а ў маёй ВНУ ён быў абавязковы. Дзякуючы таму, што ўсе прадметы маюць пункты еўрапейскай сістэмы пераліку, я семестр правучылася ў іншай краіне, але гэтая адукацы была без дадатковых праблемаў залічаная як адукацыя ў межах праграмы майго універсітэту».

Прызнанне кваліфікацый

Для таго, каб можна было вымяраць узровень кваліфікацыі, які дае адукацыя ў той ці іншай навучальнай установе, акурат цяпер ідзе працэс падрыхтоўкі так званых рамак кваліфікацый. Яны акрэсліваюць неабходныя веды ды навыкі, якія павінны мець выпускнікі пасля розных этапаў навучання, а таксама тое, якім чынам гэтыя этапы ўзаемазвязаныя. Пры гэтым на агульнаеўрапейскім узроўні выпрацаваныя толькі вельмі агульныя крытэры для кожнага з этапаў. Гэта дазволіць не толькі гарантаваць тое, што ўладальнік пэўнага дыплому мае вызначаную мінімальную кваліфікацыю, але таксама спросціць сістэму прызнання адукацыі па-за межамі краіны, дзе яна была атрыманая.

Пра тое, як пашыраецца працэс стварэння рамак кваліфікацый, кажа Джэнс Б’ёрнавольд, аналітык Еўрапейскага цэнтру развіцця прафесійнай адука- цыі, Грэцыя: «Да працэсу стварэння нацыянальных рамак кваліфікацый актыўна далучаюцца не толькі краіны, якія ўдзельнічаюць у Балонскім працэсе, але і краі- ны-суседзі Еўрапейскага Саюзу. Цяпер у гэтым працэсе ўдзельнічаюць больш як 70 дзяржаў. Стварэнне такіх сістэм вельмі важная з’ява для краін, якія маюць вялікую міграцыю ў ЕС. Для жыхароў вельмі істотна мець магчымасць параўноўваць атрыманую на радзіме кваліфікацыю ды яе ўзровень з тым, што існуе ў Еўрасаюзе.

Беларусь — гэта, напэўна, адзіная краіна з усіх суседзяў ЕС, якая не ўдзельнічае ў Балонскім працэсе і іншых еўрапейскіх адукацыйных ініцыятывах. Пры гэтым прычыны тут палітычныя. І я лічу, што гэта негатыўная з’ява. Бо для студэнтаў і праца- даўцаў вельмі зручна мець супольнае разуменне кваліфікацый, каб яны маглі іх параўнаць, каб маглі перамяшчацца паміж краінамі, паміж універсітэтамі, паміж арганізацыямі. Мэта Балонскага працэсу — стварэнне мабільнасці, празрыстасці кваліфікацый. Я маю надзею, што і Беларусь далучыцца да гэтай працы. Балонскі працэс рухаецца вельмі хутка, таму, спадзяюся, што на працягу некалькіх гадоў пытанне вырашыцца».

З кароткага знаёмства з асноўнымі прыярытэтамі Балонскага працэсу становіцца зразумела, што няўдзел у ім — гэта фактычна сыход нашай краіны ў адукацыйную і прафесійную самаізаляцыю, што не толькі значна ўскладняе мабільнасць беларускіх студэнтаў і выпускнікоў ВНУ і не спрыяе мабільнасці кадраў, але і не заахвочвае універсітэты Беларусі да ўдзелу ў еўрапейскіх даследаваннях і дыскусіях, якія датычаць паляпшэння якасці вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі студэнтаў да працы ў сучасным ўсё больш глабалізаваным свеце. А такая ізаляцыя прыводзіць да таго, што краіна пачынае ўсё больш адставаць ад Еўропы ў вялікай колькасці іншых сфер.