18 верасня 2015 г. у Нацыянальным інстытуце адукацыі прайшоў семінар “Медыяадукацыя ў школе: вопыт рэалізацыі і перспектывы развіцця”. Яго правялі чэшскія педагогі пры падтрымцы чэшскай недзяржаўнай арганізацыі “Асацыяцыя па міжнародных пытаннях”. Гэта апошні з серыі семінараў чэшскіх спецыялістаў, на які сабраліся настаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Раней чэшскія калегі правялі падобнае навучанне ў школах Століна, Жодзіна, Мінска. Nastaunik.info прапануе асноўныя тэзы выступаў Іржы Трунды і Уладзіміра Фойста.
Дырэктар Вратыслаўскай базавай школы Прагі Іржы Трунда пачаў сваю лекцыю з параўнання паміж Беларускай і Чэшскай сістэмамі адукацыі: “У Чэхіі – вялікая педагагічная аўтаномія, можа самая вялікая сярод краін АЭСР, (Арганізацыя Эканамічнага Супрацоўніцтва і Развіцця, якая, сярод іншага, праводзіць даследаванні PISA). У Чэхіі няма адзіных падручнікаў, няма адзіных праграм.
Міністэрства зацвярджае толькі рамачныя праграмы, яны вельмі агульныя, на аснове гэтых праграм кожная школа піша сваю ўласную праграму. Выкананне яе кантралюе дырэктар, які адказвае, каб праграмы адпавядалі навуковым і педагагічным патрабаванням.
Гэта розніца паміж Беларускай і Чэшскай сістэмамі адукацыі.
Агульнае тое, што, як Беларусь, так і Чэхія арыентуюцца на кампетэнтнасны падыход у адукацыі”.
Вось спіс чэшскіх ключавых кампетэнцый, на якія арыентуецца школа:
- Кампетэнцыі навучання. Ніякай закончанай адукацыі не хапае на ўсё жыццё. Адукацыя праз жыццё будзе праходзіць, у асноўным, нефармальна, і кожны чалавек павінен мець навыкі для гэтага.
- Кампетэнцыі рашэння праблем. Дзеці часта маюць веды, але не могуць іх ужыць. Прыкладам, у матэматыцы: дзеці ведаюць формулу, але не ведаюць, што яе можна прымяніць для рашэння якойсьці жыццёвай праблемы.
- Камунікатыўныя кампетэнцыі. Культура камунікацыі ў вучняў падае. Адна з прычын -– дзеці не чытаюць даўгіх тэкстаў. Медыякампетэнцыя разглядаецца як частка гэтай кампетэнцыі. Школа бярэ на сябе функцыі, якія раней выконвала сям’я.
- Сацыяльныя і асабовыя кампетэнцыі. У Чэхіі мяняецца сацыяльны склад грамадства. У Чэхіі памірае больш людзей, чым нараджаецца, але колькасць насельніцтва расце. Чэхія – мэтавая краіна для эміграцыі з усходніх краін Еўропы і Расіі. Структура грамадства мяняецца і гэта становіцца тэмай медыя.
- Грамадзянскія кампетэнцыі. Чэхія – дэмакратычная краіна, якой кіруюць актыўныя грамадзяне.
- Працоўныя кампетэнцыі. Не трэба іх разумець, як уменне працаваць рукамі. Гэта найперш тайм-мэнэджмэнт, мэтанакіраванасць, уменні арыентавацца ў рынку працы.
Гэта комплекс базавых кампетэнцый, у кожнаю з якіх уваходзіць як частка і медыякампетэнтнасць, – адзначыў спадар Трунда
Чэхі ўсведамляюць, што медыяадукацыя – інструмент. Неабходнасць яго выкарыстання не абмяркоўваецца. Пытанне стаіць толькі ЯК яго ўкараніць у адукацыйную праграму.
Есць розныя шляхі, якія выбіраюць школы Чэхіі. Гімназіі і школы, якія думаюць, што іх вучні будуць працаваць з медыя, навучаюць ствараць медыяпрадукт: медыяпаведамленне (мэсыдж), якое дасягае мэты. Але большасць школаў арыентуецца на тое, што дзеці будуць спажыўцамі медыя. Галоўнае, навучыць іх быць граматнымі і крытычнымі карыстальнікамі і працаваць з інфармацыяй.
Існуе 3 магчымасці рэалізаваць медыяадукацыю:
- Інтэграцыя медыяадукацыі ў школьныя прадметы (гэты шлях выбрала школа, якой кіруе Іржы Трунда)
- Медыяадукацыя (медыяпісьменнасць) як асобны прадмет
- Сістэма праектаў і семінараў
У адрозненне ад законаў Ньютана, дзеці самастойна засвояць, як працаваць з мабільным тэлефонам і сацыяльнымі сеткамі, нават калі пра гэта не распавядуць у школе. Задача настаўніка – навучыць працаваць са зместам медыя, а не з медыпрыладамі.
Задача настаўніка - не данесці гатовы “правільны” змест, а навучыць стратэгіям, навыкамі працы з медыя-паведамленнямі, уменню аналізаваць. Таму медыякампетэнцыі трэба інтэграваць у выкладанне кожнага школьнага прадмета, лічыць Іржы Трунда.
Спадар Трунда прывёў прыклады выкарыстання медыяаыяадукацыі на асобных уроках:
Прыклад з гісторыі
Рамачная праграма па гісторыі ўсталёўвае рамку: “Вучань здольны арыентавацца ў праблемах сучаснага свету”.
Там нічога не сказана ні пра вайну ў Югаславіі, ні Украінска-Расійскі крызіс і г.д. Настаўнік сам вырашае што вывучаць і колькі на гэта патраціць часу.
У школьнай праграме, якую распрацавалі самі настаўнікі, гэты пункт удакладняецца наступным чынам: “вучань з дапамогай медыя прыводзіць прыклады сучасных праблем: глабальных, палітычных, гаспадарчых”.
Як гэта адбывалася на практыцы у школе:
На ўроках, каб дасягнуць мэты, настаўнік гісторыі просіць вучняў, каб тыя знайшлі паведамленні пра падзеі ва Украіне з розных крыніц, але адна з медыякрыніц павінна быць замежнай, напрыклад ВВС.
Дзеці рыхтуюцца да ўрока. Прыносяць розныя вытрымкі з розных медыя.
Афіцыйныя медыя Чэхіі праблемы ўцекачоў з Украіны падаюць, як правіла, пазітыўна. Але існуюць шмат медыяў, якія па-іншаму бачаць праблему. У тым класе было 5 вучняў – украінцаў. У іх меркаванні не сышліся. Быў адзін вучань-расіянін, які прынёс медыякрыніцу, што дае зусім супрацьлеглы погляд. Дзеці агучылі розныя пункты погляду, якія даюць медыя. Задача настаўніка – не паказаць вучням, хто мае рацыю, а хто – не, а толькі даць інструмент, каб кожны сам змог прааналізаваць свае тэксты і зрабіць высновы, каб вучні зразумелі, што адзіная крыніца інфармацыі не заўсёды даносіць праўду. Бывае, што медыя хлусяць, а бывае, па-рознаму інтэрпрэтуюць падзеі.
“Мы вучым іх, каб іх меркаваннем медыя не маніпулявалі ў будучыні”,- падводзіць вынік Іржы.
Прыклад з фізікі.
Чаканы вынік урока: вучань ацэньвае плюсы і мінусы ўплыву розных крыніц энергіі на навакольнае асяроддзе, вучань пералічыць абнаўляльныя і наабнаўляльныя крыніцы энергіі, растлумачыць, як здабыча і выкарыстанне энергіі ўплывае на навакольнае асяроддзе.
Вучні вывучаюць паведамленні з розных СМІ і параўноўваюць іх. У Чэхіі 2 атамныя станцыі. Не ўсім гэта падабаецца. У аўстрыйскіх медыя з’яўляюцца паведамленні, якія крытыкуюць атамную энергетыку Чэхіі. Можна пачытаць таксама водгукі людзей, з абласцей, дзе электрастанцыі працуюць на вуглі. Там самая кепская экалогія ў Чэхіі, і людзі там выступаюць за атамную энергетыку.
У выніку вучань можа распавесці пра ўплывы ўсіх тыпаў энергіі і зразумець, што калі нехта падтрымлівае адну крыніцу энергіі, ён кажа, што гэта крыніца – зусім бяспечная. Праўда пасярэдзіне. Дзеці любяць працаваць з медыямі.
Прыклад з матэматыкі.
Вучням старэйшых класаў даецца заданне растлумачыць тэму з матэматыкі, каб яе мог зразумець вучань малодшай школы. Вучні запісваюць сваё тлумачэнне і выкладаюць ролік на YouTube. Калі настаўнік выкладае і ў малодшых класах, то дае заданне ім праглядзець ролік і вызначыць, ці было зразумелым тлумачэнне. (Ці дайшоў медыя мэсыдж).
У некаторых беларускіх настаўнікаў узніклі пытанні.
- Ці можна дзецям дазваляць прагляд YouTube? Бо там можна знайсці шмат шкоднай для дзяцей інфармацыі. Не думаеце, што негатыўны ўплыў медыя можа перавысіць пазітыўны?
Іржы Трунда адказаў, што не можа стаяць пытанне, каб забараніць дзецям карыстацца медыямі, бо гэта парушэнне права чалавека на доступ да інфармацыі. Трэба развіваць крытычнае мысленне, каб вучні самі маглі прааналізаваць уплыў.
- Ці існуе ў настаўніка канкрэтная мэта, да якой ён вядзе вучня? Ці падводзіць ён вучняў да “правільнай думкі”, якая апісана ў медыя?
Іржы Трунда ўпэўнены, што мэта настаўніка – развіццё кампетэнцый. Напрыклад, вучань павінен прааргументаваць адкрыццё другога фронту падчас Другой сусветнай вайны. Вядома, гісторыкі Расіі і Брытаніі маюць розныя меркаванні пра адкрыццё другога фронту. Мэта настаўніка – каб вучань ведаў аргументы і мог прааналізаваць падзею, а не прывесці яго да “правільнага” разумення.
(Працяг тэмы неўзабаве)