Медыяадукацыя: Калі раней усе верылі газетам, то цяпер – «Фэйсбуку»

Надзея Нікалаева, газета "Звязда"

Фота: Надзея Нікалаева і Інга Ціханавецкая

«Хто куды, а мы — на дно!» — артыкул пад такой назвай быў змешчаны ў адным з апошніх нумароў «Чырвонкі.Чырвонай змены». Даведацца пра яго змест Таццяна Барткевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Глыбоцкай раённай гімназіі, прапанавала сваім вучням. Ідэю працы з газетнымі загалоўкамі яна падгледзела на міжнародным семінары ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, дзе сваім досведам у медыяадукацыі з беларускімі калегамі падзяліліся чэшскія педагогі.


На сва­іх уро­ках Па­вел Мар­ты­ноў­скі вель­мі лю­біць пра­ца­ваць з ка­ры­ка­ту­ра­мі і нестандартнымі кар­та­мі...

На сва­іх уро­ках Па­вел Мар­ты­ноў­скі вель­мі лю­біць пра­ца­ваць з ка­ры­ка­ту­ра­мі і нестандартнымі кар­та­мі...

Пабыць журналістам

Чытачы «Чырвонкі», канешне, ведаюць, што ў артыкуле распавядалася пра дайвераў. Але ж фантазію школьнікаў, перад якімі стаяла задача напісаць пад гэтым загалоўкам свой артыкул, каб потым параўнаць яго з арыгіналам, ніхто не абмяжоўваў. Скандал з расійскімі футбалістамі, якія адзначылі сваё паражэнне на чэмпіянаце Еўропы, спусціўшы на элітнае шампанскае ў начным клубе Монтэ-Карла больш як 200 тысяч еўра і тым самым яшчэ больш зняславіўшы сваю каманду, таксама цудоўна ўпісаўся ў гісторыю пра «дно». Гэты варыянт прапанаваў адзін з юнакоў-футбалістаў. Не меншы цікавымі былі аповеды старшакласнікаў і пад іншымі загалоўкамі артыкулаў «Звязды»: «Калі б людзі маглі гаварыць», «Навукоўцы раскрылі сакрэт дэжавю», «Сапраўдныя мужчыны»...

Такі нестандартны практыкаарыентаваны ўрок быў праведзены настаўніцай у 11 класе, дзе мова выкладаецца на павышаным узроўні. Пры вывучэнні тэмы «Публіцыстычны стыль мовы» яна паспяхова рэалізавала ідэю чэшскага гісторыка Паўла Мартыноўскага. Гэта форма работы наглядна прадэманстравала, што адны і тыя ж словы могуць выклікаць розныя асацыяцыі. Вучням было цікава, што хаваецца за пэўным загалоўкам. Атрымалася, што яны не толькі самі пабылі ў ролі журналістаў, але прачыталі і прааналізавалі газетны артыкул, напэўна, з большай цікавасцю, чым калі-небудзь...

Сёння ў кожнага дзіцяці свой камп'ютар, смартфон ці планшэт. Але ім ніхто не тлумачыць, як фільтраваць інфармацыю.

Сёння ў кожнага дзіцяці свой камп'ютар, смартфон ці планшэт. Але ім ніхто не тлумачыць, як фільтраваць інфармацыю.

Ад вогнішча — да айпада

Да слова, чэшскія настаўнікі часта скардзяцца, што іх выхаванцы не надта цікавяцца навінамі ў СМІ. Гэта пацвярджаюць і даследаванні, праведзеныя факультэтам сацыяльных навук Карлава ўніверсітэта ў 2012-м і 2014-м гадах. Размаўляць у школе аб тым, якія тэмы зараз дамінуюць у медыя, аказалася неэфектыўным. Але як выхаваць адукаваную асобу, здольную арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, якая ўсё больш нагадвае медыяджунглі? Пошукі адказаў на гэта пытанне даўно вядуцца ў многіх краінах. У Чэхіі, пачынаючы з 2006 года, медыяадукацыя ўключана ў абавязковую вучэбную праграму ўсіх базавых школ і гімназій (ёй ахоплены вучні ад 7 да 15 гадоў). На нацыянальным узроўні сфармуляваны чаканыя вынікі ад укаранення такой адукацыі, але кожная школа сама вырашае, як яна будзе рэалізоўваць медыяадукацыю: як асобны прадмет або як скразную тэму ў рамках розных прадметаў, ці камбінаваць першае і другое?

— У старажытныя часы племя збіралася вакол вогнішча, каб абмеркаваць усе свае надзённыя справы. У сярэднявеччы такім своеасаблівым цэнтрам абмену інфармацыяй паміж членамі сям'і стаў стол. Да яго запрашалі і вандроўнікаў, якія прыносілі весткі. Потым з'явілася радыё, але традыцыя яшчэ захоўвалася — сям'я збіралася вакол радыёкропкі. Праўда, з'явілася першая праблема: прадстаўнікам старэйшага пакалення ўжо было складана зразумець прагрэс. І так атрымалася, што носьбітам інфармацыі паступова стала маладое пакаленне, — апісвае эвалюцыю медыя намеснік дырэктара базавай школы «Вратыслаўска» горада Прагі, настаўнік гісторыі Павел МАРТЫНОЎСКІ. — Затым з'явіўся тэлевізар, і сям'я ўжо рассаджваецца не вакол яго, а ў адну лінію. І тыя, хто побач, яшчэ могуць адзін аднаго пачуць, але вельмі цяжка размаўляць з тымі, хто сядзіць з краю. Сёння ўжо ў кожнага свой камп'ютар, смартфон ці планшэт. Але дзецям ніхто не тлумачыць, як фільтраваць інфармацыю. Вось чаму рэзка ўзрастае роля школы, якая павінна навучыць дзяцей крытычна ставіцца да любой інфармацыі і шукаць праўду. Калі раней усе верылі газетам, то цяпер — «Фэйсбуку».

— Штодня мы бачым, як нават самыя малодшыя вучні хутка асвойваюць сучасныя тэхналогіі, як камунікуюць у віртуальным свеце, як прымаюць і перадаюць інфармацыю людзям у сваім акружэнні, — падтрымлівае калегу настаўнік першай ступені навучання базавай школы горада Паненскі Тынец Іржы БЕНЕШ. — Кожнае імгненне, калі мы анлайн, на нас льецца мноства як патрэбнай, так і непажаданай інфармацыі. Таму выхаванне дзяцей у сферы медыя і інфармацыі павінна распачынацца як мага раней. У нашай школе на ўроках чэшскай мовы ў рамках праектнага навучання мы пачалі ўключаць аспекты медыяадукацыі ўжо на першым годзе вучобы.

Адзі­нац­ца­ці­клас­ні­кі не толь­кі са­мі па­бы­лі ў ро­лі жур­на­ліс­таў, але пра­чы­та­лі і пра­ана­лі­за­ва­лі га­зет­ны ар­ты­кул, на­пэў­на, з боль­шай ці­ка­вас­цю, чым ка­лі-не­будзь.

Адзі­нац­ца­ці­клас­ні­кі не толь­кі са­мі па­бы­лі ў ро­лі жур­на­ліс­таў, але пра­чы­та­лі і пра­ана­лі­за­ва­лі га­зет­ны ар­ты­кул, на­пэў­на, з боль­шай ці­ка­вас­цю, чым ка­лі-не­будзь.

Суд над Грынчам

Асноўнай задачай праекта «Медыя — якія яны?» было пазнаёміць дзяцей з рознымі іх відамі: параўнаць, вылучыць моцныя і слабыя бакі. Натуральна, што першакласнікаў не так і проста зацікавіць. Таму ў якасці аб'екта для вывучэння былі абраныя мультфільм «Крот на Калядах» і кніжны варыянт гэтай казкі. У далейшай дыскусіі дзеці павінны былі параўнаць інфармацыю, якую яны атрымалі з розных медыя. Вучні апісвалі, што ёсць у фільме, у кніжным варыянце, а чаго там няма, якім спосабам перададзена інфармацыя, ацэньвалі эфектыўнасць усіх спосабаў і аб'ём інфармацыі. Цікава, што кніжнаму варыянту дзеці выставілі станоўчыя балы за паўнату інфармацыі і эфектыўнасць яе засваення (адзначылі, што інфармацыю прасцей апрацаваць), а таксама за тое, што кніжка пакідае прастору для фантазіі. А галоўны недахоп дзеці ўбачылі ў тым, што кніжны варыянт аднімае ў іх шмат часу. Мультфільм, у сваю чаргу, ідэальны для хуткага прагляду, вось толькі інфармацыі там зашмат і з яе складана выбраць важную, затое вельмі проста штосьці не заўважыць.

Іржы Бенеш расказаў, што далейшымі крокамі ў праекце, які яшчэ працягваецца, стане параўнанне інтэрнэту, радыё, кніг і аўдыявізуальных медыя. Вучні будуць параўноўваць інфармацыю, якую яны змогуць знайсці ў сеціве, з той, што атрымаюць у выглядзе тэлевізійных ці радыёдакументаў або навін.

Не менш цікавы праект настаўнік рэалізаваў і з чацвертакласнікамі — «Пакажы свой горад». Клас быў падзелены на тры групы: адны павінны былі прэзентаваць родны горад з дапамогай рэферата, другія стваралі электронную кнігу, а трэція — здымалі відэаролік. Канешне, мала хто ўзрадаваўся перспектыве працаваць над рэфератам, для якога трэба было збіраць сур'ёзную правераную інфармацыю, звяртацца ў бібліятэку. Для электроннай кнігі можна было сабраць кантэнт і ў інтэрнэце. А самай прывабнай усім падалася праца над відэаролікам. Затым усе паспрабавалі сфармуляваць праблемы, звязаныя з працай над канкрэтнымі медыя, ацанілі, як яны на іх уплываюць, сфармулявалі, якія медыя і для якой мэты больш падыходзяць. Галоўнае — школьнікі зразумелі, што ў прынцыпе адну і тую ж інфармацыю можна падаваць па-рознаму.

А ў пятым класе вучні сталі ўдзельнікамі праекта «Грынч», у аснову якога лягла кінаказка «Грынч — выкрадальнік Ражства». І зноў клас быў падзелены на тры групы: на суддзяў, адвакатаў і абвінаваўцаў. У прадстаўнікоў кожнай з іх былі свае аргументы. Грынча «асудзілі», але не вельмі сурова. Затое дзеці навучыліся прымаць іншы пункт погляду, прыслухоўвацца да чужых аргументаў.

Настаўнік гісторыі Павел Мартыноўскі, які працуе са старэйшымі школьнікамі, таксама выкарыстоўвае падобны прыём. Калі вучні вывучаюць па праграме тэму «Другая сусветная вайна», ён ладзіць «Нюрнбергскі працэс». Школьнікі вывучаюць біяграфію дзеячаў фашысцкай Германіі. Яны павінны іх або асудзіць, або апраўдаць... Калі старшакласнікі знаёмяцца з гісторыяй канструктара Вернера фон Брауна, стваральніка ракет Фау-2, якімі ў 1944—1945 гадах бамбілі Лондан, усе жадаюць яму смяротнага пакарання. Можна зразумець шок падлеткаў, калі тыя даведваюцца, што Вернер фон Браун нават не сядзеў у турме, а пасля вайны працягваў працу над ракетамі, толькі ўжо пад крылом амерыканцаў, у рукі якіх ён здаўся.

На сваіх уроках Павел Мартыноўскі вельмі любіць працаваць з карыкатурамі і картамі.

— Часта карыкатура можа сказаць нават больш, чым фота, а ўстанаўленне яе аўтарства і высвятленне пазіцыі стваральніка дазваляе вучням убачыць падзеі з розных бакоў, прааналізаваць розныя пункты гледжання, пагрузіцца ў адпаведны кантэкст гістарычнай эпохі, — тлумачыць ён.

Павел Мартыноўскі: "Часта карыкатура можа сказаць нават больш, чым фота..."

Павел Мартыноўскі: "Часта карыкатура можа сказаць нават больш, чым фота..."

Сярэдневяковы медыятэкст

Хоць для беларускіх педагогаў медыяадукацыя яшчэ адносна новая практыка, у іх ужо таксама хапае цікавых знаходак, якімі яны ахвотна дзеляцца са сваімі калегамі.

— Што галоўнае на ўроку гісторыі? Для мяне вельмі важна, калі вучні выказваюцца, а ў вачах бачны думка і разважанне, — падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Глыбоцкай раённай гімназіі Іна ШЫМКО. — Нядаўна мы вельмі актыўна вывучалі тэму «Паўсядзённае жыццё чалавека» ў 6 класе. Паколькі ўсе аспекты абмеркаваць на ўроку проста немагчыма, вырашылі ўзяць толькі адзін накірунак — моду. Практычна ўсе хацелі рыхтаваць паведамленні і шукаць цікавыя факты пра моду, таму мы падзяліліся на групы — шукалі звесткі пра жаночае адзенне, мужчынскае, адзенне для багатых і бедных, проста нешта цікавае з гісторыі моды сярэднявечча. Правялі міні-даследаванне і сфармулявалі гіпотэзу: сярэдневяковы касцюм — гэта медыятэкст, які ўтрымлівае інфармацыю аб сацыяльным статусе чалавека, аб палітычнай сітуацыі і эканамічным развіцці. Чым вышэйшы галаўны ўбор, тым больш знатная дама; доўгія рукавы — прыкмета заможнасці (з такімі рукавамі не будзеш займацца фізічнай працай); чым даўжэйшы нос абутку, тым больш высокі статус чалавека; пальчаткі — сімвал улады; яркае адзенне — толькі для багатых, а для бедных — руды і шэры колеры, на якіх незаўважны бруд і гэтак далей. Вам цікава, як па адзенні можна аднавіць палітычныя і эканамічныя падзеі? Напрыклад, шоўк і аксаміт з'явіліся ў гардэробе ў выніку крыжовых паходаў. Футра — як упрыгожванне на адзенні — дзякуючы гандлёвым зносінам з краінамі Паўночнай Еўропы. І такіх паралеляў можна прыводзіць шмат. Падобным чынам можна працаваць і з карцінамі, і з архітэктурнымі помнікамі.

На міжнародным семінары адбылася прэзентацыя двух вучэбных дапаможнікаў. Дапаможнік «Медыяадукацыя ў сучаснай школе» стаў сумеснай працай беларускіх і чэшскіх педагогаў. А дапаможнік «Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў» ствараўся сіламі выключна беларускіх настаўнікаў, метадыстаў, выкладчыкаў ВНУ і журналістаў. Гэта сапраўдны навігатар для педагогаў, якія робяць першыя крокі ў гэтым кірунку. Да таго ж створаны і электронны варыянт дапаможніка, які знаходзіцца ў свабодным доступе і які будзе пастаянна актуалізавацца.

«Калі ХХ стагоддзе было стагоддзем бітвы за доступ да інфармацыі, то ХХІ стагоддзе стала стагоддзем злоўжывання інфармацыяй, — лічыць адзін з аўтараў дапаможніка, намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Медыя інтэграваныя ў наша жыццё настолькі, што большасць паведамленняў мы атрымліваем у фонавым рэжыме, не звяртаючы на іх увагі. Медыяадукацыя ўзнікла як спосаб дапамогі вучням, якія жывуць у інфармацыйным грамадстве і залежаць ад тэхналогій. Гэта выхаванне ў іх здольнасці глядзець на свет самастойна і прымаць свае ўласныя рашэнні».