Беларускую мову – у музей!

Дзяніс Тушынскі, Наша слова

Не, не ў тым сэнсе, што пакласці на паліцу з акамянеласцямі. Размова ідзе пра музей мовы ці музей беларускай мовы, які можна адкрыць у Беларусі.

У чытача можа ўзнікнуць натуральнае пытанне: а што можна выстаўляць у такім музеі? Словы? Гукі?

Дарэчы, можна і іх, прычым робіцца гэта больш чым у сарака пяці такіх музеях па ўсім свеце. Дакладней, 45 іх было ў 2009 годзе, паводле даследавання моўных музеяў Нарвежскага культурнага цэнтра. Лічыцца, што зараз мода на такія ўстановы. У згаданым даследаванні адзначалася, што на момант справаздачы планавалася стварыць яшчэ восем музеяў.

Першы музей мовы адчыніўся ў 1927 годзе ў Аўстрыі, гэта быў музей эсперанта. Наступны - пасля доўгага перапынку - у 1975 годзе, музей мовы афрыкаанс у Паўднёвай Афрыцы.

Вылучаюць некалькі тыпаў музеяў мовы. Адны з іх прысвечаны моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце. Гэткі, напрыклад, Міжнародны музей моваў у Даніі. Таксама распаўсюджаны музеі, тэма якіх - мінарытарная мова, напрыклад музей аксітанскай мовы ў Італіі. Наступны тып - музеі нацыянальнай мовы пэўнай краіны. Напрыклад, ва Украіне існуе музей гісторыі ўкраінскай мовы, які месціцца ў вёсцы Матвееўна Вільнянскага раёна Запарожскай вобласці. Да гэтага ж тыпу належыць і, напэўна, найбольш вядомы і вялікі моўны музей - музей партугальскай мовы ў Сан Паўлу, Бразілія.

Гэты музей быў адкрыты на трох паверхах былой чыгуначнай станцыі ў 2006 годзе на плошчы 4333 квадратныя метры. Менавіта на той станцыі многія эмігранты ўпершыню аказваліся ў партугаламоўным асяроддзі.

Вылучаюць і чацвёрты тып, хаця ён ахоплівае музеі, якія пакуль існуюць у лепшым выпадку ў праекце, - гэта музеі так званых сусветных моў: англійскай, кітайскай і іншых.

Прыналежнасць музея да пэўнага тыпу можа мяняцца. Напрыклад, музей афрыкаанс ствараўся ў рэчышчы ідэалогіі афрыканерскага нацыяналізму, аднак пасля краху апартэіду музей павярнуўся тварам да шматмоўнасці і шматкультурнасці.

Які тып музея патрэбны Беларусі? Верагодна, спалучэнне музея беларускай мовы і мовы ўвогуле. Што датычыцца моваў увогуле, то адпаведныя выставы змогуць узбудзіць цікавасць да моўных пытанняў у прынцыпе, зацікавіць наведвальнікаў ідэяй моўнай разнастайнасці.

Але галоўнай мэтай бачыцца папулярызацыя беларускай мовы. Таксама пашырэнне ведаў пра беларускую мову і мовы ўвогуле, стымуляцыя навуковых даследаванняў у галіне моўнага адраджэння і моўнай разнастайнасці. У нас ёсць літаратурныя музеі, таму варта, каб музей мовы не дубляваў іх, а вылучаўся арыгінальнасцю

Якім чынам музей можа спрыяць папулярызацыі мовы? Ён мусіць паказаць наведвальнікам, што беларуская мова задавальняе іх патрэбы: патрэбы ў багацці сродкаў самавыяўлення на мове, у прыгажосці, у разнастайнасці, патрэбу ў гонары за сваю гісторыю і іншыя.

Каб быць папулярным, трэба каб патрэбам наведвальніка адпавядаў і сам музей. Адной з такіх патрэб з'яўляецца патрэба ў здзіўленні. Дапусцім, як прапануюць праекціроўшчыкі музея англійскай мовы ў Вінчэстэры, там павінна быць "скарбніца" - хай невялікі, але ўнікальны збор артэфактаў, якія датычацца мовы. Гэта могуць быць сярод іншага першыя запісы голасу чалавека, які прамаўляе па-беларуску, запісы выступаў вядомых беларусаў і інш.

Калі ў музеі будуць матэрыяльныя артэфакты, то натуральна, што ён павінен мець сваё памяшканне, а не быць музеем-сайтам. Музей у будынку стане арыгінальным навукова-забаўляльным комплексам, месцам інтэлектуальнага адпачынку для ўсёй сям'і. Уласнае памяшканне дасць магчымасць стварыць на базе музея навукова-даследчы цэнтр моўнага адраджэння. Тут можна праводзіць сацыяльна-псіхалагічныя даследаванні, семінары і канферэнцыі, часовыя выставы.

Будынак дае шырокія магчымасці для задавальнення яшчэ адной патрэбы - патрэбы ў забаве. Для гэтага трэба адмовіцца ад канцэпцыі музея як месца, дзе ўсе толькі паважна ходзяць і глядзяць. Музей мае прапаноўваць як мага болей варыянтаў уласнай актыўнасці. Гэта, напрыклад, могуць быць усялякія інтэрактыўныя моўныя гульні: разгадка значэнняў старажытных, слэнгавых і дзіцячых словаў, складанне вершаў, загадкі, анаграмы, крыжаванкі, паліндромы, расшыфроўка кодаў, пошук словаў унутры словаў і яшчэ шмат чаго іншага.

Яшчэ ўявіце, напрыклад, што наведвальнікі ўваходзяць у залу з вялікім інтэрактыўным 3D экранам, на якім бачаць фільм ці анімацыю пра нейкае беларускае месца ў розныя перыяды яго існавання. Пры гэтым яны чуюць рэканструкцыю маўлення месцічаў, могуць перажыць усю эвалюцыю мовы. Дотык да пэўнга персанажа на экране "правакуе" яго на размову.

У музеі партугальскай мовы, напрыклад, маецца праекцыйны экран даўжынёй 106 метраў (адзін з самых вялікіх у свеце), на які адначасова праекцуецца 11 фільмаў. Там таксама маецца так званы моўны планетарый. Гэта амфітэатр, у якім тэксты і выявы праекцуюцца на сцены, столь і падлогу ў музычным суправаджэнні. Сярод тэкстаў - творы партугаламоўных пісьменнікаў і паэтаў, тэксты вядомых песняў. Увогуле, мова ў гэтым музеі прадстаўлена як менавіта дынамічная культурная спадчына, а тэхнічныя сродкі выкарыстоўваюцца, каб адлюстраваць яе няспынную трансфармацыю.

З гэтага ж музея можна пазычыць і яшчэ адну ідэю - інтэрактыўную карту мовы, з якой наведвальнік можна атрымаць інфармацыю пра асаблівасці гаворак пэўнага рэгіёна. Музей у Сан Паўлу наведвае больш за 600.000 чалавек штогод. Аднак цікавыя забаўкі прапануюць і невялікія моўныя музеі.

Напрыклад, Нацыянальны музей мовы ў ЗША, які месціцца ўсяго ў трох пакоях, дае наведвальнікам магчымасць папрактыкавацца ў кітайскай каліграфіі, разгадцы значэнняў індзейскіх словаў і г.д.

У гэтым музеі адна з экспазіцый расказвае пра эвалюцыю пісьмовага маўлення. У нашым будучым музеі можна зрабіць такую ж, дадаўшы гісторыю беларускага пісьма і прапанаваўшы наведвальнікам майстар-клас старажытнабеларускай каліграфіі.

Праекціроўшчыкі музея англійскай мовы збіраюцца выносіць экскурсіі па-за межы музея. Плануецца ладзіць вандроўкі па "моўных месцах" Вінчэстэра, прычым гідам будзе ўласная мабільная прылада з GPS. Мультымедыйныя тэхналогіі дазволяць, напрыклад, экспанаваць электронныя версіі беларускіх і сусветных старадрукаў, прычым з перакладам, агучкай і г.д.

Пры выбары экспанатаў варта надаць увагу не толькі (а можа, і не столькі) матэрыяльным экспанатам, а і жывому маўленню. Па-першае, гэта арыгінальна. Па-другое, гэта прадэманструе, што мова жывая, што яна не ператварылася ў стосы кніг. Згаданае нарвежскае даследванне паказала, што з 45 моўных музеяў толькі 15 арыентуюцца на вуснае маўленне. Хаця ідэя аўдыё-музеяў і архіваў з мэтай захавання моваў узнікла ў ЗША і Францыі яшчэ ў канцы 19 стагоддзя.

Дарэчы, з тэмай аўдыё звязаны яшчэ адзін матыў, якім можна скарыстацца, - эгаістычны. Напрыклад, кожнаму наведвальніку музея англійскай мовы будзе прапаноўвацца зрабіць уласны ўнёсак у музейную аўдыёкалекцыю. Кожны чалавек зможа пад запіс расказаць пра сябе што хоча, а потым паспрабаваць адшукаць свой голас у так званай гукавой скульптуры, што будзе складацца з галасоў тысяч папярэдніх наведвальнікаў.

Моўны музей будзе задавальняць і патрэбу аўдыторыі ў каранях. Наведвальнікі змогуць даведацца пра гаворкі, на якіх размаўляюць іх бабулі і дзядулі, а магчыма, і яны самі.

Мэта гэтага артыкула - пазнаёміць вас з ідэяй моўнага музея і шэрагам тэхналогій для яе рэалізацыі. Калі ідэя вам спадабалася, калі ласка, пішыце свае каментары, дасылайце прапановы ці нават цэлыя праекты арганізацыі музея на адрас Таварыства - яны будуць размешчаны на нашым сайце. А можа, у вас ёсць што прапанаваць у якасці экспанатаў? Вашы прапановы стануць унікальным ўнёскам у карысны праект, рэалізацыя якога - справа няпростая, але магчымая.

На заканчэнне - некалькі спасылак на сайты моўных музеяў:

Музей партугальскай мовы - museu dalinguaportuguesa.org.br

Нацыянальны музей мовы (ЗША) - langua gemuseum.org

Музей мовы афрыкаанс - taalmuseum. co.za

Музей венгерскай мовы - nyelvmu zeum.hu

Канадскі моўны музей - languagemuseum. ca