Апошнім часам шмат разважаюць пра неабходнасць дэбюракратызацыі школы, пра тое, што педагогамі камандуюць усе запар. Зараз рыхтуюцца карэкціроўкі ў Кодэкс аб адукацыі, і многія спадзяюцца, што змены будуць да лепшага. Чытачы «Звязды» таксама не застаюцца ў баку ад абмеркавання праблем школы…
«Парадоксы і сітуацыі» (27.03.2015)
Суправаджэнне правозу дзяцей у школу аплачваецца з прэміяльных грошай як пашырэнне службовых абавязкаў, па ўзгадненні з прафсаюзнай арганізацыяй школы. У школах з камплектам навучэнцаў 150 чалавек на такія выплаты выдаткоўваецца прыкладна 3 000 000 рублёў з прэміяльнага фонду настаўнікаў. Гэтыя грошы ідуць на аплату працы настаўніка, які суправаджае вучняў на канферэнцыі, у завочныя школы, працу са школьным сайтам і г.д.
«Каб набраць профільны клас, дзяцей яшчэ трэба падцягнуць да таго ўзроўню, каб яны маглі вывучаць прадмет паглыблена. Які сэнс, што ў нас адкрылі профільныя класы, а вучні не могуць засвоіць іх праграму?»
А вось гадзіны вучэбна-выхаваўчай работы і факультатыўных заняткаў патрабуюць дадатковых тлумачэнняў пра ўмовы іх размеркавання, бо гэта выклікае шмат спрэчных пытанняў у школах. Напрыклад, як можна растлумачыць 4 гадзіны ў тыдзень класнага кіраўніцтва ў класе з 7 навучэнцамі? Або 2 гадзіны факультатыўных заняткаў па матэматыцы ў класах з узроўнем ведаў вучняў, не вышэйшым за другі?
Канстанцін.
«Адзнака ў школе: пернік ці бізун?» (21.03.2015)
Я займаўся безадзнакавым навучаннем на працягу пяці гадоў. Распрацаваў методыку арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, якая змяншае колькасць папер і дае добры вынік у фарміраванні адэкватнай самаацэнкі вучняў. Насамрэч, праблема безадзнакавага навучання не ў паперах, а ў галавах дарослых. Стэрэатып «адзнакі», як «халера», перакідваецца з галоў дарослых у галовы дзяцей. Святлана Гін правяла вельмі цікавае даследаванне. Аказваецца, вучні атрымліваюць адзнакі для бацькоў! Ёсць пра што задумацца… І не трэба тады шукаць адказ на пытанне, чаму дзеці не хочуць хадзіць у школу… Калі яны ў пачатковай школе на асэнсаваным узроўні не навучацца атрымліваць веды і не адчуюць асалоду ад паспяховай дзейнасці (а пры безадзнакавым навучанні гэта адна з асноўных ідэй), то ў старшых класах ні бізун, ні пернік, ні аўтарытэт бацькоў не змогуць прымусіць іх вучыцца. Практыка паказвае, што адзнакі патрэбны не столькі дзецям, колькі дарослым. Калі ў класе на ўроках цікава, то вучні і не ўспамінаюць пра адзнаку, асабліва на ўроках малявання і працы.
Міхаіл.
Безадзнакавая сістэма ў пачатковай школе дае магчымасць адаптацыі дзецям, якія ідуць у школу, чакаючы чагосьці новага, без «ярлыкоў» выдатнікаў і двоечнікаў. Настаўніку такая сістэма дае магчымасць разгледзець здольнасці навучэнца, адкарэктаваць яго паводзіны. Вельмі добрая, на мой бацькоўскі погляд, сістэма.
Ірына.
«Вырасціць і выхаваць педагога» (04.03.2015)
Профільныя педагагічныя класы — гэта добра, але педагагічныя ВНУ яшчэ доўга будуць напаўняцца па рэшткавым прынцыпе, пакуль дзяржава не вырашыць пытанне з заробкамі. Яго і зараз можна вырашыць, прыбраўшы з адукацыі лішнія структуры і расставіўшы прыярытэты правільна: на першае месца паставіць заробкі педагогаў, а не дарагія і бессэнсоўныя закупкі абсталявання для школ.
Можна было б павысіць зарплату за кошт арганізацыі платных паслуг пры школе, але не так, як гэта робіцца цяпер, калі бацькі за курсы пералічваюць школе 15 000 000 рублёў, а настаўнікі з гэтай сумы атрымліваюць 2 800 000. Можна зразумець, калі ў дзяржавы няма сродкаў на тое, каб павысіць заробкі настаўніку. Але як зразумець, калі настаўнік арганізуе платныя паслугі пры школе, але атрымлівае за сваю працу «капейкі»? Калі мы хочам, каб маладыя спецыялісты затрымліваліся ў школах, трэба ствараць для іх усе ўмовы, каб яны маглі зарабляць сваім талентам і сваёй галавой. Не падумайце, што на платных курсах практыкуецца «абдзіралаўка» бацькоў. Бацькі ў тыдзень плацяць толькі да 20 000 рублёў — і гэтыя грошы не супастаўныя з тымі, якія яны аддаюць рэпетытарам! А плата за некаторыя курсы, без выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, наогул не выходзіць за 10 000 рублёў у тыдзень.
Цяпер усе кінуліся абмяркоўваць «якасць» падручнікаў. Мы зноў гатовы «ўбухаць» велізарныя грошы ў сумніўную авантуру. Падручнікі нельга мяняць так часта: больш выгадна іх перавыдаваць. Калі толкам разабрацца, то прычына нізкай паспяховасці па многіх прадметах хаваецца не ў саміх падручніках, а ў часе, які павінен адводзіцца на вывучэнне гэтых прадметаў. У 6-м класе на вывучэнне матэматыкі даецца 5 гадзін у тыдзень, а ў 7-м класе, дзе з’яўляецца геаметрыя, — 4 гадзіны ў тыдзень! Раней на вывучэнне курса матэматыкі адводзілася 6 гадзін у тыдзень, а ў некаторых класах на вывучэнне алгебры і геаметрыі ў другім паўгоддзі было 7 гадзін! Рэзкае скарачэнне колькасці гадзін прывяло да таго, што колькасць матэрыялу, які вучні павінны засвоіць на ўроку, узрасла на траціну. Цяпер многія тэмы школьнікам даводзіцца вывучаць самастойна, а калі яшчэ і ўрокі прапускаюцца па якіх-небудзь прычынах, то працэс вывучэння прадмета заканчваецца на паняційным узроўні. Як можна марыць пра замацаванне ведаў? Паспець бы проста прайсці праграму!
«Як хочацца, убачыўшы, што пад’язджае аўтобус з праверкай, не трэсціся ад страху, а радасна сказаць: «Ура, прыехалі метадысты і спецыялісты, якія дапамогуць вырашыць маю праблему хутка і якасна».
Між іншым, вучняў зрываюць з заняткаў па любых прычынах. У сярэднім за год яны прапускаюць каля месяца паўнавартасных заняткаў, і ніхто за гэта адказнасці не нясе. Бяда яшчэ і ў наступным: рэформай сярэдняй адукацыі займаюцца і тыя, хто ў школе нават дня не працаваў. Размовы зараз вядуцца толькі пра падрыхтоўку ў ВНУ, ЦТ і пра профільныя класы. Выбачайце, але каб набраць профільны клас, дзяцей яшчэ трэба падцягнуць да таго ўзроўню, каб яны маглі вывучаць прадмет паглыблена. Які сэнс, што ў нас адкрылі профільныя класы, а вучні не могуць засвоіць іх праграму? Гэта прынцып даміно: у нас здаюць ЦТ і ідуць у ВНУ, але не гатовы вучыцца па праграме ВНУ.
«Навошта ў школе тры ўрокі фізічнай культуры!» — абуралася мая маці, якая, заўважу, выкладала каля 40 гадоў гэты прадмет у школе. Насамрэч, ці патрэбны тры ўрокі фізічнай культуры ў школе? А ці патрэбны ўрокі па асновах бяспекі жыццядзейнасці? Няўжо стала менш няшчасных выпадкаў з дзецьмі? Раней гэтыя тэмы разглядаліся адзін раз у месяц на класных гадзінах 10-15 хвілін і 20-30 хвілін адводзілася ім на класных гадзінах перад канікуламі. Цяпер жа гэта асобны прадмет у школе, які затрымлівае нашых дзяцей яшчэ на адну гадзіну. А, магчыма, гэтую гадзіну лепш выдаткаваць на фізіку або матэматыку? Каб у настаўніка было больш часу для тлумачэння тэмы, затое дома вучням бы не прыйшлося самастойна вывучаць тое, што не паспелі зрабіць разам з настаўнікам на ўроку… У савецкія часы, калі ў школе было 6-7 гадзін матэматыкі і 3-4 гадзіны фізікі на тыдзень, я наогул вельмі рэдка задаваў хатняе заданне, ведаючы, што калі я вучня не навучыў на ўроку, то карысці ад хатняга задання ўсё роўна не будзе. Але тады я мог сабе гэта дазволіць, а цяпер — толькі спачуваю вучням.
Анатоль САФОНАЎ.
«Дваццаць дакументаў замест пяці даводзіцца запаўняць педагогам» (12.02.2015)
Мне здаецца, што гэтая праблема ніколі не вырашыцца. Кожны дзень аддзелы адукацыі, спорту і турызму шлюць новыя планы, патрабуюць новыя справаздачы. Кожны правяраючы, калі чытае той ці іншы школьны дакумент, хоча падладзіць яго пад сябе, пад сваё бачанне. Ніхто не бярэ пад увагу перамогі вучняў у конкурсах, спаборніцтвах на абласным і рэспубліканскім узроўнях: галоўнае — каб справаздачы былі напісаны так, як хоча спецыяліст з аддзела адукацыі.
Праз паперы, праз мноства конкурсаў мы не бачым дзяцей. Душа і сэрца ўжо крычаць: «Дайце спакойна працаваць! Шануйце настаўніка! Паважайце яго працу!» Мы працуем без выхадных, часам без абеду! Не пералічвайце вучняў у шосты школьны дзень. Няхай кожная сям’я выбірае, што для дзіцяці больш важна. Каб настаўнік не баяўся таго, што ў суботу прыедзе праверка і калі колькасць навучэнцаў будзе нізкай, то яго школа будзе «гучаць» у даведцы кантролю на ўвесь раён. Як хочацца, убачыўшы, што пад’язджае аўтобус з праверкай, не трэсціся ад страху, а радасна сказаць: «Ура, прыехалі метадысты і спецыялісты, якія дапамогуць вырашыць маю праблему хутка і якасна».
«Безадзнакавая сістэма ў пачатковай школе дае магчымасць адаптацыі дзецям, якія ідуць у школу, чакаючы чагосьці новага, без «ярлыкоў» выдатнікаў і двоечнікаў».
Школа — гэта дзеці. Яны патрабуюць увагі і павагі. А мы ў мітусні справаздач, праверак, розных нарад, пасяджэнняў забываемся пра нашу галоўную задачу. Спецыялісты аддзелаў адукацыі працуюць з паперамі, і кожны з іх курыруе свой напрамак, а намеснік дырэктара па выхаваўчай працы павінен ахапіць усё і паказаць кожнаму спецыялісту глыбокую, змястоўную працу па кожным з іх: а гэта 11 кірункаў Канцэпцыі бесперапыннага выхавання навучэнцаў і моладзі плюс гандаль людзьмі, карупцыя і іншыя. Працуючы ў школе больш як 20 гадоў, бачу, што ад гэтых папер, планаў, справаздач, даведак нашы дзеці не сталі лепшымі. Мы жывыя людзі, якія павінны не страчваць на працы сваё здароўе, а атрымліваць ад яе радасць і задавальненне, адчуваць падтрымку не толькі з боку вучняў (хоць гэта — самае галоўнае), але і з боку спецыялістаў, метадыстаў, кіраўнікоў усіх структур…
Тамара