Алена Палейка
The Medium is the Message, або «Сродак перадачы паведамлення і ёсць змест паведамлення»?
Канцэпцыя медыяадукацыі бярэ вытокі з ідэй канадскага філосафа Маршала Маклюэна. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ён прадказаў Вялікае зліццё рукі з кнопкай, тэлевізара з вокам, і нават кампутара з мазгамі... «Прарок з Таронта» сцвярджаў, што спачатку мы фармуем тэхналогіі, а потым яны фармуюць нас. Звяртаў нашу ўвагу на наступнае: каб зразумець сэнс паведамлення, неабходна разумець, як менавіта ўладкаваны той канал, па якім гэта паведамленне прыходзіць, як спецыфіка гэтага канала ўплывае на інфармацыю, якая паступае па ім. Радыё, друкаваныя СМІ, тэлебачанне ўздзейнічаюць на аўдыторыю па-рознаму, і як сучасна гучаць вядомыя «маклюэнізмы»:
• Зямны шар, «абвязаны» электрычнасцю, не большы за вёску.
• Дзякуючы тэлебачанню свет стаў вялікай вёскай, а ладная частка перадач адраджае вясковыя плёткі.
• Сапраўдныя навіны – дрэнныя навіны.
• Уся рэклама – гэта добрыя навіны.
• Выхоўваць – значыць выпрацоўваць неўспрымальнасць да тэлебачання.
Імклівыя змены ў тэхналогіях прывялі да таго, што кампутар і інтэрнэт сталі штодзённымі рэаліямі нашага жыцця. Знакаміты італьянскі пісьменнік і філосаф-постмадэрніст Умберта Эка ў 1998 годзе аб гэтым разважае так: «Часта мне думаецца, што ў найбліжэйшай будучыні наша грамадства расшчэпіць – ці ўжо расшчапіла – на два класы: тых, хто глядзіць толькі тэлебачанне, гэта значыць атрымлівае гатовыя вобразы і гатовае меркаванне аб свеце, без права крытычнага адбору атрыманай інфармацыі, і тых , хто глядзіць на экран кампутара, гэта значыць тых, хто здольны адбіраць і апрацоўваць інфармацыю. Тым самым пачынаецца падзел культур, які існаваў і ў Сярэднявеччы: паміж тымі, хто здольны быў чытаць рукапісы і, значыць, крытычна асэнсоўваць рэлігійныя, філасофскія і навуковыя пытанні, і тымі, хто выхоўваўся выключна з дапамогай вобразаў у саборы – адабраных і апрацаваных іх творцамі… Сярэднявечны сабор быў як бы пастаяннай нязменнай тэлепраграмай, якая давала народу ўсё неабходнае як для паўсядзённага, так і для замагільнага жыцця».
Распаўсюджаная сённяшняя з’ява: тэлевізар працуе як фон, а чалавек сядзіць за кампутарам, чытае блог і адначасова слухае музыку (у навушніках). Уявім сабе звычайную абавязковую лекцыю ва ўніверсітэце: выкладчык «працуе» як фон, а тым часам студэнты…
Ці трэба змагацца з кліпавым мысленнем?
Першапачаткова менавіта телебачанне, а не сусветная сетка выпрацавалі ўніверсальны фармат падачы інфармацыі – так званую паслядоўнасць актуальных кліпаў (з англ. «сlip» – адсячэнне; вытрымка (з газеты); урывак (з фільма), нарэзка», а сам тэрмін «кліпавае мысленне» з'явіўся яшчэ ў канцы 90-х г.г. ХХ ст. і азначаў асаблівасць чалавека ўспрымаць свет з дапамогай кароткага, яркага пасылу, увасобленага ў форме відэакліпа. У сваёй знакамітай кнізе «Трэцяя хваля» амерыканскі футуролаг Алвін Тофлер так апісвае кліп-культуру: «... на асобасным узроўні нас абкладаюць і асляпляюць супярэчлівымі, безадноснымі да нас фрагментамі шэрагу вобразаў, якія выбіваюць глебу з-пад ног нашых старых ідэй, абстрэльваюць нас разарванымі, пазбаўленымі сэнсу «кліпамі», імгненнымі кадрамі» Ўладальнік кліпавага мыслення часам не здольны аналізаваць якую-небудзь сітуацыю, бо яе вобраз не затрымліваецца ў думках надоўга, ён амаль адразу знікае, а яго месца тут жа займае новы (бясконцае пераключэнне тэлеканалаў, прагляд рэкламы, трэйлера да фільма, навіны, чытанне форумаў і блогаў ...) Часцей за ўсё эпітэтамі, звязанымі з кліпавасцю свядомасці ўзнагароджваюць падросткаў і моладзь (што, дарэчы, не вельмі справядліва) і засяроджваюць увагу толькі на адмоўных рысах. Але трэба адзначыць галоўнае: узнікненне кліпавага мыслення ёсць адаптацыя чалавека да паскораных тэмпаў жыцця ў сучасным свеце, пастаяннай інфармацыйный перагрузкі, павялічэння дыялагічнасці сацыяльных сістэм… Акрамя гэтага, кліпавасць мыслення задае новы дынамізм пазнавальнай дзейнасці…
Увогуле, заўважае Тофлер, «мы асуджаныя і на трансфармаванне ўласнай свядомасці, гэта значыць таго, як мы ўсведамляем свае праблемы, як абагульняем інфармацыю, якім чынам прадбачым наступствы нашых учынкаў і дзеянняў. Нам, верагодна, прыйдзецца інакш ставіцца да ролі пісьменнасці ў нашым жыцці. І нават змяніць эмацыйны склад ўласнага розуму…»
Мы адначасова разам і паасобку…
Адпаведна статыстыцы мы ўсё больш робімся online-чалавекам – не толькі на працы, але падчас адпачынку, вандроўкі – заўсёды знаходзімся на лініі, у сетцы. Адзін з заснавальнікаў медыяэкалогіі амерыканец Лэнс Стрэйт так адзначае неадназначныя праявы інтэрнэт-экспансіі на ўзроўні асобы: «Мы ствараем праект саміх сябе праз інтэрнэт, ствараем свае альтэр эга, электронных двайнікоў, свае адлюстраванні… мы павялічваем колькасць роляў, якія граем, лік «Я», якія прымяраем… мы прыдумляем нікнэймы, ствараем аватаркі, што прыводзіць да дыфузіі асобы. Мы пакідаем сляды нашай асобы, памнажаючы свае «Я» да ўзроўню, беспрэцэдэнтнага ў сусветнай гісторыі …Але пры гэтым, праводзячы амаль ўвесь час у сетцы і нават маючы вялікую колькасць е-фрэндаў, мы можам заставацца вельмі адзінокімі… На гэтым спыняецца ў сваім лісце ўнуку Умберта Эка: «… я хачу даць толькі адну параду, якая можа спатрэбіцца табе на практыцы зараз, калі ты карыстаешся сваім планшэтам. Я не буду даваць табе параду не займацца гэтым з-за страху здацца дурным старым. Я ж і сам ім карыстаюся. У крайнім выпадку, магу параіць табе не затрымліваць ўвагу на сотнях парнаграфічных сайтаў, якія дэманструюць сэксуальныя гульні паміж людзьмі, паміж чалавекам і жывёламі. Не вер, што сэксуальныя адносіны зводзяцца да гэтых даволі манатонных дзеянняў. Гэтыя сцэны задуманы, каб утрымаць цябе дома замест таго, каб пайсці і пазнаёміцца з рэальнымі дзяўчатамі… Павер мне, таму што ў мяне больш вопыту (калі б я толькі назіраў за сэксуальнымі гульнямі па кампутары, твой бацька ніколі б не нарадзіўся, ды і цябе б не было)».
Праблема супольнага існавання і адзіноты чалавека ў інфармацыйным свеце набывае ўсё больш актуальны характар, як і даступнасць таго, што раней было «табу». Уявім сабе сярэднястатыстычны сямейны медыя-вечар: сын-падростак пад выглядам працы над школьным рэфератам гугліць «клубнічныя» сайты, тата «рубіцца» ў танкавай сечы, мама глядзіць серыял (хутчэй за ўсё меладраму). Можна апісаць іншую карцінку: мама выконвае online-заданне дыстанцыйных курсаў па бухгалтэрыі, тата ўдзельнічае ў відэаканферэнцыі з замежнымі бізнес-партнёрамі, сын выкладае на YouTube сацыяльны ролік у абарону правоў жывёл і падпісвае адпаведную online-петыцыю, дзядуля па скайпу размаўляе са сваяком, а бабуля выкладае інфаграфіку ў суполцы фэйсбуку «Наша прапаганда: учора,сёння, заўтра.»).
Як змяняецца адукацыйная практыка?
Свет на мяжы тысячагоддзяў незваротна змяніўся: кампутарамі распачалася інтэрнэт-эра. Зразумела, што развіццё сучаснай адукацыйнай практыкі патрабуе ўліку вектара эвалюцыі адносінаў чалавека і інфармацыі, інфармацыйных тэхналогій. Да асаблівасцяў працэсу адукацыі ў адзінай інфармацыйнай прасторы даследчыкі (В.М. Васільеў, М.В. Сухарукава) адносяць:
СТАНОЎЧЫЯ З'ЯВЫ | АДМОЎНЫЯ З'ЯВЫ |
---|---|
• унікальныя магчымасці доступу да інфармацыі : магчымасць атрымання інфармацыі без істотных грашовых і часавых выдаткаў; | • псіхалагічная залежнасць (суправаджаецца, у т.л., паслабленнем сацыяльных сувязяў і іншымі негатыўнымі наступствамі «зыходу» у віртуальную рэчаіснасць); |
• інтэрактыўны характар узаемадзеяння з інфармацыяй – магчымасць пабудовы індывідуальнага «сцэнара» знаходжання ў інфармацыйнай прасторы; | • выкарыстанне інфармацыі, даступнай праз інтэрнэт, без найменшай творчай «перапрацоўкі» прыводзіць да дамінавання «мастацтва кампіляцыі» замест «мастацтва выпрацоўкі крэатыву» |
• разнастайнасць «фарматаў» прадстаўлення інфармацыі: гіпертэкст, відэа, гук і іншыя формы стварэння «віртуальнай рэальнасці», здольнай зрабіць працэс адукацыі займальным і цікавым; | • выкарыстанне інфармацыі, даступнай праз інтэрнэт, без найменшай творчай «перапрацоўкі» прыводзіць да дамініравання «мастацтва кампіляцыі» замест «мастацтва выпрацоўкі крэатыву»; |
• адкрытасць «інфармацыйнага асяроддзя» дзеля індывідуальнай творчасці. |
• змены адносін у сістэме «настаўнік – вучань», найбольш каштоўным аспектам якой з'яўляецца працэс традыцыйнай вуснай перадачы ведаў. |
З апошняй «адмоўнай» высновай расейскіх навукоўцаў цяжка пагадзіцца, ды і самі аўтары ўдакладняюць «з іншага боку, змяненне адносін у гэтай сістэме адбываецца ў кірунку, які можна ахарактарызаваць як зняцце супрацьстаяння ў апазіцыі «настаўнік – вучань». У цяперашні час усё часцей гавораць аб змене ролі настаўніка, аб адхіленні яго ролі ў бок «кансультанта».
Даследчыкі як найбольш праблемныя рысы вылучаюць: няздольнасць захоўваць індывідуальнасць і «ўнутраную дыстанцыю» у займальным і захапляльным існаванні ў «віртуальнай рэчаіснасці», а таксама няўменне супрацьстаяць ціску масавай культуры. Гэтыя два негатыўныя аспекты звязаныя паміж сабой менавіта ўзаемадзеяннем чалавека з сучаснымі сродкамі мас-медыя, у тым ліку створанымі на базе інфармацыйных сістэм.
Медыяадукацыя вырашыць усе праблемы?
Усведамленне сур'ёзнасці праблемы выклікала разуменне неабходнасці выпрацоўкі «імунітэту» супраць агрэсіўнага асяроддзя, створанага сродкамі мас-медыя як поля «масавай» культуры. Узніклі спецыяльныя праграмы, накіраваныя на падрыхтоўку маладых людзей да жыцця ў інфармацыйным грамадстве. У такіх праграмах (з'явіліся яшчэ ў 60-я – 70-я гады ў Еўропе і ЗША) у якасці галоўнай мэты называлася фарміраванне ў маладога пакалення ўмення разбірацца ў прынцыпах, метадах і мэтах стварэння розных відаў «віртуальнай рэчаіснасці» і супрацьстаяць агрэсіўным метадам уздзеяння мас-медыя. Так нарадзілася т.з. «ін’екцыйная тэорыя» медыяадукацыі (ці «пратэкцыянісцкая», «прышчэпачная»), бо для выпрацоўкі імунітэту робіцца прышчэпка. Адзінай тэорыі медыяадукацыі ў свеце ніколі не існавала і не існуе. Паводле меркаванняў расійскіх медыяадукатараў А.В. Фёдарава і А.А. Новікавай, асноўныя падыходы да медыяадукацыі можна сгрупіраваць наступным чынам:
Параметры | ПРАТЭКЦЫЯНІСТЦКІ ПАДЫХОД | АНАЛІТЫЧНЫ ПАДЫХОД |
---|---|---|
Назвы тэорый | Ін'екцыйная, экалагічная, этычная, рэлігійная, эстэтычная. | Тэорыя развіцця крытычнага мыслення, ідэалагічная, семіятычная, культуралагічная. |
Педагагічная стратэгія | Абараніць навучэнцаў ад негатыўнага з іх пункту гледжання ўплыву медыя (уключаючы медыатексты нізкай мастацкай і сумніўнай маральнай якасці). Гэтаму ўплыву супрацьпастаўляюцца «класічныя культурныя каштоўнасці», рэлігійныя каноны або лепшыя сучасныя творы – кнігі, фільмы, тэлеперадачы і г.д. | У цэнтры знаходзіцца асоба вучня, таму неабходна ўлічваць інтарэсы і густы навучэнца і трэба даць магчымасць аўдыторыі не толькі развіваць крытычнае мысленне на аснове аналіза ўплыву медыятэкстаў, але і ўменні адстаяць свае медыяперавагі. |
Асноўныя кампаненты рэалізацыі падыходаў | • Атрыманне ведаў аб гісторыі, структуры, мове і тэорыі медыя (адукацыйныя складнікi); • Развіццё ўспрымання медыяатэкстаў, «чытання» іх мовы, развіццё розных відаў мыслення (у тым ліку – крытычнага, лагічнага, творчага, вобразнага, інтуітыўнага), уменняў ўсвядомленага разумення ідэй (маральных, філасофскіх праблем, дэмакратычных, гуманістычных прынцыпаў і інш.), вобразаў і г. д.; • Развіццё крэатыўных практычных уменняў на матэрыяле медыя (стварэнне ўласных медыятэкстаў). |
Якія існуюць міжнародныя стандарты медыяадукацыі?
У рэзалюцыях ЮНЕСКА неаднаразова падкрэслівалась важнасць і падтрымка масавай медыяадукацыі (канферэнцыі 1982, Грунвальд; Тулуза, 1990; Парыж, 1997; Вена, 1999; Севілья, 2002; Парыж, 2007 і інш.) Медыяадукацыя – частка асноўнага права кожнага грамадзяніна любой краіны на свободу самавыяўлення і атрымання інфармацыі, яна спрыяе падтрымцы дэмакратыі. Прызнаючы адрозненні ў падыходах і развіцці медыяадукацыі ў розных краінах, рэкамендуецца, каб яна было ўведзена ўсюды, дзе магчыма ў межах нацыянальных навучальных планаў, гэтак жа як у рамках дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека. (ЮНЕСКА, 2002 г.). Парталы па медыяпісьменнасці і медыяадукацыі (ЮНЕСКА, міжнародныя канферэнцыі: http://portal.unesco.org , http://www.newmedialiteracy.org/news , http://www.medialit.org ).
Кожная з сучасных дзяржаў выбірае свой шлях развіцця і ўкаранення масавай медыяадукацыі (трэба адрозніваць ад прафесійнай адукацыі журналістаў, вытворцаў кінапрадукцыі), тут можна вылучыць розныя тэндэнцыі: ад аўтаматычнага запазычання яе асабных элементаў да распрацоўкі нацыянальных канцэпцый медыяадукацыі.
У Беларусі ў прадметных адукацыйных стандартах закладзены пэўныя медыяадукацыйныя аспекты, сярод масава распаўсюджаных педагагічных тэхналогій – тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, апошнім часам з’явілася вялікая колькасць публікацый па тэму інфармацыйных (тэхналогій/пісьменнасці/культуры), тэарэтыкі педагогікі акцэнтуюць увагу на культуралагічнай адукацыйнай парадыгме (утрымлівае характэрыстыкі медыятрансфармацыі культуры), пачалі праводзіцца першыя семінары і трэнінгі па актуальных пытаннях медыяадукацыі. Перад усім, нельга не адзначыць у якасці пэўнага сімптому хваравітага стану адукацыйнага арганізму краіны адсутнасць самога паняцца «медыяадукацыя» ў Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі РБ да 2020 г., прынятай у 2013 годзе. У якасці задачы ёсць зніжэнне папяровага дакументаабароту ў 3 і (нават болей!) разы, а медыяадукацыі – няма.
Новыя трэнды ў медыяадукацыі
Апошнім часам навукоўцы дыскутуюць аб тым, якой быць сучаснай медыяадукацыі. У другой палове XX стагоддзя ўмацавалася медыяадукацыйная парадыгма, якая ўключае ў сябе сукупнасць каштоўнасцяў, метадаў, тэхнічных сродкаў, накіраваных на фарміраванне асобы, здольнай адаптавацца ў інфармацыйным грамадстве і выконваць шэраг неабходных функцый.
На думку расійскага медыяадукатара Ірыны Жылаўскай, цэнтрам дадзенай канцэпцыі з’яўляецца малады чалавек, як аб'ект ўздзеяння, якому варта дапамагчы правільна засвоіць навакольную інфармацыйную прастору для задавальнення інфармацыйных патрэб. . Але, як адзначае даследчыца, ва ўмовах пашырэння сеткавага прынцыпу камунікацыі, праграмаванне, як сацыяльных працэсаў, так і кожнага чалавека паасобку становіцца вельмі праблематычным. Фарміруючы нешта (напрыклад, крытычнае мысленне) педагог уздзейнічае на вучня як на аб’ект. Таму трэба асабліва адзначыць ідэю ўвядзення ў сістэму медыяадукацыі асобы настаўніка, педагога, цьютара як раўнапраўнага ўдзельніка медыяадукацыйнай дзейнасці, у такой жа ступені ўцягнутага ў працэс раскрыцця ўнутранага «Я», як і навучэнец (для скептыкаў «раўнапраўнасці» дыялога прагматычна адзначым, што вучні, як правіла, лепш чым настаўнік валодаюць кампутарам, планшэтам ды рознымі гаджэтамі).
Вельмі важна разумець наступнае: фармалізм, заарганізаванасць, адназначнасць і дыктат «правільнай» думкі з’яўляюцца неспрыяльнымі ўмовамі для развіцця медыяадукацыі. І. Жылаўская падкрэслівае, што медыяадукацыя можа па-сапраўднаму існаваць і развівацца толькі ва ўмовах дэмакратыі. Таму сёння ва ўмовах медыятызацыя супольнасці і палітычных працэсаў роля медыяадукацыі рэзка ўзрастае .
Калі скончыцца адукацыйны крызіс?
Размовы аб крызісе ў адукацыі цягнуцца не першае дзесяцігоддзе. Перш за ўсё трэба разумець, што мы назіраем крызіс адукацыі як сацыяльнага інстытута, а не крызіс адукацыі ўвогуле (калі ў мяне ёсць тры дыпломы аб заканчэнні навучальных устаноў з добрымі адзнакамі, гэта не азначае, што я па-сапраўднаму адукаваны чалавек). Важна ўсведамляць, што «рэакцыя беларускай інстытуцыянальнай адукацыі на медыятрансфармацыі культуры, па-першае, хранічна спазняецца, і, па-другое, частковая (якая вылучае пераважна тэхнічныя аспекты)».
Але выхад з крызісу, здаецца, там дзе і ўваход. У наш час традыцыйныя функцыі адукацыі «усё больш перахапляюцца медыякультурай (мас-медыя, інтэрнэтам, тэлебачаннем, сістэмай сувязі, музеямі, выставамі, мас-культурай і інш) і ператвараюць інстытут адукацыі ў чыста фармальнае прадпрыемства».
Увага, галоўнае: «адукацыя перастае сябе звязваць сценамі навучальных устаноў, рэалізуючыся ў формах самаадукацыі і акцыях адукацыйных супольнасцяў». А тут ёсць нагоды для аптымізму! З апошніх вельмі цікавых адукацыйных медыяфеноменаў адзначым сучасныя і вельмі папулярныя курсы беларускай мовы. На змену традыцыйна сумнай канстатацыі пастаяннага змяншэння колькасці беларускамоўных выданняў, заклікаў да дзяржавы аб павялічэнні колькасці часоў на вывучэнне белмовы па праграме і адкрыцці хаця б аднаго беларускамоўнага ўніверсітэта ў краіне прыходзяць паспяховыя медыя-праекты грамадзянскай супольнасці (гл. https://www.facebook.com/MovaCiKava , http://www.movananova.by/ , http://vk.com/movaveda ) з падтрымкай крэатыўнай віруснай рэкламай у інтэрнэце!
Адзначым як станоўчую тэндэнцыю, што ўсё больш і больш думаючых педагогаў сустракаюцца ў інтэрнеце на адкрытых адукацыйных пляцоўках для абмену досведам і абмеркавання праблем навучання і выхавання, супольна асвойваюць новыя web-сэрвісы для стварэння адукацыйных асяроддзяў і рэсурсаў (напрыклад, альтэрнатыўных падручнікаў), каб арганізаваць працу па міжрэгіянальных ці міжнародных даследчых праектах і сацыяльных ініцыятывах. Выснова: не толькі можна, але і трэба займацца медыяадукацыяй, не чакаючы прыняцца канцэпцыі аб медыяадукацыі на бліжэйшую пяцігодку:)
Літаратура:
Эко У. От Интернета до Гуттенберга: текст и гипертекст
Стрейт Л. Изучение медиа как медиа: Маклюэн и медиаэкологический подход
Васильев В.Н., Сухорукова М.В. Образование в информационном обществе
Федоров А.В., Новикова А.А. Понятие об основных теориях медиаобразования
Жилавская И.В. О современной медиаобразовательной парадигме
Полонников А, Барченок А. К вопросу о кризисе современного белорусского образования // Альтэрнатывы ў адукацыі: матэрыялы круглага стала «Крызіс ў адукацыі. Пошукі шляхоў выйсця» – Мінск, 2012.