Як прайшоў наш Дзень роднай мовы

24.02.2012

Яшчэ тыдзень таму я і не ведала, як і навошта ўвогуле адзначаць гэты дзень. Я і так выкладаю свой прадмет на беларускай мове і карыстаюся актыўна ёй у паўсядзённым жыцці... Ну, перад заняткам расказала б навучэнцам, што ёсць такі Дзень – міжнародны, дарэчы! Што гэта вельмі важна для кожнага чалавека паасобку і для ўсёй нашай нацыі цалкам – не забывацца на мову і карані свае...

Ідэю прапанавала Ганна Каліноўская – навучэнка каледжа, зорачка каледжа і мега-мозг.

Прапанавала нечакана, мы дагэтуль і незнаёмыя нават былі. Дзякуй нашаму метадысту – Чарнышовай Вользе Сяргееўне, якая нас пазнаёміла («дзяўчаты, я адчуваю, што гэта знаёмства – гістарычная падзея» – яе словы. )))

А ідэя заключалася ў тым, каб зрабіць гэты Дзень сапраўдным днём, то бок, з ранку і да вечара прысвяціць яго мове. Шчыра скажу, што планавалі на паперы разы ў тры болей розных мерапрыемстваў, але часу бракавала катастрафічна, і вось які план у нас склаўся:


З раніцы мы з Ганнай сустракалі навучэнцаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў каледжа словамі вітання, запрашэннем наведаць нашыя мерапрыемствы (план мерапрыемтваў быў на асобных картках, што ўрачыста ўручаліся ўсім) і такімі ўлёткамі:



А напярэдадні мы, вядома, развесілі афішы, а яшчэ... пашукалі, раздрукавалі і развесілі па сценах усёй нашай навучальнай установы такія «заахвочвальныя» ўлёткі:



Акрамя гэтага смешнага слова (напісана: «шчэлепы») былі яшчэ: дбожыць, шлафрок, тлум, зух, крэсіва, тэчка, цытрына, фрызура, тынкоўка, вакацыі, замова, сурокі, каштарыс, рэшта...

Як вы бачыце, спецыяльна без адказаў: а каб была магчымасць самастойна падумаць ці няхай сабе і пашукаць (самастойна здабытае больш запамінаецца). Хто ведаў ці даведаўся цягам дня альбо напрыканцы (ў 17.00), мог атрымаць цукерку.

Таксама цукерку (і нават у асобных выпадках – цэлую жменю) маглі атрымаць тыя, хто ведаў і выразна расказваў беларускія вершы.

Дзякуй Валянціне Пятроўне Астроўскай, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры – вершаў я пачула ў той дзень нямала! І нават некалькі вершаў УЛАСНАГА САЧЫНЕННЯ! Асабліва ўразіў мяне адзін....(Вой, я, небарака, так расчулілася, што не запыталася нават групу і прозвішча дзяўчыны, думаецца, пачынаючай паэткі - але, паважаная зорачка, ў якой 2-й парай была матэматыка ў аўторак, Вам дакладна трэба друкавацца, бо і слова, і метр, і сэнс, і нават мелодыка Вашага вершу захапляльныя! Не хавайце ад усіх такі скарб – гэта грэх!)

На першым перапынку (пасля першай пары) Ганна, «скалаціўшы» файны музычны гурт, прапанавала «калідорны канцэрцік»:





Файна гралі і спявалі беларускія песні Ганна Каліноўская (3 м/н), Наталля Біжык (3 м\ф), Вераніка Карсюк (2 м\хд), Віталь Барысевіч (3 н/і). Сярод мінакаў – вось сапраўды адбыўся «калідорны» канцэрт – нехта праходзіў, нехта прыходзіў, нехта ківаў галавой і спяшаўся па сваіх справах, нехта слухаў, прытанцоўваў і падпяваў з пачатку і да канца, просячы выканаць адну з песень «на біс». Словы песень Ганна раздрукавала і раздавала ўсім жадаючым, таму падпяваць гурту было лёгка. Канцэрт замест 10 хвілінаў доўжыўся амаль 20, таму на наступнае мерапрыемства крышачку спазніліся.

А наступнай была...

Сустрэча на тэму «Культура і мова». То была невялікая, камерная сустрэча ў 228 аўдыторыі (ах, шчыры дзякуй намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўсеевічу Канстанціну Уладзіміравічу за дапамогу арганізацыйнага кшталту: дзе, куды, што, як, аўдыторыі, тэхніка, запрашэнні). Сустрэча прадугледжавала два расповеды:

1) «Замежныя музыканты і беларуская мова» (то аб праекце «Тузін. Перазагрузка-2»). Рыхтавалася я, выкарыстоўваючы артыкулы інтэрнэт-рэсурсаў «NAVINY.BY (Культура)» і «Будзьма разам».

2) Ганна Каліноўская распавядала пра незвычайныя музычныя факты, звязаныя з беларускімі кампазітарамі, магнатамі, аматарамі музыкі (калі была напісана першая беларуская опера, кім і дзе, якія музычныя інструменты былі ў нашых продкаў ды інш.)





Ну і ў 17.00 мы вырашылі зрабіць такі «Аўдыторнік», каб падвесці вынікі мерапрыемства «Незвычайны слоўнік» і ўвогуле ўсяго дня.

Я чакала ўсіх жадаючых пагуляць з гарбатай, ласункамі, музыкай альбому «Тузін. Перазагрузка-2» і добрым настроем:



Жадаючых было не так шмат, як мы з Ганнай разлічвалі, але затое – хто! IV н/р – вы самыя лепшыя!!!!

Напачатку планавалася наступнае:

1) Узнагароджванне тых, хто пераклаў незвычайныя беларускія словы.

2) Прапанаваныя дзве гульні з мэтай пашырыць слоўнікавы запас і паспрыяць пераадоленню бар’ера ў побытавым карыстанні беларускай мовы. Гэта моладзевыя звычайныя гульні:

2.1. “Кракадзіл”. Адзін удзельнік пры дапамозе мімікі паказвае загаданае папярэднім удзельнікам слова (выраз, назву мастацкага твора), астатнім трэба здагадацца, што ж гэта было за слова (ці выраз). Пытанні дазваляюцца, але вядучы не мае права адказваць уголас – толькі пры дапамозе мімікі і невербальнай мовы).

2.2. “Стыкеры”. На стыкеры адзін удзельнік піша нейкае слова і наклейвае яго на лоб іншага ўдзельніка. І гэтак далей. То бок, усе бачаць і ведаюць, што напісана ў іншых, але не бачаць «свае» надпісы. Потым па крузе кожны можа задаваць пытанні, на якія можна адказаць толькі «Так», ці «Не».

Так і было, толькі да гульні «Стыкеры» так і не дайшлі...Часу не хапіла. ))))) – Не здзіўляйцеся маім «смешкам» – мы гулялі з пяці да васьмі вечара. Гулялі так, што на наступны дзень, 22 лютага, у мяне балеў жывот і шчокі. Гулялі так, што гэта запомніцца мне на ўсё жыццё.

Дарэчы, у нас было дзве каманды (звярніце ўвагу на назвы - «Дбожнікі» і «Шлафрокі» )))), і апісаць заданні, гумар, выкананне – проста немагчыма! Выбачайце, але словы тут не перададуць і дзясятую частку... Гэта проста трэба было бачыць. А яшчэ лепш – прымаць удзел.



А здымкі? Мой фотаапарат далей, нажаль, падвёў... А можа і не, наадварот, стварыў «сакрэцік» з нашага «аўдыторніка» ;)

А дзевятай вечара мы з Ганнай прыбралі аўдыторыю, паздымалі ўлёткі са сценаў каледжа і ўважліва паглядзелі адна на адну.

«ПРАЦЯГ БУДЗЕ!» – чыталася ў нашых вачах.

P.S. З аднаго боку, ноччу мне было крыху сумна: што сёння было? «Рэклама» беларускай мовы? Дакаціліся, забыліся, такія рэчы ўжо рэкламаваць трэба...

Але пад раніцу крыху супакоілася: не, для многіх, хто прымаў удзел у нашых мерапрыемствах пасля 21 лютага, будзе 22 лю-та-га! Я ўпэўненая ў гэтым! Бо як жа інакш? Беларуская мова ж нашая, родная! Ну як жа мы без яе! Ды і хто мы без яе?

P.P.S. Не ведаю, варта гэта пісаць ці не... Ай, пачала ўжо, дык напішу... Вось якое паведамленне атрымала сёння ад Ганны: «Мне ўчора Валянціна Сяргееўна вырашыла паставіць “9” па ідэалогіі, таму што такое стаўленне да мовы і культуры мае прамое дачыненне да грамадзянскай пазіцыі!»

Віталія Глаз, Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў – 22 лю-та-га 2012 г.