30 лістапада 2015 г.
Аналітычная запіска
Анатацыя
Імклівае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і сістэмы мас-медыя настойліва патрабуе мэтанакіраванай падрыхтоўкі асобы да ўмелага і бяспечнага карыстання імі, умення адрозніваць інфармацыю ад маніпуляцыі ды прапаганды. Значная доля вольнага і працоўнага часу грамадзян прыпадае на ўзаемадзеянне з рознымі медыя-рэсурсамі (прэса, радыё, кіно, тэлебачанне, інтэрнэт), чым абумоўлены значны ўплыў апошніх на ўсе слаі насельніцтва, перш за ўсё на дзяцей і моладзь. Дадзены дакумент змяшчае аналіз стану і прапановы развіцця медыяадукацыі ў Беларусі з улікам міжнароднай палітыкі і еўрапейскага досведу яе рэалізацыі.
Уводзіны
Сучаснае грамадства характарызуецца ператварэннем інфармацыі ў глабальны рэсурс чалавецтва, паскарэннем тэмпаў развіцця тэхнікі, стварэннем новых інфармацыйных тэхналогій, пераўтварэннем сродкаў масавай інфармацыі ў сродкі масавай камунікацыі, глабалізацыяй сусветнай інфармацыйнай прасторы. Дадзеныя тэндэнцыі сведчаць аб пераходзе грамадства да якасна новай эпохі, якая атрымала назву інфармацыйнага грамадства, вызначальным фактарам сацыялізацыі якога з’яўляецца медыякультура.
Амерыканскі псіхолаг Д. Халперн адзначыла, што адукацыя, разлічаная на перспектыву, павінна будавацца на аснове двух прынцыпаў: умення хутка арыентавацца ў імклівым патоку інфармацыі і знаходзіць патрэбнае, а таксама ўмення асэнсаваць і скарыстаць атрыманую інфармацыю [Халперн, 2000].
Імклівая медыятызацыя грамадства, актыўнае ўкараненне мультымедыя ва ўсе сферы дзейнасці чалавека актуалізуе важнасць медыяадукацыі для грамадзян усіх узростаў і сацыяльных групаў.
Патрэба ў медыяадукацыі і шырокае распаўсюджанне яе ў свеце выкліканыя:
• па-першае, велізарным уплывам медыя на грамадства, культуру. Медыяпаведамленні (рэклама, навіны, фільмы, музыка і г.д.) фармуюць нашыя ўяўленні аб рэальнасці, моцна ўплываюць на нашы думкі, жыццёвыя ўстаноўкі і дзеянні. Мы жывём у свеце, у якім якасць атрыманай інфармацыі ў значнай ступені вызначае выбар і наступныя дзеянні, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё;
• па-другое, невычарпальнымі магчымасцямі медыясродкаў для адукацыі чалавека. Існуе паняцце «паралельная школа», якое азначае, што сучасны чалавек можа многаму навучыцца праз сродкі масавай камунікацыі, асабліва праз інтэрнэт;
• па-трэцяе, усё большым выкарыстаннем сродкаў масавай камунікацыі з мэтамі прапаганды. Стваральнікі медыяпрадукцыі часта маніпулююць грамадскай думкай, навязваюць свой пункт гледжання, інтэрпрэтуюць падзеі так, як выгадна тым, хто «замаўляе музыку», чым уплываюць на каштоўнасную парадыгму і на самаідэнтыфікацыю аб'ектаў уплыву. Часта медыяпаведамленні скіраваныя на тое, каб пераканаць нас паверыць у нешта ці зрабіць так, як жадаюць іх аўтары. Сёння лёгка аказацца падманутым. Для дасягнення мэты выкарыстоўваюцца спецыяльныя сродкі маніпуляцыі, распазнаць і абараніць сябе ад якіх здольны толькі медыйна пісьменны чалавек;
• па-чацвёртае, надзвычай моцным засмечаннем медыйнай прасторы, асабліва інтэрнэту, матэрыяламі, якія ў вонкава прывабных формах схіляюць маладых людзей да гвалту, да рэлігійных экстрэмізмаў, да асуджаных міжнароднай супольнасцю антычалавечых ідэалогіяў і тэрарыстычных практык камунізму, нацызму, фашызму і г.д., апраўдваюць гістарычны і цяперашні таталітарызм, прапаведуюць непавагу да міжнароднага права, этычных нормаў. Мноства інфармацыі ў сетцы прадстаўлена ў гіпертрафаванай форме;
• па-пятае, той новай з'явай, калі карыстальнікі інтэрнэту, асабліва моладзь, становяцца па сутнасці журналістамі, бо павялічваецца ступень іх удзелу ў медыяпрасторы ў якасці аўтараў медыяпасланняў: у асабістых блогах, сацыяльных сетках, на сайтах, у чатах і г.д. Мы часта бачым у тэкстах неправераныя звесткі, адсутнасць логікі і аргументацыі, правакацыйныя выказванні, нецярпімасць, што сведчыць аб нізкім узроўні як агульнай культуры, так і ўласна медыяпісьменнасці аўтараў [Запрудскі, 2014].
У адказ на гэтыя выклікі часу як у адукацыі з’явіўся новы кірунак – медыяадукацыя (media education).
Медыяадукацыя – частка адукацыйнага працэсу, накіраваная на фармаванне ў грамадстве медыя-культуры, падрыхтоўку асобы да бяспечнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з сучаснай сістэмай мас-медыя, уключаючы як традыцыйныя (друкаваныя выданні, радыё, кіно, тэлебачанне), так і найноўшыя (камп’ютарна-апасродкаваныя дачыненні, інтэрнэт, мабільная тэлефанія) медыя з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Медыякультуру вызначаюць як сукупнасць інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, выпрацаваных чалавецтвам у працэсе культурна-гістарычнага развіцця матэрыяльных і інтэлектуальных каштоўнасцяў, якія спрыяюць фармаванню грамадскай свядомасці і сацыялізацыі асобы. Медыякультура ўключае ў сябе культуру перадачы інфармацыі, культуру яе ўспрымання і можа выступаць як сістэма ўзроўняў развіцця асобы, здольнай успрымаць, аналізаваць, ацэньваць медыятэкст, займацца медыятворчасцю, засвойваць новыя веды ў галіне медыя [Кириллова, 2005].
У медыяадукацыі можна вылучыць два аспекты:
• першы звязаны з уменнямі крытычнага ўспрымання, ацэнкі і выкарыстання інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Гэтыя ўменні спрыяюць развіццю асобы і дапамагаюць чалавеку ў прыняцці адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці;
• другі — прадугледжвае наяўнасць у індывіда ўменняў быць паспяховым, адказным аўтарам звычайных, аўдыя- і відэатэкстаў, якія ён размяшчае на сайтах, у блогах, на YouTube, на форумах, абнародуе падчас інтэрнэт-канферэнцый, вэбінараў і г.д.
У дакументах ЮНЭСКА прапануецца аб’ядноўваць паняцці медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці ў адно: «медыя-інфармацыйная пісьменнасць» азначае валоданне кампетэнцыямі (ведамі, уменнямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі), якія дазваляюць грамадзянам эфектыўна ўзаемадзейнічаць з медыя і іншымі інфармацыйнымі службамі, развіваць крытычнае мысленне і навыкі навучання на працягу ўсяго жыцця для дачыненняў і рэалізацыі актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Медыяпісьменнасць – гэта актыўнае або пасіўнае ўспрыманне і выкарыстанне матэрыялаў медыя, уключаючы іх крытычнае ўспрыманне і ўсвядомленую ацэнку, разуменне метадаў, якія выкарыстоўваюць медыя і іх ўплыў. Тэрмін азначае здольнасць чытаць, аналізаваць, ацэньваць і ажыццяўляць камунікацыю з выкарыстаннем розных формаў медыя (напрыклад, тэлебачання, друку, радыё, камп’ютараў і інш.). Ёсць і іншае разуменне гэтага тэрміна: здольнасць расшыфроўваць, аналізаваць, ацэньваць і ажыццяўляць камунікацыю ў разнастайных формах.
Іншымі словамі, медыяпісьменнасць — сукупнасць кампетэнцый, якія дазваляюць людзям атрымліваць доступ, аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў розных відах медыя, жанрах і формах для асабістага самавыяўлення, і рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў, а тым самым забеспячэння фундаментальных свабодаў грамадства.
Менавіта ў такім кантэксце варта разглядаць патрэбы ў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці, якая пашырае маштабы руху за грамадзянскую адукацыю. Медыйная пісьменнасць пашырае рамкі традыцыйнай пісьменнасці і грамадзянскай адукацыі і вызначае ролю педагогаў як галоўных суб'ектаў пераўтварэнняў.
Такім чынам, медыяадукацыя і медыяпісьменнасць суадносяцца як працэс і вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.
Дакументы ЮНЭСКА сведчаць, што медыяадукацыя функцыянуе як сістэма, якая стала неад'емнай часткай, з аднаго боку, агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі моладзі, з другога – масавых інфармацыйных працэсаў. Яна з'яўляецца атрыбутам глабалізацыйных пераўтварэнняў, фактарам канкурэнтаздольнасці эканомікі, непарыўна звязаная з развіццём дэмакратыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Таталітарныя рэжымы тармозяць развіццё медыяадукацыі або скажаюць яе мэты.
Такім чынам:
• адбылося медыяпранікненне практычна ва ўсе сферы жыцця асобы і грамадства, што патрабуе адпаведных кампетэнцый ацэнкі інфармацыі і выкарыстання медыя.
• узрасла роля сродкаў масавай камунікацыі для адукацыі: сёння немагчыма ўявіць бесперапынную пажыццёвую адукацыю без адпаведнай грунтоўнай падрыхтоўкі (у першую чаргу педагогаў).
Прававыя асновы і асаблівасці медыйнай прасторы Беларусі
Прававую аснову дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі складаюць Канстытуцыя і Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» (новы закон прыняты ў 2008 годзе, папраўкі ўнесеныя ў 2014 годзе). Хаця Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі і цэнзуру, у пытанні свабоды слова Беларусь прызнаная адной з найгоршых краінаў. Паводле Індэксу свабоды прэсы-2015, які публікуюць «Рэпарцёры без межаў», Беларусь знаходіцца на 157 месцы, паміж краінаў, дзе СМІ альбо зусім не існуюць, альбо працуюць у вельмі складаных умовах, дзе мэдыя — рупар рэжыму, а доступ грамадзян да бесстаронняй інфармацыі жорстка абмежаваны.
У Беларусі сёння дзейнічаюць друкаваныя і электронныя СМІ розных формаў уласнасці і тэматыкі. Таксама ў медыйнай прасторы краіны прадстаўленыя замежныя СМІ, абсалютная большасць з якіх – расійскія.
На верасень 2015 года ў Беларусі дзейнічаюць наступныя мас-медыя:
• 718 газет і 819 часопісаў. Больш за дзве трэці з іх фармальна з'яўляюцца прыватнымі. Найбольш тыражныя – газеты «СБ. Беларусь сегодня», мясцовыя выпускі буйных расійскіх газет «Комсомольская правда»і «Аргументы и факты».
• 9 інфармацыйных агенцтваў, 7 з іх – прыватныя.
• 172 радыёстанцыі і 100 тэлеканалаў. З іх 24 радыёстанцыі і 59 тэлеканалаў – прыватныя. У якасці заснавальнікаў большасці каналаў выступаюць органы ўлады. У Беларусі дзейнічаюць агульнанацыянальныя тэлеканалы – «Беларусь 1», «Беларусь 2» (моладзевы), «Беларусь 3» (сацыякультурны), «Беларусь 4» (рэгіянальны), «Беларусь 5» (спартыўны), «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Існуюць дзяржаўны спадарожнікавы тэлеканал – «Беларусь 24», і незалежны спадарожнікавы канал «Бeл-caт», які не можа атрымаць ад уладаў акрэдытацыі і перадае з-за мяжы.
Медыяэксперт БАЖ Паўлюк Быкоўскі адзначае, што медыйная прастора хутка змяняецца. З аднаго боку, гэтыя метамарфозы ствараюць ўсё больш магчымасцяў, а з другога – ставяць новыя выклікі для вытворцаў і спажыўцоў інфармацыі. Новыя пакаленні абіраюць не СМІ, а фільтры, якія дапамагаюць змагацца з лавінай інфармацыі. Эксперты БАЖ адзначаюць і тое, што, што дзяржаўныя СМІ фінансуе і падтрымлівае адміністрацыйнымі захадамі дзяржава, а незалежныя СМІ карыстаюцца вонкавымі крыніцамі фінансавання, церпяць ад нераўнапраўя і адміністрацыйнага пераследу. Ёсць лічаныя медыя ў Беларусі, якія з'яўляюцца недзяржаўнымі і функцыянуюць як паўнавартасныя СМІ.
Навіны беларусам дастаўляюць:
• 84,9% – тэлебачанне,
• 64,5% – інтэрнэт (гэтая лічба расце),
• 41% – газеты,
• 34,3% – радыё.
Такім чынам, у пошуках навін усё часцей беларусы штодзённа звяртаюцца да тэлебачання і інтэрнэту, а радзей – да газет і радыё.
Хатнім інтэрнэтам для прагляду навінаў карыстаюцца 15,6% беларусаў, старэйшых за 61 год. 47,9% – сярод тых, каму ад 45 да 60 год. 80,8% – сярод тых, каму ад 30 да 44 год. 93,5% – сярод тых, чый узрост – ад 18 да 29 год. Вынікае, што амаль уся моладзь атрымлівае навіны з інтэрнэту.
Пастаноўка праблемы
З выклікамі інфармацыйнага грамадства, звязаным з імклівым развіццём камп’ютарных тэхналогій і ўплывам мас-медыя на людзей, сутыкаюцца ўсе краіны свету. Ва ўмовах перанасычанасці медыйнай прасторы якасць і крытычнае асэнсаванне атрыманай інфармацыі ў значнай ступені вызначае выбар і наступныя дзеянні асобы, уключаючы здольнасць карыстацца фундаментальнымі свабодамі і правам на самавызначэнне і развіццё. Тэхналагічныя ўдасканаленні ў галіне тэлекамунікацый пацягнулі за сабой шырокае развіццё сродкаў масавай камунікацыі і іншых пастаўшчыкоў інфармацыі (бібліятэк, архіваў, Інтэрнэту і г.д.), якія адкрылі грамадзянам доступ да магчымасці абменьвацца каласальнымі аб'ёмамі інфармацыі.
Грамадствы сутыкнуліся з наступнымі праблемамі:
1) Медыя магутна і супярэчліва ўплываюць на адукацыю маладога пакалення, часта ператвараючыся ў вядучы фактар яго сацыялізацыі, стыхійнага сацыяльнага навучання.
2) Уседазволенасць інфармацыйнага рынку, засілле нізкапробнай медыя-прадукцыі, пазбаўленых маралі ідэалагемаў і каштоўнасцяў выклікае зніжэнне ў грамадстве імунітэту да сацыяльна шкодных інфармацыйных уздзеянняў.
3) У дадатак грамадствы цэлых краінаў знаходзяцца ў стане аб'екту інфармацыйных войнаў, што вядуць на іхнай медыяпрасторы дзяржавы, улада якіх не падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці.
Існуюць і асаблівасці, звязаныя з рэчаіснасцю сучаснай Беларусі:
1) Штучна запаволены працэс фармавання беларускай нацыі пазбаўляе многіх беларусаў імунітэту супраць палітычнай прапаганды і маніпулявання масавай свядомасцю.
2) Несвабодная, пазбаўленая канкурэнцыі і дэмакратычных механізмаў рэгулявання інфармацыйная прастора Беларусі вызначаецца тым, што дзяржаўныя медыя служаць інструментамі апалагетычнай для ўлады прапаганды, да таго ж нізкаякаснай. Нізкі рэйтынг афіцыйных беларускіх СМІ, засілле і агрэсіўная прапаганда расійскіх інфармацыйных каналаў, абмежаванасць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі фармуюць у беларусаў скажоную каціну свету, што можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, у тым ліку да расколу грамадства і пагрозы страты незалежнасці.
3) Адукацыйная сістэма не зазнала сапраўднай посткамуністычнай рэформы, школа выхоўвае людзей паслухмяных, а не тых, хто можа крытычна мысліць і самастойна арыентавацца ў медыяпрасторы.
4) Пры адноснай свабодзе інтэрнэту абмежаваныя моўныя кампетэнцыі большасці беларусаў не дазваляюць ім атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю з аўтарытэтных міжнародных крыніц.
5) Большасць беларускіх педагогаў не разумеюць сутнасці медыяадукацыі, успрымаюць яе толькі як засваенне і тэхнічнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Міністэрства адукацыі не спяшаецца разупэўніваць іх у гэтым.
Міжнародныя стандарты медыяадукацыі і еўрапейскія практыкі іх рэалізацыі
Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ стагоддзя, у педагагічнай навуцы вядучых краінаў свету сфармаваўся кірунак «Медыяадукацыя», закліканы дапамагчы школьнікам лепш адаптавацца ў інфармацыйным свеце, асвоіць мову сродкаў масавай інфармацыі, умець аналізаваць медыятэксты. Медыяадукацыя з'яўляецца важным інавацыйным складнікам педагогікі і методыкі навучання і адлюстраваннем сучасных працэсаў развіцця інфармацыйнага грамадства ва ўсіх развітых краінах свету.
У рэзалюцыях ЮНЭСКА неаднаразова падкрэслівалася важнасць і падтрымка масавай медыяадукацыі (канферэнцыi ЮНЭСКА ў Грунвальдзе, 1982 г.; у Тулузе, 1990 г.; у Парыжы, 1997 г.; у Вене, 1999 г.; у Сэвільі, 2002 г.; у Парыжы, 2007 і інш.) У рэкамендацыях ЮНЭСКА 2002 г. адзначаецца, што медыяадукацыя звязаная з усімі відамі медыя (друкаванымі, графічнымі, гукавымі, экраннымі і г.д.) і рознымі тэхналогіямі; яна дае магчымасць людзям зразумець, як масавая камунікацыя выкарыстоўваецца ў іх соцыуме, авалодаць здольнасцямі выкарыстоўваць медыя ў камунікацыі з іншымі людзьмі. Медыяадукацыя – частка асноўнага права кожнага грамадзяніна ўсякай краіны на свабоду самавыяўлення і атрыманне інфармацыі, яна спрыяе дэмакратыі. Прызнаючы адрозненні ў падыходах і развіцці медыяадукацыі ў розных краінах, рэкамендуюць, каб яна была ўведзена ўсюды, дзе магчыма, у межах нацыянальных навучальных планаў, у дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека [ЮНЭСКА, 2002].
Важным этапам стала публікацыя ЮНЭСКА Праграмы навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці (2012 г.) [UNESCO, 2011], найважнейшага практычнага дакументу для дзяржаў-чальцоў, закліканага садзейнічаць дасягненню мэтаў медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці. Праграма абапіраецца на сучасныя тэндэнцыі канвергенцыі радыё, тэлебачання, Інтэрнэту, газет, кніг, электронных архіваў і бібліятэк на адну агульную платформу і створана з улікам патрэбаў педагогаў для інтэграцыі ў афіцыйную сістэму іх падрыхтоўкі.
У Рэкамендацыях Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця [Рэкамендацыі Еурапарламента і Савета Еўропы, 2006] сфармуляваны 8 груп базавых кампетэнцый, сярод якіх ёсць і інфармацыйная, якая ўключае свядомае і крытычнае карыстанне тэхналогіямі інфармацыйнага грамадства для працы, вольнага часу, зносінаў; камунікацыю і ўдзел у карпарацыйных сетках праз інтэрнэт:
Веды уключаюць разуменне і веданне прыроды, ролі і магчымасцяў тэхналогій інфармацыйнага грамадства (ТІГ) у паўсядзённым кантэксце: у асабістым і грамадскім жыцці ды на працы, разуменне магчымасцяў і патэнцыйных рызыкаў інтэрнэту і электронных камунікацый (электронная пошта, сацыяльныя сеткі) для працы, вольнага часу, абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва, навучання і даследаванняў. Індывіды павінны разумець, як ТІГ могуць падтрымліваць творчасць і наватарства, быць дасведчанымі ў пытаннях надзейнасці даступнай інфармацыі, а таксама мець уяўленне наконт прававых і этычных прынцыпаў інтэрактыўнага карыстання ТІГ.
Неабходныя навыкі ўключаюць здольнасць пошуку, збору і апрацоўкі інфармацыі і выкарыстанне яе крытычным і сістэматычным чынам, з ацэнкай рэлевантнасці і адрозніваннем рэальнага ад віртуальнага пры карыстанні спасылкамі. Індывіды мусяць мець навыкі карыстання інструментамі для вытворчасці, прэзентацыі ды разумення складанай інфармацыі, а таксама здольнасць атрымліваць доступ, шукаць і карыстацца паслугамі інтэрнэту. Індывіды павінны таксама быць здольныя выкарыстаць ТІГ для падтрымкі крытычнага мыслення, творчасці і наватарства.
Каштоўнасная пазіцыя: Крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі і адказнае выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Цікавасць і далучэнне да справаў супольнасцяў ды сетак з культурнымі, сацыяльнымі і/ці прафесійнымі мэтамі.
У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Германія, Нарвегія, Данія прынятыя дзяржаўныя стандарты медыяадукацыі. Апошняя пераважна з'яўляецца часткаю школьных праграм, асобным прадметам або інтэгруецца ў прадметы, якія прадугледжваюць вывучэнне роднай мовы і культуры, грамадскіх навук. У Фінляндыі ў сярэдняй школе ёсць спецыяльны прадмет «Медыядыплом», які ўключае некалькі курсаў па медыя і з'яўляецца абавязковай дысцыплінай.
Інстытут сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны распрацаваў Канцэпцыю ўкаранення медыяадукацыі ва Украіне. Акадэмія ўкраінскай прэсы ў партнёрстве з Інстытутам інавацыйных тэхналогій і зместу адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі распрацавалі навучальную праграму для настаўнікаў, і з 2011 года пачаўся ўсеўкраінскі эксперымент па ўкараненні медыяадукацыі ў навучальна-выхаваўчы працэс агульнаадукацыйных установаў Украіны [Концепції впровадження медіа-освіти в Україні].
У Польшчы, як і ў іншых посткамуністычных краінах, вялікую ролю ў медыяадукацыі адыгрываюць адукацыйныя грамадскія арганізацыі. Прыкладам, грамадская арганізацыя Fundacja Nowoczesna Polska стварыла Каталог медыйных і інфармацыйных кампетэнцый, які перакладзены на шмат моваў і выкарыстоўваецца ў тым ліку і беларускімі настаўнікамі. Каталог змяшчае спіс медыя-інфармацыйных кампетэнцый для ўсіх узростаў – ад дашкольнага да навучання цягам усяго жыцця. Ён ахоплівае шырокі спектр тэмаў – такіх, як мова сродкаў масавай інфармацыі, здольнасць выкарыстоўваць інфармацыю, этыка і каштоўнасці пры карыстанні медыя, свабода слова і самавыяўлення.
Асаблівай увагі заслугоўвае досвед Швецыі, дзе медыяадукацыя афіцыйна інтэграваная ў нацыянальны навучальны план з 2000 года. Шведскія педагогі даўно пераарыентаваліся з «пратэкцыянісцкай» (абарона ад шкоднага ўздзеяння медыя) медыяадукацыйнай канцэпцыі на культуралагічную, у якую ўваходзіць развіццё крытычнага мыслення аўдыторыі.
Створаны з ініцыятывы Асацыяцыі газетных выдаўцоў Швецыі нацыянальны партал «Медыякомпас» займаецца пытаннямі медыяадукацыі грамадзян. Асаблівая ўвага надаецца настаўнікам і вучням. Раз на тыдзень у 11000 школ Швецыі прыходзіць рассылка з метадычнымі рэкамендацыямі да арганізацыі ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў. Звычайна прапануюць 2 відэасюжэты і некалькі актуальных падзеяў, якія абмяркоўваюцца ў краіне. Ёсць рубрыка «Медыя ў свеце», якая тычыцца актуальных міжнародных падзеяў, распрацаваныя прыкладныя сцэнары заняткаў для розных класаў. Асновы журналістыкі вучні спасцігаюць у працэсе вырабу медыяпрадукту. Акрамя таго, для настаўнікаў і вучняў газеты ладзяць спецыяльныя дні адчыненых дзвярэй, экскурсіі, праводзяць заняткі ў рэдакцыі. І ўсё для таго, каб свядомыя педагогі і навучэнцы ўважліва і крытычна ставіліся да апублікаванай у розных медыя інфармацыі. «Медыякомпас» – прыклад добра распрацаванага метадычнага інструмента для павышэння ўзроўню медыяпісьменнасці настаўнікаў і вучняў. Да моманту заканчэння школы ўсе выпускнікі шведскіх устаноў адукацыі павінны авалодаць, апроч іншага, ведамі пра медыя ды іх ролю ў грамадстве, навыкамі і ўменнямі выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі для пошуку інфармацыі і свайго далейшага развіцця.
Сітуацыя з медыяадукацыяй ў Беларусі
Як можна трансфармаваць замежны досвед для беларускай сістэмы адукацыі і стварыць канкурэнтаздольнае медыяадукацыйнае асяроддзе, каб не адстаць ад сусветных тэндэнцый развіцця медыяадукацыйных практык? Што мы ўжо зрабілі ў гэтым кірунку?
Кожная з сучасных дзяржаваў выбірае свой шлях развіцця і ўкаранення масавай медыяадукацыі. Можна вылучыць розныя тэндэнцыі: ад аўтаматычнага запазычвання яе асобных элементаў да распрацоўкі нацыянальных канцэпцый медыяадукацыі. Аднак у Беларусі медыяадукацыя развіваецца хутчэй насуперак, чым згодна з адукацыйнай палітыкай дзяржавы.
У Беларусі ў прадметных адукацыйных стандартах закладзены пэўныя медыяадукацыйныя аспекты. Сярод масава распаўсюджаных педагагічных тэхналогій гэта тэхналогія развіцця крытычнага мыслення. Апошнім часам з’явілася шмат публікацый па тэму інфармацыйных тэхналогій (пісьменнасці, культуры), тэарэтыкі педагогікі акцэнтуюць увагу на культуралагічнай адукацыйнай парадыгме (адзначаючы медыятрансфармацыі культуры). Пачаліся першыя семінары і трэнінгі па актуальных пытаннях медыяадукацыі.
Але перадусім нельга не адзначыць як сімптом хваравітага стану адукацыйнага арганізму краіны адсутнасць самога паняцця «медыяадукацыя» ў Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі РБ да 2020 г., прынятай у 2013 годзе. Сярод задачаў там ёсць зніжэнне папяровага дакументаабарачэння ў 3 (і нават болей!) разы, а медыяадукацыі – няма.
Медыяадукацыйны кірунак у Беларусі быў запачаткаваны дзякуючы ініцыятыве грамадскіх арганізацый і з нефармальнай паступова распаўсюджваецца на фармальную сістэму адукацыі. У дакуменце прапановаў у галіне адукацыйнай палітыкі Асамблеі НДА вылучаны цэлы раздзел, прысвечаны медыяадукацыі, як прыярытэтным кірунку і сфармуляваны рэкамендацыі грамадскаму сектару. Лідэрамі медыяадукацыйнага кірунку з’яўляюцца агульнанацыянальныя грамадскія аб’яднанні – Таварыства беларускай школы і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх адукацыйная дзейнасць найперш скіраваная на дзве мэтавыя групы: педагогаў і журналістаў.
У 2013—2015 гг. па ініцыятыве Таварыства беларускай школы сумесна з Медыя-інстытутам FOJO (Швецыя) і іншымі адукацыйнымі арганізацыямі быў праведзены шэраг семінараў і летніх школ для соцень педагогаў. Больш за 30 педагогаў і метадыстаў прынялі ўдзел у адукацыйных стажах у Швецыі, Украіне, Чэхіі, Славаччыне. Мэтай гэтых сумесных мерапрыемстваў было пазнаёміць настаўнікаў з еўрапейскім досведам медыяадукацыі, навучыць уменням дэкадаваць медыяпаведамленні, адаптаваць замежны досвед для беларускай сістэмы адукацыі.
Беларускія настаўнікі пазнаёміліся з сістэмай медыяадукацыі розных краінаў, наведалі школы і гімназіі, сустрэліся з тамтэйшымі педагогамі і паўдзельнічалі у медыяадукацыйных занятках разам са старшакласнікамі. У выніку яны выступілі ініцыятарамі стварэння беларускіх медыяадукацыйных асяродкаў, запачаткавалі інавацыйныя праекты ў сваіх школах, адаптавалі замежныя матэрыялы і стварылі ўласныя, якія выкарыстоўваюцца для эфектыўнай працы ва ўстановах адукацыі Беларусі. Настаўнікі стварылі некалькі інтэрнэт-пляцовак для абмену досведам у медыяадукацыі.
Так, сёння працуе пастаянна дзейны семінар на базе Цэнтра праблем развіцця адукацыі БДУ; у АПА праводзяцца семінары на тэмы «Медыяадукацыя» і «Медыякультура»; некалькі педагогаў-лідараў выбралі тэму медыяадукацыі для сваіх дысертацыйных працаў; у 2015 годзе загадам міністра адукацыі № 616 ад 24.07.2015 зацверджаныя 27 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фармавання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя».
Група настаўнікаў, метадыстаў і адмыслоўцаў у грамадзянскай адукацыі супольна піша падручнік-навігатар для настаўнікаў «Медыяадукацыя ў школе», які будзе выдадзены ў 2016 г.
Такім чынам, дзякуючы ініцыятывам «знізу» пашыраецца абазнанасць беларускіх педагогаў у медыяадукацыі і медыякультуры.
У вучэбных праграмах, асабліва гуманітарных прадметаў, ёсць патэнцыял для развіцця крытычнага мыслення вучняў як асноўнага складніка медыйнай адукаванасці. Разам з тым было б перабольшаннем сказаць, што медыяадукацыя стала агульнапрынятай практыкай у нашай краіне. Мы ўсё яшчэ маем справу з ініцыятывамі і досведам энтузіястаў – як асобных спецыялістаў, так і арганізацый, найперш недзяржаўных, грамадскіх – але не з масавай з'явай, а пагатоў не з рэалізацыяй агульнанацыянальнай праграмы навучання навыкам жыцця ў свеце інфармацыі.
Тым не менш не толькі грамадскія структуры, але і шырокая педагагічная грамадскасць паступова прыходзіць да агульнага разумення функцый медыяадукацыі ў Беларусі.
Зважаючы на беларускія рэаліі, мы разглядаем медыяадукацыю як працэс з наступнымі мэтамі і прынцыпамі:
• стымуляваць у асобы фармаванне трывалай каштоўнаснай парадыгмы, якая ўключае ў сябе асноўныя правы і свабоды, беларускую нацыянальна-моўную і еўраатлантычную цывілізацыйную ідэнтычнасць – найбольш эфектыўны фільтр для нейтралізацыі шкодных маніпуляцыйных уздзеянняў;
• вучыць здабываць патрэбную інфармацыю, пры гэтым не абмяжоўвацца рамкамі засваення новых інфармацыйных тэхналогій;
• вучыць аналізаваць інфармацыю, крытычна ставіцца да яе, усталёўваць самыя дасканалыя фільтры, аднак не разглядаць медыя як праблему ці пагрозу, не абмяжоўваць доступу да інфармацыі;
• вучыць разумець небяспеку, якую нясуць медыятэхналогіі, аднак не абмяжоўвацца абаронай ад шкоднага ўздзеяння медыя і рэкламы;
• вучыць уменню распазнаваць вонкавыя маніпуляцыйныя ўплывы на асобу і грамадства ў фармаце інфармацыйнай вайны, у тым ліку скіраваныя на змену нацыянальнай і цывілізацыйнай ідэнтычнасці;
• вучыць выкарыстоўваць усю моц новых мэдыятэхналогій для актыўнага ўдзелу ў стварэнні медыяпрасторы, данясення сваёй пазіцыі, аднак патрабаваць этычнага і адказнага стаўлення, каб выкарыстоўваць тэхналогіі добра і разумна;
• прыцягваць больш шырокі і сучасны кантэнт у звыклыя сродкі навучання, падыходы і педагагічныя практыкі, каб развіваць крытычнае мысленне;
• не супрацьпастаўляць звычайныя друкаваныя медыя лічбавым, не разглядаць іх з пазіцыі канкурэнцыі.
Разам з пашырэннем медыяадукацыйнай практыкі развіваецца і тэарэтычная база. Найперш варта адзначыць групу навукоўцаў Цэнтра развіцця адукацыі БДУ пад кіраўніцтвам Аляксандра Палоннікава. Навукоўцы вызначаюць шляхі далейшага развіцця медыяадукацыі ва ўмовах інерцыйнасці і крызісу традыцыйнай дыдактыкі. Перашкодаю для творчага ўдзелу адукацыі ў фармаванні і пераўтварэнні культурна-цывілізацыйнага ландшафту сучаснай Беларусі ім бачыцца хранічна запозненая рэакцыя на медыятрансфармацыі адукацыйных інстытуцыяў, якія да таго ж імкнуцца закранаць толькі тэхнічныя аспекты медыйных зменаў, падмяняюць паняцце медыяпісьменнасці як арыентацыі асобы ў семантычным свеце і медыяпрактыках сучаснай культуры [Александр Полонников, Алла Барченок, 2012].
Таму, на жаль, у Беларусі медыяадукацыя дагэтуль застаецца фрагментарнай і ажыццяўляецца пераважна стыхійна па ініцыятыве энтузіястаў, педагогаў-наватараў пры відавочным недахопе інтэграцыі гэтых намаганняў у эфектыўную медыяадукацыйную сістэму.
Варыянты палітыкі і перспектывы ў галіне медыяадукацыі
Трэба зазначыць, што сістэматычнае і паслядоўнае ўключэнне медыяадукацыі ва ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі немагчыма пры адсутнасці адпаведнай агульнанацыянальнай палітыкі. Стартавым пунктам для гэтага павінна быць вызначаная нацыянальная палітыка ў галіне адукацыі, скіраваная ў тым ліку на ўзгадаванне свядомага і свабоднага грамадзяніна незалежнай беларускай дзяржавы. Палітыка ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці павінна быць узаемазвязаная з рэальна дзейснымі канстытуцыйнымі гарантыямі правоў і свабодаў асобы, адпаведнымі законамі аб свабодзе інфармацыі, з безумоўным выкананьнем міжнародных актаў у пытаннях свабодаў і правоў чалавека.
Аднак палітыка Рэспублікі Беларусі ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці не сфармуляваная, няма канцэпцыі ўкаранення медыяадукацыі ў Беларусі, не вызначаны на афіцыйным узроўні медыйныя і інфармацыйныя кампетэнцыі як арыенцір для адукатараў. Больш за тое, адсутнасць дэмакратычных свабодаў у спалучэнні з фактычным прызнаннем недэмакратычнага рэжыму еўрапейскімі структурамі пазбаўляе беларусаў надзеі, што такая палітыка будзе сфармулявана ў бліжэйшы час пад уплывам вонкавых чыннікаў.
Таму менавіта грамадскія арганізацыі, журналісты і педагогі як асобы ў бліжэйшы час будуть адыгрываць асноўную ролю ў прапагандзе і падтрымцы медыйнай ды інфармацыйнай пісьменнасці грамадзян.
Ключавым момантам для фармавання праграмы навучання медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці становіцца дыскусія на тэму «Палітыка і перспектывы ў галіне медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці, ўздзеянне на адукацыйную сістэму і падрыхтоўку педагогаў", аналіз наяўнай сітуацыі з гледзішча магчымасцяў рыхтаваць медыйна і інфармацыйна пісьменных грамадзян. І, нарэшце, дыскусія мае прыцягнуць увагу да ролі педагогаў у фармаванні медыйна і інфармацыйна пісьменнага грамадства ў цэлым.
Наступныя прапановы кірункаў адукацыйнай палітыкі, якія даўно наспелі, сфармуляваныя ў форме пажаданняў, бо залежаць не столькі ад адукатараў і адукацыйных арганізацый, колькі ад агульнапалітычных зменаў у Беларусі ў бок дэмакратыі.
Прыярытэтнымі кірункамі развіцця ў Беларусі эфектыўнай сістэмы медыяадукацыі павінны быць:
• павышэнне псіхалагічнай устойлівасці грамадзян у кантакце з медыякантэнтам найперш праз фармаванне і ўмацаванне ўласнай сістэмы каштоўнасцяў асобы, якая ўключае ў сябе нацыянальна-моўную і цывілізацыйна-культурную ідэнтычнасць;
• прыцягненне ўвагі да важнасці медыйнай адукацыі праз арганізацыю шырокай дыскусіі, наладжванне паўнавартаснага грамадскага дыялогу – найперш у сродках масавай інфармацыі – пра новую ролю медыя ў інфармацыйным грамадстве, пра небяспекі і магчымасці, якія нясуць новыя медыя, пра ролю СМІ у фармаванні масавай свядомасці, пра выкарыстанне прапаганды і наступствы інфармацыйных войнаў;
• наладжванне супрацы паміж самімі медыя, грамадскімі структурамі, установамі фармальнай адукацыі, педагогамі, псіхолагамі, журналістамі з мэтай аптымізацыі медыя-адукацыйнай дзейнасці;
• у фармальнай адукацыі – стварэнне стандарту медыйнай адукаванасці, які б вызначыў спіс абавязковых для засваення вучнямі кампетэнцый, удакладніў змест кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, стаў асновай для планавання працы і абнаўлення праграм развіцця гэтых установаў, дапамог змяніць вучэбныя праграмы, стаў арыенцірам для настаўнікаў пры распрацоўцы вучэбных і пазакласных заняткаў;
• стварэнне сістэмы школьнай медыяадукацыі, якая прадугледжвае распрацоўку навукова і псіхалагічна абгрунтаваных навучальных праграм для агульнаадукацыйных школ, садзейнічанне інтэграцыі медыяадукацыйных элементаў у навучальныя праграмы розных прадметаў, укладанне факультатыўных медыяадукацыйных праграм для падлеткаў, укараненне курсу медыякультуры, актывізацыя гуртковай працы, фота-, відэа-, анімацыйных студый, школьных прэс-цэнтраў, іншых пазакласных формаў вучнёўскай творчасці з медыяадукацыйным кампанентам;
• павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў, настаўнікаў, метадыстаў, выкладчыкаў ВНУ і ІРА ў праблемах медыяадукацыі як праз спецыяльныя курсы, так і праз уключэнне тэмы ў іншыя праграмы павышэння кваліфікацыі;
• улучэнне медыяадукацыі ў стандарты прафесійнай падрыхтоўкі медыя-педагогаў і медыя-псіхолагаў для сістэмы адукацыі, спецыялізаваных навучальных курсаў для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў медыя-адукацыйнага профілю на базе вышэйшай педагагічнай і псіхалагічнай адукацыі;
• актывізацыя супрацы ўсіх зацікаўленых структураў грамадзянскай супольнасці з мэтай правядзення міждысцыплінарных даследаванняў па праблемах медыяпісьменнасці і ўплыву медыя на людзей.
• арганізацыя з удзелам грамадскіх аб'яднанняў, медыя-вытворцаў, педагогаў семінараў, курсаў, гурткоў медыяадукацыі, уключаючы курсы для настаўнікаў, дзяцей рознага ўзросту, бацькоў, творчых студый для дзяцей і моладзі, дзіцячыя і моладзевыя фэсты, конкурсы, праекты мясцовага і агульнанацыянальнага ўзроўню;
• наладжванне паўнавартаснага грамадскага дыялогу з мэтай аптымізацыі медыя-адукацыйнай дзейнасці саміх медыя, павышэнне псіхалагічнай і педагагічнай кампетэнтнасці работнікаў моладзевых рэдакцый розных медыя, паляпшэнне якасці дзіцячых і моладзевых праграмаў;
• стварэнне спецыяльнага медыя-адукацыйнага рэсурсу, аналагічнага тым, што існуюць у Швецыі (mediekompass.se) і ва Украіне, дзе змяшчаюцца дапаможнікі па крытычнай ацэнцы медыя, рэкамендацыі настаўнікам, старонкі пра журналісцкую этыку і г.д.
• заахвочванне настаўнікаў і дапамога ім у выкарыстанні інструментаў медыяадукацыі на ўроку і па-за ім; настаўнік павінен уводзіць у выкладанне прадмета актуальныя навіны і на гэтым матэрыяле фармаваць крытычнае мысленне, вучыць арыентавацца ў плыні інфармацыі.
• пры навучанні моладзі медыйнай пісьменнасці фармаваць аўтарскія здольнасці, адказнасць, выпрацоўваць этычныя нормы і правілы паводзін у інфармацыйнай прасторы.
Высновы
Такім чынам:
1. Існуе феномен медыяадукацыі – складнік як грамадзянскай адукацыі, так і педагагічнай практыкі.
2. З’яўленне медыяадукацыі выклікана развіццём медыясродкаў, яго пазітыўнымі і негатыўнымі наступствамі.
3. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, пэўныя захады дзеля фармавання медыяпісьменнасці грамадзян робяцца і ў нашай краіне.
4. Патрэбныя практычныя захады дзеля развіцця медыяадукацыі ўсіх пластоў грамадства, укараненне медыяадукацыі ў дзяржаўную адукацыйную сістэму Рэспулікі Беларусь, у першую чаргу ў сістэму школьнай адукацыі і дадатковай адукацыі педагогаў.
Біліяграфія
1. Халперн, Д. Психология критического мышления – СПб.: Издательство «Питер», 2000. – 512 с.
2. Мікалай ЗАПРУДСКІ, Застацца ў жывых, або інструкцыя па выжыванні ў медыяасяроддзі. Настаўніцкая газета, 02.12.2014
3. Кириллова, Н. Б. Медиакультура: от модерна к постмодерну/ Н. Б. Кириллова. – М.: Академический проект, 2005
4. Індэкс свабоды прэсы, http://index.rsf.org/#!/index-details
5. СМІ ў Беларусі, http://www.belarus.by/by/about-belarus/mass-media-in-belarus
6. Рэкамендацыі Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006
http://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/?uri=CELEX%3A32006H0962
7. Рэкамендацыі Севільскай канферэнцыі «Медыяадукацыя моладзі»
(ЮНЭСКА, 2002) http://www.unesco.ru/rus/pages/bythemes/stasya26012005152727.php
8. UNESCO: Media and Information Literacy Curriculum for Teachers, 2011 http://unesdoc.unesco.org/images/0019/001929/192971e.pdf
9. Концепції впровадження медіа-освіти в Україні http://www.medialiteracy.org.ua/index.php/19-publikatsii/164-kontseptsiy...
10. „Katalog kompetencji medialnych i informacyjnych” , https://nowoczesnapolska.org.pl/wp-content/uploads/2012/05/Cyfrowa-Przys...
11. Концепция информатизации системы образования Республики Беларусь на период до 2020 года, http://edu.gov.by/ru/main.aspx?guid=5551&queryText=%D0%B8%D0%BD%D1%84%D0...
12. Прапановы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Адукацыйная палітыка, http://issuu.com/assembly_of_ngos/docs/adukacyjnaja_palityka
13. Александр Полонников, Алла Барченок. К вопросу о кризисе современного белорусского образования, Наша адукацыя, зборнік артыкулаў, Мінск, 2012 https://nastaunik.eu/sites/default/files/page/files/nasa-adukacyja.pdf
Спампаваць (doc 169 КБ)