Валянціна Быстрык, настаўніца англійскай мовы, кіраўнік клуба «Беларускае кола»
З сённяшняй школай я маю дачыненне праз вучняў, якія восьмы год ужо прыходзяць да мяне «давучвацца», праз іх бацькоў, праз калегаў, якія ўсцяж працуюць у школе. Аб нейкіх афіцыйных зменах даведваюся з прэсы, інтэрнэту (nastaunik.eu, прыкладам).
Тэма школы моцна хвалюе, і не толькі таму, што гэта любімая справа жыцця. Маю глыбокае перакананне, што добра наладжанае выхаванне і адукацыя новых пакаленняў дае грамадству шанец для паспяховага развіцця і росквіту. І, наадварот, краіна без паспяховай нацыянальнай школы не мае будучыні.
Тое, што я назіраю сёння ў нашай школе, — гэта, хутчэй, агонія той пабудовы пад назвай «сістэма народнай адукацыі», якая стваралася апошнія дзясяткі гадоў. У нашым горадзе 7 сярэдніх агульнаадукацыйных установаў. Дзве з іх названы гімназіямі, што праўда, гімназію №2 вырашалі пазбавіць гэтага статусу, зрабіўшы школай спартыўнага профілю. Уражанне краху сістэмы ўзнікае практычна кожны раз пры знаёмстве з новым вучнем, што звяртаецца па дапамогу ў падрыхтоўцы да тэстаў. Не буду прыводзіць «пярліны» неадукаванасці. Яны ўжо не дзівяць, а гнятуць. Некалькі гадоў таму вучань, які прыходзіў па дапамогу за 2 гады да тэставання, меў шанец падцягнуцца да патрэбнага яму бала. Цяпер гэта ў большасці выпадкаў немагчыма з-за амаль нулявой школьнай падрыхтоўкі. Папярэджваеш аб гэтым бацькоў. У адказ: «Ну, ужо, як будзе. Што ж зробіш». На пытанне, чаму бацькі не рэагуюць на тое, што адбываецца на ўроках (той самай англійскай тры гадзіны на тыдзень — не так мала), адказу не бывае. Альбо тлумачаць, што, як зачэпіш настаўніка, то дзіцяці жыцця ў школе не будзе. Прычым, «прэсінгаваць» будуць не толькі настаўнікі, а і дзяцей «спусцяць». Прыкладам, дзяўчынка не ўступіла ў піянеры, то з падказкі настаўніцы (першай, у пачатковай школе!) аднакласнікі цкавалі яе як баптыстку.
Памятаем, зразумела, што бываюць не вельмі здольныя вучні і нейкія асаблівыя сітуацыі; бываюць недзе і цудоўныя школы, але агульны стан навучання ў сярэдніх школах выглядае сумна. І гэта адначасова з нейкім стэрэатыпам аб «моцнай савецкай школе», што многія паўтараюць як мантру ды ёю суцяшаюцца.
Сваіх калегаў з іх вучнямі я ніколі не абмяркоўваю. Але на апошняй сустрэчы «Кола» (чытальніцкага клуба) мы дыскутавалі наконт кнігі Бэл Каўфман «Уверх па лесвіцы, якая вядзе ўніз», і яна выклікала шмат эмоцыяў і разважанняў. Упершыню, прынамсі, я пачула меркаванне, што навучанне ў школе фактычна скончылася ў 9 класе, дзе ўсіх палохалі іспытамі ды да іх і рыхтавалі. Пасля факта іх здачы страх адышоў, а разам з ім адышла павага да многіх настаўнікаў, да школы і да навучання ўвогуле. У выпускных класах амаль ніхто нічога не выкладае. У кожнага настаўніка свая сістэма «трымаць» клас, але гэта мае мала агульнага з радасцю пазнання. У вучняў фізічная стомленасць ад неверагоднай колькасці бессэнсоўнай працы: бясконцыя «праекты», якія(і гэта галоўнае!) павінны быць прыгожа, з выдумкай аформлены; напісанне на кожным уроку тэстаў, якія не каментуюцца і не правяраюцца (а адзнакі ставяцца выдатныя «добрым» дзецям, «добрыя» нармалёвым» і «пяцёркі» — усім астатнім. «А літаратура?» — «Якая літаратура! Грошы на абеды збіраем, ці яшчэ нешта. Бо літаратуру класная вядзе». І галоўнае — у маладых людзей, якія на парозе дарослага жыцця, назіраецца апатыя і маральная спустошанасць. Вельмі мала радасці і светлых чаканняў ад будучага. Нават студэнцкае жыццё не ўяўляецца адназначна прывабным. Стасункі паміж вучнямі і настаўнікамі ў школе пранізвае разбуральны цынізм, стыль адносінаў — грубасць з пераходам да адкрытага хамства з абодвух бакоў. Адзін з інструментаў уздзеяння — прыніжэнне.
У мяне няма прычыны не верыць гэтым разважанням, бо яны выказваюцца непасрэднымі ўдзельнікамі працэсу, які мусіў называцца асветай, а насамрэч з’яўляецца яе імітацыяй. І калі чуеш маладых людзей, якія з такой горыччу распавядаюць пра сваю школу, то не ведаеш, што параіць, і разумееш, што няма такой знешняй сілы, якая магла б прымусіць настаўніка быць настаўнікам. Самыя строгія загады, самыя нечаканыя праверкі будуць безвыніковымі (як гэта і адбываецца), пакуль у настаўніка не ўзнікне ўнутраная патрэба прыняць прафесійны выклік і годна на яго адказаць. Настаўнік мусіць зразумець, што прысутнічае ў жыцці дзіцяці на працягу самага прыгожага і аптымістычнага перыяду яго жыцця. Настаўнік на гэта жыццё моцна ўплывае, ад асобы настаўніка шмат што залежыць ва ўсім далейшым жыцці ўжо дарослага чалавека. І калі табе аказалі давер, дапусціўшы ў свет чаканняў і надзеяў, калі ты ўдзельнічаеш у пабудове гэтага новага жыцця і дапамагаеш марам здзейсніцца — вось тут і маеш шчасце самарэалізацыі і атрымліваеш той самы адрэналін. Толькі ключ у той свет — шчырасць, справядлівасць, павага, карацей — любоў. А тое ў настаўніка, які прыходзіць ў школу, альбо ёсць, альбо няма. Ад праверак яно не прыбудзе.
Зусім нядрэнна было б, каб будучых настаўнікаў яшчэ студэнтамі таксама любілі іх мудрыя выкладчыкі, а затым ужо працуючых спецыялістаў любіла адміністрацыя школы і мясцовыя органы адукацыі. І, наогул, улады павінны любіць настаўнікаў, асабліва добрых. Тады іх было б нашмат болей.
Ашчадны гаспадар (заўсёды хочацца, каб твая дзяржава была менавіта ашчаднай) беражэ сваё дабро і ведае, як ім лепей скарыстацца. Добрая школа для разумнай краіны — не меншая каштоўнасць, чым запасы нафты. Дарэчы, ёсць нават навуковае даследаванне таго, як уплывае добры настаўнік на заробак свайго вучня ў яго дарослым жыцці. У выніку 20-гадовых назіранняў і калькуляцыяў, улічваючы неверагодную колькасць дадзеных,у адной амерыканскай адукацыйнай акрузе (на матэрыяле 2,4 млн вучняў) навукоўцы з Гарварду Радж Чэці і Джон Фрыдман і з Калумбійскага ўніверсітэта Джоўна Рокаф падлічылі, што, падняўшы паспяховасць вучня на 1 бал у адным класе, настаўнік дае яму магчымасць зарабіць больш на 1,3% ужо ў першыя працоўныя гады. Вынікі там, праўда, тычацца не толькі будучых заробкаў. Добры настаўнік уплывае на зніжэнне колькасці падлеткавай цяжарнасці і, як ні дзіўна, павялічвае ўдзел у пенсійных ашчаджэннях. Раскажыце аб гэтым настаўнікам, вучням, бацькам, уладам. Самапавага вырасце, а нехта задумаецца, ды захоча падцягнуцца.
Часта мае калегі ўздыхаюць, успамінаючы часы, калі настаўнік і на вёсцы, і ў горадзе быў асобай безумоўна паважанай, аўтарытэтам. З ім раіліся не толькі наконт лёсу свайго дзіцяці. А ён у тыя часы насамрэч ведаў болей за іншых і для сваёй супольнасці рабіў болей за іншых (у вёсцы будаваўся тэатр,таму што настаўнік загітаваў вясковых мужчынаў на гэту справу, у школе раздавалі насенне нябачаных датуль памідораў ды вучылі агратэхніцы). Школа ў сваім наваколлі была культурным цэнтрам добрага ўзроўню. У настаўніка дома была абавязкова добрая бібліятэка, настаўнік незалежна ад прадмета выкладання быў у курсе літаратурных навінак.Зараз мы ў масе сваёй нашым вучням не цікавыя, альбо цікавыя ў «прыкладным» сэнсе (ці зможам талкова падрыхтаваць да тэстаў). На сваё культурнае развіццё у нас «няма часу». Такім чынам, мы моўчкі саступілі, напрыклад, інтэрнэту. Хаця маглі б і выкарыстоўваць яго ў барацьбе за душы нашых выхаванцаў. А «выхаваўчыя мерапрыемствы» ў большасці выпадкаў выклікаюць зваротны эфект з-за бяздушнасці і фармальнасці таго, што робіцца. Не хочацца настаўніку сёння ні паспяваць, ні паскакаць разам з моладздзю, ні падзяліцца тым, што набалела, што сам нядаўна зразумеў.
Саступаем, дарэчы, не толькі інтэрнэту. У Навагрудку ўжо другі год царква ладзіць для моладзі балі. З уборамі, з этыкетам, з вялікім спісам танцаў, якія прысутныя спрытна выконваюць. Няма адбою ад жадаючых паўдзельнічаць. Бо ўсе адчуваюць: нешта сапраўднае, не для «галачкі». І прыгожа, і музыка,і весела, і прыстойна. Робяць адно свята на год (нават няёмка называць мерапрыемствам), нікуды не спяшаюцца, з радасцю рыхтуюцца. Пакуль вучацца танчыць, колькі ўсе праводзяць прыемных хвілінаў! Настаўнікі не лаюцца і не нярвуюцца. Выхаваўчы эфект дасягаецца незаўважна. Імідж царквы, бясспрэчна, умацоўваецца. Чаму школа не ўмее так выхоўваць? Ці не хоча? Ці сёння царква для школы выратавальная ўстанова, на якую можна перакласці сваю працу? Але, мяркую, у царквы і школы задачы трохі розныя.
Школа ўсё ж павінна рыхтаваць грамадзяніна, які будзе наладжваць жыццё ў краіне згодна са здаровым сэнсам. Для гэтага ён мусіць ведаць, як функцыянуе дзяржава, які стыль кіраўніцтва патрабуе ад падаткаплатнікаў меншых затратаў. Яго трэба мусова вучыць тым сацыяльным, палітычным і юрыдычным прынцыпам стасункаў паміж людзьмі ў грамадстве, якімі актыўна карысталіся нашы продкі. Трэба, каб моладзь ведала, чаму «алігарх» Я.Сапега хацеў, каб Статут Вялікага княства Літоўскага быў даступны як мага большаму колу жыхароў. Усё гэта як быццам выкладаецца ў курсе грамадазнаўства, у рэальнасці ж сфера сацыяльна- палітычная для моладзі — сапраўдная terra incognita. Найлепшыя вучні (прынамсі тыя, што збіраюцца здаваць тэст па прадмеце), шчыра здзіўляюцца, калі размова заходзіць (строга згодна з праграмай!) аб неабходнасці падзелу ўладаў для добрага функцыянавання дзяржавы, аб Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека, аб праве любога грамадзяніна на мірны пратэст. Мне здаецца, гэта група кампетэнцыяў першая на чарзе для выхавацеляў.
Не стае, на маю думку, і кампетэнцыяў у сферы міжасабовай камунікацыі. Маладыя людзі не ўмеюць растлумачыць свае перажыванні, падзяліцца думкамі, жаданнямі. З аднаго боку адкрытасць і шчырасць стрымліваецца тым, што не сфарміраваны так званыя свецкія манеры, пачуццё такту, густу. З другога боку, на форму праявы эмоцыяў моцна ўплываюць узоры паводзінаў, якія навязваюцца з экранаў «зорамі тусовак». Нехарактэрная для нашых людзей экзальтацыя з віскатам і скокамі шырока пераймаецца, заахвочваецца і стала ўжо сінонімам разняволенасці і свабоды.
Важна ўзброіцца і кампетэнцыямі, якія тычацца жыцця ў культурнным асяроддзі. Адрозніць прыгожае ад гламурнага і мастацкае ад кічу, дабрачыннае шоў ад шчырай дапамогі. Даць належную ацэнку канвеерам «зорак», конкурсам прыгажосці, тусоўкам кшталту «Бойкі тытанаў». Выхаванне творчых здольнасцяў і добрага мастацкага густу — працэс доўгі. Найлепшым чынам гэтаму дапамагае ўдзел у стварэнні прыгожага: тэатральныя пастаноўкі, народныя святкаванні, добра падрыхтаваныя канцэрты з прадуманым рэпертуарам для жыхароў свайго горада ці вёскі, літаратурная творчасць. Калісьці гэта было неад’емнай часткай жыцця кожнай школы. Ставіліся да гэтай працы сур’ёзна, запрашаючы прафесіяналаў для работы з дзецьмі. Я памятаю нават балетныя нумары на канцэртах у школе, дзе вучылася. Сёння такая праца сышла ў забыццё, замяніўшыся на прымітыўную імітацыю творчасці з сумнеўным рэпертуарам, то бок на капіяванне таго, што навязваецца праз тэлебачанне. Нейкая частка моладзі далучаецца да музычнай ці выяўленчай культуры ў мастацкіх студыях альбо ў музычных школах. На жаль, у іх праграмах вельмі слаба адлюстроўваецца нацыянальны змест ды жыве гэта ўсё пераважна ў сценах тых установаў.
Хочацца напрыканцы вярнуцца яшчэ раз да кнігі Бел Каўфман. Школа, куды яе гераіня прыехала на працу (школа для ніжэйшых сацыяльных слаёў), сустрэла яе морам цыркуляраў з патрабаваннем рэагаваць неадкладна, паламанай мэбляй, шалёнай нагрузкай. Добрая палова вучняў — з асацыяльнымі паводзінамі. З нашай сённяшняй сітуацыяй не параўнаеш. У нас — рай. А рэакцыя маладой настаўніцы была вельмі простай. Яна сказала сабе: «Гэта ўсё перашкаджае мне выконваць тое, што я хачу і мушу рабіць — вучыць дзяцей». І яна стала іх вучыць. Большасць з нас так пытанне нават не ставіць. Выконваем усё, акрамя галоўнай задачы. Пішам, запаўняем, лічым, збіраем грошы, а дзеці губляюцца за даляглядам, да іх рукі так і не даходзяць. Дарэчы, пісьменніца працягвае вучыць моладзь яшчэ і сёння, маючы 103 гады. Пры светлым розуме, адкрытым сэрцы яна ў свае гады застаецца гэтай моладзі цікавай. Чаго, як кажуць, і нам усім хочацца пажадаць.
І яшчэ адна добрая навіна.У канцы нашага абмеркавання гісторыі Сільвіі Барэт усе адказвалі на пытанне, ці вераць яны, што маладая настаўніца магла зрабіць свой выбар на карысць гэтай складанай школы з «Асабліва Адоранымі» вучнямі, а не паехала выкладаць у прыстойны каледж з лепшым заробкам. Дык вось, наша моладь верыць у рэальнасць чыстых і высокіх памкненняў. Прычым, прыводзячы важкія аргументы. Прызнаюся: думала, іх адказы будуць прыземлена-прагматычнымі. І дарослыя вераць, што жывая душа — гэта вялікая каштоўнасць. Атрымліваецца, што жыццё ў сваіх лепшых праявах няспынна нараджаецца наноў. Магчыма, школа з усімі намі разам адрэагуе і «падцягнецца» таксама.
Р.S. Вельмі раю прачытаць і абмеркаваць з выхаванцамі згаданую кнігу. А пасля: Стругацкія: «Хлопец з апраметнай», «Спроба ўцёкаў», «Горад сказаны»; С.Пясецкі: «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», «Чалавек, ператвораны на ваўка», «Да гонару арганізацыі», «Запіскі камандзіра Чырвонай арміі»; О.Хакслі «О, цудоўны новы свет». І, зразумела, шмат усяго іншага з чароўнага свету літаратуры.