Забіць настаўніцу сшыткамі?

Яўген БЯЛАСІН, «Брестский курьер»

Пачуў адну норму. Узяў каментар адказных службоўцаў і афіцыйных ды неафіцыйных абаронцаў. Спрабуем асэнсаваць.

Неяк у размове з настаўніцай малодшых класаў пачуў лічбы, якія шакавалі. Адразу іх запісаў. У класе 30 вучняў. Адпаведна, гэта 30 сшыткаў. Пішуць штодня. Правяраць абавязкова. На праверку аднаго сшытка афіцыйна прыпадае 17 секунд. Агулам на праверку сшыткаў адведзена 1,4 гадзіны ў тыдзень.

“Дык я гэтыя паўтары гадзіны штодня выседжваю, – узрушана даводзіла Алена Пятроўна.  – 30 душ у класе. 9 разоў на тыдзень трэба сядаць за праверку сшыткаў. Плюс факультатывы абавязваюць правяраць, раз на два тыдні. Агулам каля 270 сшыткаў плюс блізу 30 атрымліваецца. Кожны раз гэта прыкладна старонка. Адзін піша акуратна, а на другім і ўсе пяць хвілін пакладзеш. У сярэднім, ад двух да трох хвілін на сшытак прыпадае. Калі менш, то халтура, калі больш, то і памерці можна”.

Падлічыў: нарматыў перавышаны разоў у дзесяць!

І яшчэ пра адну няўвязку зацеміла шматдзетная настаўніца. У некаторых калег 20 вучняў у класе, а ёсць і 15 – але ім належаць на сшыткі тыя самыя 1,4 гадзіны ў тыдзень. “Дык або мне недаплата, або ім у два разы лягчэй нагрузка. Як ні круці, а дыскрымінацыя”.

А вось адміністрацыя строга адпрацоўвае сваю функцыю кантролю. “Ну дык  які плён з паўмёртвага ад стомы чалавека? Засынаеш літаральна над гэтымі сшыткамі. А ёсць жа яшчэ і сям’я”.  Пытаю, а ці ёсць у школе прафсаюз. “Хто на прафсаюзніцу звяртае ўвагу?! На нарадзе ўстане яна, выкажацца, як у балота нагою баўтане,  – раска адразу збеглася, і зноў глуха”. “Можа, каб прафсаюз не мог прыдрацца, выдумала адміністрацыя новую фікцыю – запісваць у журнал нагрузкі не фактычную колькасць праверкі сшыткаў у дзень, а раўнамерна размазваць па тыдні. Вось і пішу штодня фіктыўныя 1,4:6=0,23 у буднія дні плюс 0,25 гадзіны ў суботу,” – дадае настаўніца малодшанькіх.

Каб злавіць хоць след праблемы, пачытаў прафесійны “орган” – “Настаўніцкую газету”. Ад салодкасці хоць тазік з-пад ванны выцягвай – Эдэм, анёлы з анёлкамі пырхаюць, усё ціп-топ. На тоўстую даволі газету ніводнага крытычнага матэрыяла! “Затое рэгулярна падпісваць абавязваюць, два разы на год. Агулам восемдзясят рублёў  вынь і пакладзі”, – пракаментавала потым мой самаахвярны акт суразмоўца.

Каб спраўдзіць версію планавага забойства настаўнікаў сшыткамі, пайшоў у аддзел адукацыі Маскоўскага райвыканкама . Метадыст Інэса Іванюк  адхрысцілася ад статыстыкі па праверцы сшыткаў: “Я адказваю за метадычны бок, з нагрузкай гэта да эканамістаў. І наогул, усё праз загадчыка аддзела”. Праўда, пры нашай размове прагучала лічба ў 1,4 гадзіны на сшыткі  ў тыдзень у малодшых класах, пачынаючы з другога,  і пацвярджэнне, што столькі вылучаецца незалежна ад напаўняльнасці класа.

Скіраваўся ў бліжнюю школу. Так атрымалася, што запрасіла на размову дырэктар, Алена Старык. “У нас усё паводле нарматываў,  – зазначыла  Алена Мікалаеўна і пачала вычытваць з міністэрскай метадычкі фармулёўкі, дэталі і нюансы дэталяў.  – У малодшых класах нормы розныя. У першым на сшыткі 1.2 гадзіны ў тыдзень, з другога 1, 4. Фактычна атрымліваецца, так, больш, але ж у нас штатная мінімальная нагрузка 20 гадзін у тыдзень. Згаданыя 1,4 гадзіны ўваходзяць у гэты лік, а што звыш гэтага – дык да 40 гадзін у тыдзень, да агульнапрынятай колькасці працоўнага часу, 8 гадзін у дзень пры пяцідзёнцы, яшчэ далёка! Перапрацоўкі няма”.

Дырэктар натхнёна скіравалася ў бок свайго прадмета, матэматыкі, зацеміла, што ў старэйшых класах на сшыткі адводзіцца дзве гадзіны на тыдзень, і гэта таму, што там праверка вымагае больш часу, хай сабе існуюць палёгкі ў выглядзе выбарачнасці праверкі і магчымасці правяраць іх раз на тыдзень. “Калі ўзяць задачу па стэрэаметрыі – спосабаў рашэння яе можа быць многа, і трэба ўважліва адсачыць і правільна ацаніць аб’ёмнае мысленне і логіку кожнага вучня”.

Вельмі дарэчы ў кабінеце з’явілася намеснік дырэктара па малодшых класах Галіна Высоцкая, паправіла ў бок падвышэння важную лічбу заробку за сшыткі з разліковага лістка, якая мільгнула была ў размове: не 14 рублёў, а 24, 4 рубля ў месяц. Апасля на калідоры спытаў у першай сустрэчнай настаўніцы, ці вялікія гэта грошы. “Аддала б іх таму, хто ўзяў бы на праверку мае сшыткі. Прычым не вагаючыся”.

Відавочна, такая ацэнка толькі пацвердзіла, што праверка сшыткаў — гэта не самае “смачнае” месца ў працы настаўніка. Напэўна, ёсць яшчэ гаркавыя абсягі. Дырэктар у кабінеце і натхнёныя словы пра сваю працу казала, і заробкамі аргументавала: маўляў, на якім заводзе 600 рублёў заробіш, а ў мяне настаўнік вышэйшай катэгорыі такія грошы мае, прытым што і правяраць сшыткі, і рыхтавацца да заўтрашніх урокаў можна дома. Так-то яно так, але чаму тады ў Маскоўскім райвыканкаме бягучым радком пры ўваходзе  чыталіся вакансіі педагогаў малодшых класаў?

У абласным камітэце прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі мяне адразу накіравалі да намесніка старшыні, тая, не вагаючыся, да старшыні. Віктар Харытановіч абмежаваўся заявай, што аспрэчваць міністэрскія нарматывы ўзначалены ім прафсаюз не збіраецца, гэта не яго функцыі. Ці скардзіліся настаўнікі? Ды не. Усё ў парадку.

Кіраўнік  брэсцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў даў наступны каментар: “Нават 2 гадзіны ў тыдзень на праверку сшыткаў мала. Трэба папросту пералічыць норму, правесці больш дакладны хранаметраж. Зусім няправільна і тое, што ўроўненыя нагрузка і заробак настаўнікам з рознай колькасцю вучняў у класе. І тут не толькі ў сшытках справа. Проста адразу больш уцямна, што калі 15 сшыткаў гэта нічога сабе стос, то 30 — гэта стосішча, у два разы вышэй. Гэта, з улікам стомы, працы больш, чым удвая,  – за тыя самыя грошы”.

“На маё меркаванне, трэба вяртацца да старой нормы напаўнення класаў у 17 вучняў,  – сказаў спадар Лазарэнкаў.  – У нейкім адным класе будзе менш за 17, але па-першае, розніца не такая вялікая, не так крыўдна, і па-другое, маленькія розніцы лягчэй выраўняць нейкімі дадатковымі чыста тэхнічнымі сродкамі. Галоўнае – мы так і не прыйшлі да  бюджэтных 10 адсоткаў на адукацыю, як планавалася яшчэ пры Гарбачове дзеля таго, каб дагнаць па ўзроўні адукацыі Еўропу”.

Даў перачытаць выказванні адказных і не вельмі работнікаў першакрыніцы. “Дык у мяне ж і класнае кіраўніцтва яшчэ ёсць, і факультатывы, –  гадзін дзесяць набягае яшчэ, да паўрочнай нагрузкі.  А падрыхтоўка да ўрокаў? Які там завод – суботы ставяць рабочыя, насуперак рэкамендацыі  кіраўніка гарадскога аддзела адукацыі”, – падкарэктавала карціну настаўніца.

Прыйшла думка: а што, калі раздаваць сшыткі на праверку бацькам? Па-першае, адукацыя ў нас раней так і называлася: народная. Талакой дык талакой. І потым: у нас бацькі такія разумныя, найчасцей мосцяцца рабіць хатнія заданні з дзецьмі без лішніх словаў і разваг,  – як есці за абедзенны стол. Дык хай і сшыткі правяралі б заадно.  Ну не паміраць жа настаўнікам над імі, тымі сшыткамі, далібог.