Маленькая навіна – яшчэ не «вялікая праўда»

Як навучыць падлетка арыентавацца ў моры інфармацыі? Шведскі педагог Ёран Андэрсан наведаў Беларусь, каб падзяліцца з беларускімі калегамі сваім 20-гадовым досведам работы ў медыяадукацыі.

Надзея Нікалаева

Усяго некалькі дзясяткаў гадоў таму паток медыяінфармацыі быў абмежаваны трыма-чатырма тэлеканаламі, цэнтральнымі газетамі і некалькімі часопісамі. А сёння падлетак знаходзіцца ў медыяпалоне амаль круглыя суткі. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, рэклама, камерцыйныя аб'явы, тэленавіны, кінафільмы, музыка, мноства радыёстанцый... Аўтаматычныя сэрвісы падказваюць нам, што купіць і дзе, у якую турфірму звярнуцца, з кім пазнаёміцца, што пачытаць...

Ніводнае папярэдняе пакаленне моладзі не сутыкалася з такім імклівым наступленнем медыяпаведамленняў. Яшчэ ў 1960–1970-я гады ў Еўропе і ЗША ўзніклі спецыяльныя праграмы падрыхтоўкі маладых людзей да жыцця ў інфармацыйным грамадстве. У 90-х гадах медыяадукацыя стала абавязковым кампанентам навучання ва ўсіх школах Канады, Аўстраліі, Фінляндыі і іншых краінах. Каб абараніць дзяцей ад шкоднага ўздзеяння медыя, іх вучаць у школе, як адсейваць і аналізаваць атрыманую інфармацыю, развіваюць у вучняў назіральнасць і крытычнае мысленне.

«Новая журналістыка»

У Беларусі пакуль робяцца толькі першыя крокі па ўкараненні медыяграматнасці ў вучэбны працэс. У верасні ў 13 школах стартаваў адпаведны праект, кансультантамі якога з'яўляюцца супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Мінулым летам група настаўнікаў прайшла стажыроўку ў Швецыі і Украіне. А нядаўна шведскі педагог Ёран Андэрсан наведаў Беларусь, каб падзяліцца з беларускімі калегамі сваім 20-гадовым досведам работы ў медыяадукацыі.

– Калі ў Швецыі нарадзілася ініцыятыва «Газета ў школе», лічбавае грамадства яшчэ не было сфарміравана, – расказвае Ёран. – Ініцыятыва належала асацыяцыі шведскіх газет. Рэгіянальныя газеты набіралі людзей для распаўсюджвання медыяграматнасці па ўсёй краіне. Большасць з іх – настаўнікі грамадазнаўства або шведскай мовы, а таксама журналісты. У кожнага з нас быў свой рэгіён уплыву. У першыя гады ў тыдзень я наведваў прыблізна тры–чатыры школы. Першапачаткова мы арыентаваліся на друкаваную прадукцыю, але з тых часоў свет змяніўся і наша задача ўскладнілася шматразова. У інтэрнэце сёння можна пачуць шмат галасоў... Гэта 20 гадоў таму былі журналісты з імёнамі, да якіх прыслухоўваліся. Цяпер жа ці не кожны лічыць сябе журналістам. У асабістых блогах, сацыяльных сетках, у чатах і на форумах многія лічаць патрэбным падзяліцца з усім светам сваімі думкамі або неправеранай інфармацыяй.

Гадоў пяць таму Стакгольм ускалыхнула забойства 16-гадовай дзяўчыны. Хлопец сустракаўся са сваёй аднакласніцай, але расстаўся з ёю. Новая сяброўка паставіла яму ўмову: ты павінен забіць маю папярэдніцу. Пасля таго, як паліцыя знайшла ў лесе цела дзяўчыны (па папярэдняй версіі, задушанай), шведскае агенцтва навін коратка паведаміла пра гэты факт. Аднак навіна выклікала вялікую зацікаўленасць у вучняў школы, дзе вучылася ахвяра. Ужо праз 30 хвілін на розных сайтах і форумах распачалося абмеркаванне. У інтэрнэце выкладваліся спасылкі на блог дзяўчыны і яе фотадзённік. Паліцыя тут жа заблакіравала доступ да іх. Але праз некалькі хвілін у сетцы з'явіўся фотаздымак, на якім прысутнічаў, як усе лічылі, віноўнік трагедыі: на яго ўказвала стрэлка з подпісам «Ці не ён забойца?» У інтэрнэце была выкладзена ўся інфармацыя аб ім, адрас хлопца, нумар тэлефона, старонкі ў сацыяльных сетках. Затым выклалі здымак яго новай сяброўкі, якая пазней была асуджана за падбухторванне да забойства. Высветлілася, што сервер, на якім размяшчалася інфармацыя, знаходзіўся на Карыбскіх астравах, і шведская паліцыя не магла перакрыць каналы для яе распаўсюджвання. Гэту інфармацыю і сёння можна знайсці ў інтэрнэце...

– Такія паводзіны маладых людзей цалкам разбураюць усе паняцці пра журналісцкую этыку, – канстатуе Ёран. – Тыя здымкі і тэксты, якія ніколі б не з'явіліся ў газетах, цяпер распаўсюджваюцца імгненна ў сацыяльных сетках. Нават з'явіўся тэрмін «новая журналістыка». Сёння любы чалавек можа быць сродкам мас-медыя: пляцоўкамі для «новых журналістаў» становяцца «Твітар», «Інстаграм», «Фэйсбук»... Вельмі шмат падлеткаў выкладваюць у інтэрнэце інфармацыю, якую нельга размяшчаць, і яны не разумеюць наступстваў сваіх бяздумных паводзін. Вось чаму веды, якія мы распаўсюджваем у школах, вельмі важныя і карысныя для ўсіх.

Маніпулятыўная сіла фатаграфіі

– Арганізацыя «Газета ў школе» 30 гадоў запар выдавала штомесяц часопіс «Нататка». Прыблізна 20–25 тысяч шведскіх настаўнікаў атрымлівалі яго бясплатна па пошце. І гэта было лепшае, што мы калі-небудзь рабілі, – канстатуе Ёран. – Вось, напрыклад, нумар, прысвечаны таму, як можна выкарыстоўваць газету на ўроках матэматыкі. Матэматыка лічыцца ў нашых вучняў самым нецікавым прадметам. Але ж матэматыку можна вывучаць не на абстрактных прыкладах...У навучальнай праграме занатавана, што педагогі павінны выкарыстоўваць як мага больш прыкладаў, блізкіх вучням. Гэта могуць быць дасягненні спартсменаў, геаграфічныя звесткі, паказчыкі ўзроўню беспрацоўя і гэтай далей. Для прыкладу, настаўнікі фізікі і хіміі рэдка прымяняюць на сваіх уроках элементы медыя. хоць навін у навуцы шмат....

Ёран стварыў шмат сшыткаў ў дапамогу настаўнікам. Напрыклад, сшытак па шведскай мове, дзе настаўнікам расказваецца, як можна сумясціць мас-медыя і выкладанне шведскай мовы. У шведскіх гімназіях праводзіцца тэсціраванне, і ў кожным такім тэсце ёсць заданне для вучняў – напісаць артыкул, рэпартаж або хроніку. Настаўнікі хацелі, каб у іх была мадэль для напісання, і медыякансультанты прыйшлі ім на дапамогу.

–  Мы таксама зрабілі сшытак у дапамогу настаўнікам, прысвечаны маральна-этычным аспектам журналістыкі, дзе прыводзілася шмат прыкладаў, пра што можна пісаць, а пра што нельга. Ёсць сшытак пра экалагічныя навіны – як іх правільна трактаваць? Ці сшытак пра тое, як праверыць крыніцу інфармацыі, сшытак, які тлумачыць, як аналізаваць газетныя тэксты. А мой любімы сшытак прысвечаны сіле ўздзеяння фатаграфіі, – прызнаецца Ёран. – Усе ведаюць, што адзін здымак можа сказаць больш за тысячу слоў і нават можа спыніць вайну.

Ёран дэманструе часопіс «Нататка» амаль дваццацігадовай даўнасці. На яго вокладцы змешчана фатаграфія прадстаўніцы шведскай сацыял-дэмакратычнай партыі Моны Салін. Якраз напярэдадні таго, як Мона Салін павінна была сесці ў крэсла прэм'ер-міністра краіны, у газетах з'яўляцца інфармацыя аб тым, што яна карысталася сваёй крэдытнай карткай не па прамым прызначэнні. Размова ішла аб працоўнай крэдытнай картцы, выдадзенай урадам, якой яна магла расплачвацца на дзелавых вячэрах. Аднак журналісты дазналіся, што Мона Салін разлічвалася карткай і ў асабістых мэтах. А калі будучы прэм'ер-міністр выкарыстоўвае грошы падаткаплацельшчыкаў на свае мэты, гэта падрывае давер да яго. Як толькі такая інфармацыя стала здабыткам грамадскасці, Мона Салін раптам ад'язджае на адпачынак. Праз два тыдні яна вяртаецца і дае прэс-канферэнцыю. Паказвае чэкі, квітанцыі на тавары, якія яна набыла для сябе, і сцвярджае, што ўсе грошы ўжо вярнула.
https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/img_4666-.jpg

– Але самае цікаўнае, як яна выглядае: Мона Салін упершыню апранута ў белы строй, а ў нас белы колер – колер нявіннасці, – расказвае Ёран. – Кожны раз, як пачынае гаварыць, яна кладзе руку на сэрца. У архівах ёсць тысячы фатаграфій Моны Салін, і ні на адной з іх яна такі жэст не выкарыстоўвала. З чаго мы робім выснову: Мона Салін была на «курсах» у іміджмейкераў, дзе яе навучылі, як апранацца, як усміхацца, як паводзіць сябе, каб паўплываць на нас з вамі. Той нумар «Нататкі» называўся «Маніпулятыўная сіла фатаграфіі» . Як з дапамогай мастацтва фатаграфіі можна эмацыянальна ўздзейнічаць на аўдыторыю...

«Компас» для інфармацыйных джунгляў

У 2011 годзе ў Швецыі быў прыняты новы план навучання, паводле якога школа павінна вучыць падрастаючае пакаленне крытычнаму і аналітычнаму мысленню. Для прыкладу, вучэбная праграма для гімназій па грамадазнаўстве мае на ўвазе, што вучні павінны карыстацца рознымі метадамі для збору і апрацоўкі інфармацыі, умець шукаць, структураваць і ацэньваць інфармацыю з розных крыніц, а таксама рабіць высновы з атрыманай інфармацыі. Фактычна ў гэтым і заключаецца ўвесь сэнс медыяадукацыі.

І тры гады таму шведскім аб'яднаннем газет з эканамічных прычын было вырашана згарнуць праграму «Медыякомпас». Але Ёран вырашыў не здавацца: ён пераканаў уладальнікаў 50 шведскіх газет прадоўжыць фінансаванне праграмы медыяграматнасці, хоць і ў меншым аб'ёме. Цяпер вялікі кавалак яго работы перанесены ў інтэрнэт.

Над інтэрнэт-рэсурсам mеdіеkоmраss.sе зараз працуюць усяго тры чалавекі. Іх аўдыторыя – 10–11 тысяч настаўнікаў, якія кожны панядзелак атрымліваюць бясплатную рассылку з карыснай інфармацыяй. У рассылку ўваходзяць дзве парады па правядзенні заняткаў: першая разлічана на дзяцей з 1 па 6 класы, а другая – на вучняў з 7 па 9 клас, а таксама на гімназістаў (гімназія ў Швецыі – гэта старшая ступень школы).

– Фактычна мы «сервіруем стол» для настаўніка, якому спрашчаем падрыхтоўку да ўрока, – усміхаецца Ёран. – Выкладаем спіс тэм, якія было б цікава абмеркаваць на школьных занятках з пісьмовымі заданнямі. Таксама кожны тыдзень прапануецца тэст у форме крыжаванкі для вучняў па веданні навін і іх крытычнай ацэнцы: шэсць пытанняў па падзеях у Швецыі і ў свеце.

У архіве сайта можна знайсці сотні гатовых урокаў, навіны і рэкамендацыі настаўнікам, як з гэтымі навінамі працаваць у класе. Ёсць старонка пра журналісцкую этыку, парады. Як размяжоўваць факты і меркаванні. Прадстаўлена і школа пісьма: як пісаць навіны, рэпартаж хроніку…Падпісацца на рассылку на сайце можа любы ахвотны.

Яшчэ адна форма работы са школьнікамі, якую шведы падгледзелі ў фінаў, гэта Тыдзень газет. Летась удзел у ім узялі 60-70 газет. Рэдакцыі або бясплатна прадастаўляюць для мерапрыемства газеты, або афармляюць для вучняў бясплатную электронную падпіску. Лагічна ўзнікае пытанне: а ў чым заключаецца інтарэс газет?

– Выхоўваючы граматнага чытача, газеты спрабуюць забяспечыць сваю будучыню. Але мы хоць і нанятыя работнікі, але ніколі не атрымлівалі заданне – прасоўваць нейкую канкрэтную газету. Задача медыякансультантаў – толькі інфармаваць. Я прыходжу ў школу толькі з тым, што будзе карысна  для маёй аўдыторыі, – падкрэслівае Ёран. – А з гімназістамі я сустракаюся для таго, каб патлумачыць ім, якія правілы і законы ўплываюць на работу журналістаў, па якіх законах жывуць медыя, і тым самым зрабіць з іх найбольш крытычна ўзброеных маладых людзей, якія ведаюць, як ім рэагаваць на тое, што публікуецца.

Галіна СУХАВА, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года–2009», настаўнік-метадыст гімназіі № 5 Віцебска, выкладае беларускую мову і літаратуру:

– Нашы дзеці перастаюць сумнявацца ў тым, што праўда, а што мана, перастаюць быць крытычнымі да сябе і свету, яны проста знаходзяцца ў лавіне інфармацыі і «спажываюць» у першую чаргу тую, якая з'яўляецца найбольш камфортнай для засваення – так бы мовіць, «лёгкакаларыйная». Яны вераць паведамленням электроннай пошты, адгукаюцца на просьбы клікнуць, адаслаць нумар мабільнага тэлефона. Мы не чакалі, што тэхнічная ўзброенасць нашых вучняў так імкліва будзе абганяць крытычнае разуменне імі таго, што яны запісваюць на дыктафоны, на фотакамеры і як гэта можа быць успрынята іншымі. Мы прайграем нашым дзецям у тэхнічным валоданні інфармацыйнай прасторай, аднак можам выйграць бой з неправеранай інфармацыяй, калі навучым нашых дзяцей крытычна мысліць. І тут у кожнага настаўніка-прадметніка павінна быць свая стратэгія вядзення гэтага бою.

Справа, хутчэй, у разуменні неабходнасці самім настаўнікам памяняць адпрацаваную гадамі сістэму правядзення такіх урокаў, у перанясенні акцэнтаў з тэарэтычных ведаў на практычныя ўменні. Мне можна запярэчыць, маўляў, мала хто з дзяцей будзе журналістам, мала каму на такім уроку ўдасца на належным узроўні скласці нататку. Але абавязкова знойдуцца тыя, хто зробіць фатаграфіі, хто паспрабуе інфармацыю перавесці ў графік ці аналітычную табліцу... І на такім уроку настаўніку літаратуры трэба будзе толькі навучыць дзяцей быць экспертамі якасці інфармацыі, якую яны збіраюцца размясціць на здымках, графіках.

Такі мой стратэгічны план барацьбы з пагрозамі медыйнай прасторы, у якім асноўнае  месца  займаюць  прыёмы развіцця  крытычнага  мыслення  вучняў.