Або навошта падчас нацыянальнага тэсціравання вучні шведскіх школ пішуць эсэ і навіны
Уявіце сабе сітуацыю. У школьны клас заходзіць педагог і кажа сваім вучням: Набліжаецца футбольны сезон і СМІ рыхтуюцца да асвятлення матчаў лігі. Сёння футбольныя каманды больш нагадваюць кампаніі, якія купляюцца і прадаюцца. Багатыя клубы могуць набываць ігракоў, у той час як бедныя не могуць дазволіць сабе такую раскошу. Гэта нярэдка прыводзіць да таго, што матчы футбольнай лігі праводзяцца пераважна ў буйных гарадах – там, дзе больш гледачоў і дзе больш багатых спонсараў. Настаў час заняцца журналісцкім расследаваннем».
Беларускія школьнікі, напэўна, моцна здзівіліся б такой пастаноўцы пытання. А вось у шведскіх школах вучні з задавальненнем займаюцца на ўроках і па-за школьнымі заняткамі журналісцкімі расследаваннямі: вывучаюць сярэдні паказчык напаўняльнасці стадыёна падчас гульняў, збіраюць факты пра футбольны клуб, пра тое, ці ёсць у камандзе ігракі, якія «гастралююць» па розных клубах, шукаюць інфармацыю пра памеры заробкаў ігракоў і даходы клубаў, памеры спонсарскай падтрымкі. Здавалася б, навошта школьнікам такая інфармацыя? Але для краіны, дзе перад педагогамі пачатковай школы пастаўлена задача – навучыць вучняў шукаць і граматна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц (са СМІ, інтэрнэта, сацыяльных сетак і іншых) – гэта будзённая справа. Для прыкладу, усе ведаюць, што ў сеціве ёсць шмат даных ( можна там знайсці і інфармацыю пра даходы ігракоў), але ці можна адназначна давяраць гэтым звесткам?
Ларс-Эрык Халь: «Чым больш аргументаў прыводзіць вучань, тым вышэйшая яго адзнака»
Не ўпусціць шанц
Ларс-Эрык Халь працуе ў пачатковай школе ў невялікім правінцыяльным гарадку. Выкладае грамадазнаўства, геаграфію, гісторыю і асновы рэлігіі. У школе вучыцца шмат дзяцей мігрантаў (22 працэнта ад агульнай колькасці), а таксама дзеці з асаблівымі патрэбамі. Да слова, пачатковая школа ў Швецыі – шасцігадовая: яе наведваюць дзеці ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў.
Педагог шукае для сваіх вучняў самыя цікавыя формы работы, якія стымулююць дзіцячую цікаўнасць, развіваюць аналітычныя здольнасці і творчыя задаткі. Для прыкладу, пасля тэрарыстычнага нападу на рэдакцыю французскага часопіса «Шарлі Эбдо» на ўроку ў цэнтры ўвагі аказалася карыкатура. З дзецьмі абмяркоўваліся пытанні, ці маюць СМІ права публікаваць інфармацыю, якая можа кагосьці раззлаваць або зняважыць, ці трэба абмяжоўваць свабоду друку, што такое карыкатура, і вучням прапаноўвалася зрабіць газету або часопіс з карыкатурамі на школьнікаў на актуальныя тэмы. Напрыклад, на тэму «Хатняе заданне»: «Ненавіджу хатнія заданні! Гэта проста пакуты!», «Мне пляваць на хатнія заданні – у мяне ёсць больш цікавы занятак», «Урокі – ды гэта прасцей простага!»
Ларс-Эрык расказвае, што ў шведскай школе вучні з пачатковых класаў знаёмяцца з тым, як ствараюцца і распаўсюджваюцца медыятэксты, вучацца ацэньваць і інтэрпрэтаваць іх змест і самі складаюць медыяпаведамленні.
Штодзённая прэса – выдатная крыніца інфармацыі. Педагогі заўважылі, што тэма спорту вельмі захапляе дзяцей, таму яе можна і трэба выкарыстоўваць. Асабліва калі трапляецца артыкул з добрай графікай... Таму Алімпіяда ў Сочы стала для Ларса-Эрыка сапраўдным падарункам. «Які сэнс можа хавацца за загалоўкам «Гульня ў двух тварах», – пацікавіўся ён у сваіх вучняў. – Што меў на ўвазе журналіст? « Высветлілася, што нягледзячы на інтрыгуючы загаловак, не было ніякага схаванага сэнсу, а размова ў артыкуле ішла пра два віды спорту – хакей і слалам. Дзякуючы Google-maps і ўстаноўленым у Сочы вэб-камерам вучні разам са сваім настаўнікам змаглі стаць сведкамі многіх падзей і здзейснілі віртуальную экскурсію па алімпійскай сталіцы.
Напярэдадні Алімпіяды высветлілася, што ў адной з вучаніц бацька працуе ў сэрвіснай камандзе нацыянальнай зборнай па лыжным спорце. Педагог не мог упусціць унікальны шанц і запрасіў яго на ўрок. Дзеці змаглі ўзяць інтэрв’ю ў сэрвісмена.
– У мяне не вельмі спакойныя і пакладзістыя вучні, але ў той момант у класе была мёртвая цішыня, – усміхаецца настаўнік.
А затым усе вучні пісалі лісты спартсменам. Абавязковая ўмовай было – рабіць гэта ад рукі. Такі ліст ніколі не трапіць у спам, і яго складаней праігнараваць. Можна ўявіць сабе радасць дзяцей, якія атрымалі адказы. Тым больш што нацыянальная лыжная зборная (і мужчынская, і жаночая) узяла на алімпіядзе ў эстафеце «золата».
– Залатыя медалі мы, канешне, аднеслі на свой рахунак, – жартуе настаўнік, – бо дзеці вельмі хварэлі за сваіх сяброў па перапісцы...
Затым з лістоў дзяцей і спартсменаў былі складзены дзве брашуры.
Даць інтэрвь’ю або ўзяць?
– Трэба быць адкрытымі для любых магчымасцей, – дзеліцца сваімі педагагічнымі сакрэтамі Ларс-Эрык. – Напрыклад, у Швецыі дзейнічае шмат экалагічных грамадскіх арганізацый, якія займаюцца асветніцкай дзейнасцю. Яны прыходзяць у школы са сваімі прапановамі. Іх вельмі шмат, але педагогі выбіраюць толькі самае цікавае Так, цікавай падалася тэма небяспекі для навакольнага асяроддзя батарэек і іх утылізацыі. Настаўніца прапанавала дзецям збіраць выкарыстаныя батарэйкі. Вучні прайшліся па сябрах, суседзях і знаёмых і ўсяго за месяц сабралі... 1 тону батарэек! Гэты факт стаў нагодай для артыкула ў мясцовай газеце. Журналістам таксама было цяжка паверыць у пачутае. Тым не менш настаўніца і яе вучні атрымалі адпаведны дыплом, сталі героямі газетнай публікацыі і з вучнямі было запісана і выкладзена на сайце газеты відэаінтэрв’ю. З аднаго боку, уся інфармацыя пра тое, што адбываецца ў школе, цікавіць без выключэння ўсіх, таму журналісты з задавальненнем прыходзяць у школы. А з іншага боку, тут інтарэсы супалі: журналісты выканалі сваю работу, але паралельна зацікавілі і дзяцей. Вучні прымералі на сябе ролю тых, у каго бяруць інтэрв’ю, адчулі, якія пры гэтым чалавек перажывае эмоцыі. Гэта інфармацыя можа спатрэбіцца ім, калі яны самі будуць браць інтэрвь’ю....
Медыякампетэнтнасць – па чатырохбальнай шкале
На уроках «Асновы рэлігіі» дзеці вывучалі тэму «Насілле». Адна група вучняў атрымала задачу зрабіць падборку навін са СМІ пра злачынствы ў дарожна-транспартнай сферы. Школьнікі знайшлі інфармацыю пра тое, як 17-гадовы падлетак узяў аўтамабіль сваёй маці, пра жанчыну, якая падазравалася ў ваджэнні аўтатранспартным сродкам у нецвярозым выглядзе і гэтак далей. Другая група шукала інфармацыю пра забойствы, трэцяя – пра крадзяжы, чацвёртая – пра тэрарызм.
Ларс-Эрык кажа, што акунуўшыся ў сродкі масавай інфармацыі ў дзяцей ўзнікла адчуванне, што нас пастаянна акружае гвалт, свет здаецца вельмі небяспечным. Давялося патлумачыць ім, што калі чытаць і глядзець СМІ, то і сапраўды становіцца страшна жыць, бо медыя ствараюць пэўную карцінку.
– Мая маці сказала ўнуку, калі той пайшоў вучыцца ў гімназію: «Будзь асцярожны – там прадаўцы наркотыкаў хаваюцца за кожным вуглом». Таму што мая маці жыве ў свеце, створаным СМІ. Дастаткова адной навіны пра выяўленне наркотыкаў у школе, як многія ўжо вераць, што наркадылеры там прапісаліся, – дзеліцца сваім меркаваннем настаўнік.
Тэматычныя падборкі навін вучні робяць для таго, каб затым паразважаць пра тое, як ствараюцца навіны, пра правы чалавека, законы і пра непісаныя правілы суіснавання ў грамадстве: ад сям’і і школы яны пераходзяць да больш глабальных рэчаў – краіна, свет. На ўроках па асновах рэлігіі разважаюць пра каштоўнасць жыцця кожнага чалавека, пра тое, што людзі павінны жыць у згодзе і паразуменні.
Чым больш аргументаў можа прывесці вучань, чым больш аспектаў у сваім адказе ён ахоплівае, тым вышэйшая яго адзнака. Медыякампетэнтнасць ацэньвацца па чатырохбальнай шкале: на першым узроўні (факты) вучні павінны валодаць асновай пабудовы новых ведаў; на другім (уменне) – знаходзіць інфармацыю, прадстаўляць яе ў новым выглядзе; на трэцім – разумець, пра што ідзе гаворка ў тэксце, вылучаць галоўную думку. На чацвёртым, самым высокім узроўні (паглыбленае разуменне) – упэўнена карыстацца ведамі, рабіць ацэнку любога медыяпаведамлення. Школьнікаў вучаць раздзяляць артыкулы, дзе прысутнічае меркаванне журналіста, і артыкулы, дзе прыводзяцца толькі факты, каб бачыць розніцу і вучыцца самастойна рабіць высновы.
Стаўка – на крытычнае мысленне
У вучэбным плане шведскай школы зафіксавана, што вучні павінны крытычна ставіцца да інфармацыі і ўмець аналізаваць яе, пачынаючы ўжо з першага года навучання.
А, напрыклад, вучэбная праграма для гімназій па грамадазнаўстве мае на ўвазе, што вучні павінны карыстацца рознымі метадамі для збору і апрацоўкі інфармацыі, умець шукаць, структураваць і ацэньваць інфармацыю з розных крыніц, а таксама рабіць высновы з атрыманай інфармацыі.
У дапамогу педагогам працуе інтэрнэт-рэсурс mеdіеkоmраss.sе. Яго аўдыторыя – 10–11 тысяч настаўнікаў, якія кожны панядзелак атрымліваюць бясплатную рассылку з карыснай інфармацыяй. У яе ўваходзяць дзве парады па правядзенні заняткаў: першая разлічана на дзяцей 9—13 гадоў, а другая – на падлеткаў ад 14 да 19 гадоў. На сайце прадстаўлена падборка актуальных навін, якія настаўнікі могуць выкарыстоўваць на сваім уроку – першыя шэсць падзей тычацца непасрэдна Швецыі. Прадстаўлены там таксама навіны з медыягаліны (што адбываецца ў СМІ) і сусветныя навіны. Есць і крассворд, які правярае, як школьнікі арыентуюцца ў падзеях.
Па ініцыятыве Дзяржаўнага медыйнага савета ў краіне створаны таксама сайт з назвай Mik-runnet: на ім прадстаўлена інфармацыя для бібліятэкараў і настаўнікаў – метадычныя рэкамендацыі, як праводзіць заняткі са школьнікамі рознага ўзросту. На грамадскім тэлебачанні па пятніцах выходзіць праграма «Маленькая актуальная школа». Кожны дзень рыхтуюцца выпускі навін, разлічаныя на падлеткавую аўдыторыю. Іх працягласць — ад 5 да 15 хвілін. Крытэрыі адбору навін – асаблівыя: акрамя важнасці інфармацыйнай падставы, аўтары глядзяць, як тая ці іншая тэма, што ўздымаецца, можа быць выкарыстана для дыскусіі на ўроку, для работы ў групе. Да таго ж педагогі заўсёды могуць прыбегчы да архіву праграм. На сайце вучэбнага радыё ёсць падказкі, дапамога педагогам і бібліятэкарам, як трэба працаваць і асвятляць у класе тую ці іншую тэму.
Навіна тыдня
Штогод вучні трэціх, шостых і дзевятых класаў удзельнічаюць у нацыянальным тэсціраванні. Тэсціраванне праводзіцца адначасова па ўсёй краіне, ніякай папярэдняй уцечкі інфармацыі не дапускаецца. Школьнікам забараняецца карыстацца на тэсціраванні мабільнымі тэлефонамі. Усе дзеці атрымліваюць аднолькавыя заданні, якія ацэньваюцца па аднолькавых крытэрыях незалежнымі экспертамі. Тэст ахоплівае матэматыку, шведскую і англійскую мову.
Адно з заданняў тэсціравання – напісаць тэкст у выглядзе навіны або нейкае разважанне, эсэ. Пісьмовая частка тэксту правярае здольнасці вучня выказаць свае думкі граматна, лагічна і зразумела. Правяраецца таксама і разуменне праслуханага тэксту.
– Я заўсёды кажу: дайце дзіцяці 10 хвілін на чытанне газет і не задавайце яму пытанні, – падкрэслівае Ларс-Эрык. – Не мая задача – казаць, што правільна, а што не правільна. Я, як педагог, павінен толькі агучыць аргументы «за» і «супраць».
Настаўнік можа прапанаваць вучням выбраць навіну тыдня. Для гэтага трэба штодня ўважліва чытаць загалоўкі першай паласы газет і тое, што зацікавіла, выразаць… Пасля гэтага кожны вучань піша свой тэкст пра сваю навіну тыдня, але не пераказвае газетны матэрыял, а перадае інфармацыю сваімі словамі, расстаўляе свае акцэнты. У канцы тыдня школьнікі зачытваюць сваю навіну перад аднакласнікамі пасля чаго ідзе абмеркаванне: вучань абавязкова тлумачыць, чаму ён спыніў свой выбар менавіта на гэтай навіне і чаму яна можа прэтэндаваць на званне «навіна тыдня».
Надзея Нікалаева, Звязда