Надзея Нікалаева, газета ЗВЯЗДА
Яшчэ Чэрчыль казаў, што настаўнiкi валодаюць уладай, пра якую прэм'ер-мiнiстры могуць толькi марыць. Але сiтуацыя змянiлася, iнтэрнэт па сiле ўздзеяння на маладых людзей iстотна пераўзыходзiць магчымасцi сучаснага настаўнiка. Калi раней першаклашкi задавалi пытаннi: «Хто? Дзе? Чаму?», то цяпер пачалi пытацца «А цi праўда, што...?» Як педагогу ў сучасных умовах заваяваць аўтарытэт у дзяцей? Цi змянiлiся задачы, якiя стаяць перад iм? Цi можна вучыць дзяцей так, як гэта рабiлi 30 гадоў таму, хоць савецкая адукацыя i лiчылася адной з лепшых у свеце? Усе гэтыя пытаннi абмеркавалi ўдзельнiкi «круглага стала» ў газеце «Звязда».
Да дыскусii мы запрасiлi начальнiка Цэнтра развiцця педагагiчнай адукацыi БДПУ, кандыдата педагагiчных навук, дацэнта, намеснiка галоўнага рэдактара часопiса «Адукацыя i выхаванне» Аляксандру ПАЗНЯК, загадчыка лабараторыi праблем выхавання асобы Нацыянальнага iнстытута адукацыi, кандыдата педагагiчных навук, дацэнта Анатоля ГЛIНСКАГА, пераможцу Рэспублiканскага конкурсу педагагiчнага майстэрства «Настаўнiк года — 2011», старшага выкладчыка Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў МДЛУ, настаўнiка англiйскай мовы мiнскай гiмназii №24, кiраўнiка Асацыяцыi настаўнiкаў-метадыстаў Рэспублiкi Беларусь «Iмкненне» Iнэсу ЗУБРЫЛIНУ, лаўрэата рэспублiканскага конкурсу «Настаўнiк года — 2011», настаўнiка бiялогii i хiмii Лугаваслабодскай сярэдняй школы Мiнскага раёна Алену ГАРБАР, лаўрэата рэспублiканскага конкурсу «Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь — 2006», настаўнiка бiялогii гiмназii №8 г. Мiнска Вольгу ЛАГУНОВУ (усе трое маюць найвышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю «настаўнiк-метадыст» i з'яўляюцца членамi клуба «Хрустальны журавель»), намеснiка старшынi Таварыства беларускай школы, кiраўнiка iнтэрнэт-партала nastaunik.eu Тамару МАЦКЕВIЧ, настаўнiка гiсторыi i грамадазнаўства смаргонскай СШ №5 Ларысу ВАЛЫНЕЦ i заслужанага работнiка адукацыi Рэспублiкi Беларусь, педагога-метадыста вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Ганну ДАБРЫНЕЎСКУЮ.
Рэвалюцыйны цi эвалюцыйны шлях?
«ЗВЯЗДА»: Адукацыйныя рэформы, на жаль, не вельмi папулярныя ў грамадстве. Людзi не заўсёды разумеюць, што iм прапануюць i навошта трэба штосьцi змяняць. Натуральна, што такiя праблемы не турбуюць мiнiстра аховы здароўя, якi не абавязаны тлумачыць публiцы, чаму змяняецца метад апендэктамii. А мы вымушаны наладжваць камунiкацыi з грамадствам, нават калi змяняецца змест падручнiкаў для пачатковых класаў. Таму што любыя змены цягнуць грамадскi рэзананс... Прыкладна так сказаў падчас III з'езда настаўнiкаў СНД у Мiнску мiнiстр адукацыi Арменii Армен Ашацян. I дабавiў: «Мне незнаёмы нi адзiн мiнiстр адукацыi (прычым не толькi ў краiнах СНД), якi б з'яўляўся папулярным чалавекам у сваёй краiне». Як вы лiчыце, кансерватызм нашай школы — гэта яе мiнус цi плюс? Увогуле, наколькi хутка школа рэагуе на зменлiвы свет? Цi не адстае яна ад патрэб дзяцей?
Вольга ЛАГУНОВА.
Вольга ЛАГУНОВА:
— Сiстэма адукацыi, лiчу, у прынцыпе не можа быць кансерватыўнай, бо ў ёй працуюць жывыя людзi. Мы не можам не змяняцца, бо змяняюцца дзецi, i мы не можам вучыць новае пакаленне па-ранейшаму. Але цi была ў нас рэформа? Мы пачалi пераход да 12-гадовай школы i кiнулi, збiралiся пераходзiць на профiльнае навучанне, але ў апошнi момант адмовiлiся ад гэтай iдэi. А цяпер усё распачалi нанова.
Iнэса ЗУБРЫЛIНА.
Iнэса ЗУБРЫЛIНА:
— А вам не падаецца, што кансерватызм з'яўляецца часткай нашай свядомасцi, нашага стылю жыцця. Мы баiмся рэзкiх зрухаў, таму робiм крок наперад i адступаем трошкi назад, зноў крок наперад — зноў назад... I вельмi здорава, што ёсць людзi, якiя з усiх сiл падштурхоўваюць, нават правакуюць змяненнi. Часам трэба крытычна паглядзець на ўсё, што мы робiм, i я пагаджуся, што аналiзу нашых дзеянняў не было. Работу над памылкамi мы не зрабiлi. Сёння асноўнымi прынцыпамi адукацыйнай палiтыкi павiнны стаць развiццё, разнастайнасць i свабода. Калi не заўважаць змен, што адбываюцца вакол нас, то лёгка можна страцiць сам статус iнстытута адукацыi. Школа павiнна стаць адкрытай для новых iдэй, празрыстай для грамадства i, зразумела, для сваiх вучняў.
Аляксандра ПАЗНЯК.
Аляксандра ПАЗНЯК:
— Бацькi, бабулi, дзядулi — гэта не публiка, не староннiя назiральнiкi, а людзi, якiя разам з прафесiйнымi педагогамi ўдзельнiчаюць у выхаваннi i навучаннi. I яны маюць права ведаць, што адбываецца ў сiстэме адукацыi, як змяняюцца падручнiкi, вучэбныя праграмы, якiя iнавацыi асвойваюцца, якiя псiхолага-педагагiчныя адкрыццi ўводзяцца ў практыку, а што ўжо «аджыло свой век», таму мы павiнны ўсе важныя пытаннi выносiць на грамадскае абмеркаванне, каб зрабiць бацькоў нашымi саюзнiкамi, прычым саюзнiкамi адказнымi.
З вызначэннем «кансерватыўная школа» я асабiста пагадзiцца не магу. Мой дзесяцiгадовы вопыт працы ў якасцi намеснiка галоўнага рэдактара рэспублiканскага часопiса «Адукацыя i выхаванне» дазваляе з упэўненасцю сцвярджаць, што сучасная беларуская школа ў плане i педагагiчных тэхналогiй, i арганiзацыi адукацыйнага асяроддзя вельмi прагрэсiўная i мабiльная. Мы пастаянна публiкуем матэрыялы, у якiх педагогi i намеснiкi дырэктараў па вучэбнай дзейнасцi дзеляцца сваiм вопытам працы ў рубрыках «Эксперыменты i iнавацыi ў адукацыi», «Педагагiчная скарбонка» «Партрэт адукацыйнай установы» i iншых. Гэты досвед разнастайны, актуальны i вельмi сучасны.
Штогод Мiнiстэрства адукацыi зацвярджае пералiк устаноў адукацыi, на базе якiх адкрываюцца iнавацыйныя i эксперыментальныя пляцоўкi па апрабацыi i ўкараненнi эфектыўных умоў, тэхналогiй, форм i метадаў навучання i выхавання. У гэтым навучальным годзе ў пералiк увайшлi аж 940 устаноў адукацыi. Прычым школы канкурыруюць за права стаць такой пляцоўкай.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Кансерватызм, пра якi мы кажам, у фiзiцы называецца iнерцыяй: яна характэрная для любога аб'екта, што рухаецца, i праяўляецца ў той цi iншай ступенi ў залежнасцi ад хуткасцi руху. У наш час усё iмклiва змяняецца — i машыны, i вытворчасць, i людзi, а галоўнае, патрабаваннi да школы, настаўнiкаў i, у пэўнай ступенi, да вучняў. Кансерватызм можа быць праявай асцярожнасцi, удумлiвасцi, асэнсавання, каб выбраць правiльны шлях. i калi мы зробiм крок назад, каб потым зрабiць два крокi наперад, то гэта добра. Як, напрыклад, зрабiлi з профiльным навучаннем. Крок назад быў рэзкi, вельмi балючы, але затое сёння зрабiлi два крокi наперад. Мы ўсе iмкнёмся адпавядаць часу, але наша з вамi задача больш складаная — настаўнiку трэба не проста адпавядаць, але ў чымсьцi i апярэджваць час, i нават паскараць яго. А вось да гэтай ролi мы яшчэ не дараслi, нават нягледзячы на тое, што наш настаўнiк змянiўся i стаў больш мабiльны, больш кампетэнтны, больш сучасны, хоць ён i не вельмi ацэнены дзяржавай. Натуральна, што ў космас на старым возе не паляцiш, патрабуецца карабель — добры, сучасны, якi рухаецца з вялiкiм паскарэннем. Трымаючыся за стары багаж, мы далёка не пойдзем, таму не трэба азiрацца ўвесь час назад. Настаўнiк сёння — iншы, i ўмовы, у якiх ён працуе, — iншыя. Першы плюс у тым, што настаўнiк мае дыдактычную свабоду. Я ведаю, пра што кажу, бо школе прысвяцiла 55 гадоў, а ў яе гiсторыi былi розныя перыяды. Намнога менш свабоды ў адмiнiстрацыi, а вось у настаўнiка больш магчымасцей для выбару. Iншае пытанне, як ён iмi карыстаецца? Вымушана канстатаваць, што мы не заўсёды адпавядаем паскарэнню.
Тамара МАЦКЕВIЧ.
Тамара МАЦКЕВIЧ:
— Я параўнала б рэформу адукацыi з капiтальным, а не касметычным рамонтам у кватэры: калi выносяцца старыя рэчы, замяняецца падлога, устанаўлiваецца пасудамыйка, робiцца ўсё для камфорту яе жыхароў, каб у гаспадароў вызвалiлася больш часу на iншыя заняткi. Вось калi настаўнiкi скажуць: «Як здорава, што ў мяне з'явiўся час на творчасць, развiццё, на прафесiйнае самаўдасканаленне», можна будзе казаць, што рэфармаванне прайшло i прайшло паспяхова. У нас былi добрыя пачынаннi, але ў 2008 годзе мы, вобразна кажучы, з «хрушчоўкi» пераехалi ў зямлянку. Зноў вярнулiся ў савецкую сiстэму адукацыi, якая не адпавядае сённяшнiм рэалiям. Таму я лiчу, што рэформа нам патрэбная. Неабходна з зямлянкi перайсцi ў нармальнае жытло з каналiзацыяй, водаправодам, ацяпленнем, каб можна яго было потым уладкоўваць. Рэформа павiнна быць i ў змесце, i ў тэхналогiях, i ў методыках, i ў сiстэме кiравання адукацыяй. Трэба даць большую свабоду настаўнiкам...
Алена ГАРБАР.
Алена ГАРБАР:
— I я лiчу, што рэформа школы не адбылася, хоць i рабiлася некалькi спробаў. Дзiця прыходзiць у школу на 11 гадоў. Скажыце, а хто-небудзь спрабаваў спрагназаваць, якiя патрабаваннi будуць прад'яўляцца да выпускнiкоў праз 11 гадоў? На што iх трэба арыентаваць? А цi задумваемся мы над тым, што тое, што сёння бачыцца нам правiльным, праз 10—15 гадоў можа аказацца не такiм ужо i прыдатным. Як далёка мы зазiраем? Можа, галоўнымi павiнны быць не толькi веды i ўменнi, а развiццё асобы, каб выпускнiк мог без праблем адаптавацца да жыцця па-за школай, мог прымянiць свае веды на практыцы. Мы вучым дзяцей таму, што, на наш погляд, можа спатрэбiцца iм у жыццi, але можам i памыляцца. А хочацца, каб настаўнiцкая парада не аказалася бескарыснай.
Анатоль ГЛIНСКІ.
Анатоль ГЛIНСКI:
— А я супраць рэформы. У нас вельмi шмат станоўчага ў сiстэме агульнай сярэдняй адукацыi ўжо зроблена: трэба проста ўзяць гэта за аснову i рухацца далей. Навошта нам разбураць усё, што было створана ўжо ў ХХI стагоддзi? Сучасная беларуская школа — частка соцыуму, i ў ёй адлюстроўваецца ўсё — i эканамiчныя, i палiтычныя, i сацыяльныя з'явы, таму яна не можа не змяняцца разам з грамадствам. Абмяркоўваць трэба не рэформу, а ўдасканаленне адукацыйнага i выхаваўчага працэсу. Упэўнены, што на сённяшнi дзень многiя пытаннi, якiя тычацца якасцi адукацыi, залежаць у першую чаргу ад настаўнiка: ад ўзроўню яго кампетэнцыi i прафесiйнай культуры.
Каб скрыпка Страдзiвары загучала...
«ЗВЯЗДА»: Скажыце, а наколькi апраўдана механiчнае завучванне законаў, формул i гiстарычных дат? Увогуле, цi маюць каштоўнасць механiчна завучаныя факты? Магчыма, куды больш важна ўмець працаваць з iнфармацыяй i ўстанаўлiваць прычынна-вынiковыя сувязi?
Ларыса ВАЛЫНЕЦ.
Ларыса ВАЛЫНЕЦ:
— Мы проста абавязаны навучыць нашых дзяцей самастойна здабываць веды. Але ёсць фундамент, на якiм стаiць гiстарычная навука. I нават тэсты пабудаваныя так, што калi ты штосьцi не зазубрыў, то высокi бал не атрымаеш. Пэўныя рэчы сапраўды патрабуюць механiчнага завучвання. Але для мяне важнае разуменне вучнямi той эпохi, якую мы вывучаем. Калi яно ёсць, то вучань лагiчным шляхам, нават падчас тэсцiравання, заўсёды зможа знайсцi правiльны адказ.
Анатоль ГЛIНСКI:
— Ёсць рэчы, якiя трэба проста ведаць (законы, формулы, даты). Ведаючы iх, усё астатняе можна проста «здабыць».
Iнэса ЗУБРЫЛIНА:
— Шэрлак Холмс параўноўваў сваю галаву з пустым гарышчам, куды можна напакаваць усё што заўгодна. Многiя так i робяць: цягнуць туды патрэбнае i непатрэбнае. I нарэшце надыходзiць момант, калi самую неабходную рэч туды ўжо не запiхнеш. Цi яна схаваная так далёка, што яе не дастанеш. «Я ж раблю ўсё па-iншаму. У маiм «гарышчы» толькi неабходныя мне iнструменты. Iх шмат, але яны ў iдэальным парадку i заўсёды пад рукой. А лiшняга смецця мне не трэба...» — казаў герой твораў Конан-Дойла. Вобразна, але па сутнасцi.
Вольга ЛАГУНОВА:
— Я не магу сёння прымусiць дзiця проста прачытаць параграф i пераказаць яго, бо элементарнае веданне тэорыi ў сучасным свеце неэфектыўнае, а гэта значыць, што ўрок павiнен быць практыка-арыентаваным. Але цi ўсе педагогi гатовы працаваць па новых тэхналогiях? I хто ў гэтым вiнаваты? Калi ў нас у каляндарна-тэматычным планаваннi прапiсаны адзiныя мэты, то пра якую творчасць можа iсцi размова? Настаўнiка заганяюць у пэўныя рамкi. Што мы чакаем ад яго, калi ёсць усё гатовае? Усё прыкладнае ўспрымаецца як абсалютнае. Я прыходжу на ўрок да маладых настаўнiкаў i чую: «Дык усё ж гатовае ёсць...»
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Сёння ўжо iснуюць тэхналогii, якая дазваляюць нават складаныя для вучняў тэмы падаваць проста i лагiчна, яны ўсе пабудаваныя на законах работы мозга. Галоўная роля ў тэхналагiчным забеспячэннi паскоранага развiцця адукацыi належыць, канешне, асобе настаўнiка. Менавiта ад яго майстэрства, ад яго бачання прадмета, ад яго разумення i сiтуацыi, i патрэб вучня залежыць, якая тэхналогiя будзе прыменена для вырашэння той цi iншай дыдактычнай задачы. Ва ўмелых руках тэхналогiя будзе «iграць», як скрыпка Страдзiвары. А калi, прабачце, рукi не пад тое «заточаныя», то нават iнструмент генiяльнага майстра ў iх не загучыць!
Тамара МАЦКЕВIЧ:
— Проста веды без кампетэнцый нiчога не вартыя. Калi я ведаю, як нацiскаць на педалi, гэта яшчэ не значыць, што я ўмею добра ездзiць.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Калегi, калi мы самi не ведаем, што нас чакае праз 10—15 гадоў, значыць, i нашых выхаванцаў трэба вучыць жыць ва ўмовах нявызначанасцi, непрадказальнасцi, праблемнасцi, вучыць iх лёгкай адаптацыi, мабiльнасцi, гнуткасцi ў розных сiтуацыях.
Толькi задумайцеся: больш як 900 школ удзельнiчаюць у iнавацыйнай дзейнасцi, але прарыву яны не даюць. Чаму? Прафесiйныя кампетэнцыi можна падзялiць на тры ўзроўнi. Рэпрадуктыўны — раблю тое, што сказала кiраўнiцтва цi загадала мiнiстэрства. Пошукавы — пашукаю, як гэта робяць iншыя. I трэцi ўзровень — жаданне зрабiць па-свойму. На жаль, да крэатыўнага, творчага ўзроўню iнавацыйнай кампетэнтнасцi большасць настаўнiкаў i школ у iнавацыйных праектах пакуль не даходзяць. Гэта праблема, над вырашэннем якой трэба ўсiм шмат i вельмi настойлiва працаваць.
Балы, рэйтынгi, працэнты...
«ЗВЯЗДА»: Амаль ва ўсiх еўрапейскiх краiнах дзяцей яшчэ ў школе вучаць узаемадзейнiчаць у камандзе, разам шукаць вырашэнне тых цi iншых праблем. Перад педагогамi ставiцца задача — спрыяць сацыяльнай мабiльнасцi сваiх выхаванцаў, вучыць дзяцей прымаць самастойныя рашэннi i несцi за iх адказнасць. Наколькi гэта актуальна для беларускiх школ?
Вольга ЛАГУНОВА:
— Праектныя тэхналогii i праца ў групах шырока практыкуюцца нават маладымi настаўнiкамi. У гэтым мы не адстаём, а, можа, нават i занадта захапляемся.
Тамара МАЦКЕВIЧ:
— А вось мае вучнi прыблiзна на трэцiм уроку заявiлi, што яны не хочуць гуляць, а хочуць вучыцца. Пытаюся ў iх, што яны маюць на ўвазе? Адказваюць: «Гэта значыць, што вы будзеце расказваць, а мы слухаць». Таму што калi яны «гулялi», яны вучылiся самi, а iм гэта не хацелася рабiць. Больш звыклая для школы пасiўная пазiцыя вучня на ўроку для iх аказалася больш блiзкая.
Алена ГАРБАР:
— Тое, наколькi часта мы выкарыстоўваем iнтэрактыўныя метады работы, залежыць ад таго, па якiх крытэрыях ацэньваюць настаўнiка. Па вынiках ЦТ? Па ўдзеле вучняў у даследчых праектах i алiмпiядах? Зараз я працую ў сельскай школе i атрымлiваю каласальнае задавальненне. Але аддзел адукацыi чакае, калi ў мяне з'явяцца пераможцы на алiмпiядах. Як гэта, каб у настаўнiка-метадыста за чатыры гады працы на новым месцы не было пераможцаў алiмпiяд? А яны ў мяне ўжо былi, i сёння ў маёй рабоце iншыя прыярытэты. Мне куды больш цiкава падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця па-за школай, каб пасля засялення ў студэнцкi iнтэрнат iм было прасцей адаптавацца, каб у новым калектыве не ўзнiклi складанасцi i канфлiкты, каб яны маглi праявiць найлепшыя свае якасцi. I калi я iду на ўрок, то перада мной паўстае дылема: працаваць на патэнцыяльных алiмпiяднiкаў i забыцца пра ўсiх астатнiх цi ўсё ж такi працаваць на ўсiх?
Ларыса ВАЛЫНЕЦ:
— Я выкладаю тры прадметы: сусветную гiсторыю, грамадазнаўства i гiсторыю Беларусi. Два з iх я вяду адным спосабам: мы гуляем на занятках, робiм праекты, i я атрымлiваю ад урокаў каласальнае задавальненне. I зусiм па-iншаму, асаблiва ў старшых класах, у нас праходзяць урокi па гiсторыi Беларусi, таму што ў 11-м класе нам трэба здаваць абавязковы экзамен. I без механiчнага завучвання на памяць там проста немагчыма абысцiся...
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Ацэньванне працы i школы, i настаўнiка — вельмi балючае пытанне. Для гэтых мэт у нас па-ранейшаму выкарыстоўваецца не зусiм сучасны метад — iнфармацыйна-статыстычны: колькi справаздач напiсана, у якой колькасцi конкурсаў паўдзельнiчалi, колькi алiмпiяднiкаў падрыхтавалi, колькi метраў агароджы пафарбавалi i гэтак далей. Балы, рэйтынгi, працэнты — вось што не дае настаўнiку расслабiцца... Назавiце мне хоць адзiн аддзел адукацыi цi дырэктара школы, якi б цанiў настаўнiка за тое, што той дапамог камусьцi са сваiх вучняў стаць Чалавекам, выцягнуў яго з безданi, чымсьцi здолеў яго захапiць, павесцi за сабой. Дырэктар, хутчэй, скажа: мне патрэбныя перамогi на алiмпiядах...
«ЗВЯЗДА»: Ёсць меркаванне, што людзi ў нашы днi прызвычаiлiся атрымлiваць iнфармацыю гукавымi порцыямi — 6—8-секунднымi байтамi. Карцiнкi ў тэлевiзары i на камп'ютары пастаянна змяняюцца, а час працы з кнiгай, наадварот, скарачаецца. Сучасным вучням стала цяжэй утрымлiваць сваю ўвагу, а настаўнiку — адпаведна ўтрымлiваць увагу класа. I перад педагогамi паўстае няпростая задача — як зрабiць так, каб дзецi працавалi на ўроку дастаткова прадуктыўна, але ўрок iх не стамiў. Мiж iншым, бацькi скардзяцца на загружанасць дзяцей дамашнiмi заданнямi...
Алена ГАРБАР:
— Калi дзiця да ночы выконвае заданне настаўнiка, гэта выключна недапрацоўка педагога. Кожны, хто валодае методыкай выкладання, ведае ўзроставыя асаблiвасцi сваiх вучняў, ведае, колькi разоў на ўроку трэба змяняць вiды дзейнасцi, якiя формы выкарыстоўваць для таго цi iншага ўзросту. Вядома, асноўны аб'ём работы павiнен выконвацца на ўроку. А прызначэнне дамашняга задання — замацаваць атрыманыя веды, а не прайсцi ўвесь той матэрыял, якi не паспелi разабраць з настаўнiкам на ўроку...
Iнэса ЗУБРЫЛIНА:
— Мае вучнi здзiўляюцца, калi я не задаю iм заданне дадому. Здзiўляюцца, што на ўроку адсутнiчае такi этап, як праверка дамашняга задання. Не разумеюць, што я магу яго праверыць iншымi спосабамi на працягу ўсяго ўрока. Яшчэ адна наша памылка — адсутнасць iндывiдуалiзацыi. Нельга ўсiм нашым выхаванцам даваць аднолькавыя заданнi на дом...
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Гэта глабальная праблема, якая патрабуе новых рашэнняў i падыходаў. Тэхналогii хуткай работы з iнфармацыяй ужо ёсць. Мадэлiраванне як спосаб мыслення i пазнання вельмi эфектыўнае ў любой сферы дзейнасцi. I нiхто не стамляецца, i ўсiм вучыцца лёгка i радасна. Справа ў нашай iнерцыi...
Iнэса ЗУБРЫЛIНА:
— ...I ў праблеме павышэння квалiфiкацыi. Трэба максiмальна прыцягваць настаўнiкаў, каб яны бачылi, як працуе ўсё новае. Але не трэба слепа капiраваць чужы ўрок. Досвед iншых павiнен падштурхоўваць да ўласных пошукаў. Асабiста я не змагу правесцi два аднолькавыя ўрокi ў розных класах...
А што ў школьным люстэрку?
«ЗВЯЗДА»: Любыя новаўвядзеннi ўпiраюцца ў канкрэтных людзей, якiя павiнны iх укараняць. Але ёсць меркаванне, што ў педагогаў няма на гэта нi псiхалагiчных, нi фiзiялагiчных, нi адукацыйных рэсурсаў. Сёння нашы педагогi i дырэктары неабгрунтавана перагружаны. Праўда, яны не страцiлi пачуццё гумару i гавораць пра гэта так: «У сiстэме адукацыi 8-гадзiнны рабочы дзень: з 8 ранiцы да 8 вечара...»
Ларыса ВАЛЫНЕЦ:
— Вельмi важна, хоча настаўнiк вучыцца цi не? Мне цiкава ўсё, i таму я гатова быць на любым семiнары, якi дапаможа ў развiццi. Але ёсць дастаткова вялiкая катэгорыя педагогаў, якiх задавальняе ўсё. I калi спрабуеш iх расшавялiць, то чуеш у адказ: «Ну што ты там яшчэ прыдумала?»
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Японцы правялi даследаванне i высветлiлi, што любы калектыў можна падзялiць на тры часткi. Прадстаўнiкi першай любую прапанову ўспрымаюць на «ўра». Большая частка кажа: «Гэта цiкава, мы падумаем...» I ёсць яшчэ пяць-шэсць працэнтаў людзей, якiя застаюцца ўбаку. Дык вось, абапiрацца трэба на тых, якiя думаюць. З тымi, хто «ўра! ура!», трэба быць асцярожнымi, а на трэцiх лепш увогуле махнуць рукой i пра iх забыць. Так лiчаць японцы. У беларускiх школах ёсць унiкальныя педагогi, але мала груп прарыву, а адзiночкам складана здзейснiць рэвалюцыю. Для гэтага патрабуецца смеласць i нават педагагiчная дзёрзкасць.
Iнэса ЗУБРЫЛIНА:
— Далёка не кожны настаўнiк сёння рэалiзуе свой патэнцыял, паколькi мы ўсе пастаянна абмежаваныя нейкiмi рамкамi. Я, напрыклад, апошнiя два гады, праглядаючы газеты, жыву ў чаканнi нейкiх важных рашэнняў. Таму што два гады таму я ўваходзiла ў камiсiю па рэфармаваннi сiстэмы адукацыi, якую ўзначальваў старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камiсii Генадзь Пальчык. Мы збiралi iнфармацыю з розных школ, вывучалi, якiя функцыi выконваюць настаўнiкi, колькi ў iх не ўласцiвых абавязкаў, з-за якiх не застаецца часу на прафесiйнае развiццё. Трэба, нарэшце, навучыцца расстаўляць прыярытэты — ёсць дзiця i яго патрэбы, а мы настаўнiкамi спрабуем закрыць усе магчымыя праблемы, якiя ўзнiкаюць. А самы неабаронены, напэўна, дырэктар школы, таму што ён павiнен дагадзiць усiм: мясцовым уладам, мiнiстэрству, настаўнiкам, бацькам сваiх вучняў...
Два гады таму паралельна дзейнiчалi тры камiсii. Усе склалi свае справаздачы. Але нi адзiн з прапанаваных пунктаў так i не быў рэалiзаваны. Калi ты хочаш штосьцi змянiць, то аналiзуеш, спрабуеш знайсцi нейкае выйсце, вывучаеш вопыт суседзяў. Я не прыхiльнiк заходняй сiстэмы адукацыi, хоць дзякуючы свабоднаму валоданню англiйскай мовай у мяне ёсць магчымасць чужы досвед дасканала вывучыць i паспрабаваць прымянiць на практыцы. Больш таго, я вельмi перажываю, калi хтосьцi з маiх вучняў з'язджае з краiны. Я сябе лiчу ў пэўнай ступенi вiнаватай, бо атрымлiваецца, што я iх вучу так якасна, што яны затым могуць свабодна атрымлiваць адукацыю ў iншых краiнах. Але мы не можам жыць iзалявана, за жалезнай заслонай. Школа — гэта люстэрка грамадства. I калi на гэтым люстэрку ёсць нейкiя плямы, то трэба лiквiдаваць iх сумеснымi намаганнямi.
Абвiнавачваць цi супрацоўнiчаць?
«ЗВЯЗДА»: Сёння нават маладыя бацькi спрабуюць даваць свае рэкамендацыi i вучаць настаўнiка таму, як вучыць, чаму вучыць i якiм па лiку павiнен стаяць у школьным раскладзе той цi iншы ўрок... У медыцыне ўрач пускае пацыента i яго сваякоў на сваю тэрыторыю толькi да пэўнай мяжы. А далей ужо нiхто не перашкаджае яму выконваць прафесiйныя функцыi i абавязкi...Магчыма, самi настаўнiкi вiнаватыя ў тым, што бацькi страцiлi да iх павагу як да прафесiяналаў?
Вольга ЛАГУНОВА:
— Бацькi, якiя скончылi школу 10—15 гадоў таму, адкрываюць школьны падручнiк, усё ў iм падаецца такiм складаным i незразумелым, i ўзнiмаецца хваля незадавальнення. Навука iдзе наперад, i бацькi не ў стане за ёй паспець. Таму ўзнiкае не зусiм здаровая сiтуацыя: настаўнiк спрабуе падзялiцца з вучнямi ведамi, а бацькi кажуць: «Нам столькi не трэба». Я не гiсторык, але з цiкавасцю зазiрнула ў новы падручнiк па гiсторыi для шостага класа. I ўжо з трывогай чакаю падручнiкаў па бiялогii — лiчу, што нельга так спустошваць навуку. Мы не можам не ўзбройваць сваiх вучняў ведамi. Калi кажам, што трэба бацькоў дапусцiць да адукацыйнага працэсу, гэта не азначае, што яны будуць вучыць настаўнiка, як весцi ўрок, як даваць веды i якiя адзнакi ставiць. Калi будзем слухаць усiх, хто прыходзiць да нас, то зламаем дзiця.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Сёння мы назiраем узаемную незадаволенасць бацькоў — педагогамi i работай школы, педагогаў — бацькамi, перакладанне вiны з хворай галавы на здаровую, маўляў, бацькi не даглядзелi, не пракантралявалi, школа не вучыць, а толькi патрабуе, праграмы складаныя, падручнiкi незразумелыя i гэтак далей. Усе тыкаюць пальцам на школу. I што ж рабiць? Адказы знайсцi сапраўды складана. Бацькi часта не разумеюць сваiх дзяцей, таму што не ведаюць iх узроставых i iндывiдуальных асаблiвасцей, здольнасцей, iнтарэсаў i патрэб, асаблiва ў перыяд сталення. У школе, на бацькоўскiх сходах, дзе промахi i няўдачы дзяцей абмяркоўваюцца публiчна, бацькi адчуваюць сябе няўтульна i з нецярплiвасцю чакаюць iх заканчэння. У большасцi выпадкаў такiя бацькi проста адмоўчваюцца, саромеюцца задаваць пытаннi i не ведаюць, дзе шукаць дапамогу.
Доктар медыцыны i псiхалогii Уладзiмiр Левi пiсаў: «Вялiкi сакрэт выхавання: хочаце выхаваць дзiця, пачынайце выхоўваць яго бацькоў». Але як прыцягнуць бацькоў, асаблiва тых, хто не ведае сваiх дзяцей i мае цяжкасцi ў iх выхаваннi, у школу? Як стварыць умовы, каб iм захацелася з настаўнiкам супрацоўнiчаць? Як матываваць бацькоў да навучання i самаадукацыi? Улiчваючы значнасць праблемы, сёння ў адзiнаццацi ўстановах адукацыi распачалася праца па ўкараненнi мадэлi павышэння псiхолага-педагагiчнай кампетэнтнасцi бацькоў. Гэты праект — запрашэнне да двухбаковага эфектыўнага супрацоўнiцтва. Аляксандр Македонскi казаў, што ён удзячны свайму бацьку за тое, што той падарыў яму жыццё, i свайму настаўнiку, якi напоўнiў яе сэнсам. Нашы вучнi павiнны быць удзячныя i бацькам, i настаўнiку. У кожнага свая мiсiя. I паколькi мы робiм агульную справу, мы не павiнны нi абвiнавачваць адзiн аднаго, нi павучаць адзiн аднаго.
Ларыса ВАЛЫНЕЦ:
— Хацелася б вярнуцца да асобы настаўнiка. Два гады ў мяне не было класнага кiраўнiцтва. Але ў гэтым навучальным годзе мне дасталiся пяцiкласнiкi ад выдатнага настаўнiка пачатковай школы. Цудоўныя дзецi i такiя ж цудоўныя бацькi. I заслуга ў гэтым цалкам належыць iх першай настаўнiцы, якая прывучыла бацькоў працаваць разам з ёй лiтаральна з першага класа. Яны жылi адной вялiкай сям'ёй. Таму я кожны дзень атрымлiваю ад стасункаў з бацькамi неверагоднае задавальненне.
Невыпадковыя студэнты
«ЗВЯЗДА»: Патрабаваннi да настаўнiкаў мяняюцца, але цi становiцца iншым стаўленне да будучай прафесii абiтурыентаў i студэнтаў педагагiчных ВНУ? Што змянiлася цi павiнна змянiцца ў падрыхтоўцы будучых настаўнiкаў?
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Сёння маладыя настаўнiкi, якiя прыходзяць у школу, зусiм не гатовыя да iнавацый, таму тармозiцца ўкараненне ўсяго новага. Я лiчу, што нельга стаць настаўнiкам на лекцыях. Педагогам можна стаць толькi ў школе.
Аляксандра ПАЗНЯК:
— Так, у нас быў перыяд вельмi сур'ёзнага спаду ў практыкаарыентаванасцi педагагiчнай падрыхтоўкi. Але былi прынятыя два стратэгiчныя дакументы — Канцэпцыя развiцця педагагiчнай адукацыi на 2016-2020 гады i план па яе рэалiзацыi. Плюс БДПУ стварыў кластар неперарыўнай педагагiчнай адукацыi: мы фактычна будуем вертыкаль у падрыхтоўцы сучасных педагогаў — ад школы да сiстэмы дадатковай адукацыi дарослых. I стаўка робiцца менавiта на яе практыкаарыентаванасць. Гэта не дзяржаўная структура, а платформа, на якой мы спрабуем аб'яднаць усе рэсурсы. У рамках кластара запускаецца ў пiлотным рэжыме сеткавая акадэмiя педагагiчнай адукацыi, якая забяспечыць мабiльнасць не толькi ў падрыхтоўцы студэнтаў, але i ў перападрыхтоўцы настаўнiкаў.
На працягу двух гадоў на базе трох факультэтаў БДПУ рэалiзоўваўся эксперымент — педагагiчная практыка студэнтаў была перанесеная з трэцяга на другi курс. Прычым адзiн дзень на тыдзень цалкам вызваляўся ад заняткаў ва ўнiверсiтэце i студэнты праводзiлi яго ў школе: наведвалi ўрокi вопытных настаўнiкаў, дапамагалi iм у праверцы дамашнiх заданняў, у падрыхтоўцы сродкаў навучання, удзельнiчалi у пазакласнай рабоце, у тым лiку i ў шосты школьны дзень. Адным словам, паглыблялiся ў штодзённую школьную рэчаiснасць. З гэтага навучальнага года мы распаўсюдзiлi такую практыку на ўсе факультэты. Таксама адным з вiдаў педагагiчнай практыкi ў нас стала валанцёрства. Выкладчыкi заўважылi, што першакурснiкi i другакурснiкi, якiя займаюцца педагагiчным валанцёрствам, сталi зусiм па-iншаму ставiцца да лекцый па педагогiцы i псiхалогii, iх матывацыя павысiлася.
Плюс мы робiм стаўку на профiльныя педагагiчныя класы. Калi ў папярэднiм навучальным годзе ў краiне дзейнiчалi 102 такiя класы, то ў гэтым — 342. У iх навучаюцца 3,5 тысячы вучняў.
Вольга ЛАГУНОВА:
— А вы не баiцеся, што большасць з гэтых дзяцей пайшлi ў педкласы з-за абяцаных iм прэферэнцый пры паступленнi на педагагiчныя спецыяльнасцi?
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Мяркую, што сярод вучняў педагагiчных класаў ёсць пэўны працэнт дзяцей з меркантыльным падыходам, якiя жадаюць атрымаць унiверсальную вышэйшую адукацыю без здачы экзаменаў пры паступленнi... Да таго ж я ведаю школы, дзе дзецi проста аўтаматычна перайшлi з дзявятага ў дзясяты педагагiчны клас. Гэта не вельмi стасуецца з iдэяй прафарыентацыi...
Аляксандра ПАЗНЯК:
— У дзесяцiкласнiкаў ёсць два гады на засваенне факультатыўнага курса «Уводзiны ў педагагiчную прафесiю», на першыя педагагiчныя спробы, якiя дапамогуць iм зразумець, цi свой яны шлях выбралi. Напрыканцы навучання на падставе партфолiа адзiнаццацiкласнiкi будуць атрымлiваць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагiчнага савета для паступлення на педагагiчныя спецыяльнасцi. Разумеем, што не ўсiх школьных выдатнiкаў цi «харашыстаў» можна дапускаць у школу ў якасцi педагогаў. Менавiта таму i ўзнiкла iдэя з партфолiа.
У сярэдзiне навучальнага года было праведзена рэспублiканскае апытанне навучэнцаў педагагiчных класаў, а таксама настаўнiкаў, якiя вядуць факультатыўныя заняткi «Уводзiны ў педагагiчную прафесiю». Высветлiлася, што прычыны выбару старшакласнiкамi навучання ў педагагiчных класах самыя разнастайныя. Сярод iх дамiнуе матыў, звязаны з жаданнем вывучаць пэўныя прадметы на павышаным узроўнi (36%). На другiм месцы — матыў, звязаны з гатоўнасцю звязаць сваё жыццё з педагагiчнай прафесiяй (24%). Далей iдуць магчымасць паступiць на педагагiчную спецыяльнасць без экзаменаў (20%) i рэкамендацыя бацькоў (18%). Вось вам i яшчэ адзiн аргумент на карысць важнасцi работы з бацькамi...
Анатоль ГЛIНСКI:
— Педагогам хтосьцi нараджаецца, хтосьцi вучыцца быць педагогам, а хтосьцi i не нараджаецца, i не хоча быць iм, але працуе педагогам. На жаль... Хацелася б менш выпадковых людзей у нашай прафесii..
Паглядзець у вочы будучынi
«ЗВЯЗДА»: Фiналiстам сёлетняга конкурсу «Настаўнiк года Расii» было прапанавана напiсаць эсэ на тэму «Настаўнiк — прафесiя далёкага дзеяння». Калi б такая задача была пастаўлена перад вамi, што б вы напiсалi? Якiя б аргументы прывялi на карысць свайго прафесiйнага выбару?
Тамара МАЦКЕВIЧ:
— Я 17 гадоў працавала ў Акадэмii навук, а потым перайшла ў лiцэй выкладаць фiзiку. Было ўражанне, што ў мяне выраслi крылы. Я раптам зразумела — вось яно, сапраўднае жыццё, зразумела, што магу прыносiць камусьцi карысць. Але калi ў мяне пыталiся, кiм я працую, чамусьцi было няёмка прызнацца, што настаўнiкам, хоць у навуковых работнiкаў фiнансавы статус быў не лепшы. Цяпер я ведаю, што прафесiя настаўнiка — самая лепшая ў свеце. Нi адзiн акцёр, рэжысёр, мастак не мае такога поля для творчасцi, нi адзiн палiтык не мае столькi паўнамоцтваў для фармiравання будучынi, колькi мае настаўнiк. Але нам усiм трэба зрабiць так, каб гэта зразумела ўсё грамадства.
Анатоль ГЛIНСКI:
— Аднойчы адзiн вельмi паважаны педагог сказаў мне: «Перш чым стаць для кагосьцi цiкавым, трэба быць цiкавым самому сабе». Для таго, каб стаць настаўнiкам, трэба быць яркай i пазiтыўнай асобай, а ўсё астатняе потым прыйдзе, у тым лiку i прафесiяналiзм. Але калi ты нецiкавы сабе, то лепш не iсцi ў педагогiку.
Вольга ЛАГУНОВА:
— Настаўнiк як канатаходзец. Ты ўвесь час наверсе, адзiн, працуеш без падстрахоўкi. Паставiў неакуратна нагу — i ўсе ахнулi. Аступiўся... i ўсе пайшлi далей па сваiх справах. Таму ты не маеш права ўпасцi, ты павiнен быць увесь час там, наверсе, кiраваць сваiмi эмоцыямi. Наша прафесiя ўвогуле вельмi эмацыянальна затратная. Таму кожны настаўнiк павiнен быць гатовы да таго, што яго праца — гэта служэнне.
Алена ГАРБАР:
— Не магу сказаць, што марыла стаць настаўнiкам з дзяцiнства. Выбар быў здзейснены лiтаральна ў апошнiя месяцы да заканчэння школы. Але за 30 гадоў педагагiчнай працы ў мяне нiколi не было шкадавання. Лiчу, што педагогам можа быць толькi чалавек, якi гатовы прыняць усю адказнасць за свае дзеяннi. Што я маю на ўвазе? Мая былая вучанiца (аспiрантка, малодшы навуковы супрацоўнiк, павiнна ў хуткiм часе абараняць кандыдацкую) з горыччу сказала мне: «Гэта вы вiнаватыя, што я выбрала гэты шлях...» Не паспрачаешся... У яе расчараваннi ёсць i мая вiна.
Тамара МАЦКЕВIЧ:
— Мне мая вучанiца, якая з'ехала атрымлiваць адукацыю i засталася за мяжой, таксама сказала, што я вiнаватая ў тым, што не папярэдзiла яе, што мы там нiкому не патрэбныя. I яна мела рацыю. Мы павiнны расцiць свядомых грамадзян для сваёй краiны, арыентаваных на тое, што i самарэалiзоўвацца трэба на сваёй радзiме, i ствараць матэрыяльны дабрабыт трэба тут. Бо там мы заўсёды будзем чужымi...
Ларыса ВАЛЫНЕЦ:
— I я за 20 гадоў нiколi не пашкадавала аб сваiм выбары. Неад'емны плюс прафесii педагога ў пастаянным нашым самаўдасканаленнi. Ты нiколi не стаiш на месцы, пастаянна расцеш у прафесiйным плане. Ты ўвесь час у тэме, таму што стасуешся i з пяцiкласнiкамi, i з адзiнаццацiкласнiкамi. Знаходзiшся на прамой сувязi з кожным пакаленнем. Мае вучнi ўдзельнiчаюць у iнтэрнэт-праекце, i мае з iмi стасункi заканчваюцца ў сецiве далёка за поўнач. Сочыш за сваiмi вучнямi i пасля таго, як яны заканчваюць школу, атрымлiваюць прафесiю, ствараюць сям'ю, у iх нараджаюцца дзецi. Нi адна iншая прафесiя не можа прапанаваць такi варыянт.
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Так, прафесiя педагога — унiкальная: яна самая галоўная, самая творчая, самая цяжкая, самая нервовая i бязлiтасная, самая небяспечная, самая высакародная i ўдзячная, самая iнтэлектуальная i рамантычная. Па напружанасцi работу настаўнiка можна параўнаць з работай авiядыспетчара моцна загружанага мiжнароднага аэрапорта ў цяжкiх метэаўмовах: то ўзлёт, то пасадка; то дажджы, то туман.
Наша прафесiя ўнiкальная яшчэ i тым, што мы жывём адначасова ў трох вымярэннях. Абапiраемся на мiнулае, працуем на патрэбы сённяшняга дня, але жывём пераважна ўжо ў будучынi: сваiмi думкамi, справамi i пачуццямi. Нi ў адной прафесii няма такой магчымасцi — глядзець штодзённа вочы ў вочы сваёй будучынi, у гэтыя адкрытыя, даверлiвыя, цiкаўныя, гарэзлiвыя, смелыя (я магу працягваць бясконца) вочы сваiх вучняў. Але гэта не толькi вялiкае задавальненне, але i велiзарная адказнасць — кожны дзень напаўняць жыццё дзiцяцi сэнсам, спраўджваць яго чаканнi. I калi праз шмат гадоў пасля заканчэння школы праз сецiва з усяго свету я атрымлiваю ад сваiх былых вучняў словы ўдзячнасцi, гэта не мае цаны. Больш сур'ёзнай i высакароднай справы на Зямлi проста няма.
I хоць мы ўсе, хто сабралiся за гэтым сталом, шчаслiвыя ў сваёй прафесii, вельмi хочацца, каб нас яшчэ i крышачку больш разумелi, прыслухоўвалiся, а можа быць, i крышачку нам дапамагалi...
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА