«Мы вучылі вас шчырасці». Ну-ну…

Назіранні за адным школьным выпускным

Іна Хоміч, «Брестский курьер»

Выпускны вечар – несумненна архіважная падзея ў жыцці кожнага школьніка. Але чалавеку звонку, не ўцягнутаму нейкім чынам у навучальны працэс, таксама карысна паназіраць за выпускнымі ўрачыстасцямі – асабліва афіцыйнымі.

Як выглядае сцэнар такога мерапрыемства? Хто і пра што там гаворыць? Як характарызуе ўрачысты вечар сучасную школу? Мы пабывалі на адным з такіх вечароў і зрабілі свае высновы.

Галівуд прадстаўляе

Спачатку пра добрае. Як і ва ўсе гады, выпускны – гэта проста радасць для вока. Дзяўчаты прадумваюць свой строй за месяцы да падзеі, мала саступаюць ім у гэтым і хлопцы. Мода з года на год мяняецца, але агульная тэндэнцыя – быць самымі прыгожымі ў кантэксце сучасных модных трэндаў захоўваецца. Сёлета таксама выпускніцы амаль усе абралі ў якасці святочнага касцюма сукенку, дапоўненую туфлямі на высокіх абцасах і стылёвымі аксэсуарамі. Прычым адна сукенка мела нацыянальныя матывы. Але некалькі асоб прыгожага дзявоцкага полу не пабаяліся пайсці насуперак традыцыі і апранулі сімпатычныя камбінезоны ці касцюмы са штанамі.

Хлопцы таксама даўно перасталі быць нязграбнымі вешалкамі дарослых касцюмаў. Цяпер яны тыя яшчэ моднікі, гатовыя паспрачацца за ўвагу з прыгажунямі-аднакласніцамі. Трэндавыя піджакі з нашытымі налакотнікамі, модныя вузкія штаны і зручны напаўспартыўны абутак – усё гэта пасуе маладзёнам і не змушае іх набываць празмерна сур’ёзны выгляд.

А цяпер уявіце, што ўвесь гэты парад мадэляў знаходзіцца на адной сцэне – хочацца часамі выключыць гук і проста назіраць за карцінкай. Тым больш што яе выдатна дапаўняла з густам убраная сцэна.

Няхай жыве інтэрнэт!

Але выключаць гук мы не будзем, наадварот, прыслухаемся да словаў, што ляцяць з мікрафонаў. Вечар вядуць самі выпускнікі, якія пастаянна змяняюць адзін аднаго так, каб у канферансе паўдзельнічала як мага больш вучняў. Гэта добра і педагагічна – у лянівых мала магчымасцей саскочыць з грамадскай нагрузкі. Але ёсць у такога падыхода істотны недахоп: юнакі адказныя толькі за сваіх пару фраз, а не за агульную канцэпцыю свята. Выразна адчуваецца, што сам сцэнар напісаны настаўнікам ці настаўнікамі. А хутчэй за ўсё яшчэ горш – спампаваны з інтэрнэта і крыху адаптаваны. Менавіта па гэтай прычыне замест жывых і канкрэтных успамінаў, эмоцый і ўражанняў з мікрафона пастаянна льюцца салажавыя абстрактныя фразы, якія зусім ненатуральна гучаць з вуснаў маладых людзей. Кшталту: “Мы просім развітальнага слова нашага дырэктара” або: “Прыемна ўсведамляць, што і работнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму пра нас не забываюць, заўсёды нам дапамагаюць і часта, як добрыя сябры, прыходзяць у госці”.

Калі б вучням прапанавалі выказаць удзячнасць настаўніцы матэматыкі і задаць ім курс на шчырасць і крэатыўнасць, я ўпэўнена, яны прыгадалі б нешта сапраўды смешнае з урокаў, а не паўтаралі банальны жарт: “З таго часу, як вы апусцілі свой перпендыкуляр на нашы сэрцы, мы ніяк не можам знайсці радыус акружнасці для апісання сваіх пачуццяў”. І настаўніцы гісторыі ім знайшлося б сказаць нешта больш рэальнае, чым гэтую фразу, спісаную з нейкага расійскага сцэнара: “А помніце, як на гісторыі нас прасілі пералічыць усіх рускіх цароў? – Так, і на Пятры 15-м нервы Аксаны Ігараўны не вытрымалі”. Вы ж таксама не думаеце, што ў беларускай школе так шмат лішніх гадзін, што на гісторыі вывучаюць усе дынастыі рускіх самадзержцаў?

Доўга бадзяліся па інтэрнэце, перш чым трапіць у сцэнар школьнага выпускнога і шматлікія жарты. Відаць, у тым ліку і па гэтай прычыне над імі ніхто не смяяўся. Ніхто – гэта значыць не толькі выпускнікі і настаўнікі, якім яны надаелі падчас рэпетыцый, але і бацькі, што былі самымі ўдзячнымі слухачамі вечара. Абраслі бародамі жарты: “Шмат размаўляе на рускай мове (заўвага ўдзённіку)”, “Іх любімы ўрок хімія, бо любяць нахімічыць”, “Дзеці цягнуцца да кніг, бо за падручнікам зручна хавацца падчас апытання” і многія іншыя. Не думаю, што настаўнікі спадзяваліся на тое, што агульны анекдот нехта прыме за чыстую манету – рэальную сітуацыю ў канкрэтным класе, і таму тым больш незразумела, чаму было не замяніць іх сапраўднымі гісторыямі, якія слухаліся б са слязьмі мілавання з боку бацькоў і шчаслівым рогатам выпускнікоў.

“Паэзія” школьнага жыцця

Не ведаю, што там з іншымі выпускнымі, але пафаснасць таго, на якім апынулася я, часамі проста зашкальвала. Словы дзеля словаў, за якімі губляўся сэнс, ліліся з дакладна той мажорнай інтанацыяй, якую часта можна пачуць на афіцыйных мерапрыемствах рознага ўзроўню. У такой інтанацыі навучылі гаварыць вучняў, з такой інтанацыяй гаварылі і самі настаўнікі. Яны быццам і хацелі б сказаць нешта тыпу: “Дзеткі, мы вас усіх любім! Не забывайце нас!”, але атмасфера і шматгадовая звычка прымушала замест гэтага з надрывам казаць пра “радасны і трохі сумны дзень, дзень, калі вы развітваецеся са сваім школьным жыццём”, пра “скрыжаванне жыцця, з якога пачынаецца новы адлік – адлік самастойнага дарослага жыцця” і т.п..

Але ўсё гэта яшчэ можна было б цярпець, каб не шматлікія пошлыя вершы. Кожны, хто хоць раз на дзень нараджэння атрымліваў эсэмэскі з безадноснымі да асобы паэмамі, разумее, пра што я кажу. Але эсэмэскі можна не чытаць,  адразу выдаліўшы с тэлефона, а не слухаць два дзясяткі вершаў цягам трох гадзін было немагчыма. Яны былі ўкладзеныя ў словы вядучых, імі віншавалі выпускнікоў настаўнікі на сцэне, іх зачытвалі ў відэазваротах да вучняў тыя педагогі, якія не бралі слова на жыва.

«Сегодня выпускной, прощальный вечер. / Окончена школа, что теперь? / Теперь во взрослый мир открылись двери, / Мир полон новых, неизведанных вещей. / Хотим вам пожелать успехов, / Счастья, стремлений благородных и идей! / Пусть вам везде сопутствует удача / И будет много верных, преданных друзей!». Выдатны тэкст для перадачы “Прыміце віншаванні”, а вось для мерапрыемства ўстановы, дзе вучаць добрай паэзіі і шчырасці, так сабе. Затое настаўнікам добра – адзін і той жа верш можна чытаць дзесяцігоддзямі на кожным выпускным. Як і эсэмэску з вершаваным віншаваннем можна высылаць па коле ўсім сябрам. Эфект успрымання прыкладна аднолькавы.

І самае сумнае

Настаўнікі па чарзе нагадвалі выпускнікам, што яны ў свой час навучылі іх любіць сваіх блізкіх і сваю зямлю. Толькі вось прыналежнасці канкрэтнай школы і яе калектыва да гэтай зямлі за ўвесь выпускны вечар я не адчула ні разу. Пазычаны з рунэту сцэнар срабіў сваю справу, і пра Беларусь тут не нагадвала нічога. І я кажу нават не пра мову, якая амаль не прысутнічала на сцэне, а пра сам дух. Дакладна такое ж мерапрыемства з тым жа тэкстам магло быць у якім-небудзь Варонежы, толькі назвы гарадоў памяняй. Таму і не заўважылі настаўнікі-арганізатары ляпу з рускімі царамі – той жарт цалкам камфортна ўлёгся ў асноўную канву.

Больш таго, аднойчы прамоўленае слова “Беларусь” нават рэзанула вуха лёгкай нязграбнасцю. І сказана было не ў кантэксце радзімы, не. Дырэктар, каверкаючы словы, усяго толькі прачытала напісаную па-беларуску грамату, дадзеную выпускніцы за поспехі ў вывучэнні гісторыі Беларусі.

Дарэчы, шмат поспехаў было ў вывучэнні рускай, ангельскай моў, фізкультуры, фізікі і ніводнага – у вывучэнні беларускай мовы і літаратуры. Калі гэта тыповая сітуацыя, то без вагання можна сказаць – айчынная школа ўжо страціла суверэнітэт. Беларускімі пакуль што застаюцца толькі канцылярскія штампы, якія замест пячаткі ставілі ў той вечар на руку сек’юрыці.

Штамп і некалькі каравых слоў па-беларуску. Гэта ўсё. І гэта страшна.

І ўсё ж…

Як бачым, школьны выпускны дэманструе нам не шмат аптымістычнага – прыгожых, энергічных маладых людзей прыймаюць не іначай за нейкіх прымітыўных істот, калі прымушаюць прэзентаваць суцэльнае безгустоўе. Смешна, што пры гэтым настаўнікі не стамляюцца казаць нешта пра творчы падыход (у асноўным, свой) і выхаванне шчырасці і гонару ў выхаванцаў. Але калі з такога выпускнога і можна вынесці ўрок жыцця, дык такі: тое, пра што думаеш на самай справе, лепш схаваць пад чужымі рыфмамі не лепшай якасці.

Але нагода для аптымізму ўсё ж такі ёсць. Выпускнікі, як сапраўдныя беларусы, хоць паслухмяна і казалі свае словы згодна са сцэнаром, але зусім не цікавіліся падзеямі на сцэне, па купках сыходзячы ў хол. Ажыўленне ў зале наступала толькі ў моманты ўручэння атэстатаў, калі гучалі сапраўдныя прозвішчы і пералічваліся рэальныя дасягненні.

Значыць, не зрабіліся пакуль пафаснасць і пустаслоўе натуральнымі для маладых людзей. Маладосць увогуле не прымае чужых сцэнароў. Дзіўна, што ў школе гэтага не разумеюць.