Шукаем працу «Настаўніцы года», якую звольнілі за «дэструктыўныя думкі»

Мікалай Янкойць, kyky.org

Новая рубрыка KYKY раскажа вам пра цікавых людзей, якіх жыццё пакінула без працы. Хэдхантэры, не праходзьце міма! Сённяшні герой — гісторык і грамадазнаўца Алена Маслюкова, «настаўніца года»-2013 Светлагорскага раёна, звольненая кіраўніцтвам школы без папярэджання і без тлумачэння прычын. Мікалай Янкойць і Дзмітрый Мелехавец наведалі Светлагорск, каб запытаць у Алены Аляксандраўны, аб якой працы яна марыць.

— Асцярожна пераступайце! — прыступкі ў пад’езд, дзе жыве Алена Аляксандраўна Маслюкова, толькі што падноўленыя свежым растворам. — У нас тут прыгажосць наводзяць.

Ківаем і асцярожна праходзім міма пары працаўнікоў мясцовага ЖЭСа. Тыя на нас аніякай увагі не звяртаюць, сядзяць і кураць: відаць, кантралююць, ці добра засыхае раствор. Заходзім у ліфт: нам на дзявяты, але ліфт ходзіць толькі да восьмага. Здаецца, тут гэта нікога не здзіўляе. Заходзім у небагатую светлую кватэру. Алена Аляксандраўна прабачаецца, што і тут усё ў стане рамонту:

— Грошай увесь час не хапае скончыць! Хадземце ў дзіцячы пакой — ён рамонтам менш за ўсё закрануты.

Пакуль на кухні гатуецца кава, разглядаем абсталёўку ў пакойчыку. Уздоўж адной са сцен — палічкі і камодзікі з цацкамі, на сценах вісяць дзіцячыя малюнкі ды фатаздымкі з экскурсійных паездак. Адзін з вуглоў заняты праваслаўнымі іконамі. Сядаем на канапу; з мэблі акрамя яе тут толькі журнальны столік дый дзіцячае крэселка, і Алена Аляксандраўна сціпла сядае акурат на яго.

А.А.: Калі кажу сваім вучням, што ніколі ў жыцці не марыла стаць настаўніцай, — не вераць. А насамрэч так. Я з ранняга дзяцінства любіла стаматолагаў, і марыла стаць стаматолагам. Толькі так атрымалася, што пры паступленні на стаматалога трэба было здаваць фізіку. А як казаў мой калега, выкладчык замежных моў: «Нахрана дзеўкам фізіка?» Мне вось яна была абсалютна непатрэбная, хоць і чацвёрку па ёй маю ў атэстаце па пяцібальнай. А другая мая мара была — стаць юрыстам. Калі я навучалася ў 10 класе, да нас у школу прыехаў выкладчык з юрыдычнага факультэта БДУ. Паглядзеў на мяне — я малая такая, худая — і кажа: «Ой, дзевачка міленькая, навошта вам гэта трэба? Якога Вы злачынцу зможаце затрымаць? Мы бярэм хлопцаў пасля арміі, не губляйце час дарэмна». Што застаецца? Выбрала для сябе педагагічны ўніверсітэт у Магілёве. Спецыяльнасць «Гісторыя і Савецкае права». Усё ж да права нейкія адносіны.

Алена Аляксандраўна і зараз засталася зусім мініяцюрнай. Міміка яе твару падкупае эмацыйнасцю, голас — цеплынёй, мова — жывасцю. Алена Аляксандраўна шчыра ўсміхаецца, нават калі распавядае пра не самыя прыемныя моманты з жыцця.

KYKY: І як вам Магілёўскі ўніверсітэт?

А.А.: Я не паступіла. Увогуле іспыты здала вельмі добра: усё на «выдатна», і толькі за рускую мову мне паставілі тройку. Я добра ведала мову, «тры» мне паставілі за тое, што падказвала. Адзін хлопец папрасіў расставіць коскі ў сказе, другі — слова па складзе разабраць. Выкладчык з камісіі заўважыў і кажа: «Вы, наверное, много знаете». Пачалі мяне дапытваць. Па білеце я ўсё ім расказала, на дадатковыя пытанні адказала — а потым яны запыталі нейкі зусім ужо вузкі філалагічны тэрмін. Адказала, што не ведаю. Заўсёды так раблю: калі не ведаю чагосьці, то і кажу, што не ведаю. «Вот видите, вы тоже не всё знаете» — паставілі мне тройку, і ўсё. Я пакрыўдзілася, пайшла да дэкана і дакументы забрала. Упартасць у мяне ад бацькі. Чалавек ён быў вельмі адукаваны, хаця вышэйшай адукацыі не меў. Калісьці, памятаю, сказаў: «Алена, ты ніколі павінна не рабіць дзве рэчы. Першая — чытаць газету «Правда»." «Чаму?» — пытаю. — «Таму што ў ёй ніколі не бывае навінаў! А яшчэ ты не павінна чытаць газету „Известия“». — «А гэта чаму?» — «Таму што там ніколі не пішуць праўду!» І калі я ўжо пачала працаваць настаўніцай гісторыі, я гэтыя дзве газеты не выпісвала прынцыпова. Бацька ў мяне заўсёды рабіў вельмі шыкоўную падпіску. Ён быў добры работнік, і яму ў савецкі час дазвалялі па ліміце выпісваць добрыя часопісы — «Новый мир», напрыклад, «Огонёк».

За размовай пра бацьку наша гераіня яшчэ весялее, твар яе аж ярчэе ад светлых успамінаў.

А.А.: Паколькі я не паступіла, а год трэба было недзе працаваць, мяне прыладзілі ў вясковую школку піянерважатай. Муж, дарэчы, дагэтуль здзекуецца: «Аааа, піянерважатая!» Ну, вы ж самі разумееце, як у вясковых школах: адзін настаўнік захварэў, другі захварэў, трэба падмяняць. Таму я стала спецыялістам у рускай мове, і ў беларускай таксама. У мяне была вельмі файная настаўніца беларускай мовы, дарэчы, і мову я ведала добра.

Але ў школе я чамусьці саромелася гаварыць па-беларуску. Зараз вось саромеюся пра гэта казаць.

Год адпрацавала — і пайшла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. На гісторыка-філалагічны факультэт, спецыяльнасць «Гісторыя». З мужам там пазнаёмілася, Тэльманам — ён вучыўся на той жа спецыяльнасці, і яго размеркавалі ў Светлагорск. А паколькі мы да таго часу ўжо і шлюбам пабраліся — адпаведна, мяне таксама размеркавалі сюды, на гістарычную радзіму. Размеркаваць размеркавалі, а месцаў працоўных у горадзе не было. Ездзіла працаваць за 15 кіламетраў ад Светлагорска, у Рабочы пасёлак. Адразу папярэдзіла адміністрацыю, што працаваць доўга там не буду, праз год-два з’еду. Але ж, ведаеце, чалавек думае, а гасподзь робіць сваё: так атрымалася, што працавала я там амаль 10 год. Цяжкавата было, канешне, але былі добрыя вучні і добрыя выкладчыкі, і адносіны ў мяне з імі дагэтуль застаюцца сяброўскія.

KYKY: Атрымліваецца, не збіраліся стаць настаўніцай, але потым уцягнуліся?

А.А.: Так, уцягнулася. Што асабліва ў працы настаўніка падабаецца — што трэба працаваць з жывымі людзьмі. Вельмі не падабаецца пісаніна — усё тое, чым зараз абрасла настаўніцкая праца. Калі Саюз развальваўся і ішло станаўленне незалежнай Беларусі, актыўна адбываліся пошукі новых методык, новых прыёмаў у адукацыі. Памятаю, метадыст нам аднойчы сказала: «Можаце хоць танчыць на ўроку, але вашы дзеці павінны ведаць». А цяпер каго яны цікавяць?

Сёння, калі ў настаўніка няма ўсіх гэтых паперак — ён кепскі для кіраўніцтва, а калі ўсе гэтыя паперкі-тэчачкі збіраць і складаць, то на вучняў не застаецца часу. Я гісторык, я кажу прама: паглядзіце на Нямеччыну да 33-га года і пасля 33-га. Нямеччына ў той час проста танула ў багне папер. Чым больш гэтых папер зараз з’яўляецца ў нас, тым больш дасведчаныя людзі робяць пэўныя высновы.

KYKY: Куды пасля Рабочага пасёлка пайшлі?

А.А.: У горадзе адкрылі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, і мяне запрасілі туды выкладчыцай гісторыі, этнаграфіі і грамадазнаўства. І я, мабыць, няблага выкладала, таму што мае вучні і на факультэт міжнародных зносінаў паступалі і здавалі на выдатна мае прадметы — сусветную гісторыю і гісторыю Беларусі. Многія, на жаль, ужо за мяжой, працуюць і навучаюцца там — і ў Штатах, і ў Францыі, і ў Германіі, і ў Польшчы. На Кіпры нават ёсць. Шкада, канешне, што такія разумныя дзеткі з’язджаюць адсюль — але, мабыць, такое жыццё, што трэба ехаць. Менавіта ў ліцэі я зрабілася не толькі настаўніцай, але і грамадскім актывістам. Хаця актыўнай грамадскай дзейнасцю я пачала займацца, калі пачаў займацца мой муж. Адна сатана, як кажуць. Уступіла ў партыю БНФ. Я гэты факт, можа, асабліва і не афішырую, але і не хаваю, не саромеюся, што сябра партыі.

Муж Алены Аляксандраўны — Тэльман Маслюкоў, гісторык, краявед, грамадскі актывіст, член БНФ. Улады неаднаразова абвінавачвалі Тэльмана Віктаравіча ў «падрыўной» дзейнасці.

А.А.: Ліцэй закрылі ў 2001 годзе. Нашыя вучні і іх бацькі да закрыцця паставіліся вельмі адмоўна. Аднойчы, калі ў пачатку верасня людзі ехалі на працу, яны заўважылі на цэнтральнай плошчы вучняў з плакатамі, і на гэтых плакатах былі патрабаванні аднавіць ліцэй. Самае дзіўнае, што для выкладчыкаў і для дырэктара ліцэя гэта было абсалютнай нечаканасцю, вучні ўсё рабілі ў тайне. Дзве групы навучэнцаў, якія заставаліся ў ліцэі, перавялі ў школу № 1. Ім далі магчымасць займацца па ліцэйскіх праграмах. Але быў такі цікавы факт: выкладаць беларускую мову і літаратуру ў ліцэйскія класы не пайшоў ні адзін выкладчык школы № 1! Катэгарычна адмовіліся. І самае дзіўнае, што пасля, калі шукалі настаўнікаў па горадзе, яны таксама не браліся. Нашыя вучні былі вельмі добра падкаваныя. У іх жа на беларускай мове былі ўсе прадметы.

KYKY: А дзе Вы сталі працаваць пасля закрыцця ліцэя?

А.А.: У той жа школе № 1. Хаця часам мае калегі казалі, што мне трэба сыходзіць у іншае месца: маўляў, гэта школа не для майго ўзроўню. Але я лічу, што настаўнік павінен аднолькава працаваць у любой школе, таму што вучні дастойныя таго, каб іх навучалі нармальныя настаўнікі. Чаму трэба перабірацца? Пазней, у 2009 годзе дырэктар школы № 10, Людміла Якаўлеўна Драпеза, патэлефанавала мне і прапанавала перайсці да іх у школу працаваць. Першы раз у жыцці я мяняла працу з насцярожанасцю, з напружанасцю. За тыдзень на тры кілаграмы пахудзела. Штосьці мне не ляжала да гэтай працы, але ўсё ж я перайшла. Пяць год адпрацавала.

KYKY: Давайце ўзгадаем эпізод з «Настаўнікам года».

А.А.: О, гэта мой сорам! Я ніколі не збіралася ўдзельнічаць у падобных конкурсах, гэта ж проста мапет-шоў, на маю думку. У мінулым годзе ўвосень я мела папярэднюю дамоўленасць з дырэктарам, што яна мне дасць адпачынак на 10 дзён — і я, як звычайна гэта люблю рабіць напрыканцы года, паеду ў Нямеччыну на Раство. І вось напярэдадні ад’езда яна мяне выклікае і кажа: настаўніца, якую яны хацелі прапанаваць да ўдзелу ў «Настаўніку года», катэгарычна ад конкурса адмовілася. І ўсё: свет сышоўся клінам на Маслюковай. Я ёй адразу кажу: не хачу. А яна: «Тады не паедзеце ў адпачынак». Пяць гадзін вечара, заўтра ад’язджаць, а я сяджу ў яе ў кабінеце і некаюся. Нават рэчы да паездкі яшчэ не сабрала… Узяла і пагадзілася.

Шчыра скажу, мне ў гэтым конкурсе вельмі дапамагалі і нашы завучы, і настаўніца інфарматыкі. Усялякімі дакументамі і прэзентацыямі я не займалася. А што тычылася конкурсных урокаў, я ніякай дапамогі не прасіла: зрабіла, што мне трэба было зрабіць, здала — і атрымала вышэйшы бал. Пасля фінальны конкурс.

Не ведаю, як там зоркі ляглі, але атрымалася ў мяне першае месца ў раёне. Сказалі, паеду на абласны конкурс. Ну, я і тут таксама адмаўлялася — і, надзіва, па выніку ад мяне адсталі. Хтосьці казаў, справа ў тым, што ў конкурснай анкеце быў радочак: партыйнасць.

Расповед пра звальненне Алене Аляксандраўне даецца цяжэй. Голас часам уздрыгвае — эмоцыі, відаць, перапаўняюць.

А.А.: Дырэктар паціху ў адносінах са мной змянялася: то гэта не так ёй, то той не гэтак. Аднойчы мелі з ёй амаль гадзінную гутарку. Яна сказала мне, што я дэструктыўныя думкі сярод вучняў і калег сею, што ў школе ствараю апазіцыю — на што я, шчыра кажучы, была вельмі здзіўленая. Глядзела на яе і думала: ці Вы разумееце ўвогуле, што такое апазіцыя? І да чаго апазіцыя: да вас, да ўлады, да вучняў, да калегаў? Я адразу сказала, каб у каго не было залішніх праблем: у школе ў мяне сяброў няма. Яна не дала мне дагаварыць, пачала сваё. І колькі разоў яна потым адной асобе казала: «Вось вы лічыце Маслюкову сваёй сяброўкай, а яна сказала, што сяброў у яе няма». Але ж яна не даслухала, што я хацела сказаць. Сяброў у мяне ў школе няма, бо яны для мяне калегі. А сябрамі яны мне становяцца, калі мы сыходзім са школы. Потым і яшчэ гутаркі былі, у адной дырэктар кінула каронную фразу, усе ўжо ў школе ведаюць і смяюцца: «Такие люди, как вы, сделали Майдан в Украине!». Зараз і плёткі такія па горадзе ходзяць, нібы мяне звольнілі за тое, што я ездзіла на Майдан. Хаця я, зразумела ж, нікуды не ездзіла.

Калі сыходзіла на летні адпачынак, дырэктар сказала: «У вас заканчивается срок договора, секретарь подготовит нужные бумаги, зайдёте — подпишете». Развіталіся, пажадалі адна адной усяго лепшага — яна таксама ў адпачынак павінна была сыходзіць. 2 ліпеня званок сакратара у сярэдзіне дня. Заходжу ў школу, кабінет дырэктара быў адкрыты, я павіталася з ёю. Пасля кабінет ужо ўвесь час быў зачынены. Алена Грыгор’еўна, сакратар, узрушаная, разгубленая: «Я не ведала, я праўда нічога не ведала». Кладзе мне паперкі: «У сувязі з заканчэннем тэрміна кантракта 02.09.2014 вы будзеце звольненыя».

Шчыра сказаць, я і сама збіралася сыходзіць, і вучням сваім казала, а аднойчы і дырэктару таксама. Але што прыйдзецца сыходзіць вось так, не выпусціўшы свой клас, я не разлічвала, канешне. Чаму ўсё гэта здарылася так зараз — для мяне загадка. Ніякіх канфліктаў з дырэктарам у мяне доўгі час не было. Некаторыя мне нават казалі, што шкадуюць дырэктара, што яна проста стала зброяй у руках пэўных сіл. Ёсць такі момант: наша загадчыца аддзела адукацыі ў адным інтэрв’ю сказала, што звальненне і прыём на працу настаўнікаў — гэта справа дырэктара школы, і што аддзел адукацыі нічога не ведаў. Але ў гутарцы з нашым дырэктарам я чула, што тая загадчыца выклікала да сябе юрыста — высвятляла, чаго ад мяне можна чакаць.

KYKY: А што ўвогуле адбываецца з настаўніцтвам у школах? Хто ідзе туды працаваць?

А.А.: Прэстыж прафесіі апусціўся ніжэй калена коніка. Гэта маё абсалютнае перакананне. Яшчэ ў папірусах старажытных можна прачытаць: «Гора таму правіцелю, які ў навучанне свайго сына бярэ раба». Чалавек, які мае нізкі інтэлектуальны і адукацыйны ўзровень, будзе прыніжаць да гэтага ўзроўню свайго вучня. Добры выкладчык — той, які скажа вучню: «Я не ведаю гэтага, але вы павінны знайсці, я магу сказаць, дзе гэта пашукаць».

У мінулым годзе ў мяне ў паралелі было тры 11-х класы. І з адным з гэтых класаў адносіны ў мяне сапсаваліся. Увогуле я не люблю скандалаў і канфліктаў, мне вельмі цяжка казаць людзям у вочы непрыемныя рэчы — але часам, напэўна, ўсё ж казаць трэба. Вось збіраюцца ўсе гэтыя дзеці ў ВНУ. А я ж гляджу і разумею: не вучацца, не працуюць! Ну, я ім неяк і сказала: «Вы, канешне, мяне выбачайце, але з вашага класа толькі пяць чалавек дастойныя паступіць у ВНУ. А месца ўсіх астатніх — вось там, па дыяганалі». А па дыяганалі ад нашай школы знаходзіцца колішняе ПТВ, цяпер яго ў «ліцэй» перайменавалі. Дзеці вельмі пакрыўдзіліся. «Да вы что, да мы поступим в Минск, в педагогический!» — кажуць. Мне аж зрабілася дурна. Калі чалавек не ўмее чытаць у 11 класе, якім ён можа быць педагогам? Я сваіх дзяцей такім настаўнікам не аддала б, нават калі б мяне стралялі. А вучань, які на 95 здае гісторыю, не пойдзе працаваць у школу за капейкі. Як казалі старажытныя рымляне, primum edere, deinde filosophari — спачатку будзем есці, а потым філасофстваваць. Паглядзіце вось на Малайзію: канешне, тамтэйшыя заробкі не параўнаеш з нямецкімі ці амерыканскімі, затое там у настаўнікаў самыя высокія заробкі ў параўнанні з іншымі прафесіямі! Таму што яны разумеюць, што гэта іх будучыня. Чым больш ты ўкладаеш грошай у адукацыю, тым больш надалей ты атрымліваеш. Нічога не бывае таннага ці бясплатнага. Што застанецца ў школах, калі сыйдуць апошнія настаўнікі савецкай школы, я не ведаю. Прэстыж прафесіі настаўніка — гэта вялізная праблема, і сур’ёзна яе вырашаць можна толькі на дзяржаўным узроўні.

А тое, што ў нас расце набор людзей ва ўніверсітэты — гэта шлях Паўночнай Карэі, там амаль усе маюць вышэйшую адукацыю. Тры гады правучыліся — і з коркамі, а адукацыя нулявая. Дыпломы якіх нашых ВНУ каціруюцца на захадзе? Хіба, можа, БДУІР? Думаю, што ў ВНУ усё ж павінен быць больш жорсткі адбор. «Лучше меньше, да лучше».

Наеўшыся размовамі пра суворыя рэаліі, па рэкамендацыі рымлян пераходзім да высокіх матэрый.

А.А.: Гісторыя існуе дзеля таго, каб ведаць мінулае, бачыць сучаснасць і прадбачыць будучыню. Гэта менавіта той прадмет, які фарміруе асобу, які не дае чалавеку стаць манкуртам. Трэба ж, каб чалавек не «тутэйшы» быў, а беларус. А калі беларус — дык з гонарам павінен хадзіць, не апускаць галаву, не саромецца ні сваёй гісторыі, ні сваёй мовы. Я заўсёды гэта дзецям казала. Канешне, гісторыя — такі прадмет, які не можа суха выкладацца. Завучыў нейкі факт? Гэта яшчэ не веданне гісторыі. Мне заўсёды важна было не каб дзеці ведалі, калі адбылася Кубінская рэвалюцыя, а каб яны разумелі, чаму яна адбылася і да якіх наступстваў яна прывяла, разумееце? Каб яны лагічна маглі звязваць падзеі, факты, разумелі тое, што адбываецца ў сучаснай Беларусі — і, канешне, у сучаснай Украіне.

Калі ў падручніку тры сухія фразы напісаныя пра Мазурава, то немагчыма ж не ўспомніць, калі яго дачка сказала ў маскоўскай рэстарацыі: «А ў нас у Беларусі ёсць белы хлеб, а ў вас у Маскве — няма!» — і бацька сядзеў і штурхаў яе ботам пад сталом, каб яна не так гучна гэта казала. Гісторыя павінна быць у нейкіх фарбах, мець пэўныя твары.

Я заўсёды вучням казала, каб памяталі старажытнаўсходнюю мудрасць: «Калі ты пачуў адзін бок, ты застаўся ў цемры; калі ты пачуў другі бок — можа нарадзіцца ісціна». Канешне, абсалютных ісцін няма, гісторыя неадназначная: усё залежыць ад таго, як глядзець. Вазьміце таго ж Суворава: легендарная асоба для Расійскай гісторыі, але ж у мяне як беларуса гэты чалавек ніякай павагі не выклікае. Што ён зрабіў для маёй Радзімы? І тыя падручнікі, па якіх зараз дзеці навучаюцца — не самы лепшы варыянт. Але галава працаваць павінна так, каб чалавек самастойна мог рабіць высновы. Вельмі не люблю, калі вучні пачынаюць даслоўна пераказваць тое, што я ім казала. Я ж сама памятаю, што я казала — ты сваё скажы, нават калі са мной не згодны. У мяне была навучэнка, у 11 класе зараз — мы ўвесь час з ёй спрачаліся! Але ніякім чынам ні на адносіны да яе, ні на адзнакі гэта не ўплывала. Дзяўчынка нейкі час вучылася ў Брытаніі, але ўвогуле яна ў захапленні ад Беларусі.

Я казала ёй: «Вельмі радасна, што ты ў захапленні ад Беларусі, але ж патрыёт — гэта не той чалавек, які будзе спяваць дыфірамбы сваёй краіне, а той, які бачыць яе недахопы і імкнецца з імі змагацца».

Просім Алену Аляксандраўну расказаць пра ўсемагчымыя рэгаліі. Яна нават нібы крыху саромеецца, але дастае тэчку з граматамі ды падзякамі.

А.А.: Я заўсёды ганарылася поспехамі сваіх вучняў больш, чым сваімі ўласнымі. Калі я ехала ў Гомель здаваць кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю, трэба было напісаць аўтабіяграфію. Я ўзяла ліст А4 і надрукавала ўсе поспехі сваіх вучняў. Не магу я сваімі поспехамі выхваляцца. А вось поспехі вучняў, мне здаецца, гавораць пра многае.

Нават забаўна бачыць сярод падзяк настаўніцы «з дэструктыўнымі думкамі» грамату ўпраўлення адукацыі за поспехі ў выхаванні маладога пакалення — нядаўнюю, за 2012 год. Увогуле, тут ёсць і падзякі за ўдалую падрыхтоўку вучняў да ЦТ, і дыпломы ўсемагчымых адукацыйных конкурсаў, і проста ганаровы ліст «за добросовестный труд». Ёсць і цэлы пачак грамат ад Нацыянальнага інстытута гісторыі: пэўны час Алена Аляксандраўна разам са сваімі вучнямі штогод ездзіла ў археалагічныя экспедыцыі. Шкада, за штогадовыя экскурсіі, якія настаўніца арганізоўвала разам са старшакласнікамі, грамат не даюць.

KYKY: Вяртацца на працу ў школе не плануеце?

А.А.: Не. Мабыць, каб рухацца далей, трэба вельмі моцны пінок у зад атрымаць. Вось я яго атрымала — і пайшла. Але пэўнае кола бацькоў вельмі незадаволена тым, што адбываецца. На хлеб-то ў мяне грошы будуць — дзякуй богу, не інвалід ні на галаву, ні на рукі з нагамі. Але ў мяне ёсць пэўны маральны абавязак перад маімі вучнямі, якіх я павінна была выпусціць. Калегі тэлефануюць, вучні таксама, кажуць, што маіх 11-х класаў у школе не бачна: разгубленыя сталі, панурыя, не ведаюць, куды пайсці, куды падацца. І, канешне, гэта адразу адбіваецца на падрыхтоўцы. Дзеці спазняюцца на ўрокі, некаторыя ўвогуле адмаўляюцца ў школу хадзіць. Канешне, гэта не залежнасць ад класнага кіраўніка ці настаўніка — гэта проста пазіцыя. Бацькі патрабуюць, каб я звярталася ў суд.

Чым ганаруся — што вучні са сваім стрыжнем. Лінейка была ў перадапошні дзень маёй працы. Дзеці запрасілі мяне на сцэну не па сцэнары — і публічна, перад дырэктарам, перад супрацоўнікамі выканкама са мной развітваліся. Трэба мець мужнасць для такога. Тым больш што яны ў 11 класе, выпускныя зараз — усялякае можа быць — і ўціскі, і нічога не дакажаш, калі што. Калі атрымаецца вярнуцца, то вярнуся, хаця і цяжка ўжо будзе працаваць з людзьмі пасля ўсяго, што было. Выпусціць гэтых дзяцей мне вельмі хочацца, але сыйду я разам з імі адназначна.

KYKY: У якой прафесіі хацелі б сябе паспрабаваць?

А.А.: Увогуле, усё цікава, усё магчыма! Але б мне хацелася і надалей працаваць з дзецьмі. Ёсць прапанова паехаць у Маскву гувернанткай. Заробак прапаноўваюць неблагі, 2000 даляраў, я столькі не зарабляла ў Беларусі за дзве стаўкі. Іспанскай мовай занялася: бацькі хлопчыка, ад якіх ідзе прапанова, час ад часу вывозяць яго ў Іспанію. Што мне ў іх прапанове асабліва падабаецца — што працаваць можна вахтавым метадам. Разам з каляжанкай: два тыдні яна працуе, два тыдні я. Атрымліваеца, што два тыдні я — вольны чалавек! Магу з унучкай сваёй займацца, яна ў нас разумная вельмі дзяўчынка: хоць яшчэ і ў школу не ходзіць, але ўжо і чытае, і піша, і тэнісам ужо займаецца.

KYKY: А на пераезд дзеля добрай працы гатовыя?

А.А.: Так, я даўно думаю, што ў Светлагорску рабіць у прынцыпе няма чаго. Каб зарабляць грошы ў Беларусі, трэба жыць па меншай меры ў Мінску. Хіба яшчэ ў Салігорск ехаць, у шахты, во глубину белорусских руд. Працу ў Беларусі я, шчыра сказаць, пакуль увогуле не разглядала як варыянт.

У мяне заробак тут быў 6 мільёнаў, а працавала я за двух выкладчыкаў, мела два класных кіраўніцтвы. Тры мільёны за стаўку — гэта з нашымі коштамі, з нашымі ўмовамі жыцця не грошы, а проста здзек.

KYKY: Можа, ёсць у Вас якія няспраўджаныя жаданні, якія хочацца рэалізаваць зараз, калі з’явіўся вольны час?

А.А.: Я вельмі люблю глядзець свет, падарожнічаць. Санцьяга-дэ-Кампастэла, Барселона, Лесбоа і Фаціма — вось падарожжа, якое б мне вельмі хацелася здзейсніць. Можа, ведаеце, ёсць такія каталіцкія святары — браты Баркі, Юрый і Вячаслаў? Яны ладзяць цікавыя пілігрымкі для католікаў — і я з імі час ад часу падарожнічаю, хаця я і праваслаўная. Пэўна, я і сама б магла ладзіць цікавыя экскурсіі. Я ж гісторык.

Рэзюмэ