Беларуская сярэдняя адукацыя на фоне міжнародных стандартаў

Ягор Сурскі, магістр гісторыі

Індыкатарам адпаведнасці беларускіх адукацыйных стандартаў міжнародным з’яўляецца ступень інтэграванасці ва ўсясветны адукацыйны працэс. У рэчышчы тэндэнцыяў глабалізацыі пасля Другой усясветнай вайны ў розных краінах свету адукацыйныя праграмы распрацоўвалі і ўжывалі паводле агульных стандартаў і ўзораў. Найбольш дасягнула ў гэтай галіне міжнародная адукацыйная арганізацыя International Baccalaureate Organization (IBO). Сфера яе інтарэсаў – узровень атэстатаў, яна распрацоўвае адукацыйныя праграмы, што ўжываюцца ў навучальных установах узроўню сярэдняй адукацыі ў розных краінах свету. Паводле вынікаў двухгадовага навучання перадуніверсітэцкага ўзроўню праводзіцца адпаведная атэстацыя. Больш за 50 навучэнцаў беларускіх школ пачынаючы з 1994 году атрымлівалі магчымасць навучацца паводле сістэмы IBO дзякуючы бясплатным навучальным стыпендыям Каледжаў міжнароднай супольнасці (United World Colleges, UWC).

Навучанне ў UWC адбываецца паводле сістэмы IBO. Апошняя шмат год з’яўляецца лідэрам у галіне інтэрнацыяналізацыі сярэдняй адукацыі. Арганізацыя была створана ў Жэневе ў 1968 годзе. На сённяшні дзень навучанне паводле сістэмы IBO адбываецца ў 3725 школах у 146 краінах свету. Колькасць навучэнцаў складае некалькі мільёнаў штогод. Узрост навучання ад 3 да 19 год. На узроўні міжнароднага атэстату адбываецца навучанне ва ўзросце 16--19 год. Двухгадовы цыкл навучання рыхтуе да здачы экзамену на атрыманне атэстату. Атэстаты прызнаюцца асноўнымі ВНУ ў большасці краінаў свету.

Найбольшая колькасць школ, дзе адбываецца навучанне паводле сістэмы IBO, знаходзіцца ў англамоўных краінах. У ЗША -- 1495 школ, у Канадзе -- 333, у Вялікабрытаніі -- 156, у Кітаі 76, у Францыі 11. У суседняй з намі Польшчы 41 школа прапаноўвае праграму навучання паводле гэтай сістэмы. За апошнія гады школы навучання паводле сістэмы з’явіліся ў Арменіі (з 2011), Узбекістане (з 2006), Эстоніі (з 2003), Казахстане (з 2000), Азербайджане (з 1999), Латвіі (з 1997), Украіне (з 1997), Літве (з 1996), Расійскай Федэрацыі (з 1993). Навучанне паводле сістэмы ў адукацыйных установах адбываецца як асобна, так і дадаткова нароўні з нацыянальнай школьнай праграмай.

Кожны навучэнец для падрыхтоўкі праграмы на здачу экзамену абірае 6 дысцыплін з пяці групаў. Гэта:

1. Першая (родная) мова з ліку найбольш распаўсюджаных моваў свету (да якіх належыць і беларуская)

2. Другая (замежная) мова: найбольш распаўсюджаныя мовы міжнародных дачыненняў

3. Група дакладных дысцыплін (фізіка, біялогія, хімія ды інш.)

4. Група сацыяльных навук (гісторыя, філасофія, рэлігіі свету, эканоміка ды інш.)

5. Матэматыка (тры праграмы на розным узроўні)

Дзеля здачы экзаменаў неабходна абраць па адной дысцыпліне з 5 пералічаных групаў. Шосты прадмет абіраецца з адной з групаў за выключэннем групы роднай (першай) мовы. Амаль усе дысцыпліны прапануюцца ці на сярэднім і вышэйшым узроўні, ці толькі на сярэднім. Падчас выбару дысцыплінаў павінна захоўвацца прапарцыйнасць трох прадметаў на розных узроўнях (сярэднім і вышэйшым). Умова атрымання дыплому --  напісанне даследчыцкай працы (Extended Essay) і працы аналітычнага характару па дысцыпліне “Тэорыя ведаў”. Вынікі экзамену, як і навучанне, ацэньваюцца паводле 7-бальнай шкалы ад 1 да 7, дзе 7 найвышэйшая адзнака. Максімальная колькасць балаў на экзаменах – 45 (улічваючы 3 пункты за пісьмовыя працы). Падставай залічэння экзамену лічыцца агульны вынік, не ніжэйшы за 24 пункты.

Аб’ектыўнасць ацэнкі выніковага тэсту выяўляецца ў тым, што яе выстаўляе не настаўнік, які выкладае, а экзаменатар, які правярае працы і атрымлівае дзеля гэтага іх адмысловай поштай. Экзаменатару дасылаюцца як пісьмовыя матэрыялы, так і аудыёзапісы адказаў. Падставай залічэння экзамену з’яўляецца таксама атрыманне мінімальнай колькасці пунктаў па кожнай дысцыпліне.

Параўнаўшы сістэму IBO з нацыянальнай сістэмай адукацыі, мы можам сцвярджаць, што першая -- больш універсальная і набліжаная да агульных адукацыйных стандартаў, калі колькасць неабходных дысцыплін вывучэння для атрымання атэстату зводзіцца да 6. Праграма забяспечвае магчымасць індывідуальнага выбару неабходных дысцыплін (узроўню складанасці), у чым праяўляецца плюралізм адукацыйнай праграмы ды індывідуальны падыход да вучня. Навучальная праграма прапануе дысцыпліны не толькі агульнаадукацыйнага кшталту, але і вельмі спецыфічныя, як, напрыклад, “тэхналогіі дызайну”, “псіхалогія”, “мэнэджмэнт”. Звужэнне кола навуковых інтарэсаў і спецыялізацыя абумоўленыя далейшым выбарам вышэйшай адукацыі. Апроч арыентацыі на ангельскую мову навучання, праграма ўлічвае нацыянальныя і культурныя асаблівасці кожнага вучня, калі абавязковай для навучання з’яўляецца родная мова. Вывучэнне роднай мовы можа адбывацца як самастойна, так і з дапамогай адмысловага настаўніка.

Канцэптуальнае адрозненне сістэмы IBO ад беларускай адукацыйнай мадэлі з гледзішча зместу навучання і заданняў падчас атэстацыі заключаецца ў магчымасці шырэйшага практычнага стасавання атрыманых ведаў. Значная колькасць тэставых атэстацыйных пытанняў утрымлівае заданні па працы з аналізам тэксту, дыяграмамі, графікамі, статыстычнымі звесткамі. Як заданні, так і змест навучання разлічаныя не столькі на тэарэтычныя веды вучня, колькі на аналітычныя здольнасці і навыкі, якія надалей можна шырока стасаваць у практыцы.

Экзаменацыйны працэс максімальна фармалізаваны, каб забяспечыць самастойнасць працы падчас экзамену, дысцыпліну, дакладны час на выкананне тэставых заданняў, магчымасць выкарыстоўваць дадатковыя матэрыялы (слоўнікі, калькулятары).

За апошнія гады назіраецца значны рост попыту на адукацыйныя паслугі сістэмы IBO. Калі з самага пачатку дзейнасці арганізацыі асноўнымі кліентамі былі прыватныя школы міжнароднага характару, зараз больш за палову школ у спісе з’яўляюцца дзяржаўнымі. Усё гэта даказвае, што пасля другой усясветнай вайны з’явілася неабходнасць стварэння і стасавання агульных адукацыйных стандартаў па ўсім свеце. Пашырэнне дзейнасці IBO у свеце пацвярджае тэндэнцыі глабалізацыі, якія закранулі нацыянальныя адукацыйныя мадэлі. Неабходнасць распрацоўкі і прымянення агульных адукацыйных узораў выяўляе магчымасці адаптацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі, яе рэфармавання, пашырэння шанцаў для навучэнца асобнай краіны ў міжнародным кантэксце адукацыйных паслуг. Стварэнне ўмоваў для дзейнасці IBO у Беларусі стварыла б дадатковыя магчымасці для інтэграцыі нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ў міжнародны кантэкст.

Паводле матэрыялаў электронных рэсурсаў:

www.ibo.org – International Baccalaureate Organization

www.uwc.org – United World Colleges