Аляўціна Вячорка (выкарыстаны ўспаміны Рыгора Вячоркі і Івана Дзямешкі, фота з архіву Івана Дзямешкі)
У Дзень Настаўніка я ўзгадваю аднаго з незлічонай грамады асветнікаў – Іосіфа Рыгоравіча Дзямешку, які ў маладосці ніяк не бачыў сябе настаўнікам.
Нарадзіўся ён у 1897 годзе ў Запарожжы. Гімназія, юнкерская вучэльня, Запарожскі ўніверсітэт. Першая ўсясветная вайна перакрэсліла планы юнака: у 1916-м ён быў залічаны ў дзейную армію афіцэрам. Цяжка паранены, трапіў у аўстрыйскі палон, у лагер "Ёзэф". Родныя атрымалі вестку пра смерць сына. Але ён выжыў, хоць атрымаў тры кулі ў лёгкія, а ў нагах усё жыццё насіў аскепкі міны.
Умовы палону былі жахлівыя. Але вязень хутка авалодаў чэшскай мовай (лагер ахоўвалі чэхі), і гэта давала яму пэўную перавагу, а потым паспрыяла пабегу разам з сябрам-земляком. І толькі праз тры гады, у 1923-м, яны дасягнулі мяжы Польшча—СССР. Вядома, былі вельмі абачлівыя, ішлі хаваючыся, абыходзячы ажыўленыя дарогі.
Пачалі рыхтавацца да пераходу мяжы ў найменш людным месцы. Гэта былі Мерлінскія Хутары (цяпер Столінскі раён, Альманскі заказнік), дзе па рацэ Сцвізе часткова праходзіла мяжа, а навокал – лясы, балоты, часта непраходныя. І хоць мяжа ахоўвалася пільна з абодвух бакоў, але тубыльцы, натуральна, ведалі патаемныя сцежкі ды кладкі пад вадой і бесперашкодна хадзілі сюды-туды наведаць сваякоў, нешта прадаць-набыць, а пры выпадку не адмаўляліся перавесці цераз мяжу незнаёмага чалавека.
Каб мець час агледзецца і падрыхтавацца, хлопцы скіравалі да хутара Лігора Калодзіча, спраўнага гаспадара, і прапанавалі яму свае паслугі. Хутаранін з ахвотай прыняў на працу дзве пары танных мужчынскіх рук.
Крыху акрыяўшы, адзін з сяброў вырашыў ісці дадому, у Запарожжа. На жаль, лёс не быў літасцівы да яго, і ён загінуў на радзіме ад рук новай улады як "афіцэр царскай арміі".
А Іосіф Рыгоравіч застаўся. Ці то здароўе падводзіла (моцна кульгаў, безупынна кашляў), ці то спадабалася гаспадарова дачка прыгажуня Варка. І неўзабаве ён стаў прымаком у сям'і Калодзічаў. У пасаг маладая сям'я атрымала не толькі традыцыйны дзявочы куфар. А так, як было заведзена ў тых мясцінах, – зямельны надзел Ваўчок, карову, два валы, лес на сваю хату, хоць і маленькую. Вось так выпускнік Запарожскага ўніверсітэта, знаўца лаціны, некалькіх заходніх моў, юрыспрудэнцыі і яшчэ шмат чаго стаў хутаранінам з мянушкай Аўстрыец.
Але надышоў верасень 1939 года. Польская школа, дзе датуль вучыліся дзеці беларусаў, была закрытая. Саветы ж да лета 1941-га не дайшлі да вырашэння праблем з адукацыяй на гэтых абшарах (дарэчы, гэты факт пацвярджаецца ў кнізе "Памяць. Столінскі раён", с. 185). І хоць бальшыня хутаран была непісьменная, усе добра ўсведамлялі, што іхныя дзеці мусяць вучыцца.
Вось тут і пачаўся для Дзямешкі шлях настаўніка. Іншай кандыдатуры на гэтую пасаду мерлінцы не шукалі. Бо Калодзічавага прымака добра ведалі ў наваколлі як высокаадукаванага чалавека, які заўсёды мог даць слушную параду ў зямельных і падатковых справах, скласці афіцыйную паперу, проста напісаць ліст.
Іосіф Рыгоравіч пагадзіўся без ваганняў, пагатоў што і сваіх дзяцей трэба было вучыць. "Школу" пусціў у сваю хату блізкі сусед Ян Гладыш, пяцём сынам якога таксама патрабавалася навука. Настаўніку дамовіліся плаціць за кожнага вучня паўпуда жыта і адзін пуд бульбы.
На жаль, доўга вучыцца не давялося, бо грымнуў чэрвень 1941 года. Але тым не менш усе дзеці – а іх было 17 чалавек – навучыліся чытаць і пісаць.
Падчас вайны, не маючы кніг, дзеці замацоўвалі веды чытаннем лістовак, што скідвалі з нямецкіх самалётаў у партызанскую зону Мерлінскіх хутароў. Не надаючы ўвагі сэнсу надрукаванага, цешыліся самім уменнем чытаць.
Між іншым, у 1940 годзе Дзямешка даслаў сваім родным у Запарожжа ліст, і да яго прыехала маці. У 1941 годзе яны ўдваіх выправіліся на радзіму. У Кіеве іх заспела вайна, і ў Запарожжа яны дабіраліся ўжо пехатой. Вярнуўся Дзямешка да сваёй сям'і толькі пасля вызвалення гэтых мясцін ад немцаў, і лёсам было наканавана яму ізноў стаць настаўнікам для дзяцей палешукоў.
У 1944 годзе на Мерліне была заснаваная пачатковая школа, і загадваў ёю Іосіф Дзямешка, стаўшы такім чынам ля вытокаў школьнай адукацыі на Мерлінскіх хутарах. Аўтарытэт сярод мерлінцаў ён меў непарушны. Ведаў, хто з дзяцей на што здатны, каму трэба вучыцца далей.
Па ўзгадненні з раённым аддзелам адукацыі на хутарах стварылі два навучальныя асяродкі, бо абшар быў надта вялікі – 25 на 20 км. Дый самыя хутары размяшчаліся адзін ад другога на адлегласці 5—7 кіламетраў.
Школы-класы спачатку месціліся ў хатах хутаран. Пэўны час заняткі праводзілі ў былой уніяцкай капліцы. Узгадвае адзін з вучняў Рыгор Вячорка:
"Будынак быў не прыстасаваны для такіх мэтаў. Узімку ён амаль не ацяпляўся, часова змайстраваная груба ў кутку вялікай прасторы не вырашала праблемы. Цяпла мы амаль не адчувалі. Толькі Іосіф Рыгоравіч зрэдку стаяў каля яе і, кашляючы, праводзіў урок. Мы сядзелі апранутыя ў старыя світкі, абутыя ў пасталы, пальцы рук амаль не разгіналіся, а наша самаробнае з сажы чарніла замярзала".
А ў наступным годзе, 4 кастрычніка 1945 г., раённая газета "Ленінскі шлях" паведамляла:
"На Мерлінскіх хутарах у гэтым годзе побач з існаваўшымі 2 пачатковымі школамі адчынены яшчэ 4. Усе новаадчыненыя школы забяспечаны партамі, сталамі, класнымі дошкамі, 175 дзяцей атрымалі магчымасць вучыцца на сваёй роднай мове".
За гэтымі радкамі – праца, настойлівасць і адказнасць Іосіфа Рыгоравіча Дзямешкі. Трэба было дамовіцца з гаспадарамі, каб "пусцілі ў хату школу", адрамантаваць пустыя хаты і прыстасаваць іх да школьных патрэбаў, знайсці жытло для новых настаўнікаў, завезці з Давыд-Гарадка школьнае абсталяванне і падручнікі… А яшчэ – дровы на зіму, ґаза для лямпаў (электрычнасці не было)…
Настаўнікаў не хапала. А Дзямешка мог усё! Пастаянна выкладаў матэматычны цыкл, нямецкую і рускую мовы. Пры неабходнасці – усе астатнія прадметы: гісторыю, геаграфію, маляванне… Школа была беларускамоўная, і настаўнік-паліглот з лёгкасцю перайшоў на мову, блізкую да ягонай роднай украінскай.
Пазней на Мерліне з'явілася сямігодка, усе дзеці былі ўлічаныя і хадзілі ў школу, склаўся добры педагагічны калектыў. І ўва ўсім гэтым – непрыкметная часам праца першага мерлінскага настаўніка. Яму неаднакроць прапаноўвалі пасады ў Давыд-Гарадоцкім раённым упраўленні адукацыі – інспектара ці юрыста. Але ён адмаўляўся. Акрамя прывязанасці да Хутароў, немалаважнай прычынай было разуменне, што пэўныя органы маглі зацікавіцца дэталямі ягонай біяграфіі.
Шмат хто з ягоных вучняў, нягледзячы на вельмі суровае пасляваеннае жыццё, атрымаў далейшую адукацыю. А натхніў іх на гэта Іосіф Дзямешка. Успамінае Рыгор Вячорка:
"Узімку ў 4-м класе я сур'ёзна захварэў і не мог хадзіць у школу за пяць кіламетраў. Мой дарагі настаўнік прыходзіў да мяне дадому два-тры разы на тыдзень, у астатнія дні пасылаў да мяне сваіх дзяцей Веру або Івана, якія прыносілі заданні. Аднойчы папко [так у сям'і называлі бацьку] сказаў настаўніку: "Ёсіп, можэ не трэба ходзіць до Грышы, тобе ж вэльмі неколі". Той адказаў: "Не, Мікалай, Грыша – гэта той чалавек, які хоча і ўмее вучыцца і мае будучыню". Дзякуючы гэтаму мудраму і добраму чалавеку я не толькі не адстаў у вучобе, але і здаў іспыты за пачатковую школу на выдатна".
На жаль, у 1961 годзе на Мерліне зрабілі сумнавядомы авіяцыйны палігон, а жыхароў Мерлінскіх Хутароў выселілі з родных хатаў, раскідалі па розных вёсках, абласцях і нават былых саюзных рэспубліках. Таму сабраць поўныя звесткі пра лёсы былых хутарскіх дзяцей – вучняў Іосіфа Дзямешкі – нялёгка. Але вядома, што многія з іх набылі вышэйшую адукацыю, а некаторыя і навуковыя ступені. І ўсё жыццё былі ўдзячныя Настаўніку, які натхніў іх зрабіць першыя крокі па дарозе Ведаў.