«Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротымі!» — Мовазнаўца Вінцук Вячорка піша пра тое, як не скарачаць.
Колькі гадоў таму мая, тады малая, дачка рабіла практыкаванне на дапісванне канчаткаў. У яе атрымалася: заявы разглядаліся прафком (кім-кім? прафком, няўжо не ясна? прафок іх разглядае, ну як шашок — шашком); спяваў камроты Весялоў — дзіцё спытала, што значыць прыметнік камроты (пэўна, як пузаты, валасаты, велікароты...).
А яшчэ быў Старыцкі МТС, куды нехта прыехаў па размеркаванні. Чаму мужчынскага роду — бо гэта мабільны аператар!
Скажу шчыра, спачатку я рагатаў, чым дзіцё пакрыўдзіў. Потым педагагічна сказаў, што смяюся з падручніка, чым супакоіў. А потым зацяўся.
Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротымі! Так у дзіцячай свядомасці фармуецца погляд, што школьная беларуская мова не мае нічога супольнага з рэальнасцю (адзіная такая сувязь — МТС, які ў далёкія 50-я, пэўна, абыходзіўся без канкурэнта — Velcom). Але гаворка тут не гэтулькі пра замшэлыя саветызмы (савет народных камісараў ці машынна-трактарную станцыю), колькі пра спосаб іх утварэння. Бальшыня з іх утварыліся з кавалкаў — з першых складоў (частак) — іншых словаў.
Чалавек істота ленаватая, дзе можна абысціся меншымі намаганнямі — абыходзіцца. І ў мове дзейнічае прынцып моўнай эканоміі — скарачэння. Але не бясконцага: могуць і не зразумець.
Чытаю беларускамоўную версію навінаў дзяржаўнага агенцтва Белта і натыкаюся на слова дыфтарыфы. Натуральна, першая асацыяцыя — з хваробаю дыфтэрыяю (народная збеларушчаная назва дзехцярык). І толькі падумаўшы, цямлю: гэта ж нядаўна ўведзеныя дыфэрэнцыяваныя тарыфы на электраэнергію.
Або паспрабуйма знянацку зразумець, хто/што такое юрасоб. У галаве пракруціліся самыя розныя тлумачэнні ад усемагчымых Юрасёў да Jurassic Park — парку Юрскага перыяду; і толькі наткнуўшыся ў тым самым тэксце на фізасобы, я ўцяміў, аб што ішлося. Юрасоб — гэта родны склон ад скарачэння юрыдычныя асобы. Па-расейску юрлица — во дзе прастора для беларускіх асацыяцыяў наконт іхнай юрлівасьці.
У моўнай эканоміі есць рацыянальная мяжа: зразумеласць, нормы вымаўлення ды традыцыя адпаведнае мовы, урэшце, эстэтычныя крытэры. Возьмем «дзяржстрах». У нас гукі пад уплывам суседніх у слове могуць моцна змяняцца або нават знікаць дзеля мілагучнасці. ж занікае перад наступным с: у Нясьвіжы — Нясьвіскі палац Радзівілаў. Значыць, казаць трэба — дзярстрах? Але тады слова траціць форму і гучыць зусім страшна... А двухсэнсоўная назва армейскай пасады нампатылу — намесьнік камандзіра з тылавога забеспячэння... А часта згадваны цяпер (асабліва калі карыстацца савецкім правапісным стандартам) спецдакладчык...
Складовых абрэвіятураў у беларускай мове не было да савецкага перыяду. Яны з'явіліся ў расейскай у гады першай усясветнай вайны й для патрэбаў ваеннай тэлеграфнай сувязі: комполк, дегенверх (гэта не псіхіятрычны дыягназ, а дзяжурны генерал пры штабе вярхоўнага камандавання), але спачатку ў друк не траплялі. Масава яны напладзіліся пасля камуністычнай рэвалюцыі, бо дазвалялі моўнымі сродкамі зазначыць прыход новай палітычннай сістэмы. Нарком, учхоз, политрук, шкраб: дзясяткі тысячаў. Фактычна з'явіўся новы спосаб словаўтварэння і нават выціснуў іншыя. Назваць дзяржаўную ці грамадскую інстытуцыю ранейшым кароткім словам не выпадала — гэта быў небяcьпечны класавы грэх. Так офицер быў заменены на краскома (красный командир), міністэрства — на наркамат (народны камісарыят), проста банк на дзяржбанк або сберкассу/ашчадкасу. Нават Уладзімір Ленін, зазнаўшы, відаць, фантомныя болі па традыцыйнай унівэрсытэцкай адукацыі, прыйшоў у жах ад моўных гамункулюсаў і няўпэўнена спрабаваў спыніць трыюмфальнае шэсце шкрабаў.
Ці гэтую з'яву віталі расейскія мовазнаўцы? Не. Расейскія філолагі і творцы традыцыйнае школы балюча ўспрымалі гэтую дэструкцыю мовы. Нездарма першым словам булгакаўскага Шарыкава — «чалавека новай фармацыі» — было абырвалг (Главрыба наадварот). Існавалі кплівыя пародыі накшталт замком-по-морде ’заместитель комиссара по морским делам’. І расейская жывая народная мова такія словы не ўспрыняла: по физ-то культуре у него пятерка; в сбер-то кассу я и не заходила...
Абсалютная бальшыня складанаскарочаных словаў, утвораных з складоў, прыйшла ў беларускую мову з расейскай. І ніводная іншая мова, акрамя ўкраінскай мовы ў УССР, не пераняла гэтай словаўтваральнай мадэлі. Літоўскай навязалі хіба што kolūkis ’калгас’. Эстонцы так і пакінулі kolhoos, вечная яму памяць. Грузіны не скарачалі: კოლექტიური ფერმა. Палякі нават у ПНР абышліся ў крайнім выпадку літарнымі абрэвіятурамі (PGR — państwowe gospodarstwo rolne ’саўгас’). Ані ў літоўскай, ані ў польскай нічога падобнага да гаркамаў, завучаў, калдагавораў ці там спецназа няма.
Зусім невыпадкова Дж. Оруэл у сваёй антыўтопіі «1984» прыдумаў Newspeak, навамоўе таталітарнай Ангельшчыны. Ягоныя складанаскарочаныя словы — Ingsoc (Ангсац, «ангельскі сацыялізм») ці Minitrue (Мінпраў, г. зн. міністэрства праўды) — будоваю да болю нагадваюць расейскія палітбюро і камсорга.
З іншага боку, грэцка-лацінскія карані гідра-, аква-, агра-, электра- — не абсечаныя часткі словаў. Гідрапарк, сейсматрываласць, вібрасвердзел, а нават аграмястэчка. Нельга сказаць, што аналагічная мадэль словаўтварэньня зусім невядомая іншым мовам. У ангельскай апошніх дзесяцігоддзяў з'яўляюцца словы накшталт modem (modulator-demodulator), але гэта зусім іншая сфэра слоўніцтва — не грамадзкая, а тэхнічная, дый носьбіты беларускае не ўспрымаюць яго як складанаскарочанае слова). Злучэннем складоў утвараюцца назвы гандлёвых марак, назвы фірмаў і кампаніяў.
Што рабіць, калі дбаеш пра беларускасць беларускае мовы? Найперш унікаць неўласцівых беларускай мове скаротаў. Не мучыцца, спрабуючы перакалькаваць расейскага худрука ці физрука. Варта ў слове прафсаюз пазбыцца русізму-царкоўнаславянізму саюз на карысць звязу — і адразу чуваць, як не гучыць прафзвяз. Усе гэтыя дзяржмяжа, міждзяржорганы, памежпераход, пэдунівэрсытэт, тэхумовы, рэчдокі лёгка раскрываюцца ў два словы (дзяржмяжа — мяжа, тут слова дзяржаўная лішняе, іншыя межы ў гэтым кантэксце не згадваюцца). Або і ў адно. Нашто казаць зарплата, калі ёсьць заробак. Ужо згаданы спецдакладчык па-беларуску будзе залежна ад выбару моўнай традыцыі) адмысловы дакладчык, спавяшчальнік або і жыўцом узяты з ангельска-францускай рапартэр.
Натуральна, усюды складовыя абрэвіятуры не абмінеш, яны патрэбныя для апісання савецкіх рэаліяў (той жа гарвыканкам ніяк ня мэрыя й не магістрат). Гістарызмы-саветызмы наркамат, энкавэдэ, спэцхран — не мяняюцца і нават захоўваюцца ў першародным расейскім абліччы. У райсавеце не праглядаецца беларускі раён (і слова савет — русізм/царкоўнаславянізм; няма ў нас слова саветавацца). Скажыце генсак — вас не зразумеюць, даводзіцца на расейскі лад казаць генсек (для маладзейшых патлумачу, што гэта Генеральны сакратар — галоўны савецкі правадыр).
Але «прэзідэнцкі заггасп», як метафарычна назвалі ў прэсе начальніка адпаведнага ведамства, або «заўгас», як многія кажуць (а як такое расшыфраваць?) — чым не аканом (з школьных твораў Бядулі, а потым Караткевіча)?
Аднак наогул унікайма камбедаў як небеларускай (і неславянскай, нябалцкай — не уласцівай нашаму моўнаму рэгіёну) з'явы. Найбольш прыніжальная для беларускае мовы пачварка — акурат «белмова». Абсечаныя выразы белмоўны, белшкола і г. д. пярэчаць самому духу беларускае мовы. Дарэчы, і расейцы ж не кажуць русъязык.
Не, я не выступаю супраць усіх наогул слоўных скаротаў. Абрэвіятуры ж бываюць і кароткія, складзеныя з літараў ці гукаў пачатных словаў, як БДУ ці ЦВК ці МАЗ. Яны знаходзяцца ў рэчышчы даўняй традыцыі (узгадайма надпісы кірыліцай на крыжох І.Н.Р.І. — Ісус Назаранін Цар Юдэйскі ў стараславянскай мове, і адпаведна I.N.R.I. па-лацінску. Або таямнічыя вязаныя скароты на Скарынавых гравюрах).
І мусім дакладна называць літары. Не можа быць «Бэ-Нэ-Эр», бо літара ў азбуцы завецца Эн. Значыць, толькі Бэ-Эн-Эр. Вось толькі сваю краіну не трэба называць «эрбэ» — не толькі таму, што гэтаксама завецца і Рэспубліка Башкартастан, але перадусім таму, што слова Беларусь не годнае таго, каб яго заганяць у канцылярскі фармуляр.
Па-беларуску з Вінцуком