Дэбютны ўрок

Мікалай ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.

Гэты артыкул у першую чаргу адрасаваны настаўнікам, якія 1 верасня ўпершыню правядуць свае першыя цалкам самастойныя ўрокі. Побач з вамі, калегі, не будзе ні метадыста, ні настаўніка, якія апякалі вас як студэнта-практыканта. Ад таго, якім будзе першы ўрок, вельмі многае залежыць, бо ён індыкатар прафесіяналізму, умення годна выглядаць і адэкватна рэагаваць на выклікі з боку вучняў. Ад першага ўрока залежыць, ці будзе потым у вас дысцыпліна на занятках, як будуць ставіцца да вас навучэнцы, якім будзе ваша прафесійнае самаадчуванне.

Давайце паразважаем наконт падрыхтоўкі пачынаючага настаўніка да дэбютнага ўрока, яго правядзення   і аналізу. Адразу заўважым, што многія парады будуць тычыцца не толькі першага ўрока, але і наступных (памятаеце, прэм’ернымі лічацца не адзін, а дзесяць першых паказаў спектакля).

Аб падрыхтоўцы да ўрока

Напэўна, калега, пры планаванні ўрока ў вас адразу ўзнікнуць пытанні: з чаго пачаць урок, як змясціць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу ў абмежаваны час урока, як арганізаваць работу вучняў на ўроку і забяспечыць належную дысцыпліну, як самому працаваць на ўроку (прытрымлівацца ўзораў дзейнасці сваіх былых настаўнікаў, улічваць рэкамендацыі метадыста на практыцы ў школе ці кіравацца апублікаванымі метадычнымі рэкамендацыямі; ці браць пад увагу парады завуча; паспраба ваць метады і сродкі навучання, якія былі ўдалымі падчас студэнцкай практыкі, ці, магчыма, прымяніць нешта іншае; ці выстаўляць адзнакі вучням ужо на першым уроку)? Як многа пытанняў!

Пачнём з агульных рэкамендацый. Важна кіравацца класічнымі прынцыпамі дыдактыкі (нагляднасці, навуковасці, сістэматычнасці і паслядоўнасці, даступнасці, уліку ўзросту вучняў і інш.), а таксама новымі, якія абумоўлены тым, што сучасны адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў новых (у параўнанні з часам, калі жыў Я.Каменскі) умовах: апоры на суб’ектны вопыт вучняў, зваротнай сувязі, першаснасці адукацыйнай прадукцыі навучэнцаў, рэфлексіі і інш. Прынцыпы, як вядома, з’яўляюцца регулятывамі дзейнасці, нормамі, якіх неабходна прытрымлівацца. Яны вызначаны на аснове эмпірычна высветленых заканамернасцей. Напрыклад, прынцып зваротнай сувязі вынікае з таго, што, як устаноўлена практыкай, асэнсаванне выкананай дзейнасці, вымярэнне і ацэнка прамежкавых вынікаў істотна павышае ўзровень навучанасці вучняў, іх вучэбна-пазнавальную матывацыю і адказнасць.

Да ліку агульных патрабаванняў і рэкамендацый адносіцца нарматыўная прававая і навукова-метадычная база арганізацыі адукацыйнага працэсу: патрабаванні вучэбнай праграмы, правілы фарміравання вуснай і пісьмовай мовы вучняў, нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, санітарна-гігіенічныя нормы і інш. Дарэчы, яны змешчаны ў адпаведным Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі (“Настаўніцкая газета”, 18 ліпеня 2015 года). Ёсць унутраныя патрабаванні ўстановы адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія таксама важна ведаць і кіравацца імі. Калі з дыдактычнымі прынцыпамі вы, калега, больш-менш пазнаёміліся ва ўніверсітэце, то яшчэ напрыканцы жніўня важна вывучыць нарматыўна-прававыя, а таксама навуковаметадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па вашым прадмеце.

Зараз аб канкрэтных рэкамендацыях. Аўтарам артыкула яны сфарму-ляваны на аснове вывучэння літаратуры, вопыту паспяховых настаўнікаў, свайго асабістага шматгадовага вопыту навучання фізіцы і тычацца дастаткова актуальных праблем планавання, арганізацыі і аналізу ўрока.

1. Пры падрыхтоўцы да ўрока разглядайце яго як сістэму. Урок – гэта адносна скончаны ў зместавых, часавых і арганізацыйных адносінах фрагмент адукацыйнага працэсу. Сістэма азначае “цэлае, складзенае з частак”; гэта пэўны парадак у размяшчэнні частак у цэлым, абумоўлены ўзаемасувязямі паміж кампанентамі. Урок або факультатыўныя заняткі важна разглядаць як дыдактычную сістэму, якая складаецца (паводле В.П.Сіманава) з мэтавага кампанента, зместу, дзейнасці настаўніка, дзейнасці навучэнцаў, форм, метадаў і сродкаў навучання, адукацыйнага выніку. Пры гэтым сістэмаўтваральным кампанентам з’яўляецца мэта, а ўсе кампаненты павінны быць звязаны прамымі і зваротнымі сувязямі і падпарадкоўвацца мэце. Напрыклад, на вашым уроку важна забяспечыць сувязь “мэта – вынік”, гэта значыць, што на выхадзе з яго настаўнікам і самімі навучэнцамі павінна правярацца і ацэньвацца, як засвоена тое, што пазначана ў якасці вучэбнай мэты ўрока. Яшчэ прыклад: выбірайце менавіта тыя метады і сродкі навучання, якія ў найбольшай ступені пра цуюць на мэту. Калі мэта ў кулінара – вегетарыянскі абед, то ён не выкарыстоўвае прадукты жывёльнага паходжання. Для вырашэння задач выхавання і развіцця навучэнцаў арганізуйце на ўроках сітуацыі, у якіх гэтыя задачы больш ці менш паспяхова вырашаюцца.

2. Варта кіравацца рэкамендацыямі І.П.Падласага па планаванні ўрока. Ён справядліва лічыць, што першым этапам у гэтым працэсе з’яўляецца вывучэнне і ацэнка перадурочнай сітуацыі – усіх акалічнасцей, у якіх будзе праводзіцца ўрок. У такім выпадку план урока будзе жыццёвым і рэальным, мінімізуюцца рызыкі ўзнікнення непрадбачаных сітуацый. Паглядзіце ў раскладзе, якое месца займае ўрок, да якога вы рыхтуецеся: які ён па ліку, пасля якіх заняткаў пастаўлены (напрыклад, пасля матэматыкі ці пасля фізкультуры), бо гэта таксама важна. Знайдзіце час і пагутарыце з класным кіраўніком, з іншымі педагогамі – пажадана як мага больш даведацца пра клас і яго гісторыю, пра вучняў, для якіх гэты ўрок рыхтуецца: чаго ад вучняў можна чакаць, наколькі яны дысцыплінаваныя, наколькі яны матываваныя і адказныя, ці ўстойлівая ў іх увага, ці працаздольныя яны. Добра, калі вы будзеце ведаць пра патэнцыяльных парушальнікаў парадку. Тады ўрок можаце пачаць з паведамлення таго, што ўжо шмат чаго ведаеце пра клас, прывядзіце нейкія факты з яго гісторыі, у якой, у прыватнасці, праявіліся са станоўчага боку цяжкія вучні. Загадзя даведайцеся пра напаўненне прадметнага кабінета.

3. Калі вы будзеце пісаць план урока, а гэта найважнейшая ўмова якаснага яго правядзення, то раім прадумаць і пазначыць сваю мэту і мэту вучняў, крытэрыі ацэнкі ходу і вынікаў іх працы, сфармуляваць да ўрока ключавое пытанне, зафіксаваць змест дзейнасці вучняў (з якім матэрыялам і як яны будуць працаваць) і змест дамашняга задання. Карысна прадугледзець альтэрнатыўныя варыянты, калі нешта на ўроку пойдзе не па плане. Не пішыце мэту фармальна (абы напісаць) – пішыце не тое, што самі збіраецеся рабіць, а запланаваны вынік: тое, чаму, як вы думаеце, навучацца вучні да канца ўрока. У такім разе ваша дзейнасць будзе мэтанакіраванай. Падумайце, як лепш давесці мэту да вучняў. “Няхай не здзіўляецца той, хто трапіў не туды, куды трэба, калі ў яго не было мэты”, – пісаў М.Твен. Сапраўды, калі ў вучня на ўроку няма мэты, то ён і матывацыі не мае, і адказнасці за сваё навучанне, і працуе як мокрае гарыць. Дадатковым фактарам павышэння матывацыі з’яўляецца сувязь мэты з канкрэтнымі жыццёвымі праблемамі або з’явамі. Паколькі ўрок павінен быць скіраваны не толькі на веды і прадметныя ўменні вучняў, але і на выхаванне, на развіццё іх сацыяльных і вучэбнапазнавальных кампетэнцый, то вызначайце выхаваўчыя і развіццёвыя задачы на ўрок і плануйце адпаведныя сітуацыі: калі вызначана задача выхавання адказнасці, то на ўроку павінны быць сітуацыі выбару; калі развіцця даследчых здольнасцей, то сітуцыі вылучэння гіпотэзы, фармулёўкі вывадаў і г.д. Пазітыўны вопыт, які набудзе вучань у працэсе навучання, будзе станоўча ўплываць на яго будучыя паводзіны і рашэнні.

4. Распаўсюджана такая практыка: пакуль яшчэ большасць настаўнікаў, рыхтуючыся да ўрока, прадум ваюць выключна сваю дзейнасць. Але такі вопыт не для вас. Па-першае, ёсць рызыка, што пры гэтым вучні будуць проста гледачамі ў тэатры аднаго акцёра, ім можа стаць нецікава. І вось тут глеба для парушэння дысцыпліны. Вы станеце гучней гаварыць, рабіць заўвагі, будзе нарастаць атмасфера процістаяння настаўніка і вучняў. Па-другое, вядома, што на добрыя адукацыйныя вынікі можна спадзявацца, толькі калі на ўроку працуюць самі вучні, а настаўнік арганізоўвае гэтую работу. Важна імкнуцца да таго, каб вучні выконвалі ўсе этапы дзейнасці: вызначалі свае мэты, планавалі работу, ажыццяўлялі дзейнасць, здзяйснялі самакантроль і ацэнку яе ходу і вынікаў. Таксама прадумвайце, што будуць рабіць вучні, калі настаўнік тлумачыць тэму, калі нехта з вучняў працуе каля дошкі, калі арганізоўваецца прагляд відэа. Пры падрыхтоўцы да ўрока для кожнага этапу прадумвайце, што будуць рабіць вучні, якія заданні будуць выконваць, якімі сродкамі карыстацца.

5. Важна не памыліцца ў выбары метадаў і сродкаў навучання. Не злоўжывайце тлумачальна-ілюстрацыйным метадам, які ў большасці абумоўлівае пасіўнасць вучняў. Знайдзіце месца для праграмаванага, эўрыстычнага, праблемнага ці даследчага метаду, паколькі яны і матывуюць вучняў, і дазваляюць развіваць у іх актуальныя вучэбна-пазнавальныя ўменні. Калі вы вырашыце выкарыстоўваць прэзентацыю, то не абмяжоўвайцеся слайдамі-ілюстрацыямі, фрагментамі тэксту з падручніка. Няхай прэзентацыя будзе арганізатарам дзейнасці вучняў: утрымлівае заданні, белыя плямы, якія трэба запоўніць, альтэрнатыўныя пункты гледжання і г.д. Паспрабуйце спланаваць выкарыстанне вучнямі на ўроку для выканання заданняў смартфонаў. Гэта вам дазволіць на браць дадатковыя ачкі.

6. Падумайце, як вы дапаможаце вучням напрыканцы ўрока ўбачыць, ці дасягнулі яны мэты. Якія сродкі вы для гэтага выкарыстаеце, як арганізуеце карэкцыйную работу і аналіз работы на занятках. Прадумайце, якім будзе дамашняе заданне.

Чытаць у Настаўніцкай газеце (pdf 245 Kb)