Не трапіць у інфармацыйную пастку,
або Чаму мы гатовы праглынуць усё, што прапаноўваюць у віртуальнай прасторы
Надзея Нікалаева, Звязда
Сацыяльная сетка Facebook распачала кампанію супраць «фэйкавых» навін, якія насамрэч не ўяўляюць з сябе нічога, акрамя фальсіфікацыі, і ўводзяць карыстальнікаў у зман. У тым выпадку, калі карыстальнікі западозраць, што навіна — непраўдзівая, яны могуць пазначыць паведамленне адпаведным значком. Калі навіна набярэ шмат такіх значкоў, то яе распаўсюджванне ў сетцы будзе замаруджана.
Сёння сацыяльная сетка Facebook з’яўляецца адным з самых важных рэсурсаў распаўсюджвання навін па ўсім свеце. Калі б Facebook быў краінай, то па колькасці «насельніцтва» (471 мільён карыстальнікаў) ён заняў бы трэцяе месца ў свеце пасля Кітая і Індыі.
Даступнасць ці праўдзівасць?
У Беларусі Facebook займае па папулярнасці пяты радок: першыя чатыры пазіцыі трымаюць сацыяльныя сеткі «Аднакласнікі», «УКантакце», «My maіl.ru» і Twіtter. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім быў падрыхтаваны зборнік «Медыя-сфера Беларусі» (сацыялагічны аспект), які абапіраецца на вынікі сацыялагічных даследаванняў, што праводзіліся ў краіне ў 2009-2014 гадах.
Адным з асноўных спажыўцоў інтэрнэт-кантэнту з’яўляецца навучэнская моладзь. Як вынікае з даследаванняў, маладыя людзі ўспрымаюць сусветнае павуцінне ў першую чаргу як крыніцу інфармацыі (94%). 76% разглядаюць інтэрнэт як магчымасць для стасункаў або як сродак перадачы інфармацыі. І для кожнага другога ўдзельніка апытання інтэрнэт — гэта магчымасць баўлення часу.
Навучэнцам было прапанавана ацаніць, якія характарыстыкі ўласцівыя інфармацыі, што распаўсюджваецца ў глабальным сеціве. Абсалютная большасць студэнцкай моладзі (95,3%) найбольш важнай уласцівасцю лічыць яе даступнасць.
На другім месцы размясціліся актуальнасць (88,3%) і змястоўнасць (73,2%). Менш значнай характарыстыкай, на думку апытаных, з’яўляецца дакладнасць (праўдзівасць) — на гэта ўказалі толькі 52,6% рэспандэнтаў.
Для студэнцкай моладзі найбольш папулярнымі інтэрнэт-рэсурсамі застаюцца сацыяльныя сеткі. Маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў аддаюць перавагу сетцы «УКантакце». Асабісты профіль у сетках маюць 96% рэспандэнтаў. Юнакі і дзяўчаты праводзяць на старонках сацыяльных сетак больш часу, чым на якіх-небудзь іншых рэсурсах. А вось традыцыйныя СМІ (прэса, тэлебачанне і радыё) губляюць сваё значэнне ў студэнцкім асяроддзі.
Фэйкавая «дыверсія»
Анлайн-тэхналогіі адкрываюць перад намі такія магчымасці, якія цяжка было ўявіць яшчэ 20 гадоў таму. У кіберпрасторы кожны можа ствараць і распаўсюджваць самы розны кантэнт, незалежна ад сваёй адукацыі, кругагляду і жыццёвага досведу. Са з’яўленнем інтэрнэту вырасла колькасць інфармацыі і меркаванняў. Сацыяльныя сеткі, блогі і анлайн-відэа робяць патэнцыяльным журналістам фактычна кожнага чалавека. Але калі «журналісты» — усе, гэта значыць — ніхто! Розныя крыніцы могуць супярэчыць не толькі ў меркаваннях, але і ў фактах. У выніку інфармацыйная прастора аказалася моцна «забруджанай»…
Газета, створаная старшакласнікамі, — удзельнікамі міжнароднай медыяшколы ў горадзе Буча.
У жніўні мінулага года група беларускіх настаўнікаў і метадыстаў паўдзельнічала ў летняй міжнароднай медыяшколе ў горадзе Буча ля Кіева. Украінскія медыяпедагогі і вучні старшых класаў украінскіх школ разам з беларускімі гасцямі на працягу шасці дзён асвойвалі на практыцы стварэнне школьнай газеты і блогаў.
Пра тое, як імкліва фэйкавая навіна распаўсюджваецца ў інтэрнэце і як яна ўспрымаецца аўдыторыяй, удзельнікі медыяшколы мелі магчымасць пераканацца на ўласныя вочы. Для гэтага ў сацыяльнай сетцы была запушчана «навіна» пра тое, што харкаўскі Feldman Ecopark з-за фінансавых праблем закрываецца, таму трэба як мага хутчэй знайсці людзей, якія змогуць забраць жывёлін да сябе. Навіна была размешчана ў групе «Харьков Cіty» (яе колькасць складала 95,5 тысячы чалавек) праз створаную загадзя фэйкавую старонку. Пасля апублікавання распачалося бурнае абмеркаванне ўкінутай у сетку інфармацыі. Запіс імкліва набраў 33 негатыўныя водгукі, 5 рэпостаў і 43 каментары. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што знайшлося шмат неабыякавых людзей, гатовых кінуцца ратаваць жывёлін. Хтосьці тэлефанаваў знаёмым, спрабаваў удакладніць інфармацыю праз супрацоўнікаў экапарку. І ўсё ж некаторыя западозрылі, што старонка Цімура Дурава — не сапраўдная, што ўсё гэта фэйк, і нельга давяраць «навінам» ад незнаёмага чалавека. А праз пэўны час на фэйк адгукнуўся нават адміністратар інфармацыйнага цэнтра экапарку, каб абвергнуць гэта паведамленне.
Стваральнікі фэйкавай навіны папрасілі прабачэння ва ўсіх, каго ўвялі ў зман, і параілі на будучыню падвяргаць праверцы любую падазроную інфармацыю…
Для даведкі: фэйк — слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць закранаць за жывое тых, хто іх чытае: у гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі і ён верыць нават у самую неверагодную інфармацыю.
«Прышчэпка» ад шкоднага ўздзеяння
— Ад сённяшняга спажыўца навін патрабуецца ўменне не толькі чытаць, але і аналізаваць іх, наяўнасць своеасаблівага ўнутранага фільтра, які дазваляе рабіць правільныя высновы наконт надзейнасці крыніцы інфармацыі, — лічыць выканаўчы дырэктар Акадэміі ўкраінскай прэсы, медыяпедагог і кінакрытык Аксана Валашанюк. — Але ці ўсе на гэта здольныя?
Акадэмія ўкраінскай прэсы была створана ў 2002 годзе і да 2011 года займалася выключна журналісцкімі пытаннямі і праблемамі. Сёння ж акадэмія ўяўляе сабой адзін з галоўных цэнтраў медыяасветы ва Украіне.
— Мы вырашылі перагледзець нашу місію і накіраваць свае намаганні на выхаванне крытычнага ўспрымання медыя шляхам укаранення медыяасветы ў навучальны працэс, — расказала Аксана Валашанюк. — Ад жадання «зрабіць прышчэпку» ад шкоднага ўздзеяння медыя да развіцця ў падрастаючага пакалення крытычнага мыслення і аналізу медыя нас аддзяляе шлях працягласцю ў тры гады. У 2011 годзе слова «медыяасвета» было амаль невядомае і асацыявалася ў многіх з уменнем працаваць з камп’ютарам. А сёння ўжо 21 тысяча педагогаў, так бы мовіць, у тэме: усе яны прайшлі праз адпаведныя курсы…
Спачатку для ўдзелу ва ўсеўкраінскім медыяасветным эксперыменце была адабраная 81 школа, дзе ў 10-11-х класах увялі курс «Медыякультура» (культура зносін з медыя. — Аўт.). Сёння ў эксперыменце задзейнічаны ўжо 240 школ у васьмі абласцях. Больш за тое, у яго ўключыліся і публічныя бібліятэкі. Медыяасветай ахоплены школьнікі самага рознага ўзросту: і пачатковай школы, і сярэдніх класаў, і старшакласнікі. У свет выйшаў дапаможнік «Практычная медыяасвета», куды ўвайшло 39 лепшых аўтарскіх урокаў…
Вельмі цікавы праект — анлайн-гульня «Медыязнайка». Яе распрацаваў цэнтр медыяініцыятыў Арменіі ў партнёрстве з «Інтэрньюс» (ЗША). Мэтавая аўдыторыя гульні — школьнікі 15-17 гадоў. Падлеткам прапануецца прайсці 9 этапаў («Гісторыя медыя», «Аналізуем медыя», «Друкаваныя СМІ», «Тэлебачанне», «Радыё», «Інтэрнэт» і г.д.), даць адказы на пытанні, стварыць сваю тэлепраграму, газету і сайт, даведацца, як працуюць медыя і як яны ўплываюць на нас з вамі.
Яшчэ адзін не менш цікавы праект акадэміі — партал «Медыяадукацыя і медыяграматнасць»: на гэтым інтэрнэт-рэсурсе сабраная ўся карысная для настаўнікаў і выкладчыкаў інфармацыя: прэзентацыі, праграмы лекцый і ўрокаў, відэаматэрыялы і публікацыі.
Шмат увагі ва Украіне надаюць стварэнню школьных газет — гэта яшчэ адзін са спосабаў выхаваць граматнага і адказнага медыяспажыўца. Акадэмія украінскай прэсы выпусціла метадычны дапаможнік «Як стварыць сучасную школьную газету, а настаўнік з Магілёва Юрась Каласоўскі пераклаў яго на беларускую мову. Ёсць ва Украіне і партал школьнай прэсы, на якім даступныя 30 электронных версій газет.
Віртуальная свядомасць
Пра культурны і інтэлектуальны ўплыў інтэрнэту на мозг сучаснага чалавека цудоўна напісаў Нікалас Кар у кнізе з сімвалічнай назвай «Пустышка». Характарызуючы свой стан, вучоны адзначае: «Раней мне не цяжка было паглыбіцца ў кнігу ці вялікі артыкул. Мой мозг захапляўся паваротамі сюжэту або цікавымі аргументамі, і я мог праводзіць гадзіны за чытаннем сотні старонак тэксту. Цяпер гэта адбываецца надзвычай рэдка. Сёння маё мысленне пачынае блукаць пасля адной-дзвюх старонак. Я адчуваю, што пастаянна прымушаю свой капрызлівы мозг вяртацца да тэксту. Захопленае чытанне, якое раней было натуральным навыкам, пераўтварылася для мяне ў барацьбу».
Фэйкавая старонка ў сацыяльнай сетцы з «навіной»: «Трэба тэрмінова ўладкаваць жывёлін…»
Устаноўлена, што чалавекам, які праводзіць асноўную частку жыцця ў віртуальнай прасторы, значна прасцей маніпуляваць. З экранаў мы атрымліваем толькі мноства слаба звязаных паміж сабой фактаў, у нас адключаецца логіка, губляецца прычынна-выніковая сувязь. Французскія медыя-
псіхолагі нават увялі такое паняцце, як віртуальная калектыўная свядомасць. Інтэрнэт-аўдыторыя з гатоўнасцю «праглынае» ананімныя фэйкавыя паведамленні.
Дарэчы, як сведчаць даследаванні, 78% людзей давяраюць сваім кантактам у сацыяльных сетках. Вось чаму кожны, хто распаўсюджвае нейкую інфармацыю ў сацыяльных сетках або робіць перапост, павінен задумацца над тым, як яго дзеянні могуць паўплываць на іншых. Сацыяльны эксперымент удзельнікаў летняй медыяшколы ў Бучы пераканаў усіх у тым, што чым меншы населены пункт — тым большая колькасць людзей у ім схільная давяраць чуткам, таму што тут, як той казаў, «усе свае». А вось у вялікіх гарадах значна больш людзей спрабуюць праверыць інфармацыю, перш чым паверыць у яе і расказаць сваім знаёмым.
Што трэба ведаць, каб не стаць аб’ектам маніпуляцый:
Што трэба ведаць, каб не стаць аб’ектам маніпуляцый:
— Вельмі важна адрозніваць факты ад меркаванняў. Такія фразы, як «думаю», «хутчэй за ўсё», «магчыма» азначаюць, што аўтар асцярожнічае…
— Засцерагайцеся навін з ананімных крыніц. За імі могуць стаяць людзі, якія не валодаюць інфармацыяй ці пераследуюць свае інтарэсы. Ананімнасць пазбаўляе ад адказнасці за пададзеную інфармацыю.
— Правярайце навіну перад тым, як яе распаўсюдзіць. З аднаго боку, сацыяльныя сеткі дазваляюць нам даведацца пра нейкую навіну хутчэй, чым з газет або тэлебачання, але з іншага боку — яны таксама спрыяюць распаўсюджванню чутак і могуць перадаваць непраўдзівую інфармацыю яшчэ доўгі час пасля яе абвяржэння.
— Перад тым, як падзяліцца неверагоднай ці шакіруючай навіной, пашукайце дадатковую інфармацыю ці нюансы, якія вы маглі прапусціць, а таксама даведайцеся, што пра гэта гавораць іншыя.