Бяспека ў інтэрнэце: практыкаванне «Воўк і сямёра казлянят»

Практыкаванне спрыяе развіццю базавых кампетэнцый: камунікатыўнай (уменні дамаўляцца, аргументаваць, пераконваць, адстойваць сваю пазіцыю), медыя-інфармацыйнай (веды пра маніпуляцыі і сродкі ўплыву на людзей, навыкі праверкі інфармацыі і інфармацыйнай бяспекі, уменні супрацьстаяць маніпулятыўным прыёмам). Практыкаванне развівае крытычнае мысленне, уменні рабіць адказны выбар, прымаць рашэнні,  можа праводзіцца як у пачатковых класах, так і для дарослай аўдыторыі, падчас класнай і інфармацыйнай  гадзіны, урокаў інфарматыкі, АБЖ.

План правядзення.

  1. Ролевая гульня.

Дзеці некалькі хвілін гуляюць у ролевую гульню "Воўк і сямёра казлянят".
Умовы гульні: Усе вучні выцягваюць паперкі са сваёй роляй: 7 “казлянят”, астатнія напалову "козы", напалову "ваўкі".  Калі клас даволі вялікі, можна прымяніць тэхніку “акварыюм”, калі частка вучняў становяцца назіральнікамі і атрымоўваюць заданне запісаць усе заўважаныя спосабы ўплыву ці маніпуляцыі. Усе, акрамя “казлянят” не агучваюць свае ролі.

 
“Казляняты” збіраюцца ў адным месцы, а да іх па чарзе грукаюцца астатнія. Мэта “ваўка” – прыкінуцца “казою” і патрапіць да казлянят, каб іх з’есці. “Каза” павінна пераканаць “казлянят” “адчыніць дзверы”, каб іх пакарміць.  “Казляняты” могуць задаваць пытанні, каб зразумець, хто да іх пагрукаўся "воўк" ці "каза". Калі яны ўпускаюць "ваўка", то адно “казлянятка” выходзіць з гульні (“воўк” яго з'ядае). Калі не пускаюць "казу", то адно “казлянятка” "памірае з голаду". Калі ўпускаюць "казу" - "каза" застаецца разам з “казлянятамі” і папаўняе іх каманду.

 
Праз некаторы час настаўнік гульню спыняе і дзеці пераходзяць да яе абмеркавання.

  1. Рэфлексія.

Пытанні для абмеркавання могуць быць рознымі ў залежнасці ад узросту і мэты заняткаў.

Калі мэта – навучыць бяспецы ў інтэрнэце малодшых школьнікаў, прапануюцца наступныя пытанні:

Ці лёгка распазнаць, калі чалавек хлусіць, а калі кажа праўду, калі ты яго не ведаеш? Што рабіць, калі прапановы ад невядомых прыходзяць на электронную пошту, у чат, у сацыяльную сетку ці калі нехта звоніць з незнаёмага нумара? Ці заўсёды "ваўкі" выглядаюць "ваўкамі" у інтэрнэце? Якой інфармацыі не павінна быць у адкрытым доступе? ...

Дамашняе заданне: праверыць свае сацыяльныя сеткі і выдаліць інфармацыю, якая можа быць небяспечнай.

Гэта ж практыкаванне можна правесці падчас класнай гадзіны або АБЖ для больш старэйшых школьнікаў з мэтай фармавання медыйнай граматнасці.

Пытанні для абмеркавання будуць мяняцца ў залежнасці ад акцэнту занятку.

Пытанні “ваўкам”: Якія сродкі маніпуляцыі вы выкарысталі? Ці сустракалі вы падобныя сродкі ў СМІ, рэкламе?

Пытанні “казлянятам”: Як можна было праверыць інфармацыю? Якія крытэры вы выкарыстоўвалі, каб прыняць рашэнне? Якія пытанні былі найбольш эфектыўнымі? Ці лёгка было прыняць рашэнне? Ці можна назваць ваша рашэнне адказным? Чаму не пусцілі “казу”, хаця яна гаварыла чыстую праўду?

Пытанні “козам”: Ці лёгка пераканаць аўдыторыю, калі вы ведаеце, што праўда на вашым баку? Што б вы памянялі ў тактыцы пераканання?

Пытанні да ўсіх: Што вы адчувалі? Што найбольш выклікала давер? Чаму мы давяраем аднаму чалавеку ці СМІ, але не давяраем іншаму? Што трэба рабіць, каб нам давяралі?

  1. Высновы.

Настаўнік дапамагае вызначыць параметры, якія выклікаюць давер ці недавер у людзей. Падводзіць да фармулявання правіл крытычнага стаўлення да ўсёй інфармацыі, якая паступае праз інтэрнэт або з іншых незнаёмых крыніц.

Адаптацыя практыкавання з кнігі:
Практична медіаосвіта:  авторські уроки. Збірка / Ред.-упор. В. Ф. Іванов, О. В. Волошенюк –
Київ: Академія української преси, Центр вільної преси, 2013. – 447 с.